Культура22

Выстава аўстралійскіх мастакоў

На выставу варта схадзіць — хаця б таму, што яна разьмешчана ва Ўправе БНФ, а гэта найлепшае месца, каб прасягнуцца гістарычным аптымізмам. Піша Наталка Бабіна.

На выставу дабіраліся з прыгодамі. Павярнуўшы на вуліцу Варвашэні (каторая цяпер Машэрава), мая сяброўка, сьцяўшы зубы, мацней ухапілася за стырно і прасіпела: «Ну, або я каго зараз заб’ю, або мяне хто!» Я ажно перапалохалася: такая крыважэрная заява абсалютна ня ў стылі маёй выключна мірнай каляжанкі. Аказалася, яна была выклікана рамонтнымі работамі на гэтай вуліцы: палову і без таго ня вельмі шырокай вуліцы перакрылі, і машыны ішлі шчыльным патокам (у гадзіну па чайнай лыжцы), а паміж імі, азьвярэўшы з‑за таго, што і па ходніку не прайсьці, у розныя бакі сноўдалі пешаходы.

Нарэшце ля вядомай усім сядзібы прыпыніліся. Тут, на ўзарваным ходніку, таптаўся маладзён, тыповая зьнешнасьць якога разам з чорнай камізэлькай (пры 28 градусах сьпёкі!) ды рацыяй не давала памыліцца ў родзе яго заняткаў. Ведаючы з інтэрнэту, што у наведвальнікаў сядзібы у той дзень чамусьці правяралі пакункі, я вельмі ўзрадавалася: сёлета набыла занадта аб’ёмную торбу, у нетрах якой, сярод некалькіх пудоў плястыту, двух‑трох кулямётаў і дзясятка муміфікаваных пацукоў, загубілася мая губная памада. Я вельмі спадзявалася, што пры вобыску яна нарэшце знойдзецца, але не пашанцавала: маладзён з сур’ёзным выглядам нешта паведамляў у рацыю і абшукваць нас не захацеў. Прыйдзецца і надалей абыходзіцца без касмэтыкі!

У сядзібе віравала жыцьцё: добра ішоў гандаль кнігамі, сярод якіх увагу прыцягнулі важкія ва ўсіх сэнсах тамы Кастуся Травеня, Лявона Баршчэўскага, Валянціна Акудовіча. Заляцелі з вуліцы дзьве студэнтачкі: «У вас ёсьць нямецка‑беларускі слоўнік? А, унь ён! Дайце, калі ласка!» Маладая мама прыдзірліва дапытвалася, чыім голасам начытаны на дысках беларускія казкі. Тут жа заносілі пакункі з газэтай «Таварыш». Віктар Івашкевіч, не зьвяртаючы ўвагі на тлум, засяроджана чытаў «Нашу Ніву».

Мы прайшлі ў большую залю, дзе разьмешчана выстава гістарычных партрэтаў, якую мы, уласна, і хацелі паглядзець. Гэта літаграфіі, працы Валянціна ды Ляілі Варэцаў. Невялічкую экскурсію правёў з намі спадар Сяргей Голік, арга¬ні¬затар выставы: «Тут прадстаўленыя літаграфіі, зробленыя суджэнствам Варэцаў у 90‑я гады. Валянцін і Ляіля — украінцы, жылі ў Харкаве, ў а 1985 г. пераехалі ў Менск. Тут зацікавіліся беларускай гісторыяй, вынікам чаго сталі сэрыі работаў, прысьвечаных выбітным асобам беларускай гісторыі і культуры. У 90‑я гады выходзілі альбомы зь іх працамі, яны былі скарыстаныя для ілюстрацыі падручнікаў і дапаможнікаў для навучэнцаў сярэдніх школаў. У 1995 годзе мастакі зьехалі ў Аўстралію. З таго часу іх працы захоўваліся ў майго бацькі, Зіноўя Голіка, але былі практычна недаступныя грамадзкасьці. І вось цяпер, з дазволу мастакоў, мы вырашылі зрабіць гэтую выставу. Трэба яшчэ адзначыць, што ў Аўстраліі Валянцін і Ляіля працягваюць пасьпяхова займацца мастацтвам. Іх работы знаходзяцца ў многіх музеях Украіны і Беларусі, а таксама прыватных калекцыях ЗША, Францыі, Германіі, Аўстрыі, Італіі, Японіі, Аўстраліі і іншых краінаў».

Заўважу, што працы, выстаўленыя на выставе, таксама можна набыць. Іх кошт — ад 40 да 70 тысячаў рублёў.

Стыль старанна прапрацаваных літаграфій — узьнёслы, рамантычны, можа падацца крышачку наіўным. Зрэшты, час, калі яны ствараліся, таксама падаецца такім з камяністай выспы дня сёньняшняга. Узьнёслы, рамантычны, крышачку наіўны стыль тых часоў, калі выдатныя асобы беларускай гісторыі — Каліноўскі, Касьцюшка, Сьцяпан Батура, Адам Міцкевіч — глядзелі са старонак падручнікаў ўпэўнена і спакойна… Сёньня ж у іх позірках, здаецца, прачытваецца і непакой.

На выставу варта схадзіць — хаця б таму, што яна разьмешчана ва Ўправе БНФ, а гэта найлепшае месца, каб прасягнуцца гістарычным аптымізмам. Выстава ў гэтым дапаможа.

Каментары2

Спявак Дзмітрый Калдун паказаў сваю мінскую кватэру недалёка ад Драздоў ШМАТ ФОТА16

Спявак Дзмітрый Калдун паказаў сваю мінскую кватэру недалёка ад Драздоў ШМАТ ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску цэлую вуліцу накрыла «антрапагенным» снегам4

Улады Непала аб'явілі план ачысткі Эверэста ад смецця4

Бабарыка і Калеснікава прыехалі ў Германію. Іх сустрэў міністр замежных спраў32

Міністр сувязі паабяцаў за 5 гадоў павялічыць хуткасць мабільнага інтэрнэта ў 4 разы2

«Можна ўявіць, наколькі амаральнай асобай з'яўляецца стваральнік гэтага нялюдскага механізму»21

У Гдыні на тэрыторыі вайсковай часці затрымалі п'янага беларуса1

Ганне Лукашэнка далі прэмію «За духоўнае адраджэнне»13

Амерыканцы ўпершыню запрасілі на перамовы з украінцамі еўрапейцаў, катарца і турка4

У Чэрвеньскім раёне за 185 тысяч даляраў прадаюць сядзібу з 200‑гадовай гісторыяй2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Спявак Дзмітрый Калдун паказаў сваю мінскую кватэру недалёка ад Драздоў ШМАТ ФОТА16

Спявак Дзмітрый Калдун паказаў сваю мінскую кватэру недалёка ад Драздоў ШМАТ ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць