Меркаванні2121

Чаму мы прайгралі ў 2020 годзе? Развагі Міколы Дзядка

Блогер і былы палітзняволены Мікола Дзядок апублікаваў вялікі тэкст, у якім выказвае свой погляд на падзеі 2020-га, вызначаючы аб'ектыўныя і суб'ектыўныя прычыны паражэння.

Пратэстоўцы каля Палаца Незалежнасці ў жніўні 2020-га. Фота: LookByMedia

Па словах Дзядка, неабходнасць адказу на пытанне, чаму мы прайгралі ў 2020‑м, стала для яго крытычна важнай як з асабістых (ён, як і тысячы іншых беларусаў, непасрэдна быў уцягнуты ў падзеі), так і з палітычных (без працы над памылкамі няма шанцаў на перамогу ў будучыні) прычын. Былы палітвязень заўважае, што тэкст ён «у літаральным сэнсе выношваў 5 гадоў зняволення».

У выніку лідар анархісцкага руху прапануе два блокі прычын — аб'ектыўных і суб'ектыўных.

Аб'ектыўныя прычыны

1. Настрой эліт

Аўтар сцвярджае, што неабходная ўмова для любой рэвалюцыі — раскол у кіруючых колах — у Беларусі ў 2020 годзе не адбылася. Колькасць дзяржаўных служачых, якія адкрыта перайшлі на бок пратэстоўцаў, была мізэрнай.

2. Узровень свядомасці беларускага грамадства

Паводле Дзядка, абсалютная большасць людзей не разумела прыроды рэжыму і жыла ў ілюзіі, што ўлада сыдзе пад ціскам адных толькі шматтысячных мірных маршаў. Гэтая наіўнасць прыводзіла да негатыўных з'яў, такіх як пошук «правакатараў» у сваіх шэрагах (часам людзей нават здавалі міліцыі) і прынцыповая негатоўнасць да больш рашучых дзеянняў.

Дзядок тлумачыць гэта «каштоўнасным разрывам»: пратэстоўцы верылі, што ўлада «адумаецца», не ўсведамляючы крайняга цынізму лукашэнкаўскіх эліт, для якіх гвалт з'яўляецца нормай.

3. Падтрымка Расіі

Значную ролю ў захаванні рэжыму адыграў крэдыт памерам $1,5 мільярда і гатоўнасць расійскай Нацгвардыі ўмяшацца. Гэта мела як матэрыяльны, так і маральны эфект, дадаючы ўпэўненасці тым, хто яшчэ вагаўся. Аўтар падкрэслівае, што паўплываць на гэты фактар пратэстоўцы ніяк не маглі.

Суб'ектыўныя прычыны

1. Сістэмныя доўгатэрміновыя памылкі

а) Стаўка на «метадычку Шарпа»

Аўтар сцвярджае, што абсалютная большасць апазіцыі прытрымлівалася стратэгіі звяржэння аўтарытарных рэжымаў, аналагічнай «каляровым рэвалюцыям» у Сербіі 2000 года, у Грузіі 2003 года і ва Украіне 2004 года. Аднак, на яго погляд, гэтыя метады былі актуальныя для аслабленых і кволых клептакратый, якія да таго ж захоўвалі рэшткі дэмакратычных інстытутаў.

«Для кансалідаванага аўтарытарызму Беларусі, які карыстаецца магутнай падтрымкай з Усходу, стратэгія «каляровай рэвалюцыі» ў яе грузінскім або армянскім варыянце не пасавала ў прынцыпе! (…) Наша сітуацыя была шмат у чым унікальнай і патрабавала распрацоўкі ўнікальных падыходаў», — даводзіць блогер.

Паводле яго, павінен быў існаваць беларускі «Think tank» — аналітычны цэнтр, які б складаўся з экспертаў у розных галінах і займаўся б пастаянным аналізам сітуацыі для пошуку эфектыўных шляхоў змены ўлады. Аднак такога цэнтра створана не было.

«Адной з прычын выбару няправільнага шляху стала тое, што адзіны знешні памочнік беларускага дэмакратычнага руху — краіны заходняй дэмакратыі — наўрад ці далі б грошы і іншую падтрымку для змены ўлады іншымі спосабамі. Але віна лідараў дэмакратычнай апазіцыі ўсё ж першасная», — даводзіць Дзядок. 

б) Адсутнасць сістэмнай працы сярод сілавых структур

Аўтар катэгарычна сцвярджае, што ніякай рэальнай, сістэмнай працы з міліцыяй, КДБ і войскам не вялося.

«Нам патрэбны былі прыхільнікі ў саміх сілавых структурах, якія дзейнічалі б у нашых інтарэсах. Яны павінны былі ствараць ядро ​​давераных людзей, аднадумцаў, прамацваць настроі», — даводзіць блогер.

в) Культ «аднаго дня»

Дзядок абураецца тым, што апазіцыйныя СМІ і лідары гадамі мэтанакіравана прасоўвалі наратыў, быццам для перамогі дастаткова адной масавай акцыі: «Нас выйдзе сто тысяч, і Лукашэнка спалохаецца і ўцячэ на наступны дзень!». У выніку ў людзей сфармаваліся загадзя лжывыя чаканні.

Калі аказалася, што нават сотні тысяч пратэстоўцаў і неаднаразовыя выхады не прыносяць імгненнай перамогі, гэта прывяло да масавай дэматывацыі, расчаравання, неразумення сэнсу далейшай барацьбы і, у выніку, спрыяла масаваму ад'езду за мяжу.

Аўтар узгадвае, як сам напярэдадні выбараў заклікаў рыхтавацца да доўгай барацьбы, але з яго тады толькі смяяліся.

Ён піша: «Замест таго, каб растлумачыць людзям, што сістэму, якая мацнела 30 гадоў, немагчыма зрынуць за адзін дзень, што трэба навучыцца жыць і адстойваць сваю грамадзянскую годнасць нават у выпадку паражэння рэвалюцыі, людзям расказвалі казкі пра «адзін дзень». Лічу гэта вялікай памылкай, якая, апроч іншага, спрыяла дэмаралізацыі многіх».

г) адсутнасць рэвалюцыйнай арганізацыі

Паводле Дзядка, на пачатак пратэстаў у Беларусі існавала ўсяго чатыры рэвалюцыйныя арганізацыі: «Народная Грамада», «Еўрапейская Беларусь», «Рэвалюцыйнае дзеянне» і «Прамень».

У выніку пераважную частку працы выконвалі «пратэстоўцы-аматары», якія ўпершыню ў жыцці ўдзельнічалі ў грамадскай дзейнасці. Ім катастрафічна не хапала досведу, які быў у нешматлікіх прафесійных рэвалюцыянераў, але тых было занадта мала, а некаторыя ўжо знаходзіліся ў турмах.

Праз гэта людзі былі вымушаныя на хаду вучыцца ўсяму: правілам канспірацыі, паводзінам на допытах, тактыцы дзеянняў у горадзе і самаарганізацыі — таму, чаму вопытныя актывісты вучыліся гадамі. Аўтар падкрэслівае, што стыхійна створаныя групы часта знішчаліся сілавікамі (ГУБАЗіК і КДБ) хутчэй, чым паспявалі набрацца досведу.

Дзядок робіць выснову: «На доўгай дыстанцыі арганізацыя заўсёды перамагае спантаннасць, а сістэма — стыхію». Велізарная колькасная і маральная перавага пратэстоўцаў была зведзена на нішто праз недахоп арганізаванасці, што ператварыла рэвалюцыю ў «спаборніцтва аматараў з прафесіяналамі з прадказальным фіналам».

Мікола Дзядок у Вільні, 14 верасня 2025 г. Фота: spring96.org

2. Тактычныя памылкі

а) адсутнасць бяспечнага асяроддзя

Для аўтара застаецца загадкай, чаму тагачасныя лідары пратэсту (адміністратары буйных тэлеграм-каналаў) не заклікалі стварыць уласную бяспечную прастору — разбіць намётавы лагер або заняць нейкі будынак і ператварыць яго ў кругласутачны штаб. Тым больш, што надвор'е гэта дазваляла.

Такі крок, на яго думку, вырашыў бы адразу некалькі праблем: дазволіў бы аператыўна каардынаваць дзеянні і прымаць рашэнні; даў бы сховішча тым, каго шукалі сілавікі; забяспечыў бы бачнасць у горадзе, абвяргаючы прапаганду пра «наркаманаў і прастытутак»; стаў бы сапраўднай «лабараторыяй рэвалюцыйнай творчасці», неабходнай для развіцця пратэсту.

Дзядок мяркуе, што такога закліку не было, магчыма, таму што лідары баяліся адказнасці за магчымы гвалт або асцерагаліся, што людзі не адгукнуцца. У выніку адсутнасць такой абароненай базы дазволіла ўладам да Новага года перашчоўкаць усіх актывістаў паасобку і навучыцца эфектыўна разганяць натоўпы, разразаючы іх на часткі.

б) адсутнасць адказнасці лідараў і адэкватнай зваротнай сувязі з масамі

Мікола Дзядок называе гэты аспект самым балючым момантам у аналізе памылак. Ён падкрэслівае, што лідараў пратэсту (пераважна адміністратараў буйных тэлеграм-каналаў) ніхто не выбіраў — яны сталі такімі ў сілу абставін. Аднак, атрымаўшы гэтую ролю, яны не неслі амаль ніякай адказнасці перад людзьмі, якія выконвалі іх заклікі.

Дзядок згадвае, што ў яго тэлеграм-канал пастаянна скардзіліся, што буйныя каналы ігнаруюць паведамленні ў ботах. Ён прызнае, што паток паведамленняў мог быць велізарным, як пра гэта пазней казаў Сцяпан Пуціла, але падкрэслівае:

«І ўсё ж гэта трэба было прадугледзець і прыняць усе меры, каб людзі не адчувалі, што імі проста аддалена маніпулююць. А яны, здаецца, на пэўным этапе мелі такое адчуванне. Неабходна было прыняць меры, каб не гублялася важная інфармацыя, каб яна своечасова аналізавалася і на аснове гэтага аналізу карэктавалася тактыка. Калі гэта і рабілася ва ўмоўным «штабе», то рабілася ў недастатковай ступені».

в) Недахоп кампетэнцый у кіраўнікоў пратэстаў

Адносна гэтага Дзядок піша:

«Штаб кіраўнікоў пратэстаў (назавём яго так для прастаты) складаўся з прафесійных медыйшчыкаў. Але сярод іх, наколькі мне вядома, амаль не было рэвалюцыянераў, людзей з працяглай гісторыяй палітычнага актывізму. Адсюль — вялікая колькасць памылак, у тым ліку пазначаных вышэй. Бракавала гістарычнага бачання, бракавала палітычнай кемлівасці».

Аўтар безумоўна прызнае велізарную заслугу «штаба» ў тым, што на пэўны час яны цалкам захапілі інфармацыйную прастору, і называе гэта сапраўдным подзвігам. Аднак ён падкрэслівае горкую праўду: «аднымі толькі медыя скінуць аўтарытарны рэжым немагчыма». У крытычны момант кіраўнікам не хапіла ведаў у галіне палітыкі і дынамікі рэвалюцыйных працэсаў.

Праз гэта, на погляд Дзядка, на іх, і асабліва на Сцяпана Пуцілу, абрынулася хваля хэйту, у тым ліку з боку «рознага кшталту апазіцыянераў, ужо ў эміграцыі».

На гэта Дзядок адказвае рытарычным пытаннем: а што замінала гэтым «мудрым» дзеячам усе папярэднія гады самім стаць у руля, стварыць папулярны тэлеграм– і ютуб-канал, заваяваць давер людзей і стаць лідарамі?

Дзядок упэўнены, што Пуціла і іншыя кіраўнікі пратэсту апынуліся на сваім месцы цалкам заканамерна, бо яны рабілі тое, што было неабходна ў той момант. А іх недахоп кампетэнцый — гэта таксама камень у агарод тых, хто ўсе папярэднія гады працаваў недастаткова старанна і не змог скласці ім у жніўні 2020 года здаровую канкурэнцыю.

«Таму не будзем перакладаць віну за паражэнне на асобных людзей. Лепш зробім вывады і пойдзем далей. Бо ў той сітуацыі кожны з нас рабіў усё, што мог. Або амаль усё», — прапануе блогер.

Ці маглі мы перамагчы ў 2020-?

У заключнай частцы артыкула Мікола Дзядок ставіць ключавое пытанне: ці маглі пратэстоўцы перамагчы ў 2020 годзе, ці рэвалюцыя была загадзя асуджаная?

Ён пагаджаецца з распаўсюджаным меркаваннем, што пратэстам не хапіла радыкальнага, наступальнага імпульсу. Аднак, паводле яго, праблема была глыбейшай: спробы надаць пратэсту такі характар рабіліся, але яны праваліліся, бо самі ўдзельнікі не былі да гэтага гатовыя.

У якасці доказаў ён прыводзіць два прыклады: «Марш на Дразды» (13 верасня 2020-га) і марш на Акрэсціна (4 кастрычніка 2020-га). У абодвух выпадках пераважная большасць людзей свядома не пайшла на абвастрэнне і адмовілася выконваць заклікі да больш рызыкоўных дзеянняў, працягнуўшы рух па бяспечным маршруце.

Дзядок адкідае тлумачэнні пра «правакатараў» і сцвярджае, што людзі самі не хацелі абвастраць, бо ўсё яшчэ верылі, што для дасягнення мэты хопіць мірных шэсцяў, і не былі гатовыя да большай рызыкі.

«Выснова: грамадзянская супольнасць, удзельнікі пратэстаў, да апошняга не разумелі сутнасць рэжыму і з кім яны маюць справу. А калі зразумелі, было ўжо запозна. Перавага тады ўжо была на баку контррэвалюцыі», — піша блогер і тлумачыць,

чаму так адбылося

Паводле Дзядка, масавасць пратэсту была абумоўлена менавіта тым, што сотні тысяч людзей жылі ў ілюзіі. Ён прызнаецца, што дасведчаныя актывісты, у тым ліку ён сам, спачатку з пэўнай іроніяй ставіліся да новай хвалі прыхільнікаў Віктара Бабарыкі, якія шчыра верылі, што ўсё можна зрабіць «паводле закону», а ўлада проста сыдзе. Гэтая неканфрантацыйная рыторыка падавалася старым актывістам падманам.

Віктар Бабарыка ў 2020-м. Фота: Наша Ніва

Аднак праз гады Дзядок прыйшоў да высновы, што менавіта гэтая ілюзія і стала ключом да масавасці. Калі б не яна, на вуліцы выйшла б звыклая невялікая колькасць людзей. Дзякуючы гэтаму «сітуацыйнаму падману» ў палітыку былі ўцягнутыя сотні тысяч беларусаў, бо яны шчыра верылі, што ім за гэта нічога не будзе. Яны прыйшлі ў пратэст са сваёй верай у закон пры Лукашэнку і іншымі ружовымі адзінарогамі.

Адваротным бокам гэтага стала тое, што людзі не разумелі, з якім маштабным злом («Левіяфанам») яны сутыкнуліся. А калі нарэшце зразумелі, было ўжо занадта позна, і сілы на тое, каб нешта змяніць, ужо былі не тыя.

«Падводзячы рысу і задаючы пытанне: ці была наканавана наша паражэнне ў 2020, я схільны адказаць: не. Паражэнне не было наканавана. Пры адсутнасці пералічаных мной вышэй суб'ектыўных прычын (і магчыма іншых, якіх я не заўважыў) у нас быў шанец на перамогу. Аднак толькі шанц. Наколькі ён быў вялікі, мне гэтага ведаць не дадзена.

Але мне дадзена ведаць, што, як я ўжо казаў вышэй, на доўгай дыстанцыі арганізаванасць, цярпенне і вера — абавязковыя для тых, хто жадае перамагчы. Ці хапае ў нас першага, другога, трэцяга? Мяркую, гэта тыя пытанні, якія кожнаму\кожнай з нас варта задаваць сабе штодня», — падсумоўвае былы палітвязень.

Каментары21

  • Меркаванне
    21.10.2025
    1. Колькасць дзяржаўных служачых, якія адкрыта перайшлі на бок пратэстоўцаў, была мізэрнай.

    Тут як паглядзець. Калі дзяржаўныя служачыя не захацелі пераходзіць на бок прамаскоўскай апазіцыі, бо пабачылі, што яна звяртаецца па дапамогу да "мудрага Пуціна"....то можа яны і мелі рацыю.
  • Gorliwy Litwin
    21.10.2025
    "Заняць нейкі будынак і ператварыць яго ў кругласутачны штаб" - такі будынак і так меўся, прытым у многіх сэнсах знакавы: Купалаўскі тэатр, большасць трупы якога адназначна была за "рэвалюцыю". Аднак заміж таго каб абвесціць будынак сваёй "крэпасцю", купалаўцы раптам... "салідарна звольніліся" следам за Латушкам! не чакалі нават пакуль іх пазвальняюць, пакуль будынак возьмуць штурмам і г.д. Канешне такіх тыпова бела-рускіх глюкаў была процьма, але вось з такіх элементаў і складаецца карціна жахлівай паразы

    Цяпер суцяшайцеся тым, што пераможцы - "таксама беларусы". Яны ж пераважна выхаццы са шчырай этнавёсачкі і па сваім сацыяльна-псіхалагічным профілі - акурат калектыўны лірычны герой беллітаўскай класікі. Ды яшчэ й захавалі Мір , і Дабрабыт (на чужой вайне) стала расце.
  • Чырвоныя Чаравічкі
    21.10.2025
    На мой погляд трапна.

Цяпер чытаюць

Чаму мы прайгралі ў 2020 годзе? Развагі Міколы Дзядка21

Меркаванніабмяркоўвайце!21

Чаму мы прайгралі ў 2020 годзе? Развагі Міколы Дзядка

Усе навіны →
Усе навіны

Упершыню ў гісторыі жанчына стала прэм'ерам Японіі5

Настаўніца ў Паўднёвай Карэі забіла васьмігадовую вучаніцу. Гэта трагедыя шакавала ўсю краіну5

Клуб з вёскі на 1500 чалавек упершыню стаў чэмпіёнам Швецыі па футболе2

«Работнікаў з Афрыкі адпраўляюць на кухню». Чым займаюцца працоўныя мігранты ў Беларусі і адкуль едуць?18

Трамп зноў заявіў, што Украіна можа выйграць у вайне. Але не думае, што выйграе12

ДАІ прапануе замяніць невялікія маршруткі аўтобусамі большай умяшчальнасці9

«Асноўны інструмент — генетычная экспертыза». У Следчым камітэце расказалі, як раскрываюць забойствы даўно мінулых гадоў3

У адкрытым доступе апублікавалі базу 4000 штатных супрацоўнікаў КДБ, імёны агентаў і інфарматараў не называюць32

У Віцебску ладзяць экскурсіі ў прапагандысцкі цэнтр расійскага мілітарызму ФОТАФАКТ5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чаму мы прайгралі ў 2020 годзе? Развагі Міколы Дзядка21

Меркаванніабмяркоўвайце!21

Чаму мы прайгралі ў 2020 годзе? Развагі Міколы Дзядка

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць