Пачаўся збор грошай на перавыданне падручніка «Чароўны край – Пастаўшчына» +нумар рахунку
Пастаўскі райвыканкам пачаў збіраць грошы на перавыданне кнігі Ігара Пракаповіча «Чароўны край – Пастаўшчына».
Кніга напісаная як падручнік для гісторыка-краязнаўчага факультатыва «Паставызнаўства», па ёй вучацца дзеці ў мясцовых школах.
Ігар Пракаповіч, аўтар падручніка – вядомы ў Паставах краязнаўца і грамадскі дзяяч. Выкладае геаграфію ў раённай гімназіі, кіруе вучнёўскім краязнаўчым гуртком «Terra Incognita», старшынюе у мясцовай суполцы Таварыства беларускай мовы. Пракаповіч напісаў і выдаў каля двух дзясяткаў краязнаўчых выданняў і паэтычных зборнікаў.
Падручнік «Чароўны край – Пастаўшчына» знаёміць з геаграфіяй, гісторыяй, культурнай спадчынай, легендамі і паданнямі Пастаўскага раёна.
Тэкст напісаны вельмі простай мовай, разбіты на параграфы, кожны з якіх заканчваецца блокам пытанняў. Кожная тэма з гісторыі Пастаўскага раёна падаецца ў кантэксце агульнабеларускай гісторыі. Кніга ўпрыгожаная шматлікімі фотаздымкамі (у тым ліку архіўнымі), малюнкамі, мапамі.
Упершыню кніга выйшла чатыры гады таму ў выдавецтве «Кнігазбор» накладам 100 асобнікаў. Цяпер рыхтуецца яе перавыданне накладам 1000 асобнікаў з дапаўненнямі і мультымедыйным дадаткам.
Пастаўскі райвыканкам абвесціў акцыю па зборы сродкаў на перавыданне кнігі, якая будзе працягвацца з 20 верасня да 30 снежня. Створаная працоўная група пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Юрыя Кісялёва.
Грошы на перавыданне кнігі «Чароўны край – Пастаўшчына» можна пералічыць на дабрачынны рахунак аддзела адукацыі, спорту і турызму Пастаўскага райвыканкама
(3642324001863 ЦБУ № 230 филиала № 216 ОАО «АСБ «Беларусбанк» г. Полоцка, код 150801648, УНП 300077155, ОКПО 02150258. Спонсорская помощь для подготовки и издания книги И. М. Прокоповича «Чароўны край — Пастаўшчына»).
Тэлефоны для даведак: 8-02155-4-29-88, 8-02155-4-29-82 (аддзел адукацыі, спорту і турызму), 8-02155-4-19-35 (аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама).
Каментары