Архіў

Пагражае турма

№ 23 (285), 21 чэрвеня 2002 г.


працэс “Пагоні”

Пагражае турма

18 чэрвеня суд па справе Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі перайшоў у стадыю спрэчак бакоў. Судовае сьледзтва скончылася яшчэ 13 чэрвеня. У той дзень зранку на дзьвярах усіх мужчынскіх прыбіральняў Ленінскага суду зьявіліся аднолькавыя, акуратна зробленыя шыльдачкі “Не работает”. Жаночыя прыбіральні працягвалі працаваць. Хоць, напэўна, выглядаюць зь сярэдзіны ня лепей за мужчынскія. Відаць, у судзе чакалі замежных дыпляматаў, якія прысутнічалі на першых паседжаньнях і зьбіраліся прыехаць на яго заканчэньне. Дыпляматаў судовыя “ленінскія” прыбіральні, безумоўна, уразілі.

Адвакат М.Маркевіча С.Цурко зь Менску зазначыў у судзе наступнае. Матэрыялы арыштаваных нумароў “Пагоні” (№36 і 37 за верасень 2001 г.) сьледзтва атрымала з дапамогай КДБ — з парушэньнямі Крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Ня быў аформлены пратакол выманьня матэрыялаў з Інтэрнэту, не было панятых. А доказы, атрыманыя з парушэньнем заканадаўства, ня маюць юрыдычнай сілы. Таму яны ня могуць быць пакладзеныя ў аснову абвінавачаньня. Адвакат П.Мажэйкі А.Бірылаў пазнаёміў суд з экспэртнай высновай сябра Беларускага ПЭН-цэнтру М.Тычыны адносна таго, што ў публікацыях “Пагоні” не было паклёпу. Адвакаты зачыталі таксама шматлікія лісты ў абарону журналістаў — ад грамадзкасьці, журналісцкіх арганізацыяў, ПЭН-цэнтру, Міжнароднага суду па правах чалавека ў Страсбургу ды іншых. А галоўны спэцыяліст па інтэрнэт-праграмах Гарадзенскага ўнівэрсытэту Ю.Тарасевіч засьведчыў, што матэрыялы арыштаваных нумароў газэты, атрыманыя сьледзтвам нібыта з сайту “Пагоні”, маглі быць узятыя адкуль заўгодна. Пагатоў, адрас сайту на іх адсутнічае.

Мікола Маркевіч зьвярнуў увагу суду на наступную досыць дзіўную акалічнасьць. У дакумэнтах абласных КДБ і пракуратуры ад 5 верасьня 2001 г. (дзень арышту ў друкарні накладу №36) гаворыцца аб факце “надрукаваньня” або “публікацыі” матэрыялаў у №36. Хоць вядома, што наклад быў арыштаваны каля друкарскага варштату. Такім чынам, нумар не распаўсюджваўся. Дык пра якую публікацыю можна казаць? Газэта ж так і ня выйшла! А значыцца, з самага пачатку ў справе была нейкая фальсыфікацыя.

Раніцай 18 чэрвеня ў судзе сьмярдзелі прыбіральні. Гэта адчувалася нават у залі, дзе павінен быў адбыцца працэс. Прычым, прыбіральні не працавалі. Перад самым пачаткам слуханьняў у залі зьявіліся тры сталічныя госьці — рэдактар “Народнай волі” Я.Сярэдзіч ды віцэ-прэзыдэнты БАЖ Ю.Тапарашаў і А.Гуляеў. Для іх знайшлося месца толькі на лаве падсудных — у загарадцы. Я.Сярэдзіч паведаміў прысутным, што яму давялося шукаць прыбіральню ў суседнім, “дзяржстрахаўскім” будынку, а за гэты час усе месцы ў залі пазаймалі.

Гарадзенскі краязнаўца А.Талерчык распавёў грамадзе, што ў 1833 г. у Горадні царскі суд пакараў сьмерцю групу патрыётаў на чале зь Міхалам Валовічам. Апошні меў маёнтак у роднай вёсцы сп.Талерчыка — Парэччы (Слонімшчына). Краязнавец падпісаў і падараваў падсудным і іхным адвакатам сваю кніжку пра Парэчча. Мікола Маркевіч не без іроніі зазначыў: “Спадзяюся, што наш лёс будзе лепшым за лёс Валовіча”.

Тым часам пачаўся суд, слова атрымаў дзяржаўны абвінаваўца У.Рабаў. Ён сказаў, што лічыць журналістаў віннымі ў паклёпніцтве на А.Лукашэнку і просіць для Паўла Мажэйкі 2 гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму. Некалькі дзецюкоў ускочылі і пачалі скандаваць: “Ганьба!” Судзьдзі Т.Клімавай нічога не заставалася, як перапыніць паседжаньне да раніцы серады. На наступным паседжаньні абвінаваўца папрасіў для Міколы Маркевіча 2,5 гаду турмы.

Сяргей Краўцоў


Каментары

У Рэчыцы людзі выйшлі прыбіраць снег. Іх аштрафавалі6

У Рэчыцы людзі выйшлі прыбіраць снег. Іх аштрафавалі

Усе навіны →
Усе навіны

Віцэ-прэзідэнтка Венесуэлы: Ёсць толькі адзін прэзідэнт, і яго імя Нікалас Мадура20

Кітайская кампанія BYD абагнала Tesla і стала найбуйнейшым у свеце прадаўцом электрамабіляў5

«Праз пяць хвілін ужо ведаў міністр». Саладуха расказаў пра страшную аварыю год таму3

Латушка пасля захопу Мадура агучыў адзіны сцэнар для атачэння Лукашэнкі14

Бабарыка расказаў, якую параду яму даў просты чалавек, які застаўся ў Беларусі52

Трамп пра Мачада: У яе няма падтрымкі ўнутры краіны, хоць яна вельмі мілая жанчына14

Трамп расказаў падрабязнасці захопу Мадура. Асноўнае29

Як сачылі за Мадура?10

Нобелеўская лаўрэатка Марыя Карына Мачада: Мы гатовыя ўзяць уладу ў Венесуэле15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Рэчыцы людзі выйшлі прыбіраць снег. Іх аштрафавалі6

У Рэчыцы людзі выйшлі прыбіраць снег. Іх аштрафавалі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць