Нейрасеткі робяць цуды з гістарычнай спадчынай Беларусі ШМАТ ФОТА
Новая мадэль Gemini ад Google здольная вяртаць даўно страчаныя помнікі архітэктуры і гістарычныя цэнтры гарадоў Беларусі ў іх першапачатковым выглядзе і робіць гэта фантастычна нават на аснове вельмі дрэнных фота і старадаўніх малюнкаў.
Гэта не фота з паралельнага сусвету, дзе Мінск не быў знішчаны ў Другую сусветную вайну, гэта праца нейрасеткі Gemini, якая здольная зрабіць сучасную гіперрэалістычную выяву нават з вельмі благога гістарычнага фота. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Тэлеграм-канал «Спадчына» апублікаваў галерэю выяў, які былі створаныя новай мадэллю Nano Banana (Gemini 2.5 Flash Image) ад Google на аснове гістарычных фотаздымкаў і малюнкаў. Вынік сапраўды ўражвае сваёй эфектнасцю.
Першым аўтар выбраў зроблены з гатэля «Еўропа» здымак плошчы Свабоды ў Мінску. Фатаграфія была ў вельмі благой якасці — зярністая і невыразная, таму спадзявацца на большае, чым звычайную каларызацыю, якую робяць іншыя нейрасеткі, не даводзілася.
Аднак нейрасетка не проста каларызавала фота, яна сярод мешаніны чорна-белых пікселаў змагла зразумець, дзе на аддаленых будынках фота ліштвы, дзе балконы, а дзе — мінарэт і купал Саборнай мячэці ў Татарскім канцы, ледзь бачныя на фота.
Арыгінальнае фота мае нізкую якасць: шмат шуму і невялікае разрозненне. Але для Gemini гэта не праблема
Апрацаванае фота выглядае так, быццам нехта з акна гатэлю сфатаграфаваў плошчу на свой смартфон літаральна ўчора.
Галоўны плюс мадэлі — яна даступна бясплатна абсалютна ўсім, хто мае акаўнт у Google: дастаткова проста перайсці ў AI Studio, выбраць Try Nano Banana, закінуць гістарычны фотаздымак і напісаць на любой мове, што вы хочаце атрымаць у выніку — напрыклад, проста «палепшы гэтае фота» — вельмі часта нічога больш не трэба. Колькасць запытаў за дзень абмежаваная, але вельмі вялікая.
Цёмныя Крамы ў Мінску на фотаздымку 1941 года. Усе будынкі на фота знішчаны пасля вайны. Цяпер тут лесвіца да праваслаўнага Свята-Духавага сабора
Nano Banana можа пабачыць тое, што не бачыць нашае вока, як прыцененая разьба на цёмным дрэве. Нейрасетка можа распазнаць і аднавіць выявы па выразках з нізкаякасных міжваенных газет ці прыбраць вельмі моцную пікселяцыю фота, якая выглядае так, быццам нехта сфатаграфаваў экран тэлевізара.
Вежа езуіцкага калегіума ў Мінску. Фота апрацаванае нейрасеткай Gemini. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
«Мы нарэшце можам пабачыць гістарычныя гарады і мястэчкі Беларусі такімі, якімі б яны мусілі быць сёння — ва ўсім харастве барока і з суровымі мурамі старажытных камяніц.
Гэта вельмі добры і вельмі зразумелы, навочны спосаб паказаць беларусам, што яны насамрэч страцілі, і даць зразумець, што калі гэта можа аднавіць нейрасетка, то здолеем аднавіць і мы ў натуры», — піша «Спадчына».
Nano Banana дазваляе не толькі палепшыць фота, але і адрамантаваць помнікі на фота: заладзіць дзіры ў тынкоўцы, вярнуць вокны ў закладзеныя праёмы, абразы — у алтары. Можна загадаць ёй дадаць антуражу — лавы для парафіян, алтар з царкоўным начыннем, свечкі і карункавыя абрусы, уласна саміх людзей — на што хопіць вашай фантазіі.
Койданаўская вуліца (цяпер Рэвалюцыйная) ў Мінску на фотаздымку пачатку XX стагоддзя
Фота Койданаўскай вуліцы, апрацаванае нейрасеткай Gemini. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Таксама можа накласці на сучаснае фота чарцёж недабудаванай часткі ці элемента — і Gemini у стане намаляваць яе так, быццам яна заўсёды там была.
Нейрасетка здольная адмаляваць in situ
У зыходным месцы ці ў тым месцы, дзе штосьці павінна быць.
помнік, якога нікога не было, або цэлую мясцовасць па малюнках XVIII-XIX стагоддзя, вельмі далёкіх па дакладнасці ад любога фота — гэта значна пашырае іканаграфію помнікаў.
Мы нарэшце можам паглядзець, напрыклад, на знішчанае Берасце, якім яго маглі бачыць да будаўніцтва крэпасці. Не кажучы пра тое, што тая ж нейрасетка можа стылізаваць выяву для дзіцячай кнігі ці пад канкрэтны дызайн блога. Спадчына становіцца больш бачнай і даступнай.
Фота касцёла ў Таракані Драгічынскага раёна выглядае так, быццам зроблена ў наш час, але, на жаль, гэта праца нейрасеткі, касцёла сёння не існуе. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
У нейрасеткі ёсць моцны навуковы патэнцыял, бо яна ўмее бачыць і выяўляць тое, што можа не заўважыць чалавечае вока, яна можа дапамагчы даследчыкам праверыць свае гіпотэзы, рэстаўратарам — падабраць найлепшы варыянт аднаўлення страчанага яшчэ на стадыі эскіза. Поле выкарыстання надзвычай шырокае.
Але ў Nano Banana ёсць і дрэнныя бакі. Яна працуе рандомна, па прынцыпе прыліваў і адліваў з невядомым графікам: у адзін час яна можа выдаць ідэальны вынік з першай спробы, у іншы — можна гадзінамі дамагацца ад яе хоць нешта. У бясплатнай версіі Gemini хутка забывае запыты, блытаецца ў паказаннях і не заўсёды разумее, што ад яе хочуць.
Калі вам не спадабаецца вынік, аўтар раіць ставіць дызлайкі, націскаць на кнопку Return ці проста спрабаваць тое ж самае ў іншым чаце.
«Проста спрабуйце і дзяліцеся вынікам — у нас засталося так шмат фота і так мала помнікаў, можа, Gemini верне нам спачатку памяць, а пасля і тое, што мы страцілі, але яшчэ можам вярнуць!»
Забелены ракакошны дэкор Сафійскага сабора ў Полацку
Дэкор Сафійскага сабора ў Полацку, каларызаваны ў стылістыцы барока нейрасеткай Gemini. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Тэатральная плошча ў Магілёве з былым касцёлам езуітаў у пачатку XX стагоддзя. Усе будынкі на фота знішчаны
Фота Тэатральнай плошчы ў Магілёве, апрацаванае нейрасеткай Gemini. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Богаяўленскі манастыр у Магілёве ў пачатку XX стагоддзя. Усе будынкі на фота знішчаны пасля вайны
Фота Богаяўленскага манастыра ў Магілёве, апрацаванае нейрасеткай Gemini. Звярніце ўвагу, што нейрасетка разумее сцэну як трохмерную і змяняе крыніцу святла на больш выразную, не губляючы дэталяў. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Кальвінскі збор XVI стагоддзя ў Асташыне. Фота пачатку XX стагоддзя. Разбураны мясцовымі ўладамі ў 1950-я гг.
Фрагмент фота інтэр'ера шляхецкай сядзібы, апрацаваны нейрасеткай Gemini. Звярніце ўвагу на разьбу на спінцы канапы на абодвух фота. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Цыстэрцыянскі кляштар у Кімбараўцы (Мазыр) на фота 1916 года
Палац на тэрыторыі Любчанскага замка ў пачатку XX стагоддзя
Фота палаца на тэрыторыі Любчанскага замка, апрацаванае нейрасеткай Gemini. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Першапачатковы праект Опернага тэатра ў Мінску, прапанаваны Іосіфам Лангбардам у 1934 годзе
Gemini паказвае, як бы гэты праект выглядаў, калі б ён быў рэалізаваны. Выглядае неверагодна праўдападобна. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Піксельны фотаздымак старога Траецкага прадмесця
Выпраўлены фотаздымак Траецкага прадмесця. Некаторыя дэталі не зусім дакладныя, але дзіўна ўвогуле, што нейрасетка змагла хоць нешта зрабіць з гэтым фота. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Барочны інтэр'ер знішчанага саветамі касцёла ў Стоўбцах
Інтэр'ер знішчанага саветамі касцёла ў Стоўбцах, якому Gemini вярнула барочны каларыт, абразы і лавы для вернікаў. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Рэдкае каляровае фота разрабаванага касцёла езуітаў у Магілёве
Нейрасетка Gemini не толькі змагла правесці рамонт касцёла і часткова аднавіць каларыт, але і змяніла ракурс на больш сіметрычны. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Касцёл у Каралішчавічах у пачатку XX стагоддзя. Будынак захаваўся да нашага часу, але ў знявечаным стане. Фота нізкай якасці
Палепшанае Gemini фота дакладна аднаўляе ўсе дэталі гістарычнага аб'ёму, робіць помнік сакавітым і аб'ёмным. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Фота касцёла і пажарнай часці ў гістарычным цэнтры Гомеля, знішчаных за савецкім часам, апрацаваныя нейрасеткай Gemini. Фота: lets_cook_for_fun_1
Наступныя прыклады зробленыя ў нейрасетках, але, магчыма, не толькі ў Gemini, што дае шырэйшае разуменне магчымасцей нейрасетак сёння.
Касцёл Святой Соф'і пры кляштары дамініканаў у знішчаным Берасці. Абмерны чарцёж 1830 года
Выява касцёла Святой Соф'і пры кляштары дамініканаў у Берасці, створаная нейрасеткай. Фэйсбук Віктара Байкоўскага
Берасце на гравюры Эрыка Дальберга 1657 года.
Краявід Бярэсця, створаны нейрасеткай па гравюры Эрыка Дальберга ў 1657 годзе. Фэйсбук Віктара Байкоўскага
Бернардзінскія касцёлы і манастыры ў Брэст-Літоўску: мужчынскі і жаночы. Фэйсбук Віктара Байкоўскага
Высокае-Літоўскае. Па матывах літаграфіі з малюнка Напалеона Орды. Фэйсбук Віктара Байкоўскага
Кляштар картэзіянцаў у Бярозе-Картузскай. Па матывах літаграфіі з малюнка Напалеона Орды. Фэйсбук Віктара Байкоўскага
Мерачоўшчына і Косаўскі замак на літаграфіі з малюнка Напалеона Орды. Звярніце ўвагу, што на малюнку лета
Мерачоўшчына і Косаўскі замак на аснове літаграфіі з малюнка Напалеона Орды. Звярніце ўвагу, што нейрасетка ператварыла малюнак у зімовы. Фэйсбук Віктара Байкоўскага
Навагрудак. Па літаграфіі з малюнка Напалеона Орды. Фэйсбук Віктара Байкоўскага
Янаў. Па літаграфіі з малюнка Напалеона Орды. Фэйсбук Віктара Байкоўскага
Фара Вітаўта 1860-я гады
Фота Фары Вітаўта 1860-х, апрацаванае нейрасеткай. Фота: grodno_one_minute_of_history
Фота Фары Вітаўта 1923 года, апрацаванае нейрасеткай. Фота: grodno_one_minute_of_history
Фота Фары Вітаўта 1930-х, апрацаванае нейрасеткай. Фота: grodno_one_minute_of_history
Супер, згодны, толькі гэта ніякая НЕ "Беларусь", - гэта у абсалютнай большасьці здымкаў і малюнкаў - самая што ні на ёсьць Літва.
Найперш не галасі!
14.09.2025
Гэтыя "фатаграфіі" паказваюць даволі утульна абжытыя чалавекам мясціны. Яшчэ раз прымушае задумацца пра знос і перабудову нашых вясковых і гарадскіх мясцінаў.
Ы
14.09.2025
Супер! Неверагодная дапамога тым, хто робіць гістарычны кантэнт ці кнігі па гісторыі. Яшчэ б дачакацца танных сэрвісаў, якія б рэалістычна ажыўлялі такія здымкі.
Цяпер чытаюць
Нейрасеткі робяць цуды з гістарычнай спадчынай Беларусі ШМАТ ФОТА1717
Іллю Дубскага ў калоніі прымусілі самому сабе лязом зрэзаць татуіроўку з Пагоняй12
Каментары
Яшчэ раз прымушае задумацца пра знос і перабудову нашых вясковых і гарадскіх мясцінаў.