Сяргей Паўлоўскі
Загадка Караткевіча
На пачатку 80-х сьвядомыя беларусы сьпявалі. І сярод песень Беларускай сьпеўна-драматычнай майстроўні была Багдановічава «Пагоня» — на матыў «Марсэльезы», бо іншай мэлёдыі тады яшчэ ня ведалі. Часам замест словаў «Пагоні» на той самы матыў «Марсэльезы» сьпявалі верш Уладзімера Караткевіча «Багдановічу». Замена падавалася адэкватнай. Караткевічавы словы заварожвалі.
Сьцюжны час, бязьмежна-суровы.
Сьпіць народ, нібы зерне ў ральлі....................................................
Ты прыйшоў
І гарачым словам
Рунь узьняў на роднай зямлі.
Ты сказаў нам:
«Унукі Скарыны,
Дзе ваш гонар, моц і краса?
Ёсьць і ў вас, як у іншых, сьвятыня.
Не давайце сьвятыні псам!
Не давайце зь яе глуміцца,
Бо прасьпіць яна ясну зару,
Бо сьвяты ізумруд заімгліцца
У пярсьцёнку тваім, Беларусь».
Караткевічавы словы заварожвалі сваёй таямнічай магіяй. І калі найбольш дасьведчаныя сьпевакі ўжо ведалі, што паэт выкарыстаў тут словы Хрыста з Нагорнай казані ў Эвангельлі ад Мацьвея, дык наступныя словы ўражвалі сваёй экзатычнай выключнасьцю ды нетутэйшым бляскам — сьвяты ізумруд у пярсьцёнку Беларусі не павінен быў заімгліцца. Тэза ўспрымалася настолькі ж неаспрэчна, наколькі была няўцямная. Часам думалася — чаму гэткі знаўца мовы і старажытнасьці, як Караткевіч, ня ўжыў слова «смарагд» замест «ізумруду»? Але пра тое, што азначаў гэты ізумруд, разважаць не хацелася. Не хацелася разбураць гэтую адначасова казку і ўжо вызначаную жыцьцёвую праграму. Ізумруд выпраменьваў вобраз Беларусі настолькі магутна і пры тым інтымна, што ўдавацца ў канкрэтыку не было поклічу. Нешта падобнае перажывалі майстроўцы, сьпяваючы верш Натальлі Арсеньневай «У гушчарах». Эмацыйнай вяршыняй там былі словы: «Беларусь, Беларусь залатая, За цябе, за цябе мы ідзём!» Была б на месцы «залатой», да прыкладу, «дарагая», і тэкст адразу б рабіўся звычайным і пабытовым. Магчыма, і сьпявалі б яго ня гэтак ахвотна. А тут — кожнага разу «дабіраліся» да тых апошніх радкоў з «залатой» Беларусяй, нібы расьцягваючы задавальненьне, нібы доўжачы гэтае чаканьне незразумелага шчасьця, быццам рыхтаваліся да раптоўнага эмацыйнага ўзьлёту. Зразумела, што «залатая» была ў Арсеньневай маленькім паэтычным азарэньнем, бязь нейкага канкрэтнага намёку ці шыфроўкі. Вось жа гэтаксама ўспрымаўся і Караткевічаў «сьвяты ізумруд».
Для дасьведчанага ў беларускай літаратуры чалавека паходжаньне Караткевічавага ізумруду ў вершы «Багдановічу» — не загадка. Дастаткова зьвярнуцца да твораў самога Багдановіча. Ёсьць там такі вершык зь дзіўнаю назвай «Безнадзейнасьць».
Скарына, доктар лекарскіх навук,
У доўгай вопратцы на вежы сочыць зоры.
Яны спрыяюць! Час! З рухавых рук
Скарыны п’е адвар пан земскі пісар хворы.
І ўраз пабачыў ён, што ізумруд
Ў пярсьцёнку залатым на пальцы штось імгліцца,
Што блеску ў ім няма...
І з болем тут
Ён зразумеў, што ўжо к жыцьцю не вараціцца.
Як бачым, Уладзімер Караткевіч у вершы, напісаным да 75-х угодкаў Максіма Багдановіча, выкарыстаў Багдановічаву сымболіку і вобразы — тут і Скарына, тут і ізумруд, тут і матыў Багдановічавай «Пагоні». Усё нібыта зразумела. Аднак ізумруд... З залатога пярсьцёнка хворага земскага пісара ў Багдановіча, дзе ён імгліўся, прадвяшчаючы сьмерць чалавека, ізумруд у Караткевіча перамясьціўся ў пярсьцёнак Беларусі. Найбольш проста трактаваць і тут заімгленьне ізумруда як прадвесьце сьмерці Беларусі. Але ёсьць у гэтым вобразе і канкрэтны кантэкст. Каб адшукаць яго, нам давядзецца зазірнуць у перадгісторыю напісаньня Багдановічавага верша.
Максім Багдановіч зь пяці гадоў невыезна жыў у далёкіх расейскіх гарадах — Ніжнім Ноўгарадзе і Яраслаўлі. Там ён з кніжак вывучыў родную мову і прасякнуўся беларушчынай, там пачаў пісаць вершы, якія дасылаў у рэдакцыю «Нашай Нівы» ў Вільню. У рэдакцыі заўважылі маладога паэта і ягоны талент ды вырашылі запрасіць хлапца ў Беларусь. І вось у 1911-м годзе Багдановіч прыяжджае ў Вільню. Тут ён праводзіць некалькі дзён праездам у Ракуцёўшчыну пад Маладэчнам. У наступныя гады ва ўсёй творчасьці паэта будзе выразна праглядаць жывы досьвед той паездкі, прычым ясна падзелены на гарадзкі досьвед і вясковы. Некалькіх дзён у Вільні яму хапіла, каб пасьля на працягу гадоў ашчадна выпісваць свае ўражаньні. Не кранаючы чыста віленскіх вершаў, сабраных у нізку «Места», можна яшчэ ў дзясятках іншых твораў убачыць тыя віленскія ўражаньні. Да прыкладу, у знакамітых «Слуцкіх ткачыхах». Дасьведчанаму ў біяграфіі Багдановіча гэты верш, ягоная тэма і вобразы могуць падацца дзіўнымі, маўляў, пры чым тут Слуцак і радзівілаўскія мануфактуры. Але варта прачытаць успаміны бацькі паэта Адама Багдановіча, напісаныя шмат пазьней пасьля сьмерці Максіма. Там згадваецца, што найбольшае ўражаньне на Максіма ў часе паездкі ў Беларусь зрабілі слуцкія паясы, якія ён разглядаў у Вільні ў калекцыі Івана Луцкевіча. Сёньня, між іншым, тыя паясы знаходзяцца ў экспазыцыі літоўскага этнаграфічнага музэю. Дык ці ж верш пра слуцкіх ткачых ня мусіць быць уключаны ў віленскую нізку? Згадаем радкі:
Цямнее край зубчаты бора...
І тчэ, забыўшыся, рука,
Заміж пэрсідзкага узора
Цьвяток радзімы васілька.
Запомнім гэты «васілёк». Аналіз паэтыкі Багдановічавых вершаў падкажа нам, што чыста фармальна гэта — той самы ізумруд, тая самая «разынка» ў палатне верша, што і «залатая» Беларусь у Арсеньневай, толькі больш прадметная, па-багдановіцку. Васілёк дапаможа нам далей прасачыць сюжэт з ізумрудам.
У часе тых некалькіх дзён у Вільні Максім жыў у сакратара рэдакцыі «Нашай Нівы» Вацлава Ластоўскага. Ластоўскі — гісторык і мовазнаўца, вялікі рамантык беларушчыны, паказваў Багдановічу Вільню. Вось тут друкаваў свае кнігі Францішак Скарына, мы пісалі пра яго ў «Нашай Ніве», гэта выбітная постаць беларускага Адраджэньня. Ня толькі першадрукар, але і астраном — Ластоўскі паказвае на вежу Верхняга замку. Там Скарына сачыў зоры. А яшчэ ж і лекарам быў. Каго лячыў? Ну, да прыкладу, земскага пісара... У галаве Багдановіча рояцца ўражаньні і ўрэшце складаецца карціна, якую ён пасьля апіша вершам. Праўда, аднога сюжэту і пераліку Скарынавых умельстваў будзе мала. Гэта Багдановіч ведае з тэорыі паэтыкі. Патрэбная нейкая дэталь, якая зробіць верш філязофскім і вечным. І тут згадваецца пярсьцёнак, які ён сёньня бачыў у калекцыі Луцкевіча. Дакладна гэтак, як у сюжэце са слуцкімі ткачыхамі спатрэбіўся васілёк...
І тут самы час перайсьці да галоўнага пытаньня гэтага вершаванага «вузла»: што меў на ўвазе Караткевіч пад сьвятыняй у тым радку з Нагорнай казані? Увага:
«Ты сказаў нам:
«Унукі Скарыны,
Дзе ваш гонар, моц і краса?
Ёсьць і ў вас, як у іншых, сьвятыня.
Не давайце сьвятыні псам!
Не давайце зь яе глуміцца,
Бо прасьпіць яна ясну зару,
Бо сьвяты ізумруд заімгліцца
У пярсьцёнку тваім, Беларусь».
«Сьвятыня» ў Караткевіча ўжытая ў адзіночным ліку, у адрозьненьне ад Нагорнай казані, дзе Хрыстос гаворыць пра сьвятыні. Калі б Караткевіч гаварыў пра шмат сьвятыняў, атрымаўся б дыдактычны радок патрыятычнага зьместу. Але гутарка ідзе пра адну, найбольшую. Простая аналёгія са словам храм тут таксама непераканаўчая. Караткевіч ведаў і цаніў шматканфэсійнасьць Беларусі, а да таго ж у 1966-м рабіць такі адназначны рэлігійны акцэнт было і рызыкоўна, і — для багемнага асяродку паэтаў філялягічнае школы — неадэкватна. Можа быць, Караткевіч назваў сьвятыняю Беларусь? Але ж Беларусь тут названая сама сабою, гэта ў яе пярсьцёнку заімгліцца ізумруд, калі будзе зглумленая сьвятыня.
Пішучы верш-водгук на Багдановічава васьмірадкоўе пра Скарыну, выкарыстоўваючы рытміку Багдановічавай «Пагоні» зь яе Вострай Брамай сьвятою, Уладзімер Караткевіч меў на ўвазе Вільню — страчаную і нічым не апраўдана чужую. Вільню зь яе замкавай вежай і дамамі бурмістра Бабіча, які даў прытулак першадрукару, зь яе слуцкімі паясамі ў беларускім музэі Івана Луцкевіча, з васільком на іх і зь пісарам земскім, які пісаў зразумела на якой мове. Вільню, культурную цану якой Караткевіч і ведаў, і вычуваў, як рэдка хто з сучасных беларусаў.
Звышэмацыйны выкрык Караткевіча, які прагучаў у вершы «Багдановічу», менавіта з-за гэтай самай звышнасьці ня быў пачуты цэнзурай, бо звычайнае вуха ня чуе інфрагукаў, якімі перагукаецца з суродзічамі «чорны кажан, што шнуруе ля вежы». Гэты выкрык працягвае гучаць і сёньня, ён блукае рэхам па віленскіх вуліцах Завальнай, Вялікай Пагулянцы, Вастрабрамскай... Але чуюць яго адно кажаны. Караткевіч выказаўся, як выгукнуў. Такім чынам тэза пра немагчымасьць новага нацыянальнага адраджэньня бязь Вільні прагучала на поўную моц яшчэ ў 1966-м.
Каментары