Грамадства1313

Царква, дзе моляцца ля бел-чырвона-белага сцяга

Праваслаўную святыню св. Георгія ў Чыкага беларусы стварылі разам з данскімі казакамі на месцы былой сінагогі.

Беларусы з’явіліся ў Чыкага яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя, але яны эмігравалі з тагачаснай Расійскай імперыі, таму іх зазвычай запісвалі расійцамі. Каталікоў-беларусаў, у сваю чаргу, пераважна залічвалі да палякаў.

Беларусы ў Чыкага

Толькі ў 1920 годзе ў Чыкага паўстала першая беларуская арганізацыя – Беларускі нацыянальны камітэт. У міжваенныя гады беларусаў у Чыкага і ваколіцах налічвалася каля 25 тыс. Яны заклалі ў горадзе нядзельную школу, друкавалі газеты на роднай мове, штотыдзень мелі сваю перадачу на мясцовым радыё.

Пасля Другой сусветнай вайны беларускія эміграцыйныя сілы яшчэ больш узмацніліся – у Чыкага было некалькі беларускіх суполак, дзейнічалі мастацкія калектывы, друкаваліся часопісы і кнігі, існавалі дзве беларускія царквы. Сёння застаўся, бадай, адзіны асяродак беларушчыны – невялікі праваслаўны прыход у гонар св. Георгія.

Царскія вароты і алтар рабілі сваімі рукамі

Беларуская праваслаўная царква паўстала ў Чыкага ў 1958 годзе. Тады групка вернікаў, натхніўшыся прыкладам беларускіх грэка-каталікоў, якія ўжо мелі тут сваю святыню, выкупіла будынак былой сінагогі ды абсталявала яе пад царкву. Беларусы ўласнаручна габлявалі дошкі на падлогу, сваімі рукамі зладзілі царскія вароты і алтар.

«Нам было дужа цяжка, – успамінае адна з найстарэйшых прыхаджанак, спадарыня Ліда Швефель. – Мы ж усе былі людзі простыя, работнікі, не багацеі. Але мы хацелі сваю царкву. Каталікоў-беларусаў было менш, чым нас, праваслаўных, а сваю царкву яны мелі. Дык мы падумалі: ці ж мы горшыя?»

Казакі падтрымалі беларусаў, бо лічылі расійскіх святароў агентамі

Дапамога ў стварэнні храма прыйшла зусім нечакана ад данскіх казакоў, якія дадалі грошай на іканастас. «Казакоў было няшмат і яны не хацелі трымацца з рэштаю расійцаў, бо лічылі, што там адны камуністы, таму і падтрымалі беларусаў», – кажа Анатоль Рагалевіч, бацькі якога дапамагалі ствараць святыню.

Разам з казакамі беларусы вырашылі, што іхная царква мусіць належаць да Канстанцінопальскага патрыярхату, бо менавіта з Канстанцінопаля хрысціянства прыйшло на беларускія землі. Расійскай праваслаўнай царкве вернікі не давяралі, бо панавалі чуткі, што святарамі там пастаўленыя агенты КДБ.

Дзень Волі – цяпер нягучнае свята

«Грэка-каталікі, як пабачылі, што ў нас свая царква, прыходзілі нас намаўляць уз’яднацца з імі, але мы палічылі, што здраджваць нашай веры – гэта найвялікшы грэх. Тым не менш разам з каталікамі, напрыклад, святкавалі дзень 25 сакавіка», – адзначыла спадарыня Швефель.

Штогод на Дзень Волі беларусы Чыкага наймалі вялікую залу, у якой да світанку гудзеў баль – узносіліся тосты, спяваліся беларускія песні, чыталіся патрыятычныя вершы.

У 90-я гады пры царкве працаваў дзіцячы музычны калектыў «Лянок». Малыя ўдзельнікі гурта прэзентавалі беларускую культуру ў будынку мэрыі Чыкага. Там штогод на Каляды прадстаўнікі народаў, што жывуць у Чыкага, ладзяць святочныя канцэрты.

«Мы спявалі ў нацыянальных строях беларускія песні, танчылі «Перапёлачку», «Лявоніху», «Крыжачок». Шмат хто з амерыканцаў падыходзіў і пытаўся, якую краіну мы прадстаўляем. Беларусь была для іх сапраўдным адкрыццём, бо шмат хто асацыяваў яе з Расіяй», – згадала былая ўдзельніца «Лянка», маладая кампазітарка Аня Ві.

«Лянок» у 1998 годзе вітаў у Чыкага Станіслава Шушкевіча, які прыехаў адведаць беларускіх эмігрантаў. Завітаў першы кіраўнік незалежнай Беларусі і ў царкву св. Георгія ды расказаў прыхаджанам пра сітуацыю на радзіме.

Прыкладна з 2005 года беларускі дзіцячы калектыў больш не выступае. Ды і беларускія імпрэзы праводзяцца пры царкве штораз радзей. На Дзень Волі ў апошнія гады нават перасталі рабіць канцэрты, абмяжоўваючыся выключна застоллем.

Бацюшка працуе ў аэрапорце

«Бракуе запалу сярод свецкіх», – тлумачыць бацюшка Міхайла Пасека. Святар нарадзіўся ў Польшчы ва ўкраінскай сям’і, таму казані прамаўляе па-ўкраінску, хоць літургію служыць на царкоўнаславянскай мове. Бацюшка працуе ў беларускім прыходзе з мінулага года і яшчэ не паспеў вывучыць беларускую мову, а святарскім абавязкам можа прысвяціць толькі выходныя, бо ў будні працуе ў аэрапорце, каб зарабіць на ўтрыманне сям’і.

«Наш прыход вельмі малы. Некаторыя наведваюць царкву, а не запісваюцца прыхаджанамі, каб не плаціць за ўтрыманне прыходу», – падзяліўся беларус з Падляшша Андрэй Іванюк, шэф будаўнічай фірмы і адзін з ахвярадаўцаў.

Сённяшнія эмігранты ходзяць у расійскія цэрквы, бо там добры пачастунак

Большасць цяперашніх прыхаджанаў царквы – менавіта падляшскія беларусы. З «вялікай Беларусі» – толькі некалькі чалавек. «Эмігрантаў з Беларусі ў Чыкага нават шмат, але яны раз прыйдуць у царкву, а потым ім ужо нецікава», – падзялілася былая жыхарка Мінска Ніна Петухова. Шмат хто ходзіць у расійскія цэрквы, бо там даюць багаты пачастунак, пацвердзіла другая верніца.

«Я спрабавала арганізоўваць прэзентацыі пра беларускую гісторыю і культуру, адкрытыя лекцыі, адмыслова здымала дзеля гэтага залу, але найбольшая колькасць удзельнікаў, якія прыходзілі, – гэта 9 чалавек», – расказала ўдзельніца царкоўнага хору Жанна Чарняўская.

Штонядзелю беларускую царкву ў Чыкага наведвае ўсяго 20-30 чалавек. Сярод іх моладзі зусім мала. «Цяперашнія эмігранты з Беларусі – людзі зусім нерэлігійныя. Моладзі ў царкве нецікава. Нацыянальныя справы іх таксама мала турбуюць. Яны цяпер усе ў айфонах толькі сядзяць, – наракалі старэйшыя. Вернікі асцерагаюцца, што ў будучыні царкву можа напаткаць лёс беларускай грэка-каталіцкай святыні, зачыненай у 2003 годзе.

Пакуль жа на заканчэнне літургіі ўсе абавязкова спяваюць «Магутны Божа». Пра беларускасць гэтага месца нагадвае бел-чырвона-белы сцяг, усталяваны ў святыні.

Каментары13

Цяпер чытаюць

Сёння Мінск прачнуўся ўначы ад гучнага гука, падобнага да дрона1

Сёння Мінск прачнуўся ўначы ад гучнага гука, падобнага да дрона

Усе навіны →
Усе навіны

Пашынян у метро эмацыйна паспрачаўся з пасажыркай наконт Карабаха7

Падрабязнасці дыверсіі ў Чэхіі: падпалены завод вырабляў цеплавізары для УСУ2

«Я расказваў ім пра метады негвалтоўнага супраціву Расіі». Партнёра Карач па пацыфізме збілі ў кіеўскім ваенкамаце22

«Вы ведаеце, што большасць беларусаў лічаць вас нікчэмнымі халуямі?»16

У Слуцкім раёне за адну гадзіну на пажарах загінулі два чалавекі

У Наваполацку падчас футбольнага матчу двойчы мячом прабілі дах трыбун ВІДЭА4

У Мядзведжыне татальна высякаюць лес. Афіцыйная версія — ратуюць ад караеда10

Трамп назваў Дэмакратычную партыю галоўным ворагам ЗША пасля Ірана15

Дырэктараў пачнуць штрафаваць за вялікія зарплаты7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сёння Мінск прачнуўся ўначы ад гучнага гука, падобнага да дрона1

Сёння Мінск прачнуўся ўначы ад гучнага гука, падобнага да дрона

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць