У БДУ шмат нудных лекцый. Дый будынак стары. Зімой холадна, летам горача.
19-гадовы Каміла пражыў у Беларусі тры гады. Спачатку збіраўся вучыцца ў БДУ, але праз пару месяцаў пасля паступлення кінуў.
Сышоў з прэстыжнай спецыяльнасці «Міжнародныя адносіны». Замест гэтага пачаў рыхтавацца да паступлення ў Еўрапейскі гуманітарны універсітэт. Цяпер Каміла Дыяс вучыцца на першым курсе «Медыя і камунікацыі».
Чаму?
«Прыехаў у Вільню. Паглядзеў універсітэт і вырашыў паступаць. Мне цікава. Многія скардзяцца, ёсць свае недахопы, але ў цэлым падабаецца. Якасць адукацыі задавальняе. Большасць выкладчыкаў добрага ўзроўню».
Па словах Каміла, выкладчыкі ў БДУ таксама высокага ўзроўню. Але вялікая колькасць студэнтаў не можа мець цесных зносін з імі, што дрэнна:
у БДУ «выкладчыкі, у асноўным, добрыя, але было шмат нудных лекцый. Мне не спадабалася. Да таго ж былі дрэнныя ўмовы. Будынак быў зусім стары. Зімой холадна, летам горача. Мне больш падабаецца ў Вільні».
На думку Каміла, у плане адпачынку Вільня не нашмат адрозніваецца ад Мінска. Хіба што літоўская сталіца прывабней для аматараў начных клубаў, у якія Каміла ходзіць не асабліва часта.
Тым не менш, у Вільні хлопец адчувае сябе больш камфортна. Можа, і таму, што
ён паспеў знайсці там дзяўчыну — таксама студэнтку ЕГУ.
Бацька Каміла Амерыка Дыяс Нуньес, пасол Венесуэлы ў Беларусі, жаданне сына вучыцца ў Вільні ўспрыняў з разуменнем: «Ён не тое што ўзрадаваўся. Але зразумеў, што я ўжо дарослы і магу сам вырашаць. Раней я падарожнічаў па Еўропе, таму бацькі за мяне не баяліся».
Той факт, што бацька Каміла з’яўляецца паслом, хлопец не афішуе. Кажа, што гэта жыццё яго бацькоў.
Каментары