Архіў

Захад апазыцыю любіць, толькі грошай не дае

Цікавасьць да беларускіх праблем расьце, палітыкаў запрашаюць у Вашынгтоны і Бэрліны. Пры гэтым ЗША выдзяляюць толькі 6,5 млн даляраў на дапамогу незалежным структурам Беларусі — столькі ж, колькі Туркменістану. Арменія атрымлівае 70 млн даляраў.

Другая палова сакавіка стала для палітыкаў часам замежных вандровак. Уладзімер Колас і Аляксандар Вайтовіч накіраваліся на перамовы ў Нямеччыну ды Францыю, а вялікая група апазыцыйных дзеячаў — за акіян. У ЗША паляцелі ня толькі палітыкі зь «Пяцёркі-плюс» (Вінцук Вячорка, Людміла Гразнова, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька), але й Павал Севярынец ды Мікола Статкевіч.

Палітыкі ўбачылі, што зацікаўленасьць Беларусьсю вырасла ў шматкроць. Годам раней лунала ідэя наконт дэмакратызацыі Беларусі з дапамогай Расеі, а цяпер пра гэта ў Вашынгтоне не было й гаворкі. А вось у эўрапейскіх сталіцах, кажа Ўладзімер Колас, дырэктар Беларускага ліцэю, дагэтуль сур’ёзна абмяркоўваюць магчымасьці выкарыстаньня расейскага фактару ў вырашэньні беларускага пытаньня.

Праўда, цікавасьць да Беларусі за акіянам пакуль толькі адносная. Ёсьць такая прымаўка: «Бог сіроты любе, толькі долі не дае». Нешта падобнае назіраецца і ў адносінах Захаду з апазыцыяй. «На жаль, Беларусь не зьяўляецца замежнапалітычным прыярытэтам нумар адзін для ЗША», — сказаў Сяргей Калякін. Сёлета Злучаныя Штаты выдзяляюць толькі 6,5 млн даляраў на дапамогу незалежным структурам Беларусі — столькі ж, колькі Туркменістану. Арменія, напрыклад, атрымае 70 млн даляраў.

Усе выступоўцы цешыліся, што прадстаўнікі Польшчы ды краін Балтыі ў Эўразьвязе зрабіліся праваднікамі беларускіх інтарэсаў — іх дапамога адчувалася і ў Злучаных Штатах.

Так, літоўская амбасада ў ЗША зладзіла для беларускай дэлегацыі ў Вашынгтоне сустрэчу з прадстаўнікамі іншых пасольстваў, кангрэсмэнамі ды журналістамі.

На Віленскай канфэрэнцыі наконт каардынацыі эўрапейскай дапамогі грамадзянскай супольнасьці Беларусі палітыкі не прысутнічалі, аднак уважліва за ёй сачылі. Лябедзька паскардзіўся на тое, што брусэльская бюракратыя ня мае адэкватнага разуменьня складанасьці беларускай сытуацыі.

Мікола Статкевіч зьявіўся на прэс-канфэрэнцыю са спазьненьнем: яго выклікалі на допыт у справе пасьлярэфэрэндумных пратэстаў. Вынік: са сьведкі Статкевіч ператварыўся ў падазраванага ў парушэньні правапарадку 18—19 кастрычніка. Зь яго ўзялі падпіску аб нявыезьдзе. Гэткі ж лёс, найхутчэй, напаткае й Паўла Севярынца. Камэнтуючы падзею, Статкевіч зазначыў, што гэтак пачалася ў Беларусі рэальная прэзыдэнцкая кампанія.

Адсутнасьць у апазыцыі моцнага лідэра і стрымлівае патэнцыйных донараў ад актыўнага ўключэньня ў беларускую гульню. Аднак калі беларускі Каштуніца ці беларускі Гавал — хто б ён ні быў і на якую часавую пэрспэктыву перамогі ён ні разьлічваў бы — сьцьвердзіць сябе, ён зможа напэўна разьлічваць ня толькі на жэсты салідарнасьці, але і на фінансавую падтрымку сваёй справы. Прычым пажадана спачатку ад беларускага бізнэсу, што стала б істотным сыгналам для замежнікаў. Пакуль такога лідэра няма, атрымаеце толькі на падтрыманьне штаноў. Калі адкінуць камплімэнты, такое пасланьне прагучала на апошніх сустрэчах на Захадзе.

Каментары

Цяпер чытаюць

Што азначае расследаванне Міжнароднага крымінальнага суда для Лукашэнкі і беларусаў? Тлумачыць Кацярына Дэйкала

Што азначае расследаванне Міжнароднага крымінальнага суда для Лукашэнкі і беларусаў? Тлумачыць Кацярына Дэйкала

Усе навіны →
Усе навіны

Дзмітрый Семчанка расказаў пра размовы з Маркавым у 2020‑м і дэталі свайго пераследу4

У гродзенскай турме забілі зняволенага. Яго пакаралі суседзі3

Выйшлі ўспаміны Івонкі Сурвілы пра вайну2

Прапагандыстка Шыбкоўская расказала пра свае пакуты — як «камарыны ўкус» аказаўся хваробай Лайма1

Мінчанка купіла кватэру ў пісьменніцкім доме, зрабіла там рамонт і праводзіць літаратурныя сустрэчы4

Ларыса Доліна не здаецца — яна хоча спагнаць больш за 2 мільёны даляраў з кур’ераў, якім яна аддала грошы6

Палітычнаму расійскаму блогеру, які хваліць Лукашэнку, забаранілі ўезд у Беларусь6

У беларускіх крамах вывесілі спіс недружалюбных краін29

Закрылі галоўны корпус БДУ1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што азначае расследаванне Міжнароднага крымінальнага суда для Лукашэнкі і беларусаў? Тлумачыць Кацярына Дэйкала

Што азначае расследаванне Міжнароднага крымінальнага суда для Лукашэнкі і беларусаў? Тлумачыць Кацярына Дэйкала

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць