Свет3030

Еўрарэвалюцыя ў Кіеве: тысячы людзей на вуліцах. Хроніка панядзелка

22:01

Януковіч: Прыйдуць выбары і людзі разбяруцца

Прэзідэнт Украіны заклікаў палітыкаў не спяшацца і дачакацца выбараў, на якіх людзі вызначацца, каго выбіраць.

Аб гэтым кіраўнік украінскай дзяржавы заявіў у інтэрв'ю тэлеканалам.

«Я хацеў вам сказаць і звярнуцца да нашых грамадзян, якія стаяць па абодва бакі гэтых барыкадаў. Мы з вамі пражылі вельмі няпросты перыяд часу. Мы прайшлі гады выпрабаванняў, і я за тое, каб мы заўсёды рабілі з гэтага адпаведныя высновы», — сказаў Януковіч.

Кіраўнік Украіны падкрэсліў, што ён за тое, «каб мы станавіліся мудрэйшымі, за тое, каб у нашай краіне не было неабароненых людзей: каб усіх абараняў і закон, і дзяржава».

«Каб мы з вамі заўсёды глядзелі у нашу агульную будучыню разам, а за нашу будучыню мы павінны не проста думаць, а шмат працаваць. Не біцца.

Біцца — гэта нічога не дасць», — падкрэсліў прэзідэнт Украіны.

Ён лічыць, што «нас павінна аб'ядноўваць будучыню нашых дзяцей і ўнукаў». «Таму я прашу ўсіх, як гаворыцца, палітыкаў — не спяшацца. Яны ўсё яшчэ маладыя і ў іх усё яшчэ наперадзе. Прыйдуць выбары. Людзі вызначацца, каго выберуць, так і будзе. Так заўсёды было і павінна быць, а сёння нам трэба сумесна абараняць нашы нацыянальныя інтарэсы. Працаваць на людзей», — заявіў Януковіч.

Ён таксама адзначыў, што калі імкнуцца да еўрапейскіх стандартаў, трэба рабіць усё толькі ў рамках закона.

«Гэта прынцыпы дэмакратыі. Таму я жадаю нам міру і дабра і еднасьці. Няхай Гасподзь нам дапамагае ў гэтым», — сказаў Януковіч.

Януковіч пра асацыяцыю з ЕС: Нас нагінаюць, а мы не паддамося

З такой заявай прэзідэнт Украіны выступіў у інтэрв'ю ўкраінскім тэлеканалам

«Мяне вінавацяць, што я штосьці раблю не так… Скажыце, калі ласка, што гэта за дамова, калі нас бяруць і нагінаюць? Я, напрыклад, лічу, што мы не павінны паддавацца, мы павінны абараняць свае інтарэсы. Гэта мая пазіцыя», — перадае liga.net словы ўкраінскага лідара.

Кажучы пра адносіны з ЕС, Януковіч адзначыў, што «не ведае, чым усё скончыцца».

«Гаворка ідзе пра ўмовы, у якіх мы апынемся пасля падпісання гэтай дамовы, і калі гэта нас задавальняе — я за гэта, я гэтага вельмі хачу. Калі не задавальняе — я абавязаны рабіць усё, каб мы абаранілі нашы ўласныя інтарэсы», — заявіў украінскі лідар.

У той жа час ён паведаміў пра дамовы з Расіяй, якія трэба абнавіць і ў якіх мусяць быць адлюстраваныя інтарэсы Кіева. Па словах Януковіча, Украіне з Расіяй трэба дамова пра стратэгічнае партнёрства

20:15

19:42

Пуцін: падзеі ва Украіне нагадваюць не рэвалюцыю, а пагром

Падзеі ва Украіне нагадваюць не рэвалюцыю, а пагром, заявіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін журналістам у Арменіі.

«На мой погляд, усё, што адбываецца, не мае прамога дачынення да ўзаемадзеяння з Еўрасаюзам. Гэта ўнутрыпалітычны працэс, спроба апазіцыі разгайдаць дзеючую легітымную ўладу ў краіне … Тое, што зараз адбываецца, кажа пра тое, што гэта, па ўсёй бачнасці, добра падрыхтаваныя акцыі, і гэтыя акцыі, на мой погляд, больш падрыхтаваныя не да сённяшніх падзеящ, яны рыхтаваліся да прэзідэнцкай выбарчай кампаніі вясной 2015», — цытуе Пуціна РИА Новости.

19:35

Януковіч: Надзвычай важна, каб акцыі пратэсту былі мірнымі

Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч падкрэслівае неабходнасць выканання ўсімі бакамі законаў падчас правядзення масавых акцый.

Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю журналістам украінскіх тэлеканалам 1+1, ICTV, «Інтер» і «Україна», паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

«Калі мы кажам, што мы будуем дэмакратычную дзяржаву, дэмакратычнае грамадства, — а мы ўсе грамадзяне адной краіны, — важна, каб удзельнікі гэтага грамадства і працэсаў, якія адбываюцца, прытрымліваліся законаў», — заявіў Януковіч.

«Не мае значэння — ці гэта прадстаўнікі ўлады, праваахоўных органаў, ці ўдзельнікі гэтых акцый. Усе павінны абавязкова выконваць законы нашай дзяржавы», — сказаў ён.

Па словах кіраўніка дзяржавы, важна, каб акцыі насілі мірны характар.

«Я перакананы ў тым, што любы, нават дрэнны мір лепш любой добрай вайны», — заявіў Януковіч.

19:20

Міліцыя Івана-Франкоўска і Львоўшчыны — з народам

Міліцыя Івана-Франкоўска падтрымлівае жыхароў горада, заявіў гарадскі галава Віктар Анушкевічус.

«Яшчэ раз акцэнтую ўвагу на тым, што Івана-Франкоўская міліцыя з намі», — сказаў ён у выступе на веча, якім пачаўся агульнагарадскі страйку ў Івана-Франкоўску ў панядзелак, паведамляе «Украінская праўда».

«Таму сумесна з праваахоўнікамі, — а гэта нашы браты, нашы бацькі, сыны — сумесна з імі павінны забяспечыць правапарадак у горадзе», — адзначыў ён, паведамляе «Інтэрфакс-Украіна».

Гэтыя словы ўдзельнікі веча сустрэлі словамі «Малайцы».

Ён растлумачыў, што як дзяржслужачы не мае права страйкаваць. Але з іншага боку, адзначыў Анушкевічус, пры ўступленні на пасаду гарадскога галавы ён даваў клятву служыць украінскаму народу, і таму, каб падтрымаць жыхароў горада, разам са сваімі намеснікамі сышоў у адпачынак за свой кошт.

Анушкевічус заклікаў іншых дзяржслужачых такім жа чынам далучыцца да страйкоўцаў.

Адначасова на Львоўшчыне міліцыянты заявілі, што будуць абараняць удзельнікаў «Еўрамайдану».

18:05

Барозу дамовіўся з Януковічам прыняць украінскую дэлегацыю

Прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Жазэ Мануэль Барозу заклікаў усе палітычныя сілы да стрыманасці. Пра гэта ён сказаў падчас тэлефоннай размовы з прэзідэнтам Віктарам Януковічам, паведамляе «Украінская праўда».

17:37

У МЗС Літвы ў панядзелак выклікалі ўкраінскага пасла

У Міністэрства замежных спраў Літвы ў панядзелак выклікалі ўкраінскага амбасадара ў гэтай краіне Валерыя Жаўценку, паведамляе «Інтэрфакс-Украіна» са спасылкай на літоўскае МЗС. Амбасадару выказалі занепакоенасць з нагоды прымянення фізічнай сілы супраць дэманстрантаў у Кіеве на Майдане Незалежнасці у ноч на 30 лістапада.

17:35

16:55

Клічко публічна паслаў правакатара матам: «Давай н… на майдан»

16:35

З'явілася відэа: правакатараў, што ўдзельнічалі ў сутычках на Банковай, на аўтобусах завозяць у двор АП.

16:30

Меркель перасцерагла Януковіча і яго ўрад ад прымянення гвалту

Канцлер ФРГ Ангела Меркель перасцерагла ўкраінскага прэзідэнта Віктара Януковіча і яго ўрад ад прымянення гвалту ў дачыненні да мірных дэманстрантаў. Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік нямецкага ўрада Штэфен Зайберт, цытуе нямецкае агенцтва dpa «Украінская праўда».

Меркель заклікала Януковіча «зрабіць усё, каб забяспечыць свабоду выказвання меркаванняў і права на мірныя дэманстрацыі», сказаў яе прадстаўнік.

