Архіў

Юлія Андрэева. Мода не памянялася

№ 2 (264), 11 студзеня 2002 г.


Мода не памянялася

агляд музычнага году

Увечары 7 студзеня Лукашэнка ўручыў прэміі ”За духоўнае адраджэньне”, прызначаныя Праваслаўнай царквой і Міністэрствам культуры, а таксама спэцыяльныя прэзыдэнцкія прэміі за творчыя дасягненьні ў мінулым годзе. Значную частку гэтых узнагародаў атрымалі музыкі — асобныя творцы і цэлыя калектывы.

Так, адну зь пяці прэміяў “За духоўнае адраджэньне” атрымала Ўзорная капэля хлопчыкаў і юнакоў Берасьцейскага абласнога палацу культуры прафсаюзаў. У ліпені 2000-га яна здабыла залаты мэдаль Сусьветнай харавой алімпіяды, што праходзіла ў аўстрыйскім горадзе Лінцы. Уганараваўшы берасьцейцаў залатым мэдалём, арганізатары даслалі Лукашэнку ліст-падзяку — ня ведалі, што капэля езьдзіла на Алімпіяду без усякае падтрымкі з боку Міністэрства культуры. Мабыць, міністэрскім чыноўнікам зрабілася сорамна, і яны вылучылі дзяцей на прэмію — мільён беларускіх рублёў.

Сярод ляўрэатаў таксама кампазытарка Галіна Гарэлава. Яе ўганаравалі за стварэньне канцэрту “Траецкія фрэскі” для дзьвюх трубаў і аркестру. Гэты твор у чарговы раз гучаў падчас адкрыцьця новага філярманічнага сэзону. Прыгожая п’еса!

Прэмію “за падрыхтоўку прафэсійных кадраў” атрымаў народны артыст Беларусі цымбаліст Яўген Гладкоў. Сярод ягоных вучаніц — легендарная цымбалістка Ангеліна Ткачова, якая зараз жыве й працуе ў Грэцыі, а таксама заслужаная артыстка Беларусі Ларыса Рыдлеўская. Прафэсар Гладкоў паўплываў на многіх нашых кампазытараў, якія цяпер з захапленьнем пішуць творы для цымбалаў — Віктара Войціка, Вячаслава Кузьняцова, Уладзімера Кур’яна, Уладзімера Каральчука і інш.

Андрэй Шпянёў — адзін зь вядучых артыстаў Дзяржаўнага канцэртнага аркестру Беларусі — таксама атрымаў прэмію. Згодна з афіцыйнай фармулёўкай — “за высокамастацкае аранжаваньне музычных твораў”. Аднак акурат летась вызначыўся іншы аранжавальнік гэтага ж аркестру — гітарыст Уладзімер Ткачэнка, аўтар “Сымфоніі “Бітлз” і “Сымфоніі “Песьняроў”. А Шпянёў аранжаваў архіўныя творы, якія прагучалі на пазалеташнім фэстывалі “Музы Нясьвіжу”. Рэпэртуар гэтага фэсту складала кандыдатка мастацтвазнаўства Вольга Дадзіёмава, якая таксама атрымала прэмію за сваю кнігу “Нарысы па гісторыі музычнай культуры Беларусі”.

У галіне мастацкай самадзейнасьці прэмію атрымаў Уладзімер Гарачаў — кіраўнік лідзкага ансамблю народнай музыкі “Калі ласка”. Гэты калектыў вядомы ў колах спэцыялістаў, аднак звычайныя слухачы яго амаль ня ведаюць. Яўгену Раўтовічу, прафэсару Беларускага ўнівэрсытэту культуры, далі прэмію “за стварэньне ўласнай школы харавога выкананьня”, пра якую, праўда, ніхто ня чуў.

Такі адбор ляўрэатаў відавочна адлюстроўвае прыхільнасьці наступніка Замяталіна — Івана Карэнды. А якія падзеі музычнага жыцьця засталіся па-за ўвагай прэзыдэнцкіх чыноўнікаў й не былі адзначаны прэміямі?

Сярод самых цікавых леташніх твораў называюць сымфонію Алега Хадоскі “Белая Русь”, а таксама араторыю Зьмітра Смольскага “Heretis”, прысьвечаную памяці ахвяраў інквізыцыі. Гэта агромністы твор, з выкарыстаньнем архіўных дакумэнтаў на трох мовах: ангельскай, нямецкай і расейскай. Галоўныя дзейныя асобы — музыкі нямецкага мэтал-гурту “Rage”. Цяжкая музыка спалучаецца з мэлядэклямацыяй і традыцыйным гучаньнем сымфанічнага аркестру. Але гэты твор наўрад ці прагучыць у Беларускай філярмоніі: гастрольны графік “Rage” расьпісаны на гады наперад.

Філярмонія ўвогуле ня песьціць слухачоў новымі беларускімі творамі. Летась яны гучалі выключна ў рамках фэстаў. “Менская вясна 2001 — Эўрапейскія музычныя сустрэчы” адчынілася выкананьнем аркестравай фрэскі “Велікодныя званы”, напісанай Людмілай Шлег да 2000-годзьдзя хрысьціянства. “Беларуская музычная восень” распачалася з сымфоніі-канцэрту “Радасьць” Андрэя Мдзівані. Абодва творы былі выкананыя дасканала, аднак ніводзін зь іх не зрабіў сапраўды моцнага ўражаньня. “Велікодныя званы” выявіліся гучнымі й экзальтаванымі, у стылі расейскіх постмадэрнісцкіх сымфоніяў пачатку 80-х ХХ ст. Сымфонія-канцэрт нагадвала саўндтрэк да галівудзкіх фільмаў: бесканфліктная музыка, скампанаваная часам выпадкова. Гэткае ўражаньне магло скласьціся з-за кантрасту з кантатай Сяргея Пракоф’ева “Сямёра іх” (“Халдэйскі заклён”) на верш Бальмонта, якая прагучала ў той самы вечар. Гэты твор, у якім выразна чуваць сьмяротны поступ нованароджанай бальшавіцкае ўлады, ніколі раней не выконваўся ў Менску. Самае сьмешнае, што ў ананімнай рэцэнзіі, надрукаванай на сайце http://nacbibl.org.by, яна была названая “Сямёра казьлянятаў”. На фоне гэткіх “казьлянятаў” большасьць сучасных беларускіх твораў выглядаюць састарэлымі й вялымі.

Асабліва расчараваў “Адзінокі птах” Алега Залётнева на вершы Міцкевіча і Чачота — твор, прызначаны для філярмоніі, а не для опэрнага тэатру, хоць і названы чамусьці опэрай. Нават атмасфэра скандалу вакол прэм’еры ня здолела выратаваць дрэнна аркестраваную музыку Залётнева.

Часам здаецца, што замежныя кампазытары лепей разумеюць душу беларускай паэзіі, чым самі беларусы. Гэткае ўражаньне склалася ў мяне пасьля нямецка-беларускай вечарыны “І вынайшаў я крылы — вось яны…”, што адбылася 6 верасьня ў менскім касьцёле Сьв.Роха. Галоўнымі героямі імпрэзы былі Алесь Разанаў ды нямецкі кампазытар Ёган Готлаб фон Урохем, які выконваў свае творы на вершы паэта. Кампазытар дэклямаваў іх (па-нямецку), адначасова кранаючы струны раялю. Яшчэ ён вадзіў па струнах жалезным друком і раскідаў па іх шкляныя шарыкі. Гэта было дзіўна, часам нудна, аднак слухалася лепей за творы некаторых нашых кампазытараў, што цьвёрда трымаюцца музычнага стылю, распрацаванага яшчэ Анатолем Багатыровым.

Значна болей дзёрзкасьці ў камэрных творах сяброў Беларускага таварыства сучаснай музыкі. Яно зладзіла ў рамках “Беларускай музычнай восені” невялікі фэст, дзе гучалі творы 30—40-гадовых аўтараў. Крыху прэтэнцыёзныя містычныя экзэрсысы Ганны Кароткінай (гэтая энэргічная кампазытарка спрабуе адрадзіць “музычныя серады” ў Саюзе кампазытараў), мудрагелістыя музычныя шарады Зьмітра Лыбіна, эпатажныя, па-майстэрску выпісаныя творы Вячаслава Кузьняцова, элегантныя, добра абмысьленыя п’есы Аляксандра Літвіноўскага. Шкада, што летась мы не пачулі ніводнага твору Валер’я Воранава — гэты 30-гадовы кампазытар зьехаў на вучобу ў Кёльн. У сакавіку 2001-га ягоная п’еса для струннага аркестру “Autumn music” атрымала першую прэмію на Міжнародным конкурсе кампазытараў у Нямеччыне. А ў верасьні Воранаў перамог на кампазытарскім конкурсе ў Варшаве. Цяпер ён асыстэнт-стажор у электроннай студыі Вышэйшай школы музыкі Кёльну. Аднак ягоныя творы ў беларускіх канцэртных залях амаль не гучаць.

А Сяргей Картэс летась скончыў працу над чацьвертай сваёй опэрай. “Юбілей” паводле апавяданьня Антона Чэхава — першая беларуская камічная опэра, напісаная ў традыцыях Расіні. Яна мела вялікі посьпех на фэстывалі ў Салятурне (Швайцарыя). У лютым гэты спэктакль убачаць менскія гледачы. “Юбілей”, як і ўсе ранейшыя опэры Картэса, напісаны на расейскі тэкст. Што праўда, цяпер кампазытар працуе над опэрай паводле аповесьці Ўладзімера Караткевіча “Ладзьдзя роспачы”. Рыхтуецца да пастаноўкі і “Пані Ядзьвіга” Ўладзімера Солтана.

А пакуль з трыццаці опэраў, якія ідуць на сцэне Нацыянальнага тэатру, 19 — італійскія (18 зь іх гучаць на мове арыгіналу), адна нямецкая, адна француская, шэсьць расейскіх, дзьве беларускія… У сакавіку ў беларускай Опэры адбыўся фэст, прымеркаваны да 100-годзьдзя з дня сьмерці Джузэпэ Вэрдзі. Сёньня ў рэпэртуары нашае Опэры ажно 9 ягоных твораў, улучна з Рэквіемам. Няшмат якія тэатры сьвету могуць гэткім пахваліцца. З квіткамі на фэстывальныя канцэрты былі цяжкасьці, нягледзячы на адсутнасьць вядомых сьпевакоў-гастралёраў. Хоць славутыя землякі абмінаюць родны тэатар! Марыя Гулегіна сьпявае найбольш у нью-ёрскай Metropolitan Opera. А ейная вучаніца Ірына Гардзей — у спэктаклях “Баль-маскарад” і “Сіла лёсу” ў лёнданскім Covent Garden. Аднак нашая публіка й ня думала сумаваць, балазе Тамара Глаголева з Наталяй Рудневай сьпяваюць у свае найлепшыя дні ня горш.

А Вэрдзі — гэта заўжды Вэрдзі, асабліва для беларускага вуха, разьмілаванага ў пекных італійскіх мэлёдыях. Дзьве з трох леташніх прэм’ераў Нацыянальнага тэатру — гэта опэры Вэрдзі “Трубадур” і “Атэла”. Трэцяя — “Барыс Гадуноў” у пастаноўцы Мікалая Пінігіна. Ён мусіў быць галоўнай падзеяй году, адна ва умовах панаваньня італійскае музыкі ў нашай Опэры ўкараніўся й эўрапейскі спосаб сьпяваньня, несумяшчальны з эстэтыкай Мусаргскага. І замест вернападданіцкага жэсту ў бок “старэйшага брата” атрымалася карыкатура.

У Філярмоніі летась не ставала сапраўдных падзеяў. Прыгадваецца хіба той студзеньскі вечар, калі Андрэй Паначэўны выконваў Другі фартэпіянны канцэрт Рахманінава. Гэта быў піянізм найвышэйшае клясы, які нячаста даводзіцца чуць. Выступленьні іншых піяністаў былі ня гэткімі запамінальнымі. Дэбютны сольнік Аляксандра Музыкантава ў сакавіку быў далёкі ад дасканаласьці, хаця й сьведчыў пра выдатныя здольнасьці 17-гадовага ляўрэата. Расчараваў выступ Зьмітра Марозава на юбілейнай імпрэзе ягонай прафэсаркі Валянціны Рахленкі. Пяць гадоў таму Зьміцер эміграваў у Нямеччыну, вучыўся ў Кёльне, але ў параўнаньні зь беларускімі піяністамі — Андрэем Паначэўным, Андрэем Сікорскім, Юзафам Сяргеем, Юрасём Бліновым, Аляксандрам Музыкантавым — яму не стае прафэсіяналізму.

