№ 03 (124) 1999 г.
НАШЫ ЎЗНАГАРОДЫ
Карпіевіч Дз. Сыстэма ўзнагарод Рэчы Паспалітай. — Менск, 1998. — 69 с. — Наклад 100 ас. ISBN 985-435—088-6
Брашуру маладога гісторыка Дзьмітрыя Карпіевіча варта вылучыць з шэрагу іншых перш за ўсё гаспадарскім падыходам да гістарычнай спадчыны часоў Рэчы Паспалітай, а менавіта да ордэнаў. Раней як было? Беларусы ўважалі за свой ордэн “Віртуці мілітары” (бо на ім “Пагоня”), а ўсе астатнія аддавалі ў гістарычную скарбонку палякаў. Цяпер не аддамо. Дарма што першы рэальны ордэн Рэчы Паспалітай зваўся ордэнам Белага Арла (дзяржаўны герб Польшчы), а другі — ордэнам Сьв.Станіслава (каталіцкі апякун Польшчы). Вядома, нам было б прыемней, каб поруч зь імі існавалі ордэны “Пагоні” і Сьв.Казіміра (каталіцкага апекуна Літвы). Але не атрымалася, хоць у 1770-х існаваў праект стварэньня ордэна Казіміра Паляка, патрона Польшчы (пэўна, меўся на ўвазе Сьв.Казімір), якому адводзілася самая ніжняя прыступка ў гіерархіі ордэнаў. На ордэн Белага Арла маглі б прэтэндаваць і расейцы, бо, згодна з традыцыяй, на найвышэйшы расейскі ордэн Андрэя Найпершпакліканага мог прэтэндаваць толькі кавалер ордэну Белага Арла. Цяпер словы прагучалі — “гэта і нашае, беларускае”.
У дэталях сыстэму ўзнагародаў ужо вывучалі палякі, і плён ад іх працы вялікі. Аўтар брашуры згадвае пад сотню крыніцаў, большасьць зь якіх польскія. Што можа дадаць да іх беларускі навуковец? Колькі сярод кавалераў ордэнаў было мясцовых ураджэнцаў, як яны ставіліся да ўзнагародаў, якое месца займалі ордэны ў іх сыстэме вартасьцяў. Другі накірунак вывучэньня ўзнагародаў — пошук адпаведнай беларускай тэрміналёгіі. Як праца Дз.Карпіевіча адна зь першых, то ў аўтара ўзьніклі цяжкасьці нават зь перакладам назваў ордэнаў і мэдалёў. У першай палове XVII ст. быў праект стварэньня ордэну Бязгрэшнага Зачацьця Дзевы Марыі. Каталік сказаў бы хутчэй – “ордэн Беззаганнага Пачацьця Панны Марыі”. Яшчэ цяжэй даецца пераклад назваў мэдалёў з лаціны. На розных старонках кнігі сустракаем варыянты “Узнагароджваючы заахвочвае” і “Узнагароджвая заахвочвае” (мэдаль “Praemiando incitat”). Пэўна, міжвольны русізм, якіх у брашуры вельмі многа (звыклая ў апошні час эканомія на рэдактары). Вось ужо на адной старонцы сустракаем два варыянты перакладу назвы мэдаля “Equiti dextero” — “Дасканаламу ездаку” і “Дасканальнаму ездаку” (таму, хто езьдзіць да скону?). “Diligentiae” — гэта, канешне, “Рупліваму”, “Merentibus” — “Заслужаным”, “Bene merentibus” — “Добра заслужаным”, “Solerti” — “Умеламу”, але “Virtiti civili” — гэта не “За грамадзянскія заслугі”, а “За цывільныя заслугі”, “Virtuti militari” — як як усе ведаюць, “За ваенныя заслугі”. Ёсьць і літаральныя пераклады назваў апошніх узнагародаў — “Цывільнай годнасьці” і “Вайсковай мужнасьці” (існуюць варыянты). Трэба больш увагі надаваць прозьвішчам, каб замест вядомага падарожніка па Азіі Карстэна Нібура ня выскачыў “дацкі паручнік Небурх”. Моўная памылка ёсьць нават у анатацыі да выданьня (“дасьледваньне” замест “дасьледаваньне”).
Увогуле, брашура пакідае ўражаньне, што напісаная яна аўтарам перш за ўсё для сябе, каб уразумець назапашаны матэрыял. Таму трэба чакаць новых выданьняў на гэтую тэму, дзе, будзем спадзявацца, аўтар разьбярэцца з лацінай, падасьць усе мэдалі Рэчы Паспалітай (бо пакуль прыведзена толькі іх частка) і, нарэшце, асьветліць сыстэму ўзнагародаў Рэчы Паспалітай цалкам, бо мэталічныя знакі — гэта далёка ня ўсе ўзнагароды (былі яшчэ каштоўныя падарункі, званьні, землі, нарэшце, грошы).
Валеры Пазьнякоў
Цяпер чытаюць
«Калі Расія нападзе на NATO, Калінінград будзе знішчаны ў першыя ж гадзіны. Але могуць прайсці два тыдні, перш чым дадатковыя сілы прыбудуць у Літву» — генерал Бэн Ходжэс

Каментары