Валанцёры Чырвонага Крыжа саграваюць змерзлых магілёўцаў гарачай гарбатай
Дапамагчы гараджанам не змерзнуць на вуліцы вырашыла Магілёўская абласная арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.
Каля 1000 чалавек штодня атрымліваюць бясплатна гарачую гарбату. «Нашых валанцёраў можна сустрэць у месцах масавага збору людзей: на вакзалах, рынках, канчатковых прыпынках грамадскага транспарту, — кажа старшыня Магілёўскага БТЧК Андрэй Нікіцін. — Іх лёгка заўважыць па вопратцы з нашай сімволікай. Валанцёры пачастуюць гарачым пітвом усіх ахвотных».
Як растлумачыў Андрэй Нікіцін, у арганізацыі вырашылі дапамагчы ўсім, хто вымушаны доўгі час знаходзіцца на вуліцы. Палатка валанцёраў БТЧК пастаянна знаходзіцца на аўтавакзале. Мабільныя групы ездзяць па горадзе, спыняючыся на канцавых тралейбусаў № «2», «4» і «5». «У валанцёраў ёсць з сабой тэрмасы, аднаразовы посуд, — пералічвае Андрэй Аляксандравіч. — Асаблівую ўвагу сябры БТЧК звяртаюць на бяздомных: для іх у нас ёсць асобная праграма дапамогі».
Асобам без пэўнага месца жыхарства ў маразы асабліва цяжка. Таму таварыства Чырвонага Крыжа адмыслова для іх закупляе еду ў сталоўках горада, збірае цёплую вопратку, аказвае медыцынскія паслугі. З пачатку халадоў па дапамогу ў Чырвоны Крыж звярнулася каля 200 тых, хто жыве ў нястачы. Усе яны атрымалі неабходную дапамогу.
Саграваць гараджан гарбатай і цёплымі рэчамі валанцёры Магілёўскага БТЧК будуць да заканчэння халадоў. Паводле прагнозаў сіноптыкаў, моцныя маразы не адступяць да канца лютага.
Каментары