Ня дужа цікавымі былі й леташнія сымфанічныя імпрэзы. Мінулыя гады наш філярманічны аркестар ці не штотыдня частаваў менчукоў буйнымі сымфоніямі. Дырыжоры, якія працавалі з аркестрам, — П’ер Дамінік Панэл, Віктар Собалеў, Генадзь Праватораў — літаральна спаборнічалі ў колькасьці выкананых сымфоніяў Брукнэра, Малера, Сыбэліюса і Шастаковіча. Кульмінацыяй была “Турангаліла” Мэсыяна ў чэрвені 2000 г. Летась іх відавочна не ставала. Адчуваецца й нястача тэатралізацыі. Пасьля Мішы Каца, які ў ролі галоўнага дырыжора вычарпаў усе рэсурсы штукарства, дырыжоры, зрэшты, і вымушаныя паводзіць сябе на сцэне вельмі стрымана.

Выдатнае ўражаньне пакінуў канцэрт 23 лістапада, калі філярманічны аркестар пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава выконваў творы сучасных нідэрляндзкіх кампазытараў. Усё захапляла — і музыка, і выкананьне. Найчасьцей на канцэртах нашага сымфанічнага аркестру падабаецца нешта адно. Бываюць і выпадкі анэкдатычныя, калі якое-небудзь сола на трубе выклікае нястрыманы рогат нават у чыноўнікаў зь Міністэрства культуры. Слухаючы такое на канцэрце нашага галоўнага аркестру, разумееш, што ў калектыве насьпеў час для радыкальных пераменаў. Тут не абыдзешся касмэтычнай ператасоўкай дырыжораў!

Замала падзеяў, замала адкрыцьцяў... Хіба што гастралёры прыяжджалі лепшыя, чым у мінулыя гады. Абышлося без хрыпатых вакалістаў з Масквы й Вены, састарэлых піяністаў ды іншых дзівосаў з кунсткамэры поп-клясыкі. У верасьні адбыўся цікавы канцэрт індыйскай клясычнай музыкі з удзелам цымбалісткі Ларысы Рыдлеўскай, у кастрычныку — канцэрт музыкі японскай. На Вялікдзень у Філярмоніі выступаў тэнар Сяргей Ларын, у сьнежні — расейскі Квартэт імя Барадзіна.

Зрухі ў бок беларушчыны ў нашай Опэры й Філярмоніі відавочныя. Год 2001-ы адзначыўся небывалай дагэтуль цікаўнасьцю да беларускай музыкі. Нават тэлеграфнае агенцтва БЕЛТА згадала ў сваёй стужцы навінаў пра 115-я ўгодкі Міколы Равенскага і 130-я ўгодкі Ўладзімера Тэраўскага. Яшчэ нядаўна імёны гэтых кампазытараў замоўчваліся, хоць Равенскі быў аўтарам першай беларускай опэры “Браніслава”, а Тэраўскі — пачынальнікам харавога мастацтва ў Беларусі.

Зрухі ў бок беларускасьці назіраліся і ў неакадэмічных жанрах музыкі. Мінулы год можна было назваць годам Палянэзу. Усё першае паўгодзьдзе ў гіт-парадах FM-станцыяў упэўнена займаў першае месца Палянэз Агінскага з альбому “Я нарадзіўся тут”. А 1 верасьня ў Маладэчне быў адкрыты помнік Міхалу Клеафасу Агінскаму. Значная частка сродкаў на яго была сабраная дабрачынным канцэртам, што прайшоў 17 лютага ў Філярмоніі. Гэта цалкам новая зьява ў беларускім музычным жыцьці, новы спосаб выяўленьня народнае любові й пашаны.

Новай сталася і тэндэнцыя да адраджэньня чаго-любя: беларускіх масавых песень 1920—70-х (“Я нарадзіўся тут”), рыцарскай лірыкі, якая існавала ці то ў сапраўднасьці, ці толькі ў фантазіях сучасных адраджэнцаў (“Легенды Вялікага Княства”, сэнсацыйны “Стары Ольса”), беларускай капэлі пэрманэнтна і г.д. Дзяржаўны канцэртны аркестар у сваёй апошняй філярманічнай праграме, прымеркаванай да 15-х угодкаў, згадваў знаёмыя мэлёдыі “Бітлз” і “Песьняроў”. Самі мулявінскія “Песьняры” амаль не гучаць у Менску, затое іхны канцэрт у Адэсе, шчодра аплачаны кіраўніцтвам тамтэйшай пякарні і заводу шампанскіх вінаў, стаўся для сантымэнтальных адэсітаў ледзь не галоўнай культурнай падзеяй году. А колішні гурт “Сузор’е” намагаўся адрадзіць сам сябе. 15 кастрычніка ў Менск прыляцеў з Чыкага прадусар Валянцін Пучынскі, які калісьці пісаў для гурту песьні. Цяпер ён працуе ў аддзеле мэнэджмэнту Чыкагскага сымфанічнага аркестру. Пучынскі наладзіў сэрыю канцэртаў “Сузор’я” ў аднайменнай кавярні, дзе гурт дэбютаваў у 1977 г.

Усе гэтыя настальгічныя экспэрымэнты падмацоўваюцца “мэйнстрымам” неакадэмічнай музыкі. Галоўнай плыньню у ёй застаецца фольк. Яшчэ год таму найлепшымі ў гэтым жанры былі “Крыві” зь вясельнымі песьнямі, запісанымі ў Касьцюковіцкім раёне. Але пасьля разводу з Вэранікай Зьміцер Вайцюшкевіч усё больш часу прысьвячае самастойным праектам. 6 сьнежня ў Тэатры юнага гледача адбылася прэзэнтацыя ягонага першага аўтарскага дыску “Цацачная крама”. Тым часам месца “Крыві” пераймаюць іншыя калектывы. “Ліцьвіны” бліскуча выступілі летась у Доме культуры МТЗ. Цёплай сэнсацыяй стаўся альбом “Тэмпаральнасьць” — сумесны праект гуртоў “Ветах” і “Верас”. Самі аўтары называюць свой кірунак “пост-фальклёрам”, хоць нічога “пост-фальклёрнага” ў ім няма, а ёсьць спроба глыбокага пранікненьня ў таямніцы каляндарнага сьпеву і традыцыйных танцаў.

Вось такім быў 2001-ы — мітусьлівым, праснаватым, перанасычаным другаснымі падзеямі. Але ён падарыў нам пэўнасьць, што беларуская музыка — як і мова, як і культура, як і незалежнасьць — нікуды ня зьнікне. Хоць вельмі яшчэ ня хутка азначэньне “беларуская” ў дачыненьні да яе з геаграфічнага канчаткова ператворыцца ў сутнаснае.

Юлія Андрэева


Каментары

Цяпер чытаюць

Зніклы Котаў выехаў з Турцыі морам — магчыма, у бок Расіі3

Зніклы Котаў выехаў з Турцыі морам — магчыма, у бок Расіі

Усе навіны →
Усе навіны

У Расіі адкінулі еўрапейскія прапановы адносна гарантый Украіне3

Абельская расказала пра ўнука22

У Даніі раскрылі аперацыю ўплыву ЗША, скіраваную на захоп Грэнландыі10

Мінскі рэстаран Mon Nom пасля скаргаў на атручэнні закрыла санстанцыя

Пакістан абяцае адпраўляць у Беларусь толькі найлепшыя кадры15

Сыр падаражэў, пакуль пакупніца дайшла да касы5

«Гэта калонія для непаўналетніх, а не школа!» Бацькі школьнікаў абураюцца забаронай на смарт-гадзіннікі11

Сі Цзіньпін праводзіць маштабную чыстку ў кітайскай арміі6

Рыбалоўная крама адсудзіла ў жанчыны 500 рублёў за водгук на адну зорку на Яндэксе

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зніклы Котаў выехаў з Турцыі морам — магчыма, у бок Расіі3

Зніклы Котаў выехаў з Турцыі морам — магчыма, у бок Расіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць