Архіў

Юлія Андрэева. Віцебскі час

№ 4 (213), 22 — 29 студзеня 2001 г.


 Віцебскі час

Несупыннасьць часу мае свой адпаведнік у плыннасьці прасторы, якая перацякае з дальніх абшараў у бліжнія, не мяняючы сваёй прасторавае існасьці. Яна вандруе разам зь людзьмі, з жывымі і прывідамі — з Бабруйску ў Эдынбург, з Эдынбургу ці Парыжу ў Віцебск. Яна шчыльнее ў гарадох, свабаднее ў палёх і лясох. А ў сталіцах набывае аж такое камкаватае гушчыні, што не зварухнешся, аж пакуль нехта звонку не напусьціць сьвежага паветра ў гэтую вусьцішную, задубелую заціш, скрозь перасычаную людскімі выпарэньнямі.

Гэты нехта, верагодна, завецца Богам. І менавіта Бог падштурхнуў мяне зьмяніць свой звычайны маршрут у бібліятэку, так што я апынулася твар у твар зь дзьвюма самаробнымі абвесткамі фармату А4 — бляклымі і амаль незаўважнымі побач з дыхтоўнаю рэклямаю Купалаўскага тэатру. Купалаўскі — гэта ж сталіца! А самаробныя абвесткі паходзілі, відавочна, зь Віцебску — так бы мовіць, з “альтэрнатыўнага цэнтру беларускай культуры”. Аднак ці менчукам выхваляцца перад Віцебскам, дзе самое паветра спрыяе нараджэньню геніяў? Менавіта з-над Дзьвіны пайшлі ў вялікі сьвет жывапісец Марк Шагал і дызайнэр Эль Лісіцкі. Менавіта ў Віцебску ўзьнікнуў першы ў Беларусі сымфанічны аркестар і першае мастацкае аб’яднаньне — “Уновіс” на чале з Казімерам Малевічам. Менавіта тут у другой палове 1920-х гадоў буяў авангардны БДТ-2, а цяпер, у нашыя дні, наладжваюцца найбольш аўтарытэтныя артыстычныя фэстывалі. Хіба ж дзіўна, што ў Віцебску, на малой сцэне Беларускага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа, нарадзіліся два дасканалыя спэктаклі?

“Шагал, Шагал…” і “Пісьменныя” ў пастаноўцы Віталя Баркоўскага можна было паглядзець у Менску, на малой сцэне Купалаўскага. Вядома, пры ўмове, што патэнцыйны глядач заўважыў абвестку ў падземным пераходзе і загадзя ведаў і пра Баркоўскага, і пра віцебскі тэатар (дзе ён галоўным рэжысэрам).

Уважлівы тэатрал прыгледзеўся да Баркоўскага яшчэ ў тыя легендарныя часы, калі ён працаваў у Магілёўскім абласным драмтэатры імя Дуніна-Марцінкевіча. Тэатар зваўся магілёўскім, але месьціўся ў Бабруйску, у атачэньні старадаўніх вулак і дробных габрэйскіх крамаў. Насупраць было кіно, дзе сустрэліся калісьці мае бабуля зь дзядуляю (і закахаліся адно ў аднаго зь першага погляду). Усе калідоры пампэзнага тэатральнага будынку ў стылі “позьні рэабілітанс” наскрозь прадзімаліся ветрам, гледачы сядзелі ў футравых капелюшах, затое ў буфэце заўжды былі цудоўныя пірожныя зь сьметанковым крэмам і арэхамі. Кожную раніцу мы з Баркоўскім сустракаліся на рэпэтыцыях. Ён — сталы ўжо прафэсіянал — займаўся спэктаклем “Талент каханьня” паводле апавяданьняў Надара Думбадзэ. Я, зусім яшчэ дзяўчынка, спрабавала сябе ў ролі тэатральнага кампазытара. Спэктакль атрымаўся трапяткі і летуценны. Нават менскія крытыкі даравалі яму суцэльную адсутнасьць той камэрцыйнай тандэты, якая чамусьці называлася сацыялістычным рэалізмам.

Якое ж моцнае было маё расчараваньне, калі празь нейкі час я ўбачыла ў менскім Расейскім тэатры новы твор Баркоўскага — “Баловни судьбы”! Нібыта самое паветра сталіцы аказалася атрутным для мастака, зьнявечыўшы ягоную фантазію. А можа, вінаватая была расейскамоўная п’еса, наскрозь прасякнутая постсавецкім духам Ленинского проспекта?

І вось новая сустрэча — ды ты ж зусім не зьмяніўся, спадару Баркоўскі! Усё той жа румяны твар, як у дзіцёнка ў пясочніцы, прыўкрасныя вусы. Усё тая ж хітраватая ўсьмешка ў вачох. Усё тыя ж самыя жартачкі з выразным прысмакам часнаку і солі. Хіба што размаўляеш ты цяпер, як усе прыстойныя людзі, — па-беларуску.

