Меркаванні2121

Разруб, ці Візітоўка ад Расіі

Якая рэвалюцыя, які пратэст, пакуль існуе разруб. Камертон Сяргея Ваганава.

Ведаю цяпер адну вясковую краму, у якой раз ці два на месяц адбываецца разруб.

«Глядзі, давай звернем! Дакладна разруб!» — усклікнуў сусед па дачы, з якім мы вярталіся ў Мінск.

Праз хвіліну мы шукалі месца на пляцоўцы,

дзе ўжо пасвіліся два дзясяткі бліскучых аўто, некаторыя нават шыкоўныя. Сусед патлумачыў, што менавіта па колькасці аўто можна дакладна вызначыць, што сёння разруб.

…Праз усю залу, падобна на закручаную сялянскую кілбасу, цягнулася да прылаўка вялізная чарга, а ля самога прылаўка згрудзіўся ў чаканні невялікі натоўп, адцясняючы бабульку ў падрапанай ватоўцы, якая ўсё намагалася нешта пабачыць за паўзачыненымі дзвярыма. Раптам дзверы адчыніліся і адтуль, ледзь не згінаючыся пад цяжарам падноса, выкацілася сталая, густа нафарбаваная кабета… Чарга заварушылася, адразу вылучыліся найбольш актыўныя змагары за справядлівасць і сталі пільна сачыць, каб ніхто не ўлез без чаргі.

«А ты, бабуля, за кім стаіш?» — нервова спытаў хлапец у джынсах, над якімі калыхаўся навіслы жывот. «Ды мне трошкі, які кілаграм…» — «Трошкі, трошкі… Бачыш, колькі людзей? Наўрад усім хопіць…»

Разруб ішоў поўнай хадой, на прылавак плюхаліся ўсё новыя кавалкі свінога мяса з палоскамі бялюткага здору, з плямамі крыві вакол касцей, з яшчэ цёплым подыхам скончанага жыцця. Але чарга не краналася з месца. Раптам хлапец у джынсах падхапіўся і палез праз галовы прымаць ад ледзь бачнай ля прылаўка жанчыны набітыя мясам пакеты. Ці не з пяць разоў ён бег з тымі пакетамі да аўто і, цяжка дыхаючы, вяртаўся за новымі… «Во, на два мільёны ўзялі», -вымавіў нехта.

«Мусіць, вяселле…» — «Ага, вяселле… У Расію павезлі. Бачыў я там наша мяса. У тры разы даражэйшае…» — са злоснай усмешкай вымавіў галівудскага выгляду мужык, за шырокімі плячыма якога я чакаў у чарзе свайго часу. «Мусіць, там заробкі вялікія», — адазваўся яшчэ адзін сусед па чарзе. «Бачыў я іх заробкі… Вы Маскву не лічыце. Я пра астатнюю Расію, я яе амаль усю праехаў, аж да Сібіры — разбурэнне, галеча і павальнае п’янства… Дальнабойшчык я, мостам працую з Захаду на Усход… Дык вось што скажу: у нас тут у параўнанні з Расіяй Еўропа…» «А ў параўнанні з Еўропай?» — запытаўся я. «Ва ўсялякім разе чысціня і парадак… Аднойчы ехаў са знаёмай з Варонежа, дык яна ўсё захаплялася: ах, як прыгожа, які парадак, якая чысціня!.." «Ну, уздоўж хуткаснай шашы і праўда платы пафарбаваны, ды і палі прыбраны… А на разруб знаёмую не вазілі?.." Суразмоўца пачухаў патыліцу і палез у кішэню: «Вось, глядзіце, ці магчыма такое ў цывілізаванай краіне?» — і ён працягнуў мне зашмальцаваную візітоўку…

Не хопіць месца для пераліку паслуг дальнабойшчыкам, якія прапануе «Братишка» -фірма, што дзейнічае ў Чалябінску і вакол, абяцаючы

«Решение любых проблем на трассах». Але вось што самае цікавае з абяцанак: «сопровождение», «бандиты», «соляра», «менты», «разборка»…

…Усё радзей з памяшкання, дзе адбываўся таямнічы разруб, выносіліся кавалкі таннага, па 28 тысяч, мяса. Нарэшце нехта пусціў да прылаўка бабулю, яна нешта замармытала ў падзяках і ўзяла свой кілаграм. Чарга заенчыла — не хопіць…

Скончылася ўсё якраз перад дальнабойшчыкам. Ён мацюкнуўся і папрасіў узважыць нейкія вантробы, акуратна разложаныя ў празрыстых мяшочках. А мой сусед па дачы ўсё прасіў: «Паглядзіце, можа, ёсць яшчэ…»

Якая рэвалюцыя, падумаў я, які пратэст, пакуль існуе разруб і чарга енчыць ледзь не да бойкі?

Калі і пратэст, дык адзін супраць аднаго. Не зусім бедных, дарэчы, людзей. Зусім бедныя наогул мяса не купляюць…

Адно спадзяванне — «Брацішка», які вырашыць любыя праблемы, суправодзіць і ў Мытны саюз, і ў ЕўрАзЭС, і ў АЭП, і гэтак далей і далей… А калі што, дык ёсць жа ў нас галоўнакамандуючы, тэрытарыяльныя войскі з генерал-губернатарамі на чале, гатоўнасць да ўсенароднай партызаншчыны супраць ракет з усімі іх боегалоўкамі…

…Не, не скажу, дзе тая крама, — зноў не хопіць…

Каментары21

Цяпер чытаюць

«Лукашэнка на мінімалках». «Беларускі каханак усяе Русі» стаў кумірам жаночага тыктока

«Лукашэнка на мінімалках». «Беларускі каханак усяе Русі» стаў кумірам жаночага тыктока

Усе навіны →
Усе навіны

У Калінінградзе дэмантавалі рэкламу па-беларуску. Кажуць, што за кампанію з іншай на замежных мовах8

Ананімнасці ў сеціве больш няма: ШІ знаходзіць рэальных людзей за хвіліны8

«Беларусы і ў Дубаі беларусы». Як суайчыннікі арганізавалі дапамогу тым, хто не можа вярнуцца дамоў праз закрытае неба3

Бізнэсмен, асуджаны за махлярства ў Мінску, адкрыў школу ў Варшаве. У пэўны момант бацькі забілі трывогу2

«Пад канец адпачынку даведаліся, што тут няма сховішчаў». Беларусы, што знаходзяцца ў ААЭ, расказалі, як ім там цяпер1

Трамп заявіў пра спыненне гандлю з Іспаніяй, бо тая не дазволіла карыстацца сваімі вайсковымі базамі18

Севярынца абралі старшынёй аргкамітэта па святкаванні Дня Волі2

Пагражаў вайскоўцам раскрыць, хто з іх гомасэксуал, каб выпытаць сакрэты і прадаць Украіне. Вось за што адыёзны функцыянер БРСМ атрымаў 17 гадоў калоніі12

Пуцін ведаў пра планаваную атаку на Іран, але нічога не зрабіў, каб ёй перашкодзіць. Чаму?17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Лукашэнка на мінімалках». «Беларускі каханак усяе Русі» стаў кумірам жаночага тыктока

«Лукашэнка на мінімалках». «Беларускі каханак усяе Русі» стаў кумірам жаночага тыктока

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць