Меркаванні77

Імя Мельцэрзона

Піша Сяргей Ваганаў.

Апошнім часам усё часцей чую пра Якава Барысавіча Мельцэрзона, што пасля вайны колькі гадоў выкладаў фізіку ў 42-й мінскай школе.

Чытаю раман Някляева пра аўтамат з газіроўкай, і на першых старонках сустракаю Якава Барысавіча, 42-ю школу, таго-сяго з раманнай гоп­кампаніі і нават Жарэса Алфёрава, Нобелеўскага лаўрэата, які «быў стылягам, насіў порткі-дудачкі ды стракатую кашулю з малпамі»...

Трохі загадкавае сцвярджэнне. Які стыляга пры Сталіну, у 1947, калі Жарэс Алфёраў з’ехаў з Мінска назаўжды?!.

Але справа не ў гэтым.

Гартаю папулярную газету і дазнаюся, што вучні 42-й школы, зараз гімназіі, звярнуліся да Жарэса Алфёрава па дазвол надаць ёй ягонае праслаўленае імя. Ён адказаў: «З удзячнасцю дазваляю». І «ўсе мы, — паведамляе адзін з вучняў, — з заміраннем чакаем гэтай падзеі»...

Трохі двухсэнсоўнае чаканне, бо звычайна імёны знакамітых людзей надаюцца розным установам па-за межамі іх жыцця. Да таго ж, не пашкодзіла б спытацца дазволу ў Бялінскага, чыё імя цягам дзесяцігоддзяў насіла 42-я. А што калі ўзбунтуецца “палкі Вісарыён”?

Але справа не ў гэтым.

Справа ў Мельцэрзону. Бо менавіта ён, сціплы мінскі настаўнік фізікі, праклаў Жарэсу Алфёраву сцяжынку да Нобеля.

Каб не Нобель, ніхто, за выключэннем, можа, яшчэ жывых вучняў, не ведаў бы пра Якава Барысавіча Мельцэрзона. А сёння дзе Жарэс Алфёраў, там і Якаў Барысавіч Мельцэрзон. Няма аніводнага інтэрв’ю ці якога яшчэ аповеду пра сваё жыццё і прафесійныя дасягненні, дзе знакаміты фізік не згадваў бы першага настаўніка.

Я таксама вучыўся ў Мельцэрзона і добра памятаю ўсмешлівае шкадаванне ў вачах за акулярамі з тоўстым шклом, з якім ён выводзіў мне выратавальны «траебан», як мы тады называлі адзнаку «здавальняюча». На вучняў, што атрымлівалі ў яго «выдатна», я глядзеў не тое што з зайздрасцю, а як на іншапланетных істот, якім падуладны неабсяжныя таямніцы.

Адным з такіх «іншапланецян» быў Генік Шыдлоўскі.

Някляеў піша, што ў Мельцэрзона «на фізіка вывучыўся толькі Жарэс Алфёраў...» Гэта, мусіць, мастацкая выдумка. Бо на фізіка вывучыўся ў Мельцэрзона яшчэ і Генік Шыдлоўскі.

Дарэчы, Генік Шыдлоўскі таксама згадваецца ў рамане Някляева — у нейкай неакрэсленай постаці, у неабавязковым, праз коску, пераліку.

Але справа не ў гэтым.

Справа зноўку ж у Мельцэрзону. Бо і Геніка Шыдлоўскага ён таксама паставіў на сцежку да Нобеля.

Алфёраў, праўда, тупаў па той сцежцы ўжо 10 гадоў. А Шыдлоўскі зрабіў па ёй толькі два крокі — скончыў школу з залатым медалём і паступіў на фізфак БДУ.

БДУ ўзначальваў таксама фізік — акадэмік Сеўчанка. І былі ўсе падставы спадзявацца на тое, што сцежка да навуковых вышынь падоўжыцца без перашкод.

Але хто ж тады думаў пра Нобеля акрамя Мельцэрзона? Ну і, вядома, Алфёрава, які зведаў паўпраўду аб сталіншчыне ў сталым узросце і ў добрым, так бы мовіць, фізічным стане...

Шыдлоўскі зведаў тую паўпраўду яшчэ школьнікам — з натхнёнай ілюзіяй пра сцежку, што вядзе да свабоды.

У рамане Някляева мноства сапраўдных імёнаў тых, хто, як і Шыдлоўскі, пакрочыў па той сцежцы.

Крочылі, праўда, хто як: адны нібыта танчылі, іншыя са ўсёй шчырасцю біліся ілбом у сцяну...

Але справа не ў гэтым.

Справа ў Мельцэрзоне, які не здолеў спалучыць у сваіх вучнях прагу да фізікі з прагай свабоды.

Так разышліся напрыканцы 50-х гадоў сцежка да Нобеля і сцежка да свабоды, на каторай ужо чакаў Геніка іншы павадыр у выглядзе дамарослага Вергілія — Кіма Хадзеева. Ці Палкоўніка, як у Някляева...

А напачатку 60-х па ўніверсіцеце пракаціліся суды.

Іх называлі «судамі гонару». Вывешваліся аб’явы з прозвішчамі «падсудных», бітком набіваліся залы...

Суд над Шыдлоўскім адбываўся ў актавай зале нядаўна пабудаванага галоўнага корпуса.

Судзіў сам Сеўчанка, сухарлявы стары з гожай акадэмічнай знешнасцю. Ён зачытваў вытрымкі з асабістага дзённіка Шыдлоўскага, ніколькі не саромеючыся ганебнасці гэтага акта, і, звяртаючыся ў асноўным да жаночай паловы залы, біў напавал: «Вось бачыце, што ён пра вас піша!» Наколькі памятаю, гэта было даволі нервовае, у простых выказваннях, разважанне — у тыя гады! — пра прастытуцыю ў СССР, яе вытокі і, так бы мовіць, перспектывы. Нехта ўскрыкваў, нехта ўсхліпваў... «Ды ён падрывае падмурак нашага грамадства! — усклікнуў акадэмік. — Ведаеце, хто ягоны кумір?!» Мы падрыхтаваліся пачуць нешта жудаснае. «Ну, гэты, як там яго... Эрэнбург!»

Акадэмік Сеўчанка лічыўся выдатным фізікам, але яго, на жаль, не вучыў Мельцэрзон.

Шыдлоўскі быў страшэнна дасціпны, дакладней, невычэрпна кплівы з усяго і ўсіх, аднак без аніякай абразы. Вось і тады, атрымаўшы слова быццам для пакаяння, ён сказануў нешта неймаверна смешнае, ад чаго ўся зала грымнула рогатам і адразу змоўкла, аглушаная рэзкім, на высокай брынклівай ноце, крыкам: «Во­о­н!»...

Шыдлоўскага выключылі з універсітэта, праз год, здаецца, аднавілі, але хутка, і гэта ўжо дакладна, ён памёр. Ад перадазіроўкі наркотыкаў...

Па справядлівасці, калі сапраўды прысвойваць 42-й школе, ці гімназіі, іншае імя, то хай гэта будзе імя Мельцэрзона.

Вядома, людзі будуць пытацца: а хто такі Мельцэрзон?

А гэта, пачуюць, той настаўнік, што вывучыў Жарэса Алфёрава, Нобелеўскага лаўрэата, і Геніка Шыдлоўскага, які заўчасна памёр.

Каментары7

Цяпер чытаюць

У Мінску адбыліся масавыя затрыманні выдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў33

У Мінску адбыліся масавыя затрыманні выдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў

Усе навіны →
Усе навіны

Самае жахлівае здарэнне на Алімпіядзе. Польская спартоўка атрымала каньком у вока5

Саграда Фамілія дасягнула сваёй канчатковай вышыні — праз паўтара стагоддзя ад пачатку будаўніцтва. І стала самай высокай царквой на планеце1

У ціхі квартал у цэнтры Мінска прыдуць перамены. Там будзе вялізны сквер, цэнтр сучаснага мастацтва і паркінг4

Дальнабойшчык спытаў у дзяўчын, чаму яны не хочуць адносін з дальнабойшчыкамі — і панеслася11

Добраахвотнік расказаў пра службу з Лазоўскім і яго апошнюю баявую задачу ў Бахмуце8

Першы крок да БНР: 108 гадоў таму была абвешчана Першая Устаўная грамата6

Сёння на Алімпіядзе апошні шанец беларусаў1

Адзін са сцэнарыяў Пентагона прадугледжвае ліквідацыю аяталы Хаменеі і яго сына1

Беларускія літаратары сёння ў Дзень роднай мовы правядуць дыктоўкі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Мінску адбыліся масавыя затрыманні выдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў33

У Мінску адбыліся масавыя затрыманні выдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць