Пракурорская парука: ніхто не бярэ адказнасць за дазвол праслухоўваць тэлефоны
Маладафронтавец тры месяцы спрабуе высветліць, хто дазволіў праслухоўваць яго тэлефон.
Маладафронтавец Юльян Місюкевіч тры месяцы спрабуе высветліць, хто дазволіў праслухоўваць яго тэлефон. Пакуль безвынікова.
21-гадовы студэнт БДУ праходзіў у якасці сведкі па справе аб так званых масавых беспарадках 19 снежня 2010 года. І падчас чарговага допыту ў сакавіку яму далі праслухаць запісы яго тэлефонных размоў за лістапад-снежань мінулага года. Па словах Місюкевіча, большасць тых размоў адбылася да падзей на Плошчы. І яму незразумела, у рамках якой крымінальнай справы органы маглі яго «слухаць».
Юльян накіраваў зварот у Генеральную пракуратуру, дзе папрасіў паведаміць, калі і які пракурор даў дазвол на праслухоўванне. З Генпракуратуры зварот накіравалі ў пракуратуру Віцебскай вобласці (дапытваў Місюкевіча следчы з УКДБ па Віцебскай вобласці Бычак, які ў Мінску знаходзіўся ў камандзіроўцы). Там адказалі, што Бычак працаваў у складзе аператыўнай групы, якая займалася расследаваннем крымінальнай справы па «масавых беспарадках». І, маўляў, нагляд за законнасцю расследавання мае праводзіць пракуратура Мінска. Сталічная ж пракуратура адправіла зварот... ізноў у Генпракуратуру. Адкуль пачынаў маладафронтавец, туды і вярнуўся. А на мінулым тыдні прыйшоў чарговы адказ з Генпракуратуры. З яго вынікае, што зварот маладафронтаўца накіраваны ў КДБ «для разгляду па сутнасці».
Юльян Місюкевіч абураны фактам праслухоўвання. «Раз ужо мае размовы слухаў КДБ,
я хачу ведаць, якую небяспеку ўяўляю для краіны. Калі ж гэта былі незаконныя дзеянні, хай пракуратура разбярэцца з гэтым фактам»,
— кажа ён.
Каментары