Архіў

Алесь Аркуш. Беларусь без камуністаў

№ 47 (204), 20 — 27 лістапада 2000 г.


 Беларусь без камуністаў

 

У сродках масавай інфармацыі Беларусі амаль нічога цяпер не гаворыцца пра камуністычны рух у краіне. І пры гэтым Беларусь скрозь называюць “чырвонай”. Парадокс. А справа ў тым, што за апошняе пяцігодзьдзе адбылося неверагоднае: Лукашэнка, яскравы прадукт камуністычна-ідэалягічнага замбаваньня, які актыўна выкарыстоўвае ў сваёй палітыцы лёзунгі камуністычна-сацыяльнага папулізму (дастаткова згадаць ягонае параўнаньне сябе з Машэравым), гэты самы Лукашэнка практычна зьнішчыў у Беларусі камуністычны рух як арганізаваную палітычную сілу. Абедзьве кампартыі (і калякінская, і чыкінская) сёньня — маргінальныя структуры, ужо няздатныя наладзіць нават юбілейны мітынг, ня кажучы ўжо пра якуюсь дэманстрацыю пратэсту. Лукашэнка бачыў у камуністах канкурэнтаў і зрабіў усё, каб змагары за ўяўную сацыяльную роўнасьць і справядлівасьць ператварыліся ў кухонных палітыкаў.

Цікавая трансфармацыя адбылася з камуністамі на Полаччыне. Па-першае, тут так і не паўсталі структуры чыкінскай кішэннай партыі, якая абвясьціла, што ўва ўсім падтрымлівае Лукашэнку. Па-другое, сярод усіх, хто балятаваўся на сёлетніх парлямэнцкіх выбарах, толькі камуністы ў сваіх перадвыбарчых праграмах адкрыта крытыкавалі Лукашэнку і хоць крыху згадвалі пра нацыянальную культуру і беларускую мову. А дзякуючы камуністу Івану Буракову, які быў намесьнікам старшыні камісіі выбарчага ўчастка №9, разгарэўся скандал з прычыны нахабнай фальсыфікацыі выбараў у Наваполацку. Падчас падліку галасоў Буракоў заявіў, што ня хоча быць адказным за відавочнае парушэньне заканадаўства, і дэманстратыўна пакінуў выбарчы ўчастак. Такі мужны ўчынак у гісторыі горада адбыўся ўпершыню. Да таго ж Буракоў — не які-небудзь пэнсіянэр або прадстаўнік наваполацкага пралетарыяту, ён — выкладчык гісторыі Полацкага ўнівэрсытэту, былы дырэктар наваполацкай СШ №11, і яму было што губляць, акрамя сваіх ланцугоў. Яшчэ цікавей было зь лідэрам наваполацкіх камуністаў Вячаславам Крышталёвым. Сёлета ён стаў актыўным чальцом праваабарончай арганізацыі “Гельсынскі камітэт”. Праўда, неўзабаве ён выйшаў з БГК, але толькі дзеля таго, каб стаць у шэраг заснавальнікаў новай праваабарончай арганізацыі — “Гельсынкі-XXI”.

Некалі, напрыканцы 80-х гадоў, выказвалася ідэя стварэньня нацыянальнай кампартыі. Нават называлася імя лідэра — паэта Ніла Гілевіча. Нацыянал-камуністы вельмі лёгка перайшлі б на рэйкі сацыял-дэмакратыі. Пры слабой нацыянальнай ідэнтычнасьці, кволай інтэлігенцыі і поўнай адсутнасьці ў Беларусі нацыянальнай палітычнай і бізнэсовай эліты цяжка было чакаць станоўчых вынікаў ад дзейнасьці правых нацыянал-дэмакратаў. Што і атрымалася ў жыцьці. Беларусы паверылі ў Лукашэнку. Гэты палітык быў ім больш зразумелы й блізкі. А Лукашэнка, які не належыць ні да нацыянал-камуністаў, ні да нацыянал-дэмакратаў, так і ня здолеў стварыць паўнавартасную краіну.

Вельмі проста зьвінаваціць народ у тупасьці. Значна больш складана ўвасьці ў давер да людзей, адчуць іх патрэбы й жаданьні. Не народ існуе дзеля палітыкі, а палітыкі існуюць дзеля народу.

Алесь Аркуш


Каментары

Цяпер чытаюць

Ці спыніліся звальненні па палітычных матывах? Вось што расказалі ў некалькіх дзяржаўных арганізацыях3

Ці спыніліся звальненні па палітычных матывах? Вось што расказалі ў некалькіх дзяржаўных арганізацыях

Усе навіны →
Усе навіны

У Варшаве прайшоў Марш Свабоды ФОТЫ14

Мілінкевіч: Калі ў 2020 годзе ў беларусаў яшчэ быў геапалітычны выбар, то цяпер яго няма5

У Мінску з'явіцца спарткомплекс з выхадам да набярэжнай. Будаўнікі паказалі, што там цяпер

Прадалі сядзібу Хлюдзінскіх у Шумілінскім раёне

Блогера Пятрухіна не пусцілі на «Новую Беларусь» — у выніку ён вёў стрым з-пад будынка13

Фанаты Макса Каржа апанавалі Варшаву9

Ціханоўскі расказаў, што плануе рабіць падчас візіту ў ЗША і чым яму дапамог Пракоп'еў4

Ціханоўская: Нельга дапусціць, каб з Беларусі знялі санкцыі без вызвалення палітвязняў28

Зяленскі: Пазіцыя Расіі ніяк не змянілася4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ці спыніліся звальненні па палітычных матывах? Вось што расказалі ў некалькіх дзяржаўных арганізацыях3

Ці спыніліся звальненні па палітычных матывах? Вось што расказалі ў некалькіх дзяржаўных арганізацыях

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць