Архіў

«Ідэальна было б, каб пасада прэзыдэнта перайшла да палітыка залатой сярэдзіны»

Прымаючы дапамогу Захаду, апазыцыянэры ператвараюцца ў дысыдэнтаў, лічыць Аляксандар Рар. Палітоляг А.Рар — галоўны ў Нямеччыне экспэрт па Беларусі.

Яго лічаць «голасам Эўропы» пры камэнтаваньні падзей у нашай краіне. 45-гадовы А.Рар з 1994 г. працуе ў Нямецкім таварыстве замежнай палітыкі, дзе ўзначальвае аддзел СНД і Расеі. Гутарка з палітолягам адбылася ў Празе падчас сэмінару «Новыя суседзі Эўразьвязу».

«НН»: Ці бачыце вы нешта новае ў палітыцы Беларусі?

Аляксандар Рар: Не. Няма знакаў, што Беларусь неяк па-новаму асэнсоўвае сваю геапалітычную і геастратэгічную ролю ў новай, вялікай Эўропе. Адзінае новае — зыгзагі ў дачыненьні да Расеі. Аднак і тут разрыў настолькі істотны, што прэзыдэнт Беларусі ўсё больш трапляе ў ізаляцыю, цяпер ужо ня толькі ад Эўразьвязу, у якой ён знаходзіцца ад 1997 г., але і ад Расеі. І гэта ўжо для эканамічнага разьвіцьця краіны, для будаўніцтва незалежнасьці Беларусі небясьпечна.

«НН»: Вы думаеце, Расея можа адыграць пазытыўную ролю ў Беларусі ў бліжэйшыя гады?

А.Р.: Расея цяпер занятая кансалідацыяй уласнай дзяржаўнасьці. У ёй пераважаюць аўтарытарныя, а не дэмакратычныя тэндэнцыі. Гэта зьвязана з унутранымі праблемамі. Яна не ідзе ў бок дыктатуры, але змагаецца з карупцыяй, алігархіяй, аднаўляе дзяржапарат, перабудоўвае адносіны цэнтру з рэгіёнамі. У Расеі няма цяпер замежнапалітычных магчымасьцяў настолькі ўплываць на дэмакратычныя працэсы ў Беларусі, як гэта можа рабіць Эўразьвяз, разам з новымі членамі арганізацыі. Але нельга дапусьціць, каб Беларусь стала каменем спатыкненьня, аб’ектам геапалітычных баталій паміж Расеяй і ЭЗ, хоць многія экспэрты лічаць, што тыповай праблемай у адносінах паміж Расеяй і пашыраным ЭЗ менавіта і можа стаць не Ўкраіна, а Беларусь, бо яна сапраўды «краіна ў прамежку», шэрая зона, што можа стварыцца між ЭЗ і Расеяй.

Беларусь больш не разглядаецца як пераходная краіна. Рэформы закончыліся. Кіраўніцтва прыняло для сябе рашэньне быць там, а ня тут.

«НН»: Якое ўражаньне зрабіла апазыцыя ў Брусэлі й Бэрліне?

А.Р.: Калі ў выніку гэтых паездак апазыцыя зьяднаецца вакол аднаго кандыдата, палітычна прымальнага для цэнтрысцкага электарату, — гэта адно. Аднак калі апазыцыя едзе на Захад, каб шукаць фінансавай дапамогі для барацьбы з рэжымам, то гэта будзе пераход у такую небясьпечную фазу, калі яна перастане быць апазыцыяй, а стане дысыдэнцтвам. Дысыдэнты былі ў савецкія часы сьмелымі людзьмі і нават пакутнікамі, але палітычны працэс ад гэтага не абавязкова выйграваў. Я спадзяюся, што палітычны працэс у Беларусі ўсё ж будзе адбывацца па-іншаму, што апазыцыя не ператворыцца ў дысыдэнцкае асяродзьдзе, што яна будзе шукаць кампрамісаў. Я не гавару пра кампрамісы з Лукашэнкам, але з тым істэблішмэнтам у Беларусі, які знаходзіцца як бы «паміж» і таксама ня мае вялікага ўплыву на беларускую палітыку. Ідэальна было б, каб пасада прэзыдэнта перайшла ад Лукашэнкі, які б не балятаваўся ўжо ў трэці раз, да нейкага палітыка залатой сярэдзіны. Дастаткова дэмакратычнага, эўрапеізаванага, але й дастаткова кансэрватыўнага для беларускага электарату.

«НН»: Ці выжыве грамадзянская супольнасьць пад такім прэсам, як цяпер, без дапамогі з-за мяжы? А калі ня выжыве, ці можна будзе гаварыць пра палітычныя перамены?

А.Р.: Я згодзен з такім аргумэнтам, ён важкі. У той жа час трэба абдумаць і іншае. У якой ступені ў вачах беларусаў дапамога Захаду, ідэнтыфікацыя толькі з заходнімі праграмамі, з заходнімі надзеямі, з заходнімі плянамі да Беларусі ў палітычным пляне прыводзіць да таго, што частка людзей не разглядае прадстаўнікоў апазыцыі як сапраўды незалежных, нацыянальных палітыкаў? Ва Ўкраіне, напрыклад, грамадзянская супольнасьць не абавязкова грунтуе свой уплыў і свае магчымасьці толькі на дапамозе Захаду, а далучае да свайго крэда і рэсурсы знутры краіны. Не хачу ні ў чым абвінавачваць беларускую апазыцыю, тым больш што яна робіцца ўсё больш кансалідаванай сілай, бо Лукашэнка не ідзе ні на якія кампрамісы, ды ўсё ж хацелася б, каб гэтыя палітыкі-героі ішлі ў народ і не абмяжоўваліся тымі магчымасьцямі, якія яны маюць дзякуючы заходнім структурам, а шукалі супольную мову з кансэрватыўна і нацыянальна настроеным электаратам, які мае шмат пытаньняў да таго, што ўяўляе сабой сёньня Захад.

Ня выключана, што змагацца з такім аўтарытарызмам, як беларускі, сапраўды можна толькі дысыдэнцкімі мэтадамі. Але, на жаль, эфэкт ад дысыдэнцкага змаганьня абмежаваны. Не дысыдэнты развалілі Савецкі Саюз, і не яны сталі палітыкамі ў постсавецкіх краінах.

Гутарыў Мікола Бугай

Каментары

Цяпер чытаюць

«Месяцамі ў кабіне, на сябе забіў. І стаў пытаць: можа, жонка таксама будзе працаваць?». Чаму эміграцыя разбівае сем’і і што рабіць, каб усё паправіць26

«Месяцамі ў кабіне, на сябе забіў. І стаў пытаць: можа, жонка таксама будзе працаваць?». Чаму эміграцыя разбівае сем’і і што рабіць, каб усё паправіць

Усе навіны →
Усе навіны

Гэты малавядомы востраў трапіў у топ месцаў для падарожжаў у 2026 годзе1

Прапагандыстка з энтузіязмам рыхтавалася затрымліваць з ГУБАЗіКам анархістаў, але атрымала іншае заданне11

Дзяўчына з Масквы апісала, як яе дастаў у самалёце «п’яны мужык з СВА». Ёй параілі, што рабіць4

Іран знішчыў самалёт ЗША за 500 мільёнаў даляраў10

Гледачы Тэатра лялек сыходзяць, не дагледзеўшы спектакля. Чаму?11

Чаму пры ўкусе кляшча бессэнсоўна адразу здаваць аналіз крыві1

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве11

У Рагачоўскім раёне патануў 16‑гадовы падлетак — ён праваліўся пад лёд

Фядута: Мая павага да Змітра Дашкевіча павышалася тры разы. І цяпер — ізноў5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Месяцамі ў кабіне, на сябе забіў. І стаў пытаць: можа, жонка таксама будзе працаваць?». Чаму эміграцыя разбівае сем’і і што рабіць, каб усё паправіць26

«Месяцамі ў кабіне, на сябе забіў. І стаў пытаць: можа, жонка таксама будзе працаваць?». Чаму эміграцыя разбівае сем’і і што рабіць, каб усё паправіць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць