Архіў

Сяргей Радштэйн. Нябесны й зямны Ерусалім

№ 47 (204), 20 — 27 лістапада 2000 г.


 Нябесны й зямны Ерусалім

Страціўшы некалі сваю Вільню – Ерусалім, габрэі ўсё ж здолелі туды вярнуцца. І, напэўна, застануцца там назаўжды.

 

Апошнія палестынска-ізраільскія перамовы пра канчатковы статус занятых Ізраілем у 1967 г. абшараў праваліла ерусалімская праблема – гаворка ішла перадусім пра Храмавую гару з разьмешчанымі на ёй мусульманскімі і юдзейскімі сьвятынямі. Ізраіль не схацеў аддаць Усходні Ерусалім. Праўда, кіраўнік Ізраілю Эгуд Барак сказаў, што дапускае адначасовае існаваньне двух местаў – Ерусаліму і аль-Кудсу на адным месцы, але захаваньне сувэрэнітэту Ізраілю над Храмавай гарой так і засталося абавязковай умовай міру з палестынцамі.

Гэты сувэрэнітэт і ўпартае імкненьне яго захаваць — ня што іншае, як вынік Шасьцідзённай вайны 1967 г., бо ані заснавальнік сіянісцкага руху Тэадор Герцаль, ані заснавальнік дзяржавы Бэн-Гурыён не трымаліся такіх поглядаў. Затое ў калектыўнай сьвядомасьці трывала замацавалася карціна: рашучыя дэсантнікі ля Сьцяны Плачу і голас іхнага камандзера: “Храмавая гара ў нашых руках!”

7 чэрвеня 1967 г. ізраільскае войска заняло ўвесь Ерусалім, у тым ліку і гару з аль-Аксой і сьвятыняй юдзеяў. Перад ёй тагачасны міністар абароны Машэ Даян прамовіў: “Сёньня раніцай Цагал (войска) вызваліў Ерусалім, распалавіненую сталіцу Ізраілю. Мы вярнуліся да сваіх сьвятыняў, і мы ніколі не пакінем гэтых месцаў”. Так быў сфармаваны міт пра непадзельнасьць Ерусаліму — “зноў адзінай і вечнай сталіцы Ізраілю”. Сёньня ўжо амаль ня верыцца, што да таго моманту ніхто – ні дзяржаўнае кіраўніцтва, ні правадыры сіянізму — ня ставіў пытаньня жыдоўскага сувэрэнітэту над Храмавай гарой.

Як і кожны міт, ідэя “вызваленага Ерусаліму” мае карані ў сівой мінуўшчыне – дзьвюхтысячагадовай лучнасьці жыдоў зь Сіёнам, які стаўся сымбалем Ерусаліму, і калі мусульмане і хрысьціяне глядзелі на Мэкку й Рым, для жыдоў не было нічога, апроч Сіёну.

Юдзейская сьвятыня на Храмавай гары, паводле Бібліі, была збудаваная на гары Морыі царом Саламонам, і для юдзеяў гэта найсьвяцейшая мясьціна на зямлі. Гэта месца, дзе Абрам замест свайго сына Ісака прынес у ахвяру барана. У храме некалі знаходзілася Найсьвяцейшае, і ўвайсьці туды льга было толькі першасьвятару раз на год.

Яшчэ з часоў Бабілёнскага палону бярэ пачатак песьня-скарга выгнаных жыдоў: “На водах Бабілёну сядзелі й плакалі мы, і думалі мы пра Сіён”. Разбурэньне храму рымлянамі ў 70 г. не прывяло да забыцьця. Згадвае пра тое і звычай, які да сёньня вядзецца на габрэйскіх вясельлях, калі маладыя кідаюць вобземлю шклянку і кажуць: “Хай перш у мяне ня стане маёй правай рукі, чым цябе, Ерусалім”.

Цягам астатніх чатырох стагодзьдзяў Сьцяна Плачу (па-гэбрайску kotel) набывала ўсё больш значаньня для верных юдзеяў. Ля гэтай сьцяны, што засталася ад храма, яны зьбіраліся, каб аплакаць разбурэньне сьвятыні і памаліцца за прыход Мэсіі, які будзе азначаць канец іхнаму выгнаньню. Тады і толькі тады мае быць адноўлены храм, бо, як напісана ў Талмудзе, “Аднаўленьне храму і аўтара не знаходзіцца ўва ўладзе чалавека”.

Кіраўнікі ісламскіх сьвятыняў дазвалялі юдзеям маліцца ля Сьцяны Плачу, але не дапускалі іх да Харам-аш-Шарыфу, ісламскай сьвятыні Храмавай Гары. Гэтая мясьціна з двума мячэтамі на ёй, змураванымі праз шэсьць стагодзьдзяў па разбурэньні храму — трэцяя, пасьля Мэккі й Мэдыны, з найсьвяцейшых для мусульманаў.

Ужо ў мінулым стагодзьдзі мноства габрэяў пераяжджала ў Палестыну, уцякаючы ад пярэсьледаў у сваіх былых краінах ды спадзеючыся прычакаць тут хуткага вяртаньня Мэсіі. Калі ж напрыканцы ХІХ ст. паўстаў сіянісцкі рух, дык ён ужо не зьбіраўся чакаць гэтага прыходу, і артадаксальным юдзеям засталося толькі бездапаможна пазіраць на тое, як нацыяналісты апаноўваюць рэлігійныя сымбалі, ды марна клясьці іх.

Розьніца паміж Нябесным Ерусалімам і рэальнасьцю зямнога места прыводзіла ў жах першых сіяністаў. Стваральнік сучаснага іўрыту Бэн-Егуда заўважыў: “Горад Давіда прыніжаны й пакінуты, прыніжаны дарэшты”. Каб атрымаць хрысьціянскую падтрымку, заснавальнікі
сіянізму не замахваліся на адзінаасобнае валоданьне Ерусалімам, кажучы пра новую сталіцу Ізраілю і экстэрытарыяльны статус сьвятых месцаў. Словам, іх мала цікавіла места, якое ўвасабляла ў іх вачох процілегласьць сіянісцкай мары, пераадоленую форму габрэйства.

Супрацьпастаўляючы сябе правым сіяністам, што засноўвалі “Камітэты ў абарону Сьцяны Плачу”, Бэн Гурыён яшчэ у 1937 г. прыняў “згодніцкі” брытанскі плян стварэньня ў Палестыне вялікай арабскай дзяржавы і малой жыдоўскай (Ерусалім мусіў застацца пад брытанскім кіраваньнем) і гэтым заслужыў абвінавачаньне ў “бязмэтным сіянізьме”. Але ён ухапіўся за шанец, спадзеючыся пасьля пашырыць краіну, і казаў: “Я заўжды адрозьніваў Эрэц-Ісраэль (вялікі Ізраіль — паняцьце, якое ахоплівае ўсю Палестыну) і дзяржаву ў Эрэц Ісраэлі. Я ўмею шанаваць малітвы Сіёну, але факт той, што яны паўтараліся тройчы на дзень, 365 дзён у год, на працягу тысячы гадоў, і гэта не прынесла нам ані найменшага лапіка зямлі, і мы ні на крок не наблізіліся да збаўленьня”. Калі справа дайшла да падзелу места на арабскі і жыдоўскі сэктары, габрэі выступілі супраць гэтага — Ерусалім застаўся адзіным, але кіраваньне ім трапіла ў арабскія рукі. Бэн Гурыён жа пачаў спрыяць разбудове места на захад, дзе яно мела ператварыцца ў сапраўды габрэйскае места, адрознае ад старога гораду, які будучы заснавальнік дзяржавы назваў “духоўным і рэлігійным музэем усіх рэлігіяў”. Jewish Agency — установа выканаўчае ўлады сіянісцкага руху — на чале з Бэн Гурыёнам распрацоўвала пляны, паводле якіх сталіцай Ізраілю мела стаць заходняя частка гораду, а ўсход і старое места заставаліся пад брытанскім кіраваньнем. У далейшым гэтыя пляны былі скарыстаныя ААН пры вырашэньні ізраільскага пытаньня. У славутай рэзалюцыі № 181 было прадугледжанае стварэньне палестынскай і габрэйскай дзяржаваў, пры знаходжаньні Ерусаліму і сьвятых месцаў пад “адмысловым міжнародным мандатам”. Бэн Гурыён прыняў гэты плян, нягледзячы на супраціў з правага флянгу; палестынцы ж, наадварот, адкінулі яго, чым выклікалі вайну, у якой зазналі катастрафічную паразу – ан-Накба па-арабску. Палестынскай дзяржавы так і не паўстала, а ізраільскае войска скарысталася момантам і пашырыла ізраільскую тэрыторыю на адну траціну звыш адведзенай ААНаўскім плянам падзелу, чым выклікала зыход тысячаў арабаў.

Але, зноў жа, ізраільцянаў тады мала турбаваў Ерусалім – і дзьвюм тысячам габрэяў давялося ўцякаць ад ярданскага войска з старога места — у Заходні Ерусалім, бо ў жыдоўскім квартале не хапала абаронцаў, і ізраільскаму кіраўніцтву трэ было вырашыць – ці даслаць туды дапамогу, ці эвакуяваць квартал. Урэшце яно не зрабіла ні так, ні гэтак, бо мусіла вырашаць пільнейшыя справы. Пасьля Бэн Гурыён заявіць, што “Ізраіль сёньня і надалей мае толькі адну сталіцу – вечны Ерусалім”, але выразна падкрэсьліць, што мае на ўвазе Заходні Ерусалім.

Да вайны 1967 г. толькі правыя, што ўвесь час былі ў апазыцыі, казалі пра “вызваленьне Ерусаліму”, і здавалася, што Ерусалім назаўжды застанецца падзеленым. І толькі напярэдадні вайны кабінет міністраў пачаў цікавіцца ўсходняй часткай места. Рашэньне заняць Усходні Ерусалім заняло мінімальную колькасьць часу.

Нейкі проста-такі містычны нацыяналізм апанаваў габрэяў, і перамога, якая выглядала цудам, ператварылася ў сьвята “вяртаньня народу Ізраілю ў Эрэц-Ісраэль”. Настроі людзей паправелі, тады й пачалася “габрэізацыя” Ерусаліму. Антыарабскага дзікунства не было – ніхто не нападаў на мячэты, юдзеям так і не дазволілі маліцца ля мусульманскіх сьвятыняў, хуценька паздымалі і пераможныя ізраільскія сьцягі. Але для ізраільцянаў гэтая перамога і аб’яднаньне Ерусаліму набылі сымбалічнае значэньне. Пазьней філёзафы-сіяністы пісалі: “Той раніцай Шавуота (жыдоўскае сьвята, што прыпадала на 7 чэрвеня 1967 г.) усе габрэі адчулі, што прыйшла мэсіянская эпоха”. Філёзаф Андрэ Нэгер, якому належаць гэтыя словы, дакляраваў: “Ерусалім не падлягае перамовам”, сьцьвердзіўшы гэта нечым накшталт рэлігійнага дагмату ці сама мала “агульным прынцыпам усіх без выключэньня палітычных партыяў у Ізраілі”.

Як паказаў час, весьці перамовы пра Ерусалім усё ж давялося. Яны былі вельмі няпростымі — нездарма ж цягнуліся ад 1993 г. Ды ўвесь плён гэтае працы зьнішчылі некалькі тыдняў лета 2000 г.

Сяргей Радштэйн


Каментары

Цяпер чытаюць

Крыніцы: Усава і Краўцова выкраслілі польскія спецслужбы. З Дзікавіцкім іншая сітуацыя20

Крыніцы: Усава і Краўцова выкраслілі польскія спецслужбы. З Дзікавіцкім іншая сітуацыя

Усе навіны →
Усе навіны

Вызваленым палітвязням патрабуецца рэчавая дапамога. Вось што трэба і куды перадаваць4

Экс-палітвязень расказаў, што адбывалася ў 2020‑м на «Гродна Азоце» і як яго ў калоніі даводзілі да суіцыду3

У Лунінцы неба асвяцілі загадкавыя светлавыя слупы ФОТАФАКТ

«Мы цалкам разумеем, якая там дзяржава». Літоўскія перавозчыкі не збіраюцца падаваць пазовы ў беларускія суды праз затрыманыя фуры4

Перад аперацыяй захопу Мадура Ватыкан прасіў пра ягоную эвакуацыю ў Расію17

У Беларусі забаранілі антыперспірант Rexona1

У Мадрыдзе закрылі кітайскі рэстаран, у якім пад выглядам качак людзей кармілі галубамі3

Трамп вырашыў захопліваць расійскія танкеры, бо Пуцін яго «стаміў»16

Мінскія камунальнікі паказалі, што робяць са снегам, які прынёс цыклон «Улі»5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Крыніцы: Усава і Краўцова выкраслілі польскія спецслужбы. З Дзікавіцкім іншая сітуацыя20

Крыніцы: Усава і Краўцова выкраслілі польскія спецслужбы. З Дзікавіцкім іншая сітуацыя

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць