Усяго за адну базавую велічыню — 45 рублёў — чарговы раз выставілі на продаж сядзібу з больш чым 200‑гадовай багатай гісторыяй. Аб’ект знаходзіцца ў Чачэрску Гомельскай вобласці і прадаецца праз электронную пляцоўку Беларускай універсальнай таварнай біржы.

Раней будынак ужо неаднаразова спрабавалі прадаць. Пачыналася ўсё з таго, што Чачэрскі райвыканкам выстаўляў сядзібу за 860 тысяч рублёў. Пасля цану знізілі ўдвая, а ўрэшце дайшлі і да таго, каб спрабаваць збыць хоць за адну базавую велічыню — ахвотных, аднак, пакуль так і не знаходзілася.
Помнік архітэктуры XIX стагоддзя, які спалучае рысы рамантызму і позняй готыкі, знаходзіцца ў Чачэрску на скрыжаванні вуліц Ульянава і Інтэрнацыянальнай. У кампазіцыю ансамбля ўваходзяць сядзібны дом, рэшткі парку, гаспадарчых пабудоў і стайні.

Сядзіба — гэта двухпавярховы цагляны асабняк Г-падобнай формы плошчай 1129 квадратных метраў. Будынак закансерваваны і доўгі час не выкарыстоўваецца, аднак раней у ім былі ўсе неабходныя камунікацыі: цэнтральнае ацяпленне, каналізацыя, водазабеспячэнне, электрычнасць і вентыляцыя. Да сёння захаваліся і элементы былой раскошы — паўкруглыя вокны з ліштвамі, дэкаратыўны карніз, балконы і летняя тэраса з ажурным чыгунным ліццём.

Будаваць сядзібу пачаў у 1774 годзе першы расійскі намеснік у Беларусі генерал-фельдмаршал граф Захар Чарнышоў. У пачатку XX стагоддзя ў будынку сядзібы размяшчалася земская школа другой ступені, якая пасля 1925 года была перафарматаваная ў беларускую школу з сямю класамі адукацыі.
Пасля Другой сусветнай вайны ў былым палацы функцыянавалі вячэрняя школа, бібліятэка для дзяцей, Дом піянераў, гісторыка-этнаграфічны музей. Апошнім тут размяшчаўся Чачэрскі раённы цэнтр рамёстваў, фальклору і этнаграфіі.
Купіць помнік архітэктуры можна праз аўкцыён, які пройдзе ў электронным фармаце на сайце Беларускай універсальнай таварнай біржы 31 сакавіка. Падаць заяўку на ўдзел у аўкцыёне трэба да 26 сакавіка.
Будынак мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці трэцяй катэгорыі. На рамонтна-рэстаўрацыйныя работы сядзібы адводзіцца два гады пасля куплі.
У Чачэрску зноў спрабуюць прадаць за бесцань старадаўнюю сядзібу
Графскую сядзібу ў Чачэрску выставілі на продаж трэці раз, ужо практычна задарма
У Чачэрску скончылі аднаўленне ратушы, пабудаванай фаварытам Кацярыны II для натхнёнага Лонданам «ідэальнага горада»
У Чачэрску выставілі на таргі графскую сядзібу
Каментары