Назаўтра я глядзела “Пісьменных”. Спэктакль пра патаемны сэнс і патаемную ж бессэнсоўнасьць нашага сёньняшняга жыцьця, нашмат глыбейшы і зьместаўнейшы, чымся ягоная ідэя, пра якую нам доўга распавядала інтэлігентная цётухна-тэатразнаўца. Спэктакль амаль цалкам аўтарскі, бо сам Баркоўскі прыдумаў для яго і дэкарацыі, і строі, і музычнае афармленьне. (Усё быццам проста з Парыжу.) І неверагодна дэталізаваны і прыгожы — як лісточак бальзаміну, разгляданы праз моцную лупу. Найбольш уражвае дасканаласьць акторскага ансамблю: скрозь прафэсіяналы, якіх ня многа знойдзеш сярод сталічных “віртуозаў сцэны”. Ці, можа, гэта натуральны вынік адмысловае рэжысэрскае пэдагогікі? Асобнае пахвалы заслугоўвае выканаўца галоўнае ролі Вячаслаў Грушоў — сапраўды цудоўны артыст.

Славуты віцебскі “Шагал” летась атрымаў першую прэмію на Эдынбурскім фэстывалі. Упершыню за апошнія 16 гадоў галоўны прыз Эдынбургу дастаўся тэатру з Усходняе Эўропы. Даўно ўжо (можа, за выняткам пінігінскай “Ідыліі”) я не сьмяялася і ня плакала ў тэатры; а тут сьлёзы цяклі зь мяне самі сабою. Салодкія сьлёзы, бо існы цуд мастацтва — ператварэньне горычы ў слодыч. Перад мною быццам раскрылася ўся салодкая прыгажосьць нашае зямлі, уся праўда ейнае цудатворнае існасьці. Разам з Шагалам я ўбачыла гэтую зямлю з вышыні птушынага палёту — з усімі ейнымі цэрквамі, касьцёламі і сынагогамі, — і сэрца скаланулася ад шчымлівай любові.

І вы, ганарлівыя, называеце гэта “тэатральнай правінцыяй”? А напэўна называеце, бо спэктаклі адбываліся ў напаўпустой залі. Ніхто пры ўваходзе не пытаўся квіткоў. Не было відаць ані студэнтаў і выкладчыкаў з тэатральнае акадэміі, ані начальства, ані журналістаў зь дзяржаўных выданьняў, ані капэльдынэраў з букетамі ад прэзыдэнта, якія вянуць ужо ў той самы вечар, калі іх падарылі. Анікога, хто мог бы папсаваць гэтыя сьвятарныя імгненьні сустрэчы з сапраўдным мастацтвам. (Насуперак усім нашым мовазнаўцам я сьцьвярджаю, што дзеяслоў “папсаваць” утварыўся ад назоўніка “папса”.) Усё было ціха і ўрачыста, як у храме. І толькі чуваць, як за сьценамі тэатральнае залі падаюць сьняжынкі, ахінаючы ачарнелы і стомлены горад чыстаю бельлю. І як пралятае на мяккіх крылах, нячутны ў мітусьні нашых будняў, час-чарадзей.

Юлія Андрэева


Каментары

Цяпер чытаюць

Стала вядома, што за 200 тысяч еўра прапаноўвалі Сяргею Ціханоўскаму «беларускія бізнэсмены»27

Стала вядома, што за 200 тысяч еўра прапаноўвалі Сяргею Ціханоўскаму «беларускія бізнэсмены»

Усе навіны →
Усе навіны

«Мы думалі, Мінск — калгасны горад». Расіянка шчыра здзівілася, чаму адграбла ў тыктоку ад беларусаў23

У Брэсцкім ІЧУ здарыўся пажар, ратавальнікаў не хацелі пускаць

Блогерцы не прадалі рэчы ў Парыжы з-за беларускага пашпарта22

Генпракуратура заявіла, што ў лагеры смерці «Трасцянец» было знішчана 546 тысяч чалавек, што ў 2,5 разы больш, чым лічылася раней19

Галоўчанка выпусціў першую беларускую залатую манету з «беларускай сыравіны»4

У Гродне напісалі партрэт Караніка. Яго павесілі ў адной галерэі са Сталыпіным6

Украінец, які прыйшоў са сцягам УПА на канцэрт Каржа, запісаў выбачальнае відэа38

Пачынае працаваць кругласутачная служба экстранай псіхалагічнай дапамогі па нумары тэлефона1

«Мінсктранс» адмяніў некаторыя аўтобусы Мінск — Вільня20

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, што за 200 тысяч еўра прапаноўвалі Сяргею Ціханоўскаму «беларускія бізнэсмены»27

Стала вядома, што за 200 тысяч еўра прапаноўвалі Сяргею Ціханоўскаму «беларускія бізнэсмены»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць