Архіў

Сяргей Абламейка. Пра Надсана

№ 33 (242), 13 жніўня 2001 г.


 Водгукі

Пра Надсана

Гадоў 6—7 таму, калі стала відавочна, што першая хваля новага беларускага Адраджэньня захлынаецца, я адчуў, як памалу з-пад ног пачала сыходзіць глеба.

 

Раптам стала зразумела, што Беларусь і беларусы нікому не патрэбныя ні ў сьвеце, ні нават у самой Беларусі, што з часоў напісаньня Купалам “Тутэйшых” нічога не зьмянілася — у Беларусі па-ранейшаму рэалізуюць свае інтарэсы Расея і Польшча, а нам няма месца на сваёй зямлі. Гэта няпраўда, што за шырокія плечы нацыянальнай ідэі хаваюцца слабыя ў жыцьцёвым і асабістым пляне людзі. Проста эгаізм і прагматызм некаторых з нас быў (і застаецца) троху слабейшы за жаданьне, каб родныя людзі жылі добра…

Глеба з-пад ног пачала сыходзіць, а ў галаву прыйшлі пытаньні — як быць далей? Ці ёсьць надзея, што Беларусь застанецца? Што яна паўстане з каленяў ізноў? Дзе ўзяць маральныя сілы для працы? І ці патрэбная тая праца?

Пра гэтую сваю праблему я расказаў тады айцу Аляксандру Надсану падчас адной з нашых гутарак. І ў адказ пачуў:

— Братка, што ж казаць мне? Я цэлае жыцьцё так жыву і працую…

На гэтым мае сумненьні скончыліся.

Ён ня меў непасрэднага дачыненьня да адраджэньня Уніі ў Беларусі. На момант ягонага першага прыезду ў Беларусь у сакавіку 1990 г. нашая ўніяцкая група ўжо існавала паўгоду, і айцец Аляксандар быў моцна ўражаны, калі, пасьля сустрэчы на вакзале, ён падышоў да мяне ля рэцэпцыі гатэлю і спытаў, хто я такі.

— Я ўніят. Нас тут некалькі, і мы хацелі б пагаварыць з Вамі.

Прыблізна гэтак адказаў тады я і ўбачыў сьлёзы ў ягоных вачах…

Царква паўстала зь нябыту і адразу займела высокапрафэсійныя і Боганатхнёныя пераклады ўсіх царкоўных тэкстаў з арыгіналаў, выкананыя айцом Аляксандрам, глыбокім знаўцам Бібліі й дзясятка моваў. Ягоныя тэксты дзіўным чынам адбіваюць памежную і сынтэтычную сутнасьць старой Уніі — яго мова і не заходняя, і ня ўсходняя, яна — і тая, і тая, і адначасова проста добрая беларуская. Няма чаго і казаць, што менавіта ягоны варыянт найбольш надаецца для агульнабеларускага міжканфэсійнага перакладу Бібліі.

Мала каму вядомы чыста царкоўны бок дзейнасьці айца Аляксандра, а ён у апошнія 20 гадоў — галоўны абаронца нацыянальна-рэлігійных правоў беларусаў. Процьму разоў ён стукаўся ва ўсе дзьверы Апостальскай Сталіцы, напісаў безьліч зваротаў, рапартаў і заяваў, нажыў рэпутацыю нязручнага чалавека і нацыяналіста. А я вось, добра разумеючы плённасьць і кончую неабходнасьць кампрамісу і гнуткасьці, часам думаю і пра парадаксальны плён нязломнасьці. Менавіта цьвёрдасьць і пасьлядоўнасьць пазыцыі робіць чалавека сымбалічнай постацьцю. Сымбалічная постаць можа памыляцца, можа мець свае няслушнасьці й слабасьці, яе спрабуюць выкарыстаць (і выкарыстоўваюць) нядобрасумленныя асобы, але памятаць яе будуць не за памылкі… Айцец Аляксандар Надсан — гэта царкоўны Зянон Пазьняк. Два сымбалі Беларушчыны, нацыянальны і рэлігійны…

Айцец Аляксандар Надсан сёньня (хоць сам і не марыянін) — апошні прадстаўнік магутнай ва ўсіх адносінах групы беларускіх грэка-каталіцкіх сьвятароў-марыянаў: архімандрыта Лява Гарошкі, айца Язэпа Германовіча (Вінцука Адважнага), айца Тамаша Падзявы, біскупа Часлава Сіповіча ды іншых, рэлігійны, культурны і нацыянальны даробак якіх яшчэ дачакае сваёй належнай ацэнкі.

І таму тым, хто сёньня апанаваны сумненьнем, ці Беларусь застанецца, і што ж рабіць у цяперашнія смутныя часы, я нагадваю пра аднаго старога беларускага сьвятара зь Лёндану, які, ня ведаючы, ці будзе Беларусь, 55 гадоў працаваў дзеля яе на чужыне.

Многая лета, дарагі ойча!

Сяргей Абламейка, Прага


Каментары

Цяпер чытаюць

«Муж сышоў з Сіплым і Малым». Імаверна, пад Краматорскам украінцы адным махам убайдосілі трох беларускіх наёмнікаў19

«Муж сышоў з Сіплым і Малым». Імаверна, пад Краматорскам украінцы адным махам убайдосілі трох беларускіх наёмнікаў

Усе навіны →
Усе навіны

Фядута пра Ігара Аліневіча: Спрачацца было бессэнсоўна. Але мы працягвалі гэта рабіць, з перапынкамі на допыты і ператрусы2

Сын Наталлі Пяткевіч з прыдыханнем расказаў, што знайшоў працу ў піцерскай фірме18

У найстарэйшым нацыянальным парку Афрыкі нарадзілася пара сімпатычных рэдкіх горных гарыл

Севярынец расказаў, як яго адпусцілі з СІЗА на тры дні дадому. А ён сумленна вярнуўся ў камеру10

«Белавія» аднавіла палёты ў Ізраіль1

Тром мытнікам, якіх судзілі за здраду дзяржаве, далі гіганцкія тэрміны5

За Мадура сачылі мікрадроны памерам з насякомае?1

Натхнёныя «Аземпікам» фармкампаніі ўступілі ў гонку па распрацоўцы аналагаў для жывёл

Беларуская IT-кампанія адправіла літоўскі экіпаж на ралі «Дакар-2025»11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Муж сышоў з Сіплым і Малым». Імаверна, пад Краматорскам украінцы адным махам убайдосілі трох беларускіх наёмнікаў19

«Муж сышоў з Сіплым і Малым». Імаверна, пад Краматорскам украінцы адным махам убайдосілі трох беларускіх наёмнікаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць