Батоны, педы, алені, свінні: хто і супраць каго сябруе ў беларускім футболе?
Фанацкі рух у Беларусі: кароткі слоўнік, кароткая гісторыя.
Футбольныя хуліганы нагадалі пра сябе бойкай на пероне станцыі метро «Купалаўская». Сутыкнуліся паміж сабой фанаты брэсцкага «Дынама», што прыехалі ў сталіцу на гульню з «Мінскам», і прадстаўнікі фанацкага руху «Партызана».
Адной бойкай не абмежавалася. Нават узрываліся петарды. У справу быў вымушаны ўмяшацца спецназ. Дзевяць чалавек затрымалі і асудзілі на розныя адміністрацыйныя тэрміны.
Пра фанацкі рух у Беларусі пагадзіліся на ўмовах ананімнасці паразмаўляць прадстаўнікі трох клубаў: «Дынама» (Мінск), «Партызан» і «Гомель».
Апошнім часам бойкі ў фанацкім асяроддзі — не такая пашыраная з’ява. Адзін з фанатаў мінскага «Дынама» кажа: «Міліцыя сустракае яшчэ да пад’езду ў горад ці проста на вакзале. Потым вядуць у апарняк, дзе і знаходзішся да пачатку гульні,
нават калі прыехаў раніцай. Пагуляць па горадзе, паглядзець на вядомыя месцы проста немагчыма. Калі і атрымаецца выйсці, то трэба быць вельмі асцярожным, трымацца далей ад міліцыі, не паказваць «ружы» (фірмовыя шалікі каманд)».
З гэтай самай прычыны, фактычна, знікла практыка пасляматчавых «махачаў». «Хулзы» каманд дамаўляліся на роўны бой паміж сабой. Звычайна гэта магло адбыцца дзесьці за горадам ці ў закінутай зоне.
У Мінску найбольшы ажыятаж выклікае супрацьстаянне паміж «Дынама» і «Партызанам» (раней МТЗ-РІПА). Нават сёлета міліцыя ледзь усачыла за гарачымі галовамі перад сустрэчай дублюючых каманд. Калі б бойка ўсё ж пачалася, то ў ёй бы ўзяло ўдзел больш за 200 чалавек.
Тут ідзе барацьба не толькі за гонар любімага клуба, але і з ідэалагічных прычын. За МТЗ балеюць людзі левых, анархісцкіх поглядаў, за «Дынама» — правых.
«Спачатку гэта была вострая канфрантацыя на глебе нашага супрацьстаяння ідэям расізму, якія дамінавалі ў фанацкім асяроддзі. З людзьмі, якія прапагандуюць дэструктыўныя ідэі, няма і не можа быць ніякага прымірэння», — кажа фан МТЗ.
Яшчэ «дынамаўцы» сябруюць з прадстаўнікамі «Маладзечна» і «Асіповічаў». Затое люта ваююць з «Дняпром» (яны яго называюць свіннямі) і «Гомелем» (бамжы). «З БАТЭ ў нас нармальная дружба, — з нейкай доляй скепсісу кажа фанат мінскага «Дынама». — З «Нёманам» ні тое, ні сёе. Казаць пра «Мінск», «Нафтан» ці «Віцебск» увогуле не выпадае, бо там вельмі мала людзей».
У хаўрусніках МТЗ-РІПА ходзяць «Белкард», «Ліда», «Рудзенск». Фаны жодзінскага і мінскага «Тарпеда» таксама знаходзяць паміж сабой агульную мову.
Прычым, нярэдка мовай перамоваў служыць беларуская. Беларускамоўныя фанацкія гасцёўні ёсць у «Дынама», БАТЭ, «Гомеля», МТЗ-РІПА, мінскага «Тарпеда». Шмат у каго ёсць «ружы», расцяжкі, стыкеры па-беларуску, з Пагоняй, бел-чырвона-белымі сцягамі.
Бывае, фангрупоўкі ідуць на канфлікт з кіраўніцтвам клуба, пасля чаго здараюцца публічныя «разводы». Як тое было ў свой час з фанамі БАТЭ. Цяпер барысаўскія хлопцы якраз і займаюцца тым, што спрабуюць зноў аб’яднацца.
На выязныя матчы ад фанатаў мінскага «Дынама» выбіраецца ад 200 да 1000 чалавек, у залежнасці ад горада і важнасці сустрэчы. Іншыя каманды такім пахваліцца не могуць.
Напрыклад, салігорскі «Шахцёр» стабільна добра выступае ў нацыянальным першынстве, але ў фансектары ў іх не болей за 100—200 чалавек. А вось гомельская тарсіда літаральна за некалькі сезонаў заўважна вырасла. «Моцны штуршок даў вылет у першую лігу, — дзеліцца фанат «Гомеля». — На дэрбі з ДСК прыйшло 500 фанатаў, а на фінал Кубка сёлета выязджала 2000 чалавек».
У суботу «Гомель» атрымаў важную перамогу над мінскім «Дынама», але фансектара на стадыёне не было. Справа ў тым, што людзей, якія актыўна падтрымліваюць «Гомель», папрасілі зарэгістравацца, яны адмовіліся тое зрабіць. І нават зладзілі байкот. Тым самым фанаты праяўляюць і сваю грамадзянскую пазіцыю.
Заўсёды ёсць рызыка атрымаць па гарбах не толькі ад прадстаўнікоў варагуючага клуба, але і ад спецназа. Як гэта было нядаўна ў Бабруйску з фанамі «Дынама». Праваахоўнікам падалося, што яны надта разняволена сябе паводзілі.
Фанацкая субкультура стала неад’емнай часткай жыцця многіх вялікіх гарадоў. Супрацьстаянне «хулзаў» шатландскіх «Хіберніана» і «Хартса» выдатна апісаў Ірвін Уэлш, лонданскіх «Чэлсі» і «Мілуола» — Джон Кінг. У кнігах Архана Памука то там то тут з’яўляюцца апісанні барацьбы вялікай стамбульскай тройкі — «Галатасарай», «Фенербахчэ», «Бешыкташ».
Беларусі далёка да такіх грандаў, але свае «фанацкія войны» ў нас таксама маюцца.
* **
Як жартаўліва называюць адзін аднаго фанаты беларускіх клубаў
БАТЭ — батоны
«Шахцёр» — краты
«Гомель» — бамжы
Мінскае і брэсцкае «Дынама» — мусары
«Белшына» — жыды
«Тарпеда» — педы
«Нафтан» — мазута
«Нёман» — алені
«Віцебск» — паравозы
«Мінск» — прастытуткі
«Дняпро» — свінні
* * *
Кароткі слоўнік фаната
А.С.А.В. — усе мянты ўблюдкі
Дэрбі — сустрэча каманд з аднаго горада
Кузьмічы — асноўная маса людзей, што прыходзіць на стадыён, якія нічога не разумеюць у фанатызме
Махач — бойка
Ружа — шалік з атрыбутыкай клуба
Сабака — электрычка
Трафей — забраны ў ворагаў шалік, сцяг
Фірма — групоўка фанатаў
Хапун — масавы арышт
Хулз — хуліганы
Каментары