Каманда Беларусі правяла на паўаматарскім Калядным турніры пяць гульняў.
У першым матчы Беларусь перамагла самую слабую каманду, французаў, з лікам 16-2. Лукашэнка зрабіў чатыры галявыя перадачы.
Наступны матч са Славакіяй кіраўнік дзяржавы прапускаў - уляцеў у Сочы гуляць у хакей з Уладзімірам Пуціным.
Групавы раўнд скончыўся разгромам Германіі - 11-0. За Беларусь забіла дзевяць хакеістаў, аднак Лукашэнкі сярод іх не было. На яго рахунку дзве галявыя перадачы.
У паўфінале Беларусь зноў гуляла са Славакіяй. Вынік - перамога 6-3. Аднак паводле інфармацыі БелТА, на рахунку кіраўніка дзяржавы была толькі адна галявая перадача.
Нарэшце, у фінале Беларусь з лікам 3-2 перамагла Расію, але і тут Лукашэнку не ўдалося адзначыцца выніковым кідком.
Такім чынам, за ўвесь турнір кіраўнік дзяржавы зрабіў сем галявых перадач, але ўпершыню за доўгі час не мае ніводнай закінутай шайбы.
* * *
Калядны хакейны турнір - спаборніцтва, у якім ва ўсіх камандах гуляюць ветэраны і аматары. Выключэнне робіцца толькі для зборнай Беларусі. Паводле рэгламенту, у камандзе Аляксандра Лукашэнкі дазваляецца ўдзел не больш за шасці прафесіяналаў з хакейнага чэмпіянату Беларусі.
Каментары