У горадзе Чыангмай на поўначы Тайланда ўлады праводзяць расследаванне пасля масавай гібелі тыграў у папулярным турыстычным парку Tiger Kingdom Chiang Mai, паведамляе Бі-бі-сі.

За менш чым два тыдні ў двух падраздзяленнях парку загінулі 72 тыгры. Усяго там утрымлівалася больш за 240 жывёл.
Папярэднія даследаванні паказалі наяўнасць у загінулых жывёл віруса сабачай чумы, на якую звычайна хварэюць сабакі, але могуць заражацца і буйныя каціныя. Таксама ў пробах знайшлі бактэрыю, звязаную з рэспіраторнымі захворваннямі. Раней разглядалася версія пра заражэнне тыграў каціным парвавірусам.
Са слоў прадстаўнікоў ветэрынарных службаў, калі стала зразумела, што жывёлы хварэюць, сітуацыя ўжо была крытычнай. Узоры ўзялі не толькі ў тыграў, але і з ежы — у тым ліку сырога курынага мяса — і з навакольнага асяроддзя. Менавіта заражанае мяса першапачаткова называлася адной з магчымых прычын успышкі хваробы.
Улады паведамілі, што распаўсюджванне віруса спыненае, новых выпадкаў гібелі няма, людзі не пацярпелі. Цяжка хворых жывёл рэкамендавалі ўсыпіць, а парэшткі ўсіх загінулых пахавалі. Супрацоўнікаў, якія кантактавалі з тыграмі, узялі пад назіранне на 21 дзень.
Зоаабарончыя арганізацыі заявілі, што трагедыя сведчыць пра ўразлівасць устаноў, дзе дзікія жывёлы ўтрымліваюцца для забаў турыстаў. Парк часова закрыты на два тыдні для правядзення дэзынфекцыі.
Цяпер чытаюць
У якой разведкі была найлепшая інфармацыя з Беларусі ў лютым 2022 і хто паведаміў Буданаву, што асноўны ўдар расіян будзе на Гастомель. З’явілася вялікая публікацыя
Каментары