Гiсторык i палiтыка
Мне ўяўляецца марным кожны радок, напiсаны не дзеля таго, каб служыць дзейснаму жыцьцю.
Освальд Шпэнглер
I так лiчыў не адзiн Шпэнглер...
Адзiн з маiх калегаў па фаху ўпэўнены, што ягоны выключны абавязак — навука, — i нiякай палiтыкi! Яго не спаткаць нi на мiтынгах апазыцыi, нi на крамольных з пункту гледжаньня ўладаў камэрных зборках. Ён пiша i публiкуе грунтоўныя тэксты, але толькi на далёкiя ад палiтыкi тэмы. Прызнаюся, мне ён часам нагадвае адукаванага страўса, бо падманвае сам сябе...
Ну хiба можа захаваць палiтычную цнатлiвасьць гiсторык? Наiў, а хутчэй фальш. Бо тое, чым ён займаецца, гiсторыя — сама па сабе ўжо становiць пэўную формулу арыентацыi ў сьвеце, крэсьлiць нейкiя iдэалы, а значыць — i пазыцыi. У звычайнай псыхiчна здаровай асобы свая нацыянальная гiсторыя абуджае перадусiм патрыятызм, яе сымбалi сьцьвярджаюць нацыянальную iдэнтычнасьць. Цi ня самы клясычны прыклад ператварэньня гiсторыi ў сiлу прадэманстравалi старажытныя грэкi: калi iх краiне стала пагражаць вялiзная Пэрсiя, яны зьвярнулiся да старых кронiкаў, песьняў Гамэра, у якiх апявалiся перамогi грэкаў над азiятамi, — i iх маленькi народ зноў зьдзiвiў сьвет Маратонам ды Тэрмапiламi!
У новы час ня толькi досьвед блiзкiх нам па долi палякаў i лiтоўцаў, але практычна ўсёй Цэнтральна-Усходняй Эўропы пацьвердзiў, што ўсе паднявольныя народы шукалi сiлы дзеля вызваленьня ў сваiм мiнулым. Гiсторыкi найчасьцей былi i дзеячамi нацыянальна-вызвольнага руху. Яны адважвалiся на стварэньне мiтаў i нават фальшаваньне дакумэнтаў, каб толькi ўмацаваць самаiдэнтычнасьць свайго народу. I чым больш прыгнечаны быў народ, тым больш актыўна яго гiстарыяграфiя iмкнулася абудзiць нацыянальную сьвядомасьць адпаведным трактаваньнем мiнуўшчыны.
Усё гэта — натуральная праява этапу станаўленьня нацыяў i нацыянальных дзяржаваў. У эўрапейскiх народаў у ХIХ ды й ХХ стагодзьдзi гiстарыяграфiя была шчыльна зьвязаная з нацыянальным i палiтычным жыцьцём, яна проста зьяўлялася яго par excellence. Як казаў адзiн францускi вучоны, менавiта гiсторыкi i стварылi сучасныя народы! Яшчэ нядаўна ўласныя палiтычныя перакананьнi выразна выступалi ў навуковых працах многiх эўрапейскiх гiсторыкаў. I толькi ў сучаснай Эўропе гiстарычная навука вызвалiлася ад такой функцыi. Бо ўжо споўнiла сваю мiсiю.
Але нават у стабiльным грамадзтве, што перажыло фазу нацыянальнага разьвiцьця i сталеньня, гiсторыя ў прынцыпе ня можа быць вольнай, незалежнай ад палiтыкi. Гiсторык па фаху мусiць усьведамляць, што вынiкi ягоных досьледаў аўтаматычна трапляюць у палiтыку, выкарыстоўваюцца ў палiтычнай барацьбе тымi сiламi, кан’юнктуру якiх могуць пацьвердзiць. I максымум, што ў ягоных магчымасьцях — захаваньне чысьцiнi «мундзiра», г.зн. аўтаномнасьцi свайго навуковага жыцьця, прынцыпаў прафэсiйнай этыкi.
О, колькi крывi псуе нашаму брату палiтыка! Гiсторык заўсёды пад пiльнай увагай уладаў. Кожная дыктатура мабiлiзуе кагосьцi з рыцараў багiнi Клiа на выпрацоўку iдэалягiчных падмуркаў свайго панаваньня, гiстарычнага апраўданьня сваiх дзеяў, а камусьцi — проста затыкае рот. Ня сёньня, дык заўтра гiсторык абавязкова будзе запатрабаваны палiтычнымi сiламi яго грамадзтва. Самы рафiнаваны прафэсiянал мусiць самавызначацца, у час Х пакiдаць свой цiхi габiнэт, iсьцi на пэўныя кампрамiсы з прафэсiйным сумленьнем... Куды i наколькi? У гiстарычным цэху заўсёды лiчылася, што самы амаральны i згубны для гiсторыка выбар — служба ўладзе, якая пануе. Служба ня толькi ў лiтаральным сэнсе.
Нямецкiя iнтэлектуалы, абцяжараныя комплексам вiны за II сусьветную, урэшце прызналi, што менавiта ўцёкi iх гiсторыкаў ад палiтыкi прывялi да таго, што гiстарыяграфiя без асаблiвага супрацiву стала спачатку служыць нацыянальна-дзяржаўнаму iмпэрыялiзму, а потым — i нацыянал-сацыялiсцкай дыктатуры.
Джордж Оруэл трапна выказваўся: хто кантралюе мiнуўшчыну, таму будзе належаць i будучыня. Таму пра гiсторыю заўсёды добра помняць сiлы, якiя хочуць панаваць трывала. Вобразна кажучы, за кожнай тэрытарыяльна-палiтычнай iнтэрвэнцыяй цi акупацыяй заўсёды наступае iнтэрвэнцыя ў гiсторыю. Так было i ёсьць у Беларусi. I цяперашнiя ўлады, як толькi дамаглiся неабмежаванага панаваньня, узялiся (NB — пры падтрымцы камунiстаў!) ваяваць зь беларускай гiсторыяй, мяняць падручнiкi — вяртаць савецкiя i расейскiя схемы i штампы. Чым жа яны былi небясьпечныя? Тым, што беларуская гiсторыя нават праз такiя недаробленыя кнiгi можа прынамсi дэсаветызаваць i дэрусiфiкаваць асобу. I нацыянальна-дэмакратычны рух слушна ставiць на прапаганду менавiта нацыянальнай гiсторыi, гiстарычнай саматоеснасьцi беларусаў. Праўда, часта гэта робiцца ў надта прымiтыўных формах, але — такi этап. Мiстыфiкацыя мiнулага, яго гераiзацыя, прага апалягетыкi — усё гэта i цяпер характэрнае для папулярнай (ненавуковай) гiстарыяграфii эўрапейскiх народаў, асаблiва малых. Вунь жа лiтоўцы могуць напiсаць, што гэта iх продкi «падрыхтавалi дзiвосную элiнскую культуру», а на Ўкраiне можна часам прачытаць, што ўкраiнцы вядуць свой радавод ад старажытных этрускаў... Гэта выдаткi своеасаблiвага iнстынкту самазахаваньня, спосаб самаабароны ад эгаiзму i эксцэнтрызму суседнiх народаў — мацнейшых, большых.
Да беларускай сытуацыi цяпер найлепш дастасоўваюцца словы кембрыдзкага прафэсара Эльтана: нашае цяперашняе цяжкое, будучыня — няпэўная, i толькi мiнуўшчына ўжо канчаткова нашая, якую можна сузiраць, перажываць... Яна цiсьне на нас. I ня раз яшчэ прарве. Дзе i як — залежыць ад гiсторыка, бо той яе «лепiць».
Адзiн мудрэц казаў, што з гiсторыяй трэба абыходзiцца як з радыеактыўным элемэнтам. Як жа тут можна хаваць галаву ў пясок?
Генадзь Сагановiч
Каментары