Архіў

Полацак пад маскоўскім панаваньнем

№ 13 (134) 1999 г.


Андрэй ЯНУШКЕВІЧ

Полацак пад маскоўскім панаваньнем

 

15 лютага 1563 году пасьля двухтыднёвай аблогі маскоўскае войска на чале з царом Іванам Жахлівым захапіла старажытны Полацак. На доўгіх шаснаццаць гадоў у Полацкім краі ўсталявалася маскоўская ўлада. Расейскія і савецкія гісторыкі пераконвалі, што маскоўскія ратнікі «вызвалілі горад ад польска-літоўскіх фэадалаў», што яны былі спатканыя прыязным насельніцтвам Полацку, якое толькі і думала пра скарэйшае ўзьяднаньне з усходнім суседам. А як было на самай справе? Пра што сьведчаць дакумэнты?

Ад тых часоў захаваўся адзін вельмі важны дакумэнт – «наказная память» новаму полацкаму ваяводу, якая вызначала асноўныя прынцыпы і мэтады кіраваньня горадам, пералічвала ўсе абавязковыя мерапрыемствы, што мусіла неадкладна правесьці новая ўлада ў горадзе і Полацкім краі.

Маскоўскую ўладу перадусім хвалявала ўзнаўленьне абарончых умацаваньняў і полацкіх замкаў, адбудова пагарэлага гораду. Даволі хутка сьцены былі ўзьнятыя з руінаў, горад жыў, але ўжо іншым жыцьцём. У Полацку ўсталявалі жорсткі прапусковы рэжым для мясцовага люду: «а литовских людей в город, приезжих и тутошних, детей боярских, и землян, и черных людей однолично не пущати». У замку з тутэйшых маглі жыць толькі праваслаўныя сьвятары са сваімі сем’ямі. Уваход ліцьвіноў у фартэцыю дазваляўся на царкоўныя сьвяты, але з надзвычайнымі мерамі бясьпекі з боку маскоўцаў: «а береженье тогды учинити великое в городе», загадвалася мясцовай адміністрацыі. Мяшчанам і шляхціцам, якія жылі ў пасадзкай частцы гораду, катэгарычна забаранялася мець зброю. За жыхарамі ўсталёўваўся сапраўдны паліцыйны нагляд: «и береженье им над теми людми держати великое, и велети смотрети и примечати, не будет ли в них какие шатости и ссылок с литовскими людми». Калі «шатость» выяўлялася, падазроных трэ было адсылаць у Пскоў, Ноўгарад, Вялікія Лукі ці Таропец.

Клапацілася новая ўлада і пра тое, каб схіляць мясцовы люд да ляяльнасьці, асабліва ня рушыць звычаяў. Яна не зьмяніла мытных збораў і памераў падаткаў. Інструкцыя вымагала, каб мясцовае кіраваньне ажыцьцяўлялася з улікам даўняга ладу занятай зямлі: «да с их обычея сперва и судити и управы им в городе давати».

Зусім не давяраючы палачанам, маскоўцы выразна адрозьнівалі сваё прававое становішча ад правоў і абавязкаў мясцовых жыхароў. Новаўсталяваны рэжым бачыў у іх сталую пагрозу для сябе. Царскія ратнікі ў сваёй дзейнасьці былі зусім не падобныя да вызвольнікаў. Жыхарам сёлаў і мястэчак Полаччыны рассылаліся граматы маскоўскага ваяводы Пятра Шуйскага з патрабаваньнем, «чтоб они шли к Полоцку, и правду дали, и государю служыли». Аднак ахвочых прысягаць цару было няшмат. У хуткім часе маскоўцы ажыцьцявілі шэраг карных акцыяў, бо, як потым тлумачылі, «люди Полотцкого повету воеводам непослушны были и воеводы по их вине их казнили».

Вайна і дзеяньні акупантаў прывялі да поўнага гаспадарчага заняпаду зямлі і дэмаграфічнай крызы. У інвэнтары сёлаў Полацкай архіяпіскапіі за 1588 год спрэс спатыкаюцца запісы тыпу «все в пусте» або «вси проч розышлисе». Яшчэ і на пачатку ХVIІ ст. у некаторых вёсках колькасьць жыхароў не дасягнула і паловы таго, што было перад вайной Івана Жахлівага.

Сумныя вынікі ўладараньня маскоўцаў сьведчаць самі за сябе, чым насамрэч была іх улада для Полаччыны, вызваленьнем ці акупацыяй.


Каментары

Цяпер чытаюць

Чэргаў на мяжы цяпер не будзе? Чаго чакаць ад адкрыцця «Брузгоў» і «Бераставіцы»9

Чэргаў на мяжы цяпер не будзе? Чаго чакаць ад адкрыцця «Брузгоў» і «Бераставіцы»

Усе навіны →
Усе навіны

«Нью Глен» адправіўся да Марса. Blue Origin Джэфа Безаса паспяхова запусціла ракету са спадарожнікамі НАСА

У Швецыі рэзка ўзрасла колькасць сэксуальна залежных людзей. Усё пачалося з публікацыі кнігі3

Польшча адкрывае два пераходы на мяжы з Беларуссю, але пакуль з вялікімі абмежаваннямі37

«Месца раней не правяралася». Раён, дзе знайшлі загінулага Максіма Зяньковіча, першапачаткова праігнаравалі13

Украіна ўпершыню афіцыйна ўжыла ракеты «Фламінга»13

У Віцебску хочуць прадаць праз аўкцыён частку чыгуначнага вакзала2

Дзяўчына з Эквадора здзівілася «беларускім тэхналогіям» пры сушэнні посуду8

У расійскай Дзярждуме высветлілі, што Чабурашка быў яўрэем17

«Лукашэнка-стайл». Генпракурор Польшчы выйшаў публічна пасячы дровы і даў нагоду для кпінаў9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чэргаў на мяжы цяпер не будзе? Чаго чакаць ад адкрыцця «Брузгоў» і «Бераставіцы»9

Чэргаў на мяжы цяпер не будзе? Чаго чакаць ад адкрыцця «Брузгоў» і «Бераставіцы»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць