Грамадства22

«Палякі сталі заўважаць наш зефір». Стваральнік крамы з беларускім каларытам расказаў, як культывуе беларускасць у Познані

Чаму настаўнік беларускай мовы будаваў метро ў Ізраілі, як 10 рублёў закрылі яму дарогу ў Беларусь, пра Зянона Пазняка ды нацыянальныя прысмакі «Салідарнасці» расказаў стваральнік крамы з беларускім каларытам Анатоль Глембоцкі, які займаецца годнай справай разам з жонкай Маргарытай.

Фота ад суразмоўцы «Салідарнасці»

— Я марыў зрабіць нешта кшталту прыгажосці symbal.by, калі знаходзіўся ў Ізраілі, у сваёй першай працоўнай эміграцыі (з 2019 па 2021 год). Хацеў зарабіць грошай ды пасмакаваць жыццё, калі скончылася маё студэнцтва.

У Ізраілі тужыў па Беларусі ды прыдумляў, чым займуся, калі зараблю грошай і вярнуся. Думаў да таго часу, пакуль не стала ясна, што гэта ўжо немагчыма зрабіць на Радзіме. Бо вярнуўся з Ізраіля зусім у іншую Беларусь, не ў тую, з якой з’язджаў.

Увесь час былі страх ды вельмі напружаны стан. У метро ўсе ў тэлефонах, і нібыта нешта там хаваюць. Я з гэтым пражыў год. Кожны дзень баяўся, што да цябе прыйдуць. Бо я ж не маўчаў і ў Ізраілі, хадзіў на беларускія мітынгі ды маршы па Тэль-Авіве, Іерусаліме.

«Кажу: «забыўся пароль, але гатовы зрабіць тое, што вы хочаце. І нават ведаю што»

У другой палове 2021‑га мы з будучай жонкай вырашылі пераехаць у Польшчу, пажыць у новай краіне, расслабіцца, перачакаць цёмныя часы. Хоць на той момант здавалася, што нам нічога канкрэтна ў Беларусі не пагражала: сляды палітычнай дзейнасці пацёртыя і прыхаваныя.

Першы год эміграцыі я перыядычна ездзіў на Радзіму, на пару дзён. З перасцярогай, тэлефон увогуле браў чысты. Бо было разуменне, што паміж маімі візітамі ў Беларусь могуць нешта адкапаць і на мяне.

І гэта, нарэшце, здарылася. На трэці прыезд памежнік забраў мой пашпарт і папрасіў пачакаць убаку, пакуль людзі ў цывільным не забяруць мяне да сябе на размову. Маўляў, я ўсплыў у базе, і «на цябе ёсць нейкі данат у фэйсбуку».

За хвіліны да размовы я паспеў перабраць усе варыянты маёй «віны», а пра данат увогуле забыўся, настолькі ён быў для мяне дробны і нязначны ў параўнанні з усім астатнім.

Сказалі, што ў Польшчу мяне ўжо не выпусцяць, пакуль я сам не з’езджу ў мясцовы КДБ і не «разбяруся са сваёй праблемай».

Я паехаў, следчы зладзіў мне канкрэтны допыт, запатрабаваў адкрыць фэйсбук і паказаць той данат. Кажу: «забыўся пароль, але гатовы зрабіць тое, што вы хочаце, і нават ведаю што». Бо шмат каго ў Беларусі цягалі за данаты ў КДБ, каб людзі заплацілі ў 10 ці нават у 100 разоў больш.

Я гатовы быў заплаціць гэту цану за тое, каб можна было ездзіць у Беларусь. Калі можна адкупіцца — ну і хай сабе…

Следчы сказаў, што я павінен зрабіць ахвяру ў дзіцячы хоспіс: «І мы табе прабачым — даю сваю гарантыю! Але прыходзь праз тыдзень — узгадай пароль і пакажы той данат. Інакш сядзеш». І пачаў мне пагражаць.

За тыдзень я пагаварыў з сябрамі, звязаўся с Байсолам. Мне патлумачылі, што так лёгка следчыя не адчэпяцца. І я з’ехаў у Польшчу бяспечным шляхам з дапамогай Байсола. За дзень да запланаванага другога візіту ў КДБ.

Следчыя яшчэ пару разоў пазванілі: маўляў, як ты так з’ехаў, нягоднік! Табе ж проста трэба было адкупіцца.

Мне ўвогуле смешная была рэакцыя следчага на мой данат, капеечныя 10 рублёў. Той узрушыўся: «Што?! 10 рублёў — гэта мала?! Ды яны на гэтыя 10 рублёў набылі бутэльку і зрабілі кактэйль Молатава. Ты гэта разумееш?» Ну так, разумею, вядома (усміхаецца).

«Ручныя вырабы так і каштуюць, але ж няёмка браць вельмі вялікія грошы з нашых людзей»

— Спачатку жылі ў Беластоку, потым з’ехалі ў Познань. Бо цэны на кватэру мінімум адсоткаў на 20 ніжэй, чым у Варшаве. І Познань — даволі жывы горад, ды тут апынулася буйная суполка беларусаў.

Тут ёсць Познаньскі спеўны сход, хор беларусаў, дзе мы спяваем беларускія, часам польскія і ўкраінскія песні. Нават запісалі альбом. Ездзілі ў гэтым годзе спяваць на «Тутаку».

Ёсць тэатральныя майстэрні, дзе для розных узроставых груп праводзяць заняткі прафесійныя рэжысёркі і акторкі з Беларусі, якія аказаліся ў эміграцыі.

Свой пакойчык і ў Моладзевага блоку, бо шмат маладзёнаў сюды пераехалі, вучацца ва Універсітэце імя Адама Міцкевіча на кірунку беларускай філалогіі, у прыватнасці. Кожны тыдзень ладзяцца традыцыйныя «Танцы ў Пазнаньцы», куды ўжо на рэгулярнай аснове ходзяць не толькі беларусы, але і палякі. 

— Дапамагае ваш інстаграм аплачваць кватэру, ці гэта не асноўная ваша праца?

— Гэта хобі, бо ў першую чаргу яно для душы і пра нашу любоў да Беларусі і беларускасці. Таму спрабуем увесь час прыдумляць нешта новае: спачатку цішоткі, торбы, кофты, потым з’явілася ўменне і жаданне рабіць зефір «Пазнаньскія пацалункі» ды шакаладную каўбасу, як у дзяцінстве.

Шмат купляюць нашых скарбаў беларусы Познані, бо добра нас тут ведаюць. І нам няёмка браць у іх грошы, хоць ты задарма аддавай. Бо гэта ж нашы людзі. Быццам нам сорамна з гэтага зарабляць. Таму для нас гэта гуманітарная праца — мы павінны гэта рабіць, каб пашыраць беларускае.

Напрыклад, мая жонка вышывала малюнкі на кофце. На адну кофту сыходзіў цэлы тыдзень працы, якая, мы ў працэсе зразумелі, не акупіцца, бо калі памножыць гадзіны працы на грошы, атрымаецца вельмі многа. Разумею, што ручныя вырабы таго і каштуюць, але ж вяртаемся да таго, што нам няёмка і нават сорамна браць вялікія грошы з нашых людзей. Бо вельмі шмат грошай у беларусаў сыходзіць на звычайнае жыццё ў эміграцыі.

«Сніш што ты у бацькоўскай хаце, а маці наразае бабку, мяса скварчыць на патэльні»

— Самы складаны перыяд быў у першай працоўнай эміграцыі ў Ізраілі, куды мы з прыяцелем паляцелі. Там я сам перад сабой паставіў мэту — адпрацаваць мінімум 2 гады, зарабіць пэўную суму грошай і вярнуцца з імі ў Беларусь. Мы працавалі на розных заводах, напрыклад, курыным і рыбным.

Пэўны час на тэрыторыі палесцінскай аўтаноміі рыхтавалі арматуру для будоўлі. Каля года давялося быць датычным да будаўніцтва першага ў Ізраілі метро.

За любую працу атрымлівалася зарабіць прыемную суму грошай, большая частка якой адкладалася. А каб назапасіць як мага больш, цягам усяго ізраільскага перыяду быў уключаны рэжым максімальнай эканоміі, у тым ліку на ежу, адзенне, забавы. Хаця, калі працуеш 6 ці 7 дзён на тыдзень, ані сіл, ані часу на забавы не застаецца.

Але нават вялікія грошы ўсё адно не кампенсавалі пякучы боль адарванасці ад Беларусі. Хоць гэта была не вымушаная эміграцыя, і я мог у любы час вярнуцца, усё ж псіхалагічна трымаў мэту заробку, каб было што прывезці дадому.

У той працяглы перыяд часта сніліся сны з Беларусі: сяджу ў хаце, маці наразае бабку, мяса скварчыць на патэльні. Будзільнік рушыць маю ідылію: трэба ісці на працу. І з аднаго боку балюча, а з іншага, сон настолькі падаецца рэалістычным, быццам сапраўды там пабываў, і робіцца трохі лягчэй.

Зараз я часта чую, што падобнае сняць цяпер беларусы ў Польшчы. Але я гэтых сноў ужо не бачу.

— Мо параўноўвалі суполкі беларусаў Ізраіля і Польшчы?

— Атмасфера розная, бо ў Ізраілі я бачыў яе ў самы пік. І там галоўным чынам беларусы-рэпатрыянты, якія пераехалі па каранях. Маюць ізраільскі пашпарт, але памятаюць і любяць Беларусь. А ў Польшчы беларусы, якія вымушана з’ехалі з Радзімы і прагнуць вярнуцца.

У Ізраілі іншае прыўкраснае жыццё: вялікія заробкі і высокі ўзровень жыцця, круглы год сонца. І нават вайна, якая ў той час абвастрылася з Палесцінай — яе немагчыма параўнаць па ўзроўні напружанасці і страху з тым, што адбываецца ў Беларусі.

Я ўсё адно адчуваў сябе там больш бяспечна, меў большы давер да ізраільскай паветранай абароны. І наадварот: адчуванне недаверу і небяспекі ад «праваахоўных» органаў па вяртанні ў Беларусь.

«Кітайцы навучылі нас «сюсі-сюсі» — гэта значыць адпачні»

— Будавалі метро ў Ізраілі кітайцы, а ім у дапамогу набіралі на месцы рознарабочых мігрантаў: расейцаў, украінцаў, беларусаў, грузінаў і іншых. Наземнае і падземнае метро ідзе праз некалькі гарадоў, бо Ізраіль вельмі маленькі, крыху меншы за Гродзенскую вобласць.

Працавалі і пад сонцам у 40 градусаў (а трэба рэйкі перакладаць, бетон заліваць, плітку класці), ці ў тунэлі, дзе прахалодна, але ж інтэрнэт не цягне, і нельга паглядзець навіны. Работа простая: прынясі — падай. І ніхто там не стараецца рабіць гэта хутка, нават кітайцы. Усе працуюць на тое, каб праца даўжэй цягнулася, і больш зарабіць. 

Калі беларусам кажуць працаваць без зупынку — то мы і працуем, не жалімся. Калі грузінам сказаць і не даць перакурыць кожныя паўгадзіны — то яны выкажуць сваю абуранасць, махаючы рукамі. Ды яшчэ нас папросяць перакласці гэта абурэнне на ангельскую, каб іх зразумелі.

Кітайцы вельмі спакойныя і любяць адпачыць. Яны і нас навучылі гэтаму слову «сюсі-сюсі» — гэта значыць адпачні. Маўляў, мы адпачнем, ды і вы не грыміце. Паўгадзіны сядзяць кураць, потым «давай усё ж папрацуем».

Праз гадзіну-дзве абед ды абавязковы рытуал: кітайцы проста кладуцца ў шахце метро і гадзіну-паўтары спяць. Працаваць па-сапраўднаму яны пачынаюць, калі прыходзіць вялікі бос. Пазіцыя кітайцаў вельмі простая: «Працуй, пакуль бачаць».

Таму, магчыма, кітайцы і зробяць танна, але вельмі доўга. І атрымаецца, што ўсё роўна дорага.

«Я размаўляю на беларускай усё жыццё, нават інакш — я на ёй жыву»

— Я не жалюся ні на польскую медыцыну, ні на бюракратыю, ні на працу, ні на цэны. Мы людзі простыя, з жонкай працуем, плацім за кватэру і яшчэ застаецца.

Не баюся працаваць фізічна, уладкаваўся на завод. Я настаўнік беларускай мовы па адукацыі, можа, з часам і тут знойдзецца для мяне нешта гуманітарнае.

— А як атрымалася, што настаўнік беларускай мовы будаваў метро ў Ізраілі?

— Я свядома пайшоў вучыцца ў Педуніверсітэт імя Максіма Танка, на платнай аснове. Таму не давялося адпрацоўваць два гады.

Трошкі папрацаваў у школе падчас студэнцтва, і мне спадабалася. Але ж падабалася не сістэма, хутчэй — быць вольным настаўнікам. І мне давалі пэўную волю, бо быў яшчэ студэнтам, і не трэба было запаўняць розныя паперкі.

Пасля ўніверсітэта зразумеў, што мне не хопіць заробку, каб здымаць кватэру ў Мінску. Таму працаваў фізічна, пакуль не з’явілася ідэя махнуць у Ізраіль. Для мяне стала нормай працаваць рукамі, а не галавой.

У Познані ёсць школка выхаднога дня, і я нават час ад часу праводжу ўрокі, калі трэба кагосьці замяніць. Але ўжо не адчуваю таго імпэту.

Я і вучыўся таму, што гарэў менавіта беларускай мовай ды літаратурай, як творчасцю. А зараз не люблю, калі звяртаюць увагу, што я размаўляю па-беларуску. Хачу каб было, як ва ўкраінцаў: размаўляюць па-ўкраінску і на гэта не звяртаюць увагу. Бо гэта нармальна.

Я размаўляю на беларускай усё жыццё, нават інакш — я на ёй жыву. У Познані з цягам часу заўважыў, што амаль усе, хто мяне атачае — размаўляюць па-беларуску. І гэта натуральна.

«Нам падабаецца ўзгадваць Зянона Пазняка, бо быццам мы тут беларускія пазнюкі»

— Мы далучыліся да суполкі беларусаў Познані. Амаль кожны дзень у нас мерапрыемствы: песні, танцы, літаратурныя імпрэзы.

А калі нехта кудысьці едзе, ці патрэбен падарунак — у нас замаўляюць «Пазнаньскія пацалункі». І гэтая еднасць беларусаў вельмі натхняе, дадае стымул працаваць далей. Хочам зрабіць з нашага інстаграма сапраўдны брэнд.

Палякі сталі заўважаць наш зефір, бо для іх гэта нешта незразумелае, нават няма слова-адпаведніка ў польскай мове. А мы з задавальненнем ім тлумачым, бо цяжка есці тое, што невядомае. І тады яны замаўляюць сябрам: «Напішы на этыкетцы па-польску назву, але дадай, што гэта беларускі дэсерт».

Прыемна, што нас заўважылі, ведаюць, што мы беларусы, і што мы робім такія прысмакі. Але ж галоўнае, каб беларусы не страцілі цікавасць да беларускага.

— На відэа, прэзентуючы «Пазнаньскія пацалункі», вы згадалі назву вашага зефіра разам з прозвішчам Зянона Пазняка…

— Гэта ў нас часты жарт, бо сапраўды цяжка сказаць, як мы, беларусы ў Познані, называемся: пазнюкі, пазнякі, пазнанякі… Можна насамрэч спытацца ў дасведчанага чалавека ці адкрыць слоўнік, але нам падабаецца ўзгадваць Зянона Пазняка, бо быццам мы тут беларускія пазнюкі.

Паважаю Пазняка за тое, што ў пачатку 90‑х ён рабіў годную справу і даносіў да нас беларускасць. Цяпер разумею, што гады часам бяруць сваё. Але нашы ўзгадкі пра Зянона Станіслававіча — яны пра знакамітую і вельмі важную постаць.

Колькі ён у свой час усяго зрабіў! Каб не ён, можа б мы і не былі сёння беларусамі. Бо беларусы, калі разваліўся Саюз, быццам не мелі аніякай ідэалогіі. А дзякуючы такім людзям мы зразумелі, хто мы і да чаго імкнемся.

Каментары2

  • Ньюёркер
    01.11.2025
    Малайцы, браты Беларусы! Набыў бы вашыя прысмакі , нажаль далёка. Адкрывайце краму ежы і прадавайце ўсё для Беларусаў, Украінцаў, Палякаў…шмат гатовых тавараў можна набыць з Украіны Малдовы, Казахстана.
  • Мацей Бурачок
    02.11.2025
    Здаецца працаваў з гэтым хлопцам разам на адным заводзе ў Беластоку)

Цяпер чытаюць

«Ад маскалёў і для маскалёў. А вы думалі, што для беларусаў зробяць?» У цэнтры Мінска адкрылася «Дранічная №1»25

«Ад маскалёў і для маскалёў. А вы думалі, што для беларусаў зробяць?» У цэнтры Мінска адкрылася «Дранічная №1»

Усе навіны →
Усе навіны

У 10‑мільённым Тэгеране дэфіцыт вады. Жыхароў папярэдзілі пра магчымую эвакуацыю7

Супраць былога камандзіра спецназа Уладзіміра Барадача завялі крымінальную справу12

Польшча распачала крымінальную справу за спробу вярбоўкі беларускімі спецслужбамі супрацоўнікаў НАУ

Нарвегія можа стаць гарантам еўрапейскага крэдыту Украіне, вылучыўшы на гэта частку свайго Суверэннага фонду5

«Найгоршая парада 2020-х: «Не вучыцеся праграмаваць»30

У Бярэзінскім раёне другі дзень шукаюць хлопчыка з Мінска. Ён мае праблемы са здароўем1

У МЗС распавялі пра стан беларускі, пацярпелай у ДТЗ у Тайландзе

У Мазыры ў псіханаркадыспансеры адкрылі пляцоўку для падлеткаў: з упіскай і турмою

Паветраны шар кантрабандыстаў учора заляцеў у асабліва небяспечную зону Віленскага аэрапорта23

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Ад маскалёў і для маскалёў. А вы думалі, што для беларусаў зробяць?» У цэнтры Мінска адкрылася «Дранічная №1»25

«Ад маскалёў і для маскалёў. А вы думалі, што для беларусаў зробяць?» У цэнтры Мінска адкрылася «Дранічная №1»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць