Чэмпіянат па міні-футболе: каманда мітрапаліта Кандрусевіча заняла 3-е месца
ІІ Чэмпіянат па міні-футболе сярод каталіцкіх святароў Беларусі прайшоў 25 лістапада ў Лепелі.
У спартыўнай сустрэчы беларускага духавенства ўдзельнічалі каманды з усіх дыяцэзій. На спаборніцтвы прыбыў таксама Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які гуляў у камандзе Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Матчам папярэднічала Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт. Іерарх у гаміліі назваў II Чэмпіянат Беларусі па міні-футболе сярод святароў «падзеяй даволі неардынарнай для нашай краіны, дзе Касцёл больш традыцыйны».
«Футбольны матч працягваецца 90 хвілін, — адзначыў арцыбіскуп. — Таксама і жыццё чалавека мае свой канкрэтны час, свае ўмоўныя 90 хвілін. Боскі суддзя распачынае футбольны матч нашага жыцця і яго завяршае з той розніцай, што яго ўжо нельга паўтарыць.
(…) У жыцці як у футболе. Як адна нядобрая перадача можа вырашыць лёс гульні, так і адна памылка можа паўплываць на ўсё жыццё». «Мы трапілі ў каманду Хрыста, у якой Ён з’яўляецца трэнерам, і для паспяховай жыццёвай гульні неабходна Яго слухаць і выконваць усе Яго патрабаванні», — падкрэсліў Мітрапаліт і заклікаў удзельнікаў спаборніцтваў «заставацца ў гэтай камандзе Хрыста і разам з нашымі вернікамі быць нападаючымі неба, каб сваім сапраўды хрысціянскім жыццём узяць яго вароты».
Пасля Імшы прайшлі спаборніцтвы. Усяго адбылося шэсць матчаў, кожная з каманд гуляла па тры гульні:
Пінская і Віцебская дыяцэзіі, Мінска-Магілёўская архідыяцэзія і Гродзенская дыяцэзія, Пінская дыяцэзія і Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Віцебская і Гродзенская дыяцэзіі, Гродзенская і Пінская дыяцэзіі, Мінска-Магілёўская архідыяцэзія і Віцебская дыяцэзія.
У выніку месцы размеркаваліся наступным чынам: 1-е - каманда Гродзенскай дыяцэзіі, 2-е - каманда Віцебскай дыяцэзіі, 3-е - каманда Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, 4-е - каманда Пінскай дыяцэзіі.
Падчас цырымоніі ўзнагароджвання ўсе чатыры каманды атрымалі кубкі, а каманды, якія занялі першыя тры месцы, — медалі.
З 24 па 28 лютага ў Беларусі пройдзе VIII Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод каталіцкіх святароў.
Каментары