Набліжэньне вясны і выбараў у мясцовыя саветы актывізавала дзейнасьць арганізаванай моладзі. Ужо цяпер хтосьці пазіруе замежным журналістам з аўтаматам у руках, а хтосьці змагаецца за дэпутацкі мандат.
«Малады фронт» астыў
Павал Севярынец ФОТА BARCNEWS |
Шэрагі «МФ» значна парадзелі ў параўнаньні з 2001-м — годам выбараў. Павал Севярынец кажа, што ў арганізацыі засталося 1,5 тыс. чалавек. «Цяпер вялікая апатыя ў грамадзтве, а моладзь жа рэзка падымаецца і рэзка астывае. Таму людзей паменела, але якасьць іншых кшталтуецца», — канстатуе кіраўнік «МФ». Паводле ягоных словаў, сёньня ў арганізацыю больш запісваюцца «людзі творчыя, хрысьціяне і дзяўчаты». У неспакойны ж час мітынгаў і дэманстрацыяў у «МФ» прыходзілі хлопцы.
Тым ня менш, нягледзячы на гэты спад актыўнасьці, у мясцовых выбарах будуць удзельнічаць 35 прадстаўнікоў «МФ». Гэта найбольшая сярод усіх моладзевых арганізацый лічба. Сам Павал не балятуецца.
«Зубр» на выбары не ідзе
«Зубр» ФОТА IREX-PROMEDIA |
Сёньня самыя моцныя структуры «Зубр» мае ў Менску і Менскай вобласьці. Па словах А.Атрошчанкава, цяпер у арганізацыі налічваецца 1,5—2 тыс. актывістаў (тых, хто прымаў прысягу).
Патрэба легалізацыі
![]() |
МАРЫНА АЗАРОНАК ФОТА АНДРЭЯ ЛЯНКЕВІЧА |
Сябры «МСД» паспрабуюць сілы на мясцовых выбарах. Старшынька арганізацыі Марына Азаронак кажа, што некаторыя зь іх ідуць на выбары шляхам збору подпісаў, іншыя, якія зьяўляюцца сябрамі БСДП (НГ), вылучаюцца ад яе суполак. Менск, Віцебск, Салігорск, Бабруйск, Баранавічы — геаграфія небагатая. Як і ва ўсіх апазыцыйных структураў, зрэшты. Сама М.Азаронак не балятуецца па сямейных абставінах (нядаўна нарадзіла дзіця), але на выбары йдзе ейны намесьнік Павал Гормаш.
«МСД» хочуць легалізавацца, але летась зарэгістравацца арганізацыі не ўдалося. Сёлета будзе чарговая спроба. Адсутнасьць легальнага статусу перашкаджае браць удзел у выбарах і пашыраць шэрагі.
ТАЦЯНА АЛЕСІНА ФОТА АНДРЭЯ ЛЯНКЕВІЧА |
Хрысьціяне плюс лібэралы
З 1997 г. у Беларусі існуе Моладзевы хрысьціянскі сацыяльны саюз (МХСС). Арганізацыя ня часта трапляла пад увагу СМІ. Летась у лістападзе ў склад МХСС увайшлі сябры незарэгістраванай «Моладзі АГП». Утварылася арганізацыя МХСС-«Маладыя дэмакраты». Цяпер гэты сымбіёз хрысьціянаў і лібэралаў імкнецца зарэгістраваць зьмены ў статуце і назове. Калі не атрымаецца, будуць працаваць далей пад шыльдай МХСС.
У мясцовых выбарах возьмуць удзел лідэры й шараговыя сябры гэтай арганізацыі. Частка зь іх — як кандыдаты, іншыя — як мэнэджэры й валанцёры (пра актыўнае «мэнэджэрства» і «валанцёрства» гаварылі і кіраўнікі іншых арганізацый). Сябры МХСС-«МД» будуць балятавацца ў Менску, Горадні, Берасьці, Віцебску (у рэгіёнах усяго некалькі чалавек) пад шыльдай Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
Каля 15 чалавек выстаўляе на выбары рэспубліканская грамадзкая моладзевая арганізацыя «Грамадзянскі форум» (у Менску, Горадні, Берасьці і Берасьцейскай вобласьці, Магілёве). Ейны прэзыдэнт, дэпутат палаты прадстаўнікоў Уладзімер Навасяд кажа, што мясцовыя ўлады ў Беларусі маюць большыя паўнамоцтвы, чым парлямэнт. Каму ж пра гэта меркаваць, як не дэпутату Навасяду.
Легіён у польскім часопісе
летнік «Белага легіёну» |
Пасьля зьяўленьня ў «НН» фотарэпартажу зь летніку «Белага легіёну», дзе група хлапцоў здавала іспыты на «сталёвы барэт», летам мінулага году ў арганізацыі пачаліся праблемы. Некаторых сяброў выклікалі на допыты ў МУС і КДБ. Ці не справакуе новы рэпартаж новых праблем?
Лёс вядомы і невядомы
Ці існуе на сёньняшні момант незарэгістраваная арганізацыя «Край», сказаць цяжка. Актыўная яшчэ некалькі гадоў таму, гэтая нацыяналістычная арганізацыя апошнім часам не выяўляе прыкметаў жыцьця. Няпроста выйсьці і на кантакт з краёўцамі. У мінулым годзе для гэтых мэтаў яны пакідалі нумар паштовай скрыні ў Польшчы, пазьней — толькі e-mail.
У адрозьненьне ад «Краю», працягвае дзейнічаць былая Койданаўская Рада «Маладога фронту», якая заснавала нацыяналістычны сайт «Беларускі Супраціў», выдае газэту «Рубон». «Рубонаўцы» не хаваюць сваіх плянаў. Па іх словах, цяпер яны імкнуцца пашырыць дзейнасьць сваёй арганізацыі на ўвесь Менск (акрамя сталіцы ў іх ёсьць свае прадстаўнікі на Берасьцейшчыне). Аднак на выбары ў мясцовыя саветы, хутчэй за ўсё, ніхто зь іх не ідзе, бо бліжэйшымі мэтамі называецца «распаўсюд нацыяналістычнай ідэалёгіі і ведаў па нацыянальнай гісторыі Беларусі». Для такіх далекасяжных мэтаў, ясна, трыбуна сельсавету замалая.
«Кузьня кадраў»
Незарэгістраваная Беларуская партыя свабоды (БПС) па-ранейшаму застаецца «кузьняй кадраў» нацыяналістычнага руху. На чале са сваім нязьменным лідэрам Сяргеем Высоцкім, БПС не спыняе дзейнасьці і не была б супраць легалізацыі.
У апошні год заўважная каапэрацыя БПС зь іншымі моладзевымі арганізацыямі. Сябры БПС удзельнічалі ў абароне Курапатаў разам з «МФ» і «Зубром», сумесна зь іншымі патрыятычнымі сіламі праводзілі акцыю ў абарону незалежнасьці Беларусі 17 лістапада. Сёлета некалькі сяброў БПС будуць балятавацца ў дэпутаты мясцовых саветаў. Нагадаем, што лідэр партыі Сяргей Высоцкі ў 1996 г. правёў удалую выбарчую кампанію і заняў у адной зь менскіх акругаў першае месца ў першым туры, але другі тур, праз роспуск парлямэнту, не адбыўся. Сёлета Высоцкі балятуецца ў дэпутаты гарсавету па Лагойскай акрузе №44.
Летась заяўляла пра сябе так званая «БПС-большасьць». Яна складалася зь сяброў партыі, якія ў сьнежні 2000 г. заснавалі сваю арганізацыю, незалежную ад Высоцкага. Сярод яе кіраўнікоў напачатку называліся Аўген Сідорык і Славамір Адамовіч. Цяпер яны абодва сталі эмігрантамі. «БПС-Б» выдала нумар часопісу «Нацыя», працавала з скінгедамі і футбольнымі фанатамі. Нацэльвалася на легалізацыю і ўдзел у выбарах. А цяпер нічога не чуваць.
Анархія па-беларуску
Лёлік Ушкін ФОТА IREX-PROMEDIA |
Паводле словаў Лёліка Ушкіна, пераважная большасьць беларускіх анархістаў будзе «займацца творчым асваеньнем такой зьявы, як выбары». Палова анархістаў будзе «абуваць дэпутатаў», зарабляючы грошы працай у іх камандах. Другая палова — займацца арганізацыяй байкоту выбараў, што мусіць выліцца ў шэраг акцый. Сам Ушкін яшчэ ня вырашыў, да каго далучыцца.
Акрамя Высоцкага, усе апытаныя лідэры моладзевых арганізацый ухіляюцца ад удзелу ў мясцовых выбарах. Ня хочуць ісьці ў бой, дзе можна і прайграць. Ня лічаць свае арганізацыі палітычнымі. Спадзяюцца на будучыя парлямэнцкія выбары. А найбольш спадзяюцца на «вулічную рэвалюцыю». Хочуць перасядзець выбары кожны ў сваім «пясчаным кар’еры». Але так «вайнушкі» ня выйграеш. Вылезьці зь пясочніцаў мусова. Апазыцыйная частка грамадзтва толькі ў моладзь і моладзі, лічы, яшчэ й верыць. Рэйтынгі старэйшых палітыкаў застаюцца блізкімі да нуля. Значыць, моладзі варта змагацца за ўладу. Чаму б не рабіць гэта праз выбары?
Сяргей Ёрш
Каментары