Архіў

Сяргей Балахонаў. Гомельскі дзёньнік

№ 05 (126) 1999 г.


Гомельскі дзёньнік

 

Тым днём я, як добрасумленны студыёз, крыпацеў над бясконцымі альбумамі эўрапейскага жывапісу, а мае alter eg-і бунтавалі кроў і, што называецца, ад’ядалі душу. За вакном усчалася сьнежная кудаса, нібыта старажытная Сарматыя вянулася ў наш край. Колькі разоў бліснула белая маланка, падкрэсьліваючы неардынарнасьць сытуацыі. Тым днём я дазнаўся, што над родным Гомлем кружлялі НЛА. Як казалі людзі, НЛА бачылі над Сяльмашам, Прудком і 17-м мікрараёнам. Нехта бажыўся, што «талеркі» праляталі ў яго над саменькім дахам, мала не пазрываўшы шыфэр. Яшчэ нехта наагул ледзьве не ў кантакт зь іншаплянэтнікамі ўваходзіў. Некаторыя ж людзі палічылі гэтую нябесную праяву за знак перад новым выбухам на Чарнобылі. Я ж сам так нічога й не пабачыў, а пішу з пагалосак.

***

Стоячы ў чарзе да вакна № 6 пашпартнага стала, я пачуў наперадзе небеларускую вымову. Перада мной стаяла сярэдняга веку пара — мужчына і жанчына. Ён, зьехаўшы ў 80-х гадох у Расею і праслужыўшы тамака 12 гадоў на флёце, па вяртаньні ў Беларусь займеў пэўныя праблемы з атрыманьнем грамадзянства. З гэтае нагоды ён абураецца і лаецца сваім картаватым, але «чекающим» голасам. Расчараваньне. Ён жа лічыў, абпіўшыся прапагандысцкім кісялём, што ППРБ навёў у Беларусі капітальны «вельмі жалезны» парадак, што ніякіх завадаў з грамадзянства ў «союзной» дзяржаве паўстаць проста ня можа. Першая ж цяжкасьць дала яму дзярнова-падзолістую глебу для расейскага мату.

***

Даўна не даводзілася спазіраць новых палітычных графіці, пагатоў амаль у цэнтры гораду. Але вось нехта хупавы расстараўся. Праўда, хто? Можна яшчэ зразумець надпіс «Лукавого под суд» на плоце слодычавай фабрыкі «Спартак». А вось выбрык «Лукавый — жид» на адным з дамоў на вуліцы Савецкай кідае ў цянёты непрыемных асацыяцыяў. На што разьлічваў аўтар? Няхай глумацкі каўпак юдафобіі носіць той расейскі генэрал Макашоў, а не беларускае падпольле. Зрэшты й надпісы маглі б быць больш канкрэтнымі і без мэтафар кшталту «лукавого».

«Я — беларус», — быў вывеў нехта нітрафарбай гады два таму на той самай вуліцы. Ці за два гады мы зьмяніліся?

***

Провады зімы. Кожнае агульнагарадзкое сьвята ператвараецца мала не ў вакханалію. «Нудна ў горадзе. Не цікава, а млосна. Адна п’янота навокал», — скардзілася знаёмая дзевяціклясьніца, хаця й сама была пад малюсенькай чарачкай. На плошчах для «масавых гуляньняў» зьбіраецца столькі народу... Сэнс старажытнага сьвята прафануецца. Дзея нагадвае вялізную карчму-манапольку. «Тут п’юць і гуляюць, і паляць цыгаркі», — гаварыў пра карчму Ўл.Сыракомля. Карчма ж у мінулым стагодзьдзі служыла расейскаму ўраду сродкам занядбаньня духовасьці беларусаў. Праз палітыку спойваньня імпэрскія ўлады адвучалі нашых продкаў думаць аб сэнсе зямнога быцьця, аб якіх-хаця памкненьнях да свабоды. Вось жа, канец ХХ ст., а радасьцяй для многіх беларусаў стаецца калектыўнае спажываньне водачкі і бліноў на цэнтральных вуліцах з санкцыі ўладаў. Я не магу зразумець сваіх суайчыньнікаў, якія дзень выяжджалі з сваіх «спальных мікрараёнаў» у цэнтар адно дзеля таго, каб пакаштаваць той гарэлкі і тых яўна ня хатніх бліноў. Што гэта за сіла іх цягне зьбірацца, салідарызавацца? Але сьвята мінае, застаецца сьмецьце, балесныя галовы і жаданьне схавацца ад згадак пра ўчора. А ў панядзелак беларусам ужо не да салідарнасьці.

***

Дні Мовы прамінаюць па-рознаму. Нешта атрымліваецца, нешта не атрымліваецца. За тое, што не атрымліваецца, бяру рэванш у звычайныя дні. Сапраўды, вельмі многа залежыць ад нутранога настрою. Іншы раз наагул ні з кім ня хочацца размаўляць. Ні па-беларуску, ні па-расейску, ні па-нямецку. Проста хочацца маўчаць. Іншым разам ахінае такі гарэзьлівы настрой, што шчабечаш толькі па-беларуску. Ня стану хаваць, што хацеў бы размаўляць па-беларуску заўжды, але чамусьці ніяк гэта зрабіць не магу. Адна мая сяброўка, ня вельмі блізкая да беларушчыны, нават ушчувала мяне з гэтай нагоды. Калі б жа ўсе гэтак ушчувалі!

Сяргей Балахонаў, 4.3.1999


Каментары

Цяпер чытаюць

Затрымалі кіраўніцтва Цэптар Банка2

Затрымалі кіраўніцтва Цэптар Банка

Усе навіны →
Усе навіны

Заснавальніка папулярнага гродзенскага сайта S13 асудзілі на 3,5 гады калоніі3

Ці абавязкова, каб на цырымоніі рэгістрацыі шлюбу прысутнічалі сведкі?

Ва Украіне заявілі, што знішчылі адзін расійскі «Арэшнік» проста на палігоне3

А дзе Пратасевіч? Ён прапаў. Яго не відаць ужо два з паловай месяцы10

Лукашэнка: Раман Пратасевіч — даўні супрацоўнік беларускай разведкі60

Павук лічыць, што пасля скандалу дзейнічаў правільна32

Надзвычайнае здарэнне на «Беларуськаліі»: чатыры чалавекі з апёкамі ў бальніцы1

Азаронак назваў кіраўніцу амбасады Нямеччыны шлюхай26

МЗС: Не прэм'еру Польшчы ці Літвы вырашаць, калі адкрыць мяжу16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Затрымалі кіраўніцтва Цэптар Банка2

Затрымалі кіраўніцтва Цэптар Банка

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць