Беларусь распрацуе меры, якія абароняць айчынных аўтавытворцаў у сувязі з увядзеннем у Расіі ўтылізацыйнага збору на аўтамабілі.
Пра гэта заявіў першы намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка, выступаючы 31 кастрычніка ў Мінску на пасяджэнні абедзвюх палат беларускага парламента.
«Мы павінны вырашыць гэтае пытанне да канца года, каб не пацярпелі нашы вытворцы», — падкрэсліў ён.
Сямашка паведаміў, што гэтая тэма 30 кастрычніка абмяркоўвалася ў прэм'ер-міністра. Было дадзена даручэнне Міністэрству эканомікі сумесна з іншымі міністэрствамі і ведамствамі падрыхтаваць адпаведны ўказ прэзідэнта.
Першы віцэ-прэм'ер зазначыў, што страты беларускіх вытворцаў, звязаныя з увядзеннем у Расіі ўтылізацыйнага збору, які будзе брацца паводле прынцыпу краіны прызначэння, ацэньваюцца ў 350 млн. долараў у год.
Утылізацыйны збор у Расіі ўводзіцца 1 студзеня 2014 года. Адпаведны законапраект прыняты Дзярждумай у другім і трэцім чытаннях. Збор будзе выплачвацца за кожны колавы транспартны сродак, што ўвозіцца ў Расію ці вырабляецца на яе тэрыторыі. Віды і катэгорыі транспарту, а таксама парадак вылічэння збору будуць вызначацца ўрадам.
Каментары