Усяго патроху1616

Надзея Каткавец: Нічога лепшага, нічога разумнейшага за аграгарадкі нельга было прыдумаць - гутарка

Вось ужо больш чым паўгода прайшло, як Надзея Каткавец узначаліла Дэпартамент аграпрамысловай палітыкі Еўразійскай эканамічнай камісіі ў Маскве. За гэты час дала інтэрв’ю ўжо некалькім беларускім газетам, бо лічыць зносіны з журналістамі часткай сваёй працы. Калегі ж любяць экс-намесніка міністра сельскай гаспадаркі Беларусі за тое, што яна, акрамя «перасушанай» інфармацыі і лішку лічбаў, заўсёды знойдзе «жывое» слова і трапнае параўнанне… І з пачуццём гумару (якое, як прызналася сама Надзея Мікалаеўна, дапамагае наладжваць дзелавыя сувязі) у гэтай жанчыны-кіраўніка ўсё ў парадку. «Чакайце. Буду праз гадзіну», — на поўным сур’ёзе адказвае на мой тэлефонны званок Надзея Каткавец… і праз секунду з’яўляецца з усмешкай у дзвярах гасціннага беларускага пасольства ў Маскве, дзе мы і пагутарылі за кубачкам кавы.

Пра ломку, заторы і наднацыянальныя інтарэсы

— Надзея Мікалаеўна, ці страшна вам было мяняць працу, месца жыхарства?

— Тое, чым я займалася апошнія два гады на пасадзе першага намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання (у складзе працоўнай групы ад Беларусі ўдзельнічала ў выпрацоўцы пагаднення ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы. — Аўт.), плаўна перацякло ў цяперашнюю працу. Нескладана было ўнікнуць у задачы, якія стаяць перад дэпартаментам, бо яны выцякаюць з задач Мытнага саюза і ўжо прынятага пагаднення. Таму перамены прайшлі спакойна, у мяне не было абсалютна ніякай ломкі. Што датычыцца пераезду, то, натуральна, Мінск і Масква — усё ж такі розныя гарады. Але я ўжо паспела прызвычаіцца да затораў на маскоўскіх дарогах. Калі трэба хутчэй вырашыць пытанне — карыстаюся грамадскім транспартам.

Мама захварэла, таму кожныя выхадныя лятаю дадому ў Мінск. І, каб не губляць час у дарозе, да аэрапорта дабіраюся на электрацягніку.

— Любіце лятаць?

— Не магу сказаць, што люблю. Але не баюся.

— А чаго баіцеся?

— (Задумваецца). Не ведаю. Не магу сказаць, што ёсць нешта такое відавочнае, чаго я баялася б. Не баюся вечарам прайсціся па горадзе. Спакойна застаюся адна ў кватэры…

— Не адчуваеце сябе адзінокай у чужым горадзе?

— З такім інтэнсіўным графікам жыцця і працы практычна не маю на гэта часу. А калі якая вольная хвіліна і з’яўляецца, тут жа знаходжу, чым сябе заняць.

Дрэнна, што мы сустрэліся не ў мяне дома. Я б вам паказала, якія прыгожыя дываны мяне навучылі выбіваць (не вышываць, хоць вышываць я таксама ўмею) іголкай на тканіне.
Мне дапамагае сяброўка: яна малюе контур карціны, а я затым па гэтым контуры наношу ніткі. Нядаўна аформіла ў рамку вялікую карціну з пальмамі, цяпер выбіваю лебедзяў.

— Ці цяжка было пераарыентавацца з нацыянальных інтарэсаў на наднацыянальныя?

— Не. Амаль 9 гадоў я прапрацавала намеснікам і першым намеснікам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі. За гэты час папоўніўся не толькі мой багаж ведаў, але і багаж знаёмстваў. У любы момант магу патэлефанаваць былым калегам, намеснікам міністра, калі трэба — выйсці і на міністра па рашэнні нейкага вельмі важнага пытання. Ведаю міністраў, намеснікаў міністраў, начальнікаў галоўных упраўленняў, дырэктараў дэпартаментаў Казахстана і Расіі. Калі ўзнікае неабходнасць, тэлефаную ім, каб пракансультавацца з імі.

І ніколькі не саромеюся гэтага. Я вельмі кантактны чалавек, лёгка знаходжу агульную мову з людзьмі. Гэта якасць дапамагае мне і на новай пасадзе.

— А як часта цяпер даводзіцца ездзіць у камандзіроўкі?

— Камандзіровак, вядома ж, ніхто не адмяняў. Па-мойму, нельга, седзячы ў кабінеце, зразумець, што ўсё, што ты робіш, правільна. Больш глыбока ўнікнуць у сутнасць справы лягчэй на месцы. Мы ў дэпартаменце распрацоўваем прававыя нормы, якія пасля будуць прымяняцца на месцах. Таму трэба выязджаць туды, размаўляць з бізнэсменамі, прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый. За 6 месяцаў я толькі ў Астане была ўжо двойчы. Вельмі важна, каб наша работа не ішла ў разрэз з той палітыкай, якая вядзецца краінамі-ўдзельніцамі Мытнага саюза. Наадварот, яна павінна аб’яднаць і памножыць той патэнцыял, які мае кожная з трох краін.

Пра стараннасць, агуркі і дастойную зарплату

— Што са зробленага на мінулай пасадзе — асаблівая нагода для гонару?

— У міністэрстве я, вядома, не арала, не сеяла і не даіла. Мы з калегамі распрацоўвалі неабходныя дакументы па субсідзіраванні сельскай гаспадаркі, па прыцягненні інвестыцый у сельскагаспадарчую вытворчасць… Імкнуліся стварыць максімальна камфортныя ўмовы для сельскагаспадарчых арганізацый. Думаю, што гэта ў нас атрымлівалася.

Прынамсі, я старалася максімальна. Да сваёй працы заўсёды ставілася вельмі адказна.
Курыравала ў міністэрстве такія сур’ёзныя кірункі як эканоміка, фінансы, знешнеэканамічная дзейнасць. Прыемна было назіраць, як з года ў год павялічваецца колькасць гаспадарак, якія эфектыўна працуюць.

— А якую задачу перад сабой ставіце цяпер?

— Выпрацаваць праект пагаднення пра ўзгодненую аграпрамысловую палітыку краін-удзельніц Мытнага саюза. Так, навошта сёння ў Беларусі вырошчваць цвёрдыя гатункі пшаніцы? Яны апрыёры не вырастуць, бо глеба і ўмовы надвор’я для гэтай культуры не падыходзяць, чаго не скажаш пра Казахстан. Ці вытворчасць каніны… Гэта наогул нацыянальны прыярытэт нашых казахскіх партнёраў. Затое ў Столінскім раёне перавытворчасць з агуркамі. Такая ж сітуацыя з гароднінай і ў Падмаскоўі. А ў тым жа Казахстане такой прадукцыі не хапае. Усё гэта трэба ўлічыць і звесці ў адзіным пагадненні. Чым больш эфектыўна будзе выкарыстоўвацца патэнцыял Мытнага саюза па ўсіх кірунках, тым больш упэўнена мы будзем адчуваць сябе ў сусветнай эканамічнай прасторы. Пераканана, што калі будзем працаваць разам, то зможам не толькі забяспечваць сельгаспрадукцыяй па прымальных цэнах сваё насельніцтва, але і выступаць адзіным магутным пастаўшчыком сельгаспрадуктаў на сусветныя рынкі, усталёўваць сусветныя цэны.

— Як чалавек, які шмат гадоў адпрацаваў у сельскай гаспадарцы, якой вы бачыце будучыню беларускай вёскі?

— Усё менш і менш людзей хоча жыць у вёсцы, працаваць у сельскай гаспадарцы. Праблема гэтая характэрна не толькі для нашай з вамі радзімы. Але Беларусь у гэтым плане рухаецца ў правільным кірунку: на мой погляд, нічога лепшага, нічога разумнейшага за аграгарадкі нельга было прыдумаць. Бо населены пункт без добрых дарог, сувязі, без крам, без культурных устаноў, школ не мае будучыні. Будучыня ж АПК, на мой погляд, за сельгасарганізацыямі, якія і далей павінны працягваць узбуйняцца, за прагрэсіўнымі тэхналогіямі і сур’ёзна абучанымі маладымі кадрамі.

А яны сёння патрабуюць не толькі дастойнай зарплаты, але і камфортных умоў жыцця. Гэта правільна. Жанчына ў вёсцы павінна мець магчымасць і ў кіно схадзіць, і манікюр зрабіць, і прычоску… А не быць, прабачце за параўнанне, «ламавіком».

Пра Ясельду, вялікую гаспадарку і Івана Грознага

— Сябе вы адчуваеце вясковай жанчынай або гараджанкай?

— Адназначна, вясковай. Я нарадзілася і вырасла ў вёсцы. Большую частку свядомага жыцця адпрацавала ў сельскай мясцовасці: эканамістам, бухгалтарам, старшынёй гаспадарак. І толькі апошні час я ўмоўна гарадскі жыхар. Бо і лад жыцця, і праблемы, і працоўныя моманты — усё адназначна звязана з вёскай. Мая мама жыве пад Мінскам, у вёсцы Атоліна. І я, хоць і маю кватэру ў Мінску, усё роўна на выхадныя прыязджаю менавіта туды. Часта бываем мы і ў бацькоўскім доме ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці. Там такая цудоўная прырода! Побач з вёскай два возеры з чыстай вадой. На адным з іх дагэтуль жывуць лебедзі. Недалёка лес, рака Ясельда.

— Раскажыце пра сваіх бацькоў.

— Тата памёр 6 гадоў таму. Маме 76 гадоў сёлета споўнілася.

— Бацькі ўсё жыццё прысвяцілі сельскай гаспадарцы?

— Так, мама працавала ў калгасе даяркай, тата — жывёлаводам на ферме. І дома ў нас, колькі сябе памятаю, была вялікая гаспадарка. Мы з братам змалку дапамагалі бацькам.
І сёння, калі прыязджаю па выхадных, з задавальненнем дапамагаю маме садзіць і капаць бульбу. Яна дагэтуль трымае і парася, і курэй, бо па-іншаму ўжо не можа.

— Кім хацелі стаць у дзяцінстве і якую ролю бацькі адыгралі ў вашым выбары?

— Мне вельмі падабаецца гісторыя. У любым праяўленні: і музеі, і фільмы, і кнігі. У мяне і цяпер каля ложка на тумбачцы ляжыць кніжка пра Івана Грознага.

Жартую, што, калі пайду на пенсію, мабыць, перавучуся і буду экскурсаводам музея Вялікай Айчыннай вайны (усміхаецца). І паступаць пасля школы хацела на гістфак Брэсцкага педінстытута.
Але дзякуючы аднаму моманту маё жыццё выруліла ў зусім іншым кірунку. Калі я заканчвала 10 клас, да нас у школу прыехаў выкладчык з Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. І агітаваў паступаць у Горкі. Такім чынам я разам з яшчэ трыма аднакласнікамі апынулася ў сельгасакадэміі. Бацькі тут мне не ўказвалі. Гэта было выключна маё рашэнне.

І яно аказалася правільным. Цяпер ні аб чым не шкадую. Я вельмі люблю сваю работу.

— Цяпер большасць вясковай моладзі прагне пераехаць у горад. Няўжо вас ніколі не пужала перспектыва застацца жыць і працаваць у вёсцы?

— Штодзень па дарозе ў школу і са школы я праходзіла каля адміністрацыі мясцовага калгаса. У той час там галоўным эканамістам працавала Еўдакія Кандзярэшка. Я ішла і ўяўляла сябе ў ролі Еўдакіі Міхайлаўны. Тады я, вясковая дзяўчына, пра большае і марыць не магла (усміхаецца).

Пра піражкі, нявестак і мужчынскі характар

— А ў кватэры ў вас ёсць любімае месца?

— Так, кухня. Я люблю гатаваць.

— І што лепш за ўсё атрымліваецца?

— Калі часу мала, то раблю сырнікі, мучныя бліны. Рыбу можна вельмі хутка запячы ў духоўцы. А калі ёсць час, то я займаюся піражкамі. Мае дзеці вам могуць расказаць. Я замешваю шмат дражджавога цеста і начыняю яго тым, што ёсць пад рукамі. Сасіскамі, варанай каўбасой, тушанай капустай, варэннем, згушчонкай… Прыгожыя такія атрымліваюцца. Па вялікіх талерках іх раскладаю і, калі ласка, хто з чым любіць, частуйцеся. Таксама люблю даглядаць дэкаратыўныя кветкі.

У мяне ў гарадской кватэры каля двух дзясяткаў вялікіх падлогавых вазонаў з імі.

— Затое ўжо дарыць іх ёсць каму: наколькі я ведаю, у вас ажно чатыры сыны.

— Тры сыны ў мяне жанатыя, яны ўжо атрымалі вышэйшую адукацыю. Малодшаму ж, Сяргею, 22. Ён студэнт Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта.

— А прафесіі старэйшых сыноў звязаны з сельскай гаспадаркай?

— Андрэй у мяне інжынер-землеўпарадчык. Ён жыве ў вёсцы Атоліна, вельмі шмат бабулі дапамагае. Разам яны ўпраўляюцца з хатняй гаспадаркай. Аляксей, як і я, эканаміст сельгасвытворчасці, працуе ў сельскагаспадарчай арганізацыі нашага інвестара з Германіі ў Смалявіцкім раёне. Віталь — інжынер-механік. Працуе ў Белаграсэрвісе. Сваёй працай задаволены больш за братоў. Сяргей, калі адвучыцца, таксама будзе інжынерам-механікам.

— Лічыце сябе шчаслівым чалавекам?

— (Не раздумваючы). Так.

— Што для вас шчасце?

— Усё тое, што мяне акружае. Бытавыя ўмовы ў мяне добрыя. Мая праца мне падабаецца.

Я з задавальненнем іду на працу. Калі прылятаю дадому, мяне заўсёды сустракаюць сыны, нявесткі, унукі. Сям’я ў мяне вялікая і дружная. Што яшчэ трэба для шчасця?

— Вы добрая свякроў?

— Калі ў сем’ях маіх дзяцей узнікае нейкае непаразуменне, я заўсёды на баку сваіх нявестак. І ўпэўнена, што гэта правільная пазіцыя.

— А кіраўнік?

— Лічу, што працоўная дысцыпліна пачынаецца з сябе.

У мяне матэматычны склад розуму і мужчынскі склад характару. Ніколі не стану ў калектыве абмяркоўваць падначаленага негатыўна. Калі пра некага і гаворым, то толькі ў наступным плане: «У чалавека бяда — можа, яму трэба нечым дапамагчы».

— Якое пытанне хацелі пачуць ад мяне?

— Так адразу і не скажаш. Давайце дамовімся, што пройдзе нейкі час, і мы зноў сустрэнемся. Напрыклад, пасля Новага года.

Каментары16

Цяпер чытаюць

Завіруха, слізкія дарогі, тралейбусы стаяць, метро перапоўненае. Мінск змагаецца з «Улі»

Усе навіны →
Усе навіны

Старадрукі, якія выкрадаліся з бібліятэкі Варшаўскага ўніверсітэта, вывозіліся ў Маскву праз Мінск3

«Будзеце ездзіць на шынамантаж кожны дзень». Мінчанцы пагражаюць за тое, што паставіла аўто ў суседнім двары4

«Глыток свежага паветра». Праграміст выехаў з Польшчы ў Люксембург — як жывецца ў самай багатай краіне ЕС10

Севярынец: Тая лінія, якую вядзе Бабарыка — гэта не маё. А з Калеснікавай можа вырасці класны беларускі палітык51

Беласток на вушах праз знікненне актывіста Вайцяхоўскага, суседа памерлага шпіёна Усера. А той цішком вярнуўся ў Беларусь36

Беларуска Дар’я Далідовіч выступіць у Кубку свету па біятлоне ў якасці бежанкі1

Наведвальнікі выставы абгрызлі зефірны торт-экспанат. Белдзяржхарчпрам папрасіў так не рабіць8

На пятніцу абвешчаны найвышэйшы ўзровень небяспекі1

Пад Мінскам на дарозе паклалі «берлінскія падушкі»

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Завіруха, слізкія дарогі, тралейбусы стаяць, метро перапоўненае. Мінск змагаецца з «Улі»1

Завіруха, слізкія дарогі, тралейбусы стаяць, метро перапоўненае. Мінск змагаецца з «Улі»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць