З усёй краіны
Мірон ня сьпіць
У чацьвер каля Лёзна на 30-мэтровай апоры лініі электраперадач напругай 35 тыс. вольт зьявіўся бел-чырвона-белы сьцяг. Калі яго зьнялі, знайшлі цыдулку наступнага зьместу: “Добры гаспадар ніколі не папаўзе ўраскарачку на ўсход з працягнутай рукой, а другога такога злыдня, як наш – прайдзі сьвет, ня знойдзеш. Мірон”.
Б.Т.
Смажыць
Падрыхтоўка да Вялікадня ідзе поўным ходам — простыя грама-дзяне актыўна гоняць самагонку, а міліцыя ліквідуе лішак гэтага напою. Так, за апошні тыдзень 24 самагоншчыкі (зь іх 8 беспрацоўных, 3 пэнсіянэры) пацярпелі ад міліцыянтаў, якія зьнішчалі сьвяточнае пітво на месцы й давалі штрафу: тым, хто гоніць, — ад 3 да 5 мінімалак, тым, хто захоўвае, — да 2-х. Несправядліва.
Ня сьмешна
Дзень Гумару, 1 красавіка, стаўся апошнім для двух жыхароў Смургоншчыны, якія, не згаворваючыся, павесіліся ў сваіх кватэрах. Аднаму было 50 год, другому — 47. Дарэчы, з пачатку стагодзьдзя ў раёне засілілася 10 чалавек.
Тацяна Скарынкіна, Смургоні
Зьверабой
У Шклоўскім раёне затрыманы 52-гадовы беспрацоўны, які займаўся браканьерствам. У яго сканфіскавалі 20 скурак зайцоў, некалькі лісіных, тры незарэгістраваныя паляўнічыя стрэльбы, патроны і пасткі. Вядзецца сьледзтва.
Паводле БелаПАН
Зрабі сабе дасьпехі
14–15 красавiка ў Менску адбудзецца навучальны сэмiнар па вырабе рыцарскiх дасьпехаў.
Пытаньнi й заявы на ўдзел прымаюцца да 12 красавiка па e-mail: [email protected], т. 232-00-08 (Менск).
навіны за тыдзень
Вайна пэрформансаў
“Зубр” на мінулым тыдні абскакаў Малады Фронт у негалоснай вайне пэрформансаў — першым правёў пікет у абарону НТВ і сабраў на яго 30 чалавек. На маладафронтаўскі праз 2 дні выйшлі толькі 20. Удзельнікі пікетаў пускалі зялёныя балёнчыкі і бурбалкі, выгуквалі “Жыве НТВ” і, чамусьці, “Жыве Беларусь”.
Трапіў у засаду
31 сакавіка ў Берасьці быў затрыманы прадстаўнік руху «Зубр», які раскідаў улёткі ў тэатры ў часе спэктаклю «Блез і Мары». Затрымалі прадстаўніка моцнай экалягічнай арганізацыі білетніцы, якія й выклікалі міліцыю. Імя рэзыстанта з пэўных прычынаў не разгалошваецца.
навіны гаспадарскія
Мяса — Расеі, вёсцы — суботнік
З прычыны эпідэміі яшчуру ў Заходняй Эўропе Расея мае намер павялічыць экспарт сьвініны, ялавічыны і птушкі зь Беларусі. Аднак радавацца з нагоды “вяртаньня на ўсход” не выпадае — гаворка ідзе пра так званыя “цэнтралізаваныя пастаўкі”, вялікай карысьці ад якіх непасрэдна сельгасвытворцам не было ніколі. Нялішне ўзгадаць, што з-за штучнага стрымліваньня цэнаў якраз жывёлагадоўля прыносіла калгасам і саўгасам асноўныя страты. Цягам апошніх год кіраўнікі гаспадарак імкнуліся пазбыцца нерэнтабэльнай вытворчасьці, і збольшага ім гэта ўдалося. Зрэшты, нягледзячы на прыкметнае скарачэньне статку, Расею накормім. А вось ці застанецца што-небудзь для беларускага гандлю — пытаньне ўжо іншае.
На мінулым тыдні “імем рэвалюцыі” камэрцыйным банкам загадалі выдаткаваць крэдыты на пасяўную. Але гэтых сродкаў усё роўна ня хопіць, таму амаль ва ўсіх раёнах Меншчыны на “просьбу працоўных” было вырашана правесьці суботнікі або пералічыць сельскай гаспадарцы частку заробку. Дзе-нідзе настаўнікам і мэдыкам патлумачылі: не дасьцё грошай добраахвотна — не пабачыце прэміі.
Яшчэ ў цікавейшым становішчы апынуліся гандляры Камароўкі. Менгарвыканкам абвесьціў аб чарговай рэканструкцыі кірмашу, падчас якой прадпрымальнікаў папросяць “вызваліць месцы”. Дамовы на арэнду зямлі, якія большасьць уласьнікаў тутэйшых крамаў маюць да 2007 г., плянуецца скасаваць бяз выплаты кампэнсацыі.
У прамыслоўцаў свая неспадзяванка. Урад паставіў умову — ніякага бартэру. За ўсё давядзецца разьлічвацца “жывымі грашыма”, у тым ліку і за энэрганосьбіты, што ўжо прывяло да “надзвычайных мераў” з боку энэргетыкаў. Адлучэньне электрычнасьці хранічным неплацельшчыкам (у тым ліку Беларускаму мэталюргічнаму заводу, магілёўскаму “Хімвалакну”, Менскаму падшыпнікаваму заводу і г.д.) пакуль было часовым, але, мяркуючы па ўсім, не апошнім.
Аднак галоўная падзея — наперадзе. Расея ўсё ж дасьць абяцаныя летась пазыкі. І, нібы ў адказ, “палата” зьбіраецца ратыфікаваць пагадненьне аб адзінай валюце 11 красавіка. “Старгаваліся”.
Сяржук Іваноўскі
спартовы тыдзень
Бананы дапамаглі
Зборная Беларусі па тэнісе выйграла ў каманды Зымбабвэ.
Справы запахлі тухлымі бананамі ў пятніцу, калі Вова Ваўчкоў разварушыў застарэлую траўму пляча ды ня змог працягваць пачатую гульню – павялі зымбабвійцы 1:0. Максім Мірны “свайго” афрыканца абставіў. У парнай сустрэчы Мірны-Швэц першы сэт выйгралі, аднак пасьля “зьлілі” зусім белым зымбабвійцам тры партыі. Учора справы можна было выратаваць, таму беларусы інтэнсіўна сілкаваліся бананамі, якіх было навалена ў іх на століках. І перамаглі: 3:2.
Хакеісты ў Менску рыхтуюцца да нямецкага чэмпіянату сьвету, што пачнецца пры канцы красавіка. У панядзелак ды аўторак хлопцы на менскім лёдзе разамнуцца спарынгамі з “Тарпэда” зь Ніжняга Ноўгараду — расейскім серадняком. Юнацкая зборная працягвае сьвяткаваць сваё вяртаньне ў эліту, аформленае тыдзень таму ў Рызе.
У футбольнай гаспадарцы — чарговая заваруха. Прыжучылі вядомага арбітра Генадзя Якубоўскага, які, паводле сьледчых, заціскаў падаткі ды гроб “няправільныя” грошы на трансфэрных справах. А ў сераду бярэ старт нацыянальны чэмпіянат — колькасьць удзельнікаў якога скарочаная да 14-ці.
Богусь Біятлянёнак
Пацярпелыя за Беларусь
Сябры КХП-БНФ Пятро Сарапеня, Ян Талпыга, Руслан Салаўян ды Ігар Марозаў былі затрыманыя ў ноч на 1 красавіка за распаўсюджваньне ўлётак “Абаронім Бацькаўшчыну ад расейскіх акупантаў”. Сябар Маладога Фронту Павал Мягкоў быў затрыманы ў цягніку ў Воршы, калі ехаў у Маскву пратэставаць супраць інтэграцыі Беларусі й Расеі — відаць, у Маладым Фронце адбываецца многа ўцечак інфармацыі. У Віцебску за правядзеньне несанкцыянаванага пікету Сяргею Аксімовічу далі штраф 150 мін. заробкаў. Алеся Бяляцкага і Паўла Севярынца пасадзілі на 10 ночаў за Дзень Волі, Юр’я Беленькага — на 15 ночаў. 2 красавіка масава затрымлівалі ўдзельнікаў збору подпісаў за незалежнасьць Беларусі, арганізаванага КХП-БНФ: пацярпелі Валянціна Мароз, Тацяна Цяцёркіна, Тамара Сакольчык, Сьвятлана Сачанка, Аляксей Тарала, Сьвятлана Бельская, Лідзія Пянькоўская, Уладзімер Кучараў, Уладзімер Юхо, Галіна Тамчук, Уладзімер Цімашэвіч. Аляксея Шэіна і Сержука Лісічонка затрымалі на ганку Дзярждумы ў Маскве, дзе яны пратэставалі супраць таго, што Расея квапіцца на Беларусь. Старшыню Крычаўскай арганізацыі БНФ Анатоля Белазерцава ды актывіста Валер’я Парфімовіча пакаралі штрафамі на 3 ды 5 мін. заробкаў. У Барысаве Аляксандар Абрамовіч, Алеся Ясюк, Марына Статкевіч, Алесь Барадуля і Зьміцер Фядорчанка былі затрыманыя за пакет у падтрымку НТВ. Першага пасадзілі на 10 ночаў. Скіны на юнацкай тусоўцы ля “Макдональдзу” ў Менску пачалі абражаць юнакоў, якія мелі бел-чырвона-белыя значкі. Завязалася бойка. У выніку некалькіх сяброў Партыі Свабоды затрымаў АМАП. У ноч на 5 красавіка былі затрыманыя сябры “Зубра”: Аляксей Шыдлоўскі, Цімох Дранчук, Зьміцер Драпачка і Алесь Апраніч. Па факце пісаньня на сьценах заведзеная крымінальная справа паводле артыкула 341 новага кодэксу (“Апаганьваньне збудаваньняў і пашкоджаньне маёмасьці”). Пасьля трох сутак арышту іх выпусьцілі пад падпіску пра нявыезд. 6 красавіка Алега Мяцеліцу засудзілі за распаўсюд на Бялыніцкім рынку газэты «Народны Прэзыдэнт» ды налепкі «Зубр». Далі штраф 28500 руб.
Каментары