«Я не хацеў гэтага забойства — так выйшла»: за краты адправілася сямейная пара наркаманаў
Год таму, 12 сакавіка, у Вілейцы забілі маладога бацьку. 26-гадовага Аляксандра 27 разоў пырнулі нажом, а пасля спалілі ва ўласным доме.
Пакуль ягоная жонка з малалетнім сынам ляжалі ў бальніцы, сям’я за адну ноч засталася без усяго. Цяпер справа атрымала завяршэнне: вінаватых асудзілі.
Пасля забойства затрымалі мужа і жонку — Паўла і Насту. І яны нібыта адразу ва ўсім прызналіся. Але год цягнуліся экспертызы, пасяджэнні суда пераносіліся… Абвяшчаць жа прысуд пару прывезлі з Вілейкі ў Мінск.
Паўлу — 36 гадоў, раней судзімы. Ад першага шлюбу ў яго ёсць малалетнія дзеці. Анастасіі — 25. Абое — наркаманы. Разам ужо, праўда, не жылі. Яго прызналі вