Меркаванні33

Статутныя адносіны

Паспрабуйце ў прысутнасці суворага чалавека ў пагонах прызнацца, што ўвозіце ў Беларусь кнігі — і вас будуць абшукваць доўга і настойліва. Піша Міхась Скобла.

Для пільных беларускіх памежнікаў кніга — тавар кантрабандны. Як наркотык ці зброя. Паспрабуйце ў прысутнасьці суворага чалавека ў пагонах прызнацца, што ўвозіце ў Беларусь кнігі — і вас будуць абшукваць доўга і настойліва. Магчыма, нават з чацьвераногім памочнікам. Вам любы сабака з задавальненьнем пацьвердзіць, што сьвежавыдрукаваная кніга — вельмі пахучы прадукт, і зьнюхаць яе ў любым багажы, нават пад накрухмаленымі кашулямі вельмі проста.

Як пахне кніга, выдадзеная чатыры з чвэрцю стагодзьдзі таму, — мабыць, ніводны сабака, што служыць на мяжы, ня ведае.
Рэдка возяцца падобныя рарытэты з краіны ў краіну, таму практыкі ў сабак ніякай. На розны антыкварыят больш набітыя рукі і вочы ў людзей. Вось жа і ў расейскіх памежнікаў, відаць, сьвярбелі рукі затрымаць на мяжы Статут ВКЛ, які нядаўна везьлі з Масквы ў Менск. Як-ніякгісторыка-культурная каштоўнасьць. Дзеля гэтага сучасным карацупам ня трэба было дзяжурыць ночы напралёт — у СМІ нават быў абвешчаны дзень, калі той Статут павязуць. Але дзіва дзіўнае — каштоўнасьць вывезьці дазволілі, як быццам ехала яна не ў другую краіну, а куды-небудзь у Сыктыўкар ці ў Пензу.

Мала таго, дайце веры, старадрук на маскоўскім аўкцыёне быў куплены з дапамогай расейскай кампаніі «Альпары». Для братняй Беларусі нам грошай не шкада — патлумачыў яе прадстаўнік. Ну і азадачылі вы нас, рабяты — як любіла гаварыць мая школьная настаўніца беларускай мовы і літаратуры.

Стагодзьдзямі вывозілі, а цяпер нарэшце вяртаць пачалі?
Дык, можа, і дзясятак-другі слуцкіх паясоў падкінеце? А то барысаўскія ткачыхі ў роспачы: з высокай трыбуны абвешчана: слуцкі пояс — у кожны дом, а ўзорных экзэмпляраў — няма. А можа, і Крыж Эўфрасіньні Полацкай па запасьніках маскоўскіх музэяў пашукаеце? Бо дзе ж яму было падзецца з ахопленага ваеннай панікай Магілёва, як не на ўсход? А там, глядзіш, і мастацкія скарбы з сапегаўскага Дзярэчына, сканфіскаваныя пасьля паўстаньня 1831 году, надумаеце вярнуць. Што праўда, паў-Эрмітажа падчысьціць давядзецца…

Вось была б праява ісьцінна братэрскай любові — пасьля памятнага пуцінскага візыту ў Менск — «на сваю зямлю», як прагучала ў прывітальным вернападданіцкім слове. Пасьля Пуціна — і Статут прыбыў. Вось такія ў нас цяпер з Расеяй новыя статутныя адносіны.

Ці тут няма прычынна-сьледчай сувязі, проста — так усё супала? І ахвяраўскладаньне на алтар братэрства ад кампаніі «Альпары», і згаворлівасьць невядомага маскоўскага калекцыянэра, і актыўнасьць (нарэшце!) беларускіх мэцэнатаў і грамадзянскай супольнасьці ў справе вяртаньня на радзіму насамрэч каштоўнай музэйнай рэчы?

Зрэшты, у любым выпадку мы пабагацелі, і цяпер Беларусь па колькасьці статутаў ВКЛ апынулася нароўні з Вялікабрытаніяй: у Лёндане — адзін статут, і ў Магілёве — адзін. А ў Расеі гэтых статутаў — хоць у макулятуру здавай…

Але найбольш мяне пацешыла ў гэтых беларуска-расейскіх статутных адносінах пазыцыя літоўскіх гісторыкаў. Маўляў, Статут ВКЛ 1588 году для літоўцаў — не унікум… Калі для вас не унікум, то перадайце (прадайце, абмяняйце) беларусам, для якіх Статут гэты — найунікальнейшая рэч, якая па сваёй каштоўнасьці можа зраўняцца хіба са Скарынаўскай Бібліяй. Бо Статут і Біблія, напісаныя на старабеларускай мове, гэта ж проста кутнія камяні пад нашую дзяржаўнасьць. А пад што могуць літоўцы «падкласьці» наш Статут? Гэта ж не Пагоня, ня вершнік збройны на кані, якому хвост вышэй задраў, і паводле геральдычных законаў гэта ўжо зусім другі герб…

Пару месяцаў таму я зайшоў у кнігарню на праспэкце Гедыміна ў Вільні і літаральна аслупянеў. Ля прылаўка, проста на падлозе, ляжаў цэлы штабэль статутаў ВКЛ 1529 году! Выдатна выдадзеных яшчэ ў савецкай Літве на трох мовах — у арыгінале, па-расейску і па-літоўску, з навуковымі камэнтарамі. Яшчэ больш я разгубіўся, калі на кожным фаліянце згледзеў налепку — 1 літ. Думаючы, што тут мае месца некая памылка, я перапытаў пра кошт у прадавачкі. Не, памылкі не было. Факсымільнае перавыданьне Статута 1529 году насамрэч каштавала 1 літ. Для параўнаньня — квіток на тралейбус у Вільні каштуе 2 літы.

Больш за дваццаць гадоў статуты тыя праляжалі на кніжным складзе, і вось ад іх нарэшце вырашылі пазбавіцца. Дзякуй Богу — цывілізаваным чынам, шляхам фактычна бясплатнай раздачы ўсім зацікаўленым. А маглі б парэзаць на макулятуру. Для іх — не унікум… Вось такія ў нас і з Літвой статутныя адносіны.

Гісторыкі кажуць, што канцлер Леў Сапега строга сачыў за выкананьнем усіх патрабаваньняў статута, які сам і распрацаваў. Як там у прадмове яго княская міласьць напісалі: «Яко Цыцеро поведил, иж естесмо невольниками прав для того, абысмы вольности уживати могли».

Дзьвесьце гадоў нашы продкі былі «нявольнікамі законаў», і гэтая двухвяковая законапаслухмянасьць — у крыві беларусаў.
Таму ў РБ можна прыняць любы закон, і ён будзе выконвацца пераважнай большасьцю насельніцтва. Адкуль, думаеце, у сёньняшняй Беларусі малазразумелая народная любоў да найвышэйшай меры пакараньня? Разгарніце Статут (менскае факсымільнае перавыданьне 1989 году): за здраду дзяржаўным інтарэсам, за забойства, за згвалтаваньне, за падробку грошай, за наезды на гумны шляхецкія і г. д. — караць горлам…

Перавыдадзены ў Беларусі Статут 1588 году — наклад 10 000 (!) — немагчыма сёньня набыць у букіністычных крамах. Зрэшты, адразу па выхадзе ў сьвет ён стаў бэстсэлерам і быў раскуплены імгненна. Як вострасюжэтны раман ці якое іншае папулярнае чытво. Што само па сабе выглядае даволі загадкава.

Памятаю, пры канцы 90-х прыехаў у Беларусь князь Яўстах Севярын Сапега — з тых самых Сапегаў, якія і статуты выдавалі, і гетманамі польнымі ў ВКЛ былі, і з пакаленьня ў пакаленьне змагаліся за незалежнасьць свайго Краю. Князь прыехаў здалёку — з Кеніі, пераадолеўшы ў васьмідзесяцігадовым узросьце пяць тысячаў кілямэтраў. Прыехаў, маючы тры мары: пабыць у Ружанах і Дзярэчыне, дзе калісьці месьціліся рэзыдэнцыі ягоных продкаў; папаляваць у сваім Ружанскім лесе; займець у сваю фамільную бібліятэку Статут ВКЛ.

Збылася толькі першая мара князя — паездкі ў Ружаны і Дзярэчын мы з сябрамі яму арганізавалі. У Ружанскім лясьніцтве госьць з далёкай Афрыкі пачуў, што па дазвол на паляваньне яму трэба зьвяртацца да самога Лукашэнкі… І Статут мы князю, нягледзячы на ўсе намаганьні, не знайшлі. Сам я яго тады ня меў, а ўсе мае знаёмыя і сябры, якія мелі, расставацца са сваім кніжным скарбам не захацелі.

Яўстах Севярын Сапега асаблівых фанабэрый ня меў і, здаецца, не пакрыўдзіўся, бо неўзабаве прыслаў з Найробі ўсім сваім спрыяльнікам па асобніку ўласнай мэмуарнай кнігі. Калі б князь, які без сумневаў лічыў сябе грамадзянінам Вялікага Княства Літоўскага, дажыў да нашых дзён, я перакананы — ён таксама паўдзельнічаў бы ў акцыі вяртаньня арыгінальнага Статута ў Беларусь. Як тое зрабілі (апрача кампаніі «Альпары») шматлікія беларусы, якія і ў XXI стагодзьдзі згодныя, як і іхнія далёкія продкі, быць «нявольнікамі законаў», абы толькі «вольнасьці ўжываці маглі».

Каментары3

Цяпер чытаюць

Мабільным аператарам забаранілі заганяць беларусаў у вялікі мінус

Мабільным аператарам забаранілі заганяць беларусаў у вялікі мінус

Усе навіны →
Усе навіны

Пуцін аддаў Венгрыі двух украінскіх палонных з венгерскім грамадзянствам. МЗС Украіны: Гэта цынічны піяр2

Беларускія дранікі будуць прэтэндаваць на спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА2

Apple выпусціла новы макбук усяго за 600 даляраў3

Пад Рэчыцай пачалі рамонт моста праз Дняпро, часткова закрытага больш за 20 гадоў

Завабліваць аўдыторыю ў расійскі месенджар Max пачалі і раёнкі4

У трох усходніх абласцях істотна павялічылі хуткасць мабільнага інтэрнэту4

У Літве ненавісніку беларусаў далі хатнюю хімію і забаранілі карыстацца інтэрнэтам15

Новы прэм'ер Нідэрландаў выступіў супраць прынцыпу аднагалоснасці пры прыняцці рашэнняў ЕС7

У чым розніца паміж Трампам у Іране і Пуціным ва Украіне21

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мабільным аператарам забаранілі заганяць беларусаў у вялікі мінус

Мабільным аператарам забаранілі заганяць беларусаў у вялікі мінус

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць