25‑гадовая іспанка два гады змагалася за права на эўтаназію пасля групавога згвалтавання і інваліднасці. І ўрэшце перамагла
25‑гадовая іспанка Наэлія Кастылья два гады дабівалася права на эўтаназію. Яе бацька актыўна пратэставаў, але суды сталі на бок дзяўчыны. «Няма сіл цярпець гэты боль і ўсё тое, што мучыць мяне пасля ўсяго, што я перажыла», — кажа яна.

Наэлія Кастылья Рамос нарадзілася ў Барселоне. Як піша El Pais, калі дзяўчыне было 13 гадоў, яе бацькі развяліся і страцілі дом, у выніку чаго яна разам з сёстрамі трапіла ў сацыяльны прытулак. Па словах самой Наэліі, яна стала ахвярай некалькіх выпадкаў сэксуальнага гвалту.
Апошні раз, калі ёй быў 21 год, яе згвалцілі трое хлопцаў. Пасля гэтага ў яе развілася цяжкая клінічная дэпрэсія. Псіхалагічны стан дзяўчыны імкліва пагаршаўся: яна страціла адчуванне бяспекі, кантролю над уласным жыццём і будучыняй. На гэтым фоне з’явіліся суіцыдальныя думкі і адпаведныя паводзіны.
Дзяўчына зрабіла дзве спробы самагубства. Падчас другой з іх, у кастрычніку 2022 года, Наэлія скокнула з пятага паверха і атрымала цяжкія траўмы, якія прывялі да параплегіі — паралічу ніжняй часткі цела.
На працягу амаль двух гадоў яна знаходзілася ў бальніцах і рэабілітацыйных установах. Яе жыццё было звязана з пастаянным доглядам і поўнай залежнасцю ад іншых людзей. Медыкі характарызавалі яе стан як цяжкі і незваротны.
Паводле іх ацэнкі, якую прыводзіць выданне El Confidencial, ступень інваліднасці Наэліі склала 74%. Пашкоджанне паяснічнага аддзела спіннога мозгу не паддавалася ні лячэнню, ні рэабілітацыі. Дзяўчына пакутавала на моцныя неўрапатычныя болі, якія складана кантраляваць, а таксама на страту кантролю над функцыямі выдзяляльнай сістэмы.
У 2024 годзе Наэлія прыняла рашэнне падаць заяву на эўтаназію. У Іспаніі гэтая працэдура легалізаваная з 2021 года, але яна патрабуе складанай і шматступенчатай праверкі. Яе выпадак прайшоў праз усе неабходныя этапы: экспертызу праводзілі лекары розных спецыяльнасцей, псіхолагі і псіхіятры. Асноўным пытаннем было не толькі фізічнае здароўе, але і здольнасць пацыенткі прымаць усвядомленае рашэнне.

У выніку камісія прыйшла да высновы, што стан Наэліі адпавядае крытэрам закона: ён цяжкі, хранічны і незваротны, пакуты — пастаянныя і значныя, а сама яна захоўвае ясную свядомасць і здольнасць самастойна зрабіць выбар. На гэтай падставе ёй быў дадзены афіцыйны дазвол на эўтаназію, якая павінна была адбыцца 2 жніўня.
Аднак за дзень да прызначанай даты бацька дзяўчыны падаў апеляцыю. Мужчына сцвярджаў, што яго дачка пакутуе на псіхічныя разлады з суіцыдальнымі схільнасцямі і ёй патрэбна псіхалагічная дапамога, а не дапамога ў сыходзе з жыцця. Ён настойваў, што параплегія не прычыняе ёй невыноснага болю ці пакут, сцвярджаў, што яна можа хадзіць на мыліцах і што яе фізічны стан нібыта паляпшаецца.
Акрамя таго, бацька адкрыта казаў пра ўласныя пакуты і нежаданне прымаць такі ход падзей. Каб спыніць працэдуру, ён звярнуўся ў суд і прыцягнуў юрыдычную падтрымку арганізацыі «Хрысціянскія адвакаты», вядомай сваёй кансерватыўнай пазіцыяй у пытаннях жыцця і смерці.
У выніку шлях Наэліі да эўтаназіі зацягнуўся. Яе справа стала першым падобным працэсам у Іспаніі і прайшла праз пяць судовых інстанцый. Нягледзячы на спробы бацькі і рэлігійных актывістаў заблакаваць рашэнне, суды ўсіх узроўняў — ад мясцовага да Вярхоўнага, Канстытуцыйнага і нават Еўрапейскага суда па правах чалавека (куды таксама звяртаўся бацька) — пацвердзілі яе права на добраахвотную смерць.
Пасля працяглай юрыдычнай барацьбы ўсе перашкоды былі знятыя, і працэдуру прызначылі на 26 сакавіка. Напярэдадні Наэлія дала інтэрв’ю аднаму з іспанскіх тэлеканалаў.
«Можа, хоць цяпер я змагу адпачыць, бо ў мяне больш няма сіл трываць гэтую сям’ю, няма сіл цярпець гэты боль і ўсё тое, што мучыць мяне пасля ўсяго, што я перажыла», — сказала дзяўчына.
Каментары