Праеўрапейскія мітынгі ва Украіне далі «вельмі выразны сігнал», сказаў Зайберт, «спадзяемся, што Януковіч прыме гэтае паведамленне».

15:55

Кіраўнік кампаніі «Яндэкс-Украіна» заклікаў ігнараваць Партыю рэгіёнаў

Фота Яндекс-Украина/facebook.com

Кіраўнік аддзялення пошукавіка Сяргей Пятрэнка мяркуе, што ўкраінцы павінны пачаць супраць улады мірны байкот. Такую заяву ён зрабіў у сваім блогу, паведамляе korrespondent.net.

«Сумленны чалавек можа быць не ў стане пазбавіцца ад бандытаў, але не абавязаны радавацца і праяўляць нейкую ветлівасць да іх.

Наадварот — іх трэба байкатаваць. Ці не вітацца, не кантактаваць, ня працягваць рукі, не ўдзельнічаць у падзеях, у якіх яны прымаюць ўдзел.

Сумленныя людзі могуць жыць, выкрасліўшы гэтых крывасмокаў са свайго атачэння і выключыўшы кантакты з імі», — заявіў ён.

Па словах Пятрэнкі, асабіста ён не мае намеру прымаць удзел у любых мерапрыемствах, дзе будуць удзельнічаць прадстаўнікі цяперашняй улады, дэпутаты з Партыі рэгіёнаў.

«Я не прыйду. А калі я прыйду і выяўлю, што мне не сказалі пра запланаваную прысутнасць гэтых персанажаў — сыйду неадкладна. І паклічу ўсіх, каму хочацца жыць у нармальнай краіне, зрабіць тое ж самае», — запэўніў ён.

***

Даўнавата не было барыкад у нашай Цэнтральнай Еўропе. На фота Ройтэрз: цэнтр Кіева, бутафорскія, сімвалічныя барыкады вакол Майдана:

15.28

Вось такая карцінка качуе ў расійскім інтэрнэце:

А такім быў арыгінал (анархіст з чырвоным сцягам у Грэцыі нападае на паліцыянта):

14:49

Падзеі ва Украіне ад учарашняга дня — у топе чытацкай цікавасці ў Беларусі. Гэта паказваюць інтэрнэт-лічыльнікі. Гэтыя падзеі трапілі на першыя палосы ўсіх сусветнх і расійскіх СМІ. Але па стане на 14.30 панядзелка ні слова пра іх няма на сайце афіцыйнага агенцтва БелТА, ні на сайце газеты «Советская Белоруссія».

Там пішуць шмат пра што:

В США столкнулись около 70 машин, есть пострадавшие…

На австралийского серфера напала акула и откусила ему ноги…

Жители Хорватии проголосовали за запрет однополых браков…

Але не пра падзеі ва Украіне. Маўчаць, баяцца, што пажар пратэстаў перакінецца і на Беларусь?

14:32

Суд адпускае студэнтаў, затрыманых падчас разгону Майдана ў ноч на суботу.

«На кожным пасяджэнні суддзі прымаюць ідэнтычныя рашэнні: матэрыялы міліцыі вяртаюцца як незаконна аформленыя, а студэнтаў адпускаюць», — гаворыцца ў паведамленні.

«Бацькаўшчына» сцвярджае, што «ў цэлым у ноч з пятніцы на суботу было затрымана каля 30 студэнтаў, якіх дэпутаты забралі з райаддзелаў міліцыі ўжо на раніцу наступнага дня».

Міліцыя абвінавачвала студэнтаў, якіх жорстка збілі, у дробным хуліганстве і непадпарадкаванні прадстаўнікам органаў унутраных спраў.

13:30

Міністэрства замежных спраў адклікае генконсула ў Стамбуле Багдана Яроменку, які раней рэзка асудзіў жорсткі разгон мірных мітынгоўцаў у Кіеве.

Пра гэта сам Яроменка паведаміў у Facebook.

Паводле яго слоў, Леанід Кажара просіць консула прыбыць ва Украіну да 7 снежня.

Раней міністр МЗС раскрытыкаваў дзеянні консула, заявіўшы, што Яроменка парушыў прысягу дзяржаўнага служачага.

13.28

Так выглядаюць сёння вуліцы Кіева вакол Адміністрацыі прэзідэнта:

13:26

Колькасць мітынгоўцаў праціўнікаў дзеючай ўкраінскай улады на Майдане Незалежнасці ў панядзелак паступова павялічваецца.

На плошчы па-ранейшаму знаходзяцца некалькі тысяч чалавек. У асноўным яны сканцэнтраваныя каля сцэны, якая размешчана непадалёк ад уваходу ў Галоўпаштамт і па праезнай часткі вул. Хрышчацік.

Са сцэны час ад часу выступаюць дэпутаты, актывісты і каардынатары акцыі. Для прысутных уключаюць музыку і транслююць навіны пра бягучыя падзеі ў краіне.

За сцэнай усталяваны некалькі намётаў, сярод якіх ёсць як вайсковыя, так і агітацыйныя.

13:20

«У сувязі з маштабнымі акцыямі пратэсту для забеспячэння грамадскага парадку ў Кіеве ўнутраныя войскі прыцягваць дадатковыя сілы».

Пра гэта гаворыцца ў афіцыйнай заяве, апублікаванай на сайце МУС.

У Кіеў прывезлі каля тысячы ваеннаслужачых унутраных войскаў, якія нясуць службу паблізу адміністрацыйных будынкаў органаў дзяржаўнай улады.

Раней ва ўнутраных войсках адмаўлялі перадыслакацыі вайскоўцаў.

11:31

Украіна, падпісаўшы абавязацельствы па МС, можа атрымаць іншую цану на газ, аднак пакуль яшчэ не час казаць пра яе гатоўнасць утварыць з Расеяй адзіную мытную тэрыторыю, лічыць першы віцэ-прэм'ер РФ Ігар Шувалаў.

«Ва Украіне цяпер цяжкая сітуацыя, і там цяпер трэба займацца развіццём вытворчасці, ім патрабуецца недарагі рэсурс, каб запусціць прадпрыемствы і прадаць вырабленую прадукцыю. Думаю, што ніхто, акрамя Расеі, не зможа так хутка выдзеліць Украіне патрэбныя рэсурсы і ў такім аб'ёме», — адзначыў Шувалаў у інтэрв'ю Bloomberg. Паводле яго меркавання, напрыклад, дамоўленасць па газе адразу б вырашыла велізарную праблему для Украіны».

«Мы таксама можам даць пазыку. Але проста так дапамагаць без якіх-небудзь абавязацельстваў з іх боку — не будзем. Мы не можам проста так ратаваць Украіну: яны павінны прыйсці да нас з нейкай канкрэтнай і аргументаванай павесткай», — лічыць першы віцэ-прэм'ер, паведамляе РІА Новості. «Вядома, Украіна разумее, што, падпісаўшы абавязацельствы па Мытным саюзе, можа атрымаць іншую цану на газ, іншыя ўмовы па абавязацельствах і пошлінах», — дадаў Шувалаў.

«Мы цяпер з Арменіяй дамаўляемся адкрыта і празрыста па нашых адносінах, і ўсе разумеюць, што мы Арменіі даем адпаведную цану на газ, таму што яны падпісваюць з намі ўвесь пакет пагадненняў па мытным саюзе», — адзначыў першы віцэ-прэм'ер. Аднак далучэнне Украіны да Мытнага саюза магчыма ў будучыні не адразу, адзначыў Шувалаў. «З пункту гледжання тэхналогій і гатоўнасці Украіны ўтварыць з намі на дадзены момант адзіную мытную тэрыторыю, казаць пра гэта яшчэ рана», — лічыць ён.

10:39

Пытанне аб увядзенні надзвычайнага становішча ва Украіне пакуль не ўздымалася, паведаміў прэс-сакратар прэм'ера Мікалая Азарава Віталь Лук'яненка.

Ён не ўдакладніў, ці ўдалося Азараву трапіць на сваё працоўнае месца ў Кабінеце міністраў у панядзелак.

З-за таго, што мітынгоўцы перакрылі ўсе падыходы і пад'езды да будынка ўрада, супрацоўнікам Кабміна не ўдалося трапіць у панядзелак раніцай на свае працоўныя месцы.

10:04

За мінулыя суткі ў брыгады неадкладнай медыцынскай дапамогі ў Кіеве звярнулася 165 траўмаваных.

Пра гэта паведамляе Дэпартамент аховы здароўя Кіеўскай гардзяржадміністрацыі.

З іх шпіталізавана 109 чалавек.

09:41

У Львоўскай вобласці 2 снежня абвешчана ўсеагульная забастоўка. Пра гэта гаворыцца ў заяве кіраўніка Львоўскай абласной рады Пятра Калодзія.

«На выкананне прызыву Штаба нацыянальнага супраціву штаб каардынацыйнай рады Львоўскай вобласці абвяшчае абласны страйк», — заявіў Калодзій.

Ён таксама заклікаў жыхароў вобласці самым выбраць форму, у якой яны будуць праводзіць страйк і выходзіць на львоўскі «Еўрамайдан» — да помніка Тарасу Шаўчэнку на праспекце Свабоды.

Акрамя таго, Калодзій абвясціў мабілізацыю для падтрымкі «Еўрамайдана» ў Кіеве.

«Абвяшчаем максімальную мабілізацыю людзей для выезду ў Кіеў. У спісы жадаючых не будзем уносіць жанчын, дзяцей і грамадзян, якім не споўнілася 20 гадоў», — гаворыцца ў заяве на сайце Львоўскай аблрады.

09:37

Дэпутат Севастопальскага гарсавета просіць Пуціна ўвесці войскі ва Украіну

Сяргей Смольнікаў, дэпутат Севастопальскага гарсавета, звярнуўся да прэзідэнта Расіі з просьбай пра «ваенную і іншыю дапамогу братняму народу, ураду і прэзідэнту Украіны, каб абараніць суверэнітэт дзяржавы, расійскую грамаду Крыма ды іншых рэгіёнаў».

У Севастопалі, нагадаем, размешчаная расійскія вайсковая база, і абсалютную большасць у горадзе складаюць грамадзяне расейскага паходжання.

У той жа час у сталіцы Крыма, Сімферопалі, учора адбылося шматтысячнае шэсце пад лозунгам «Крым — гэта Еўропа» ў падтрымку еўрапейскага выбару. У ім, акрамя актывістаў апазіцыйных партый, узялі ўдзел крымскія татары.

09:31

Прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі хоча паразмаўляць па тэлефоне з Віктарам Януковічам пра апошнія падзеі ў Кіеве. Пра гэта ён распавёў польскім СМІ. Паводле яго слоў, сітуацыя развіваецца хутка і драматычна.

Камароўскі заявіў, што Польшча павінна ўсяляк дапамагаць ўкраінцам у пытанні Пагаднення аб асацыяцыі з ЕС.

«Магчыма ў бліжэйшыя дні трэба склікаць пасяджэнне Рады нацыянальнай бяспекі на якім урад, прадстаўнікі выканаўчай улады маглі б падзяліцца сваімі назіраннямі і ідэямі з апазіцыяй і парламенцкімі сіламі ў Польшчы», — адзначыў Камароўскі.

Напярэдадні Еўрамайдан у Кіеве наведаў былы кіраўнік польскага ўрада, лідар партыі «Закон і справядлівасць» Яраслаў Качынскі.

09:30

Мікалаеўская раённая арганізацыя Партыі рэгіёнаў у Львоўскай вобласці плануе абвясціць пра свой роспуск.

Партыйцы плануюць публічна разарваць свае членскія білеты і мандаты дэпутатаў раённага савета і аб'явіць аб спыненні існавання Партыі рэгіёнаў у Мікалаеўскім раёне.

Такое рашэнне падтрымліваюць на сёння ўсе сябры партыі, акрамя аднаго чалавека. Ключ ад партыйнага офіса здадуць у гарадскую раду.

09:17

Асобныя групы актывістаў блакавалі ўсе ўваходы ў Кабінет міністраў Украіны і ў будынак нацыянальнага Банка Украіны.

Калона спынілася насупраць цэнтральнага ўваходу ў будынак ўкраінскага ўрада. Рух па вул.Грушэўскага перакрыты, калона мітынгоўцаў скандуе: «Банду далоў!».

Ззаду калоны рух блакуюць аўтамабілі прыхільнікаў адстаўкі ўрада і прэзідэнта.

Акрамя таго, да цэнтральнага ўваходу Кабміна прыбылі два мікрааўтобусы «Бацькаўшчыны» з гукаўзмацняльнай апаратурай.

У дворыку Кабміна знаходзяцца 8 аўтобусаў з супрацоўнікамі спецпадраздзялення «Беркут», але міліцыя пакуль не робіць ніякіх актыўных дзеянняў.

Між тым, з боку вул. Інстытуцкай вул. Банковая, дзе месціцца Адміністрацыя прэзідэнта, перакрыта. Бліжэй да комплексу будынкаў адміністрацыі прэзідэнта папярок вуліцы стаяць аўтобусы з праваахоўнікамі, перад імі шчыльнымі шэрагамі выстраіліся «беркутаўцы» ў поўным абмундзіраванні.

8.45

Сотні тысяч чалавек выйшлі на вуліцы Кіева ў нядзелю. Мітынгі з патрабаваннем не адкладаць падпісання Дамовы аб асацыяцыі Украіны з ЕС перараслі ў масавыя акцыі за адстаўку прэзідэнта і ўрада. Іх абвінавачаюць у некампетэнтнасці, карумпаванасці і кіраванасці выключна інтарэсамі звязаных з імі бізнэсоўцаў.

Спускавым кручком стаў сілавы разгон Еўрамайдана ў ноч з пятніцы на суботу. Яго ажыццявілі спецназаўцы, прывезеныя з усходу краіны.

Учора цэнтр Кіева перайшоў пад кантроль мітынгоўцаў. Спецназ абараняў тры тры пункты: Адміністрацыю прэзідэнта на вуліцы Банковай, Кабінет міністраў на Грушэўскага і люксовую прыватную рэзідэнцыю Януковіча Міжгор'е ў сяле Пятроўцы пад Кіевам.

Самога Януковіча ў сталіцы не было, ён знадзіўся ў Міжгор'і.

Правакатары на чале са скандальным анархістам Дмытром Карчынскім павялі людзей на штурм Адміністрацыі прэзідэнта. Для гэтага яны выкарыстоўвалі шматтонны пагрузчык. Гэта была гульня нерваў. У хаду пайшлі кіі, камяні і газ. 165 мітынгоўцаў было паранена ў сутычках, у тым ліку 32 рэпарцёры. З боку міліцыі ў бальніцы трапіла 47 байцоў.

Апазіцыя заклікала да агульнанацыянальнага страйку. На чале пратэстаў стаяць, з аднаго боку, лідары парламенцкіх партый Арсень Яцанюк, Віталь Клічко — знаны як баксёр і Алег Цягнібок. З другога боку, стыхія Майдана падпарадкоўваецца хутчэй знакавым асобам, вядомым людзям — салістам рок-гуртаў, студэнцкім правадырам.

Аблсаветы ўсходу і поўдня краіны сёння, як чакаецца, на надзвычайных сесіях запатрабуюць увядзення надзвычайнага становішча.

Каментары30

Цяпер чытаюць

Снегапад не спыняецца, заторы на дарогах, праблемы з транспартам. Што зараз адбываецца ў Мінску?1

Снегапад не спыняецца, заторы на дарогах, праблемы з транспартам. Што зараз адбываецца ў Мінску?

Усе навіны →
Усе навіны

Старадрукі, якія выкрадаліся з бібліятэкі Варшаўскага ўніверсітэта, вывозіліся ў Маскву праз Мінск3

«Будзеце ездзіць на шынамантаж кожны дзень». Мінчанцы пагражаюць за тое, што паставіла аўто ў суседнім двары4

«Глыток свежага паветра». Праграміст выехаў з Польшчы ў Люксембург — як жывецца ў самай багатай краіне ЕС10

Севярынец: Тая лінія, якую вядзе Бабарыка — гэта не маё. А з Калеснікавай можа вырасці класны беларускі палітык50

Беласток на вушах праз знікненне актывіста Вайцяхоўскага, суседа памерлага шпіёна Усера. А той цішком вярнуўся ў Беларусь36

Беларуска Дар’я Далідовіч выступіць у Кубку свету па біятлоне ў якасці бежанкі1

Наведвальнікі выставы абгрызлі зефірны торт-экспанат. Белдзяржхарчпрам папрасіў так не рабіць8

На пятніцу абвешчаны найвышэйшы ўзровень небяспекі1

Пад Мінскам на дарозе паклалі «берлінскія падушкі»

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Снегапад не спыняецца, заторы на дарогах, праблемы з транспартам. Што зараз адбываецца ў Мінску?1

Снегапад не спыняецца, заторы на дарогах, праблемы з транспартам. Што зараз адбываецца ў Мінску?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць