Архіў

Вінцэсь Мудроў. Вечар у “Прэзыдэнт-гатэлі”

№ 51 (208), 18 — 26 сьнежня 2000 г.


 Вінцэсь Мудроў

Вечар у “Прэзыдэнт-гатэлі”

 

Папулярны кінагерой Казадоеў быў, як вядома, зацятым празаходнікам і таму называў мясцовую гасьцініцу “Атлянтыка” на заходні манер — гатэлем “Аtlantic”. У навачаснай Маскве ўсё навокал працята тлятворным казадоеўскім духам, вэстфільская тля апанавала гарадзкую тапаніміку, і вось ужо гасьцініца зь мілагучным і палітычна вытрыманым назовам “Кастрычніцкая” пераназваная ў “Рresident-Hotel”. Перад гэтым самым гатэлем я й паўстаў золкім лістападаўскім адвячоркам, сьціскаючы ў потнай руцэ запрашэньне на дыпляматычнае прыймо.

Патрапіць у гатэль было справай нялёгкаю. Давялося доўга ісьці ўздоўж жалезнага паркану, якім быў абгароджаны “Р-H”, а потым стаяць у чарзе ля КПП, дзе трое маладых міліцыянтаў спраўджвалі дакумэнты ў тых, хто пнуўся ўбіцца ў гатэльнае нутро. Акурат перада мной стаялі кабеты далёка ўжо не бальзакаўскага веку й мужчына Бальзакавага выгляду, у якім я пазнаў былога брэжнеўскага сьпічрайтэра Аляксандра Яўгенавіча Бовіна. Як потым высьветлілася, і кабеты, і былы сьпічрайтэр, і аўтар гэтых нататак ішлі на адну і тую ж імпрэзу.

Фае гатэлю — па-расейску разьлеглае і па-савецку няўтульнае, — калі і магло чым уразіць, дык гэта сваёй публікай, што сноўдалася сюды-туды, з флегматычнай абыякавасьцю пазіраючы на шэрыя гатэльныя сьцены. Пры гэтым толькі адзін мужчына — цыбаты й дарэшты схуднелы — выяўляў халерычнасьць. Мужчына стаяў пасярод фае, гаманіў з падхорцістым шатэнам і, кідаючы захопленыя позіркі на неверагодна тоўстую мурынку, махаў рукамі й штораз паўтараў: “Колосаль!”

З гіморай гатэльнага заўсёдніка я падняўся на другі паверх, агледзеўся і пачуў знаёмы голас: — Господин Винченц!

Вокліч такі мог належаць толькі аднаму чалавеку ў сьвеце — сакратару альбанскай амбасады Лігору Цулуфэ, не старому яшчэ, але спрэс сівому мужчыну, зь якім мы тройчы, па-альбанску, абняліся.

— Si jeni? [Як маешся?] выдыхнуў мне на вуха сакратар амбасады і тут жа, ужо па-расейску, весела запытаўся: — Как там поживает писатель Черницкий?

У 1994 годзе сп.Цулуфэ прыяжджаў да нас у Наваполацак на літаратурную канфэрэнцыю, і там, падчас сяброўскай бяседы, яго ўразілі творчыя магчымасьці згаданага пісьменьніка. Мушу адысьці ад асноўнай тэмы і згадаць той задаўны і, па нашых мерках, звышбанальны эпізод. Такім чынам: Аляксандар Чарніцкі таго вечару спазьніўся на бяседу, падбег да нашага стала, і я, зразумела, наліў яму штрафную шклянку. Творца яе кульнуў, нечым закусіў, падсеў да другога стала, а альбанскі госьць, які сядзеў побач, таропка паправіў гальштук і прыкметна захваляваўся.

— А что будет с этим господином? — спытаўся госьць пасьля хвіліны одуму.

— З кім? З Чарніцкім? — не зразумеў я і азірнуўся: творца ў гэты час куляў чарговы кілішак. — А што зь ім павінна стацца?

Сп.Цулуфэ зь лёгкай панікай уваччу зірнуў на пустую шклянку, і я зразумеў прычыну ягонай трывогі. Пісьменьнік Чарніцкі, ва ўяўленьні альбанскага госьця, адным махам выпіў сьмяротную дозу.

— Черницкий творит... всем смертям назло, — паведаміў я, ціснучы Лігораву руку, мы засьмяяліся, і Лігор, азірнуўшыся, махнуў рукой: — Jorgo, eja kёtu! [Ёрга, хадзі сюды!]

І вось я ўжо цісну руку знакамітаму альбанскаму паэту і перакладніку, а ў недалёкім мінулым дысыдэнту Ёргу Блацы. Як і многія сумленныя людзі ў Альбаніі, паэт зазнаў смак турэмнай поліўкі, а потым доўгіх дваццаць шэсьць гадоў працаваў рознарабочым на ўдарных будоўлях.

— Ёргу за пераклады Пушкіна расейскі ордэн далі, — заўважыў Лігор, і паэт незадаволена скрывіўся — ён відавочна не любіў рэклямы.

У гэты момант хтосьці крануўся майго локця.

Гэта быў А.Я.Бовін.

— От души поздравляю, — прамовіў былы сьпічрайтэр, прымаючы мяне за альбанца, паціснуў руку, і я з удзячнасьцю кіўнуў галавою.

 

28 лістапада альбанцы адзначаюць сваё галоўнае сьвята — Ditё e Flamurit — Дзень Сьцяга. Менавіта таго дня ў далёкім ужо 1912 годзе іх краіна стала незалежнаю, і альбанская амбасада ў Маскве штогоду ладзіць з тае нагоды дыпляматычнае прыймо. Супрацоўнікі амбасады два разы запар прысылалі мне запрашэньне, але ехаць не выпадала, і вось, нарэшце, я стаю ў зырка асьветленай залі і рукаюся з сп.Вукаем — Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Альбаніі ў Расейскай Фэдэрацыі і, па сумяшчальніцтве, у Рэспубліцы Беларусь.

Zoti Mudrov nga Bjellorusia [Спадар Мудроў зь Беларусі], — выгукнуў за маёй сьпінай супрацоўнік амбасады; я прыклаўся да рукі высокай белатварай кабеты — жонкі пасла — і мелькам агледзеў залю.

Заля ўражвала. У цэнтры яе, працяўшы высокую столь, пнуліся ўгору нейкія нетутэйшыя расьліны; дзесьці ўвышыні цвыркалі птушкі і гучэла музыка — інструмэнталка з “Поргі і Бэс”; на другім канцы залі, пасярод імправізаванай бэтоннай сажалкі, струменіў фантанчык, і некалькі кабетаў неадрыўна глядзелі ў ваду, выглядаючы, відаць, акварыюмных рыбак. Але што найбольш уразіла, дык гэта даўжэзны стол: ён стаяў па пэрымэтры залі, і яго сэрвіроўка індукавала ў памяці імя біблейскага Бальтазара. Як я заўважыў, каньяк на стале — каньячныя бутэлькі стаялі роўным шыхтом з дыстанцыяй у мэтар — быў альбанскі, а віно — францускае.

Пакуль я лічыў бутэлечныя рыльцы, мяне ізноў узялі за локаць.

— Вы из Белоруссии? — невысокая жанчына ў дэкальтаванай сукенцы — вочы крыху затуманеныя, грудзі крыху прывялыя — бліснула асьляпляльна-белымі зубамі. — У меня в Минске столько знакомых, столько знакомых... Вы знаете, нас с вами никому не разъединить. Мы одно целое, — кабета ўсхвалявана перавяла дых і шматабяцальна пасьміхнулася.

— Так ужо і нікому, — заўважыў я ў адказ і тут жа дадаў: — А ваш муж?

Кабета сумелася і працяла мяне саркастычна-ацэньваючым позіркам, затрымаўшы вочы на тым месцы, дзе пачынаюцца ногі.

— Мужчины всегда всё не так понимают, — прамовіла дэкальтаваная незнаёмка і падалася глядзець рыбак.

Добрую чвэрць гадзіны я блукаў па залі, чакаючы ўрачыстай часткі, і раптам убачыў, што ўсе навокал, уключаючы і пасла, падымаюць чаркі і пад высокай стольлю гучыць альбанскае “Gёzuar!” [Будзьма здаровы!]

— Господин Винченц... что ж ты стоишь? — паэт Ёрга Блацы паклаў мне далонь на плячук, падвёў да стала. — Знакомьтесь… учёный-археолог Демосфен Будина. С 1961 года живёт в Москве.

Я знаёмлюся з археолягам, і ён налівае ў кілішкі па кроплі бурштынавага каньяку.

— Приехал в Москву молодым человеком, женился на русской, а когда Никита с Энвером разругались — остался в Союзе, — паведаміў сп.Будзіна і зноў напоўніў чаркі.

— А калі б вярнуліся?

Суразмоўца моўчкі махнуў рукой і нагбом, зусім па-расейску, кульнуў чарку.

Каб перавесьці размову ў іншае рэчышча, я пацікавіўся альбанскай археалёгіяй, і сп.Будзіна з натхненьнем стаў апавядаць пра антычныя гарады, якія яму давялося раскопваць, пра матэрыяльную культуру іліраў, пра так званую багіню Бутрынта — старажытнагрэцкую скульптуру, знойдзеную ў Альбаніі італійскімі археолягамі, а потым, як бы між іншым, спытаў:

— Вы москвич?

Пачуўшы, што я зь Беларусі, стары археоляг неяк адразу пасуравеў і неўпрыкмет адышоў убок.

Зрэшты, без суразмоўцы я не застаўся.

— Дарма ваш Лукашэнка абдымаўся зь Мілошавічам,— прамовіў на дзіўнай мешаніне расейскіх і альбанскіх слоў мужчына, які стаяў поруч. — Я прафэсар Прышцінскага ўнівэрсытэту, займаюся паліталёгіяй і мушу сказаць: гэтыя абдымкі карысьці Беларусі не прынясуць.

Я адказаў прафэсару, што з названымі асобамі ня маю анічога супольнага, мы выпілі па чарцы і закусілі чырвонай рыбай.

Публіка разьняволена і даволі гучна гаманіла, і сярод гэтага гаманкога збою прыкметна вылучаўся каржакаваты маладзён у клятчастым пінжаку. Маладзён гаманіў гучней ад астатніх і, падобна, быў паважанай асобай — усе навыперадкі імкнуліся зь ім выпіць.

— Хто гэта? — запытаўся я ў прафэсара.

Наколькі я зразумеў з адказу, гэта быў касавар, кіраўнік будаўнічай фірмы, якая працуе ў Маскве па кантракце.

Gani! — крыкнуў прафэсар, і маладзён азірнуўся.

Mё lejoni t’ju prezantoj me mikun nga Bjellorusi [Дазволь табе прадставіць сябра зь Беларусі...] пачуў я з прафэсарскіх вуснаў, і той, каго клікалі Гані, наструнена перабіў: — Lukashenko? — Прафэсар ізноў загаварыў, але таропка — я разабраў толькі адно слова “opozitё”, — і маладзён палагаднеў з твару.

Спытаўшы — на якой мове я размаўляю, Гані наліў мне поўную чарку і на добрай расейскай мове пачаў казаць, што нам, альбанцам і беларусам, ня варта “ваяваць” з ЗША ды астатнім цывілізаваным сьветам.

— Альбанія свойчас паваявала, — выдыхнуў разам з каньячным духам маладзён, — і без штаноў засталася.

Прафэсар на знак згоды кіўнуў галавой і паляпаў спакрэвіча па плячы, маўляў: не чытай лекцый, людзі прыйшлі на сьвята.

Гані ўзяў мой нататнік, запісаў нумар тэлефону.

— Будзеце ў Прышціне — званіце. Прыму, як роднага брата.

Наступнымі маімі суразмоўнікамі былі: аўтар “Гісторыі Альбаніі” Арш (“Дзякуй Лукашэнку — ён адзіны ня здрадзіў нашаму братэрству”); маладая альбанская паэтка Мірэля Спахіў (“Якуб Колас — гэта ваш?”); рэдактарка альбанскай рэдакцыі радыёстанцыі “Голас Расеі” Лілія Мілько (“Перакладзіце на беларускую мову Ёрга Блацы. У яго папросту геніяльныя вершы”); нарэшце, маскоўскі мастак Аўген Молакаў, творы якога экспанаваліся ў Альбаніі (“Прыходзьце заўтра на Кузьнецкі — пагледзіцё мае новыя рэчы”).

Размаўляючы з мастаком, сьпінай адчуў нечы пагляд. Кабета, што мела процьму знаёмцаў-менчукоў, глядзела ў мой бок, а поруч зь ёю тоўкся яшчэ нехта, апранены ў шчыгульны “дыпляматычны” гарнітур. Гэты “нехта” неўзабаве апынуўся каля мяне.

— Вы из Минска? Я слышал ваш разговор с господином Будиной и захотел с вами познакомиться.

— А вы, відаць, з ФСБ? — запытаўся я, кульнуўшы апошні кілішак, і “нехта” дарэшты няўпэўненым голасам прамармытаў: — С чего вы взяли?

Напятае маўчаньне перарваў залівісты жаночы сьмех. Тыя самыя кабеты, якіх я сустрэў на КПП, віселі на шыі Лігора Цулуфэ і, перабіваючы адна другую, гукалі: — Лігор, дай я цябе пацалую!

Сакратар амбасады пры гэтым пачуваў сябе ніякавата. Дый дзіва што — у ягонай напаўмусульманскай краіне жанчыны, ды яшчэ сталага веку, на шыях у чужых мужоў ня віснуць.

— Мяне ж адзін альбанец пакахаў, студэнт пятага курсу, — паведаміла, з настальгічным прыдыханьнем, адна з кабетаў, — пісаў потым лісты, а я не адказала.

— Работали когда-то в Албании, — патлумачыў сп. Цулуфэ, адбіўшыся ад заляцаньняў, і працягнуў мне торбу з пляшкай альбанскага каньяку: — Выпьешь за наше здоровье...

Ля шатні мяне пераняў усё той жа фацэт у шчыгульным гарнітуры.

— Адресок свой всё-такі дайте.

Я дастаў нататнік, сьпехам напісаў: “гор. Минск, пр-т ген. Булак-Балаховича... М.А.Стрекопытову”, аддаў “адресок” фацэту і выйшаў з гатэлю.

Знадворку гула, сьвяціла агнямі і сьмярдзела выхлапным чадам Вялікая Якіманка — адна з цэнтральных маскоўскіх вуліц. Каб пазбыцца замарачнага шуму, я завярнуў у завулак і ўзьбіўся на гранітную набярэжную. Тут было суцішна і прыцемна; па рацэ плыў серабрысты шарон, і жоўтыя адбіткі ліхтароў сьвятлявымі афіюрамі варушыліся ў цёмнай вадзе. Праваруч грувасьцілася нейкая цёмная гаргара — прыгледзеўшыся, я пазнаў цэрэтэлеўскі помнік Пятру, — а леваруч, на тле нэонавай зараніцы, напятымі струнамі зьвінелі ванты Крымскага мосту.

Рака з урачыстай павольнасьцю праплывала міма, нічога не патрабуючы, ні аб чым не шкадуючы. Яна была ўвасабленьнем жыцьця, якое таксама плыло некуды і ў цёмных глыбінях якога прывіднымі афіюрамі сьвяціліся рэдкія радасьці. Я рушыў уздоўж гранітнага парапэту, прыстасоўваючы крок да мернага булькаценьня 0,7-літровай пляшкі, і толькі тады зразумеў, што гэтая пляшка — эстафэта, перададзеная прадстаўніку самай затурканай краіны Эўропы, — і бронзавы Пятро, колішні гаспадар тутэйшых мясьцін, пагрозьліва глядзеў мне ўсьлед, пукатым вокам сьвідруючы цемру.


Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Тур абяцае кампрамат на тых, хто праз тыкток скардзіцца на ўлады18

Тур абяцае кампрамат на тых, хто праз тыкток скардзіцца на ўлады

Усе навіны →
Усе навіны

Служба бяспекі Украіны заявіла, што прадухіліла чарговы замах на журналіста Дзмітрыя Гардона1

Дэпутаты тэрмінова адобрылі штрафы за адсутнасць бульбы ў крамах6

Разведка Ізраіля: Іран вывез узбагачаны ўран з ядзерных аб’ектаў да ўдараў ЗША4

Адзін з 14 памілаваных — паляк Хуберт Мруз, асуджаны за наркотыкі9

У школах анексіраваных рэгіёнаў расійскія ўлады спыняюць вывучэнне ўкраінскай мовы і літаратуры12

«Мы не ведалі Сяргея Ціханоўскага да сённяшняй прэс-канферэнцыі»22

У Суджанскім раёне Расіі марадзёры забілі начальніка ваеннай паліцыі3

«Я не гатую дома зусім». Мінчане дзеляцца, колькі каштуе харчавацца ў горадзе7

Арыштаваныя дырэктары страхавых кампаній ТАСК і «Прамтрансінвест»7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Тур абяцае кампрамат на тых, хто праз тыкток скардзіцца на ўлады18

Тур абяцае кампрамат на тых, хто праз тыкток скардзіцца на ўлады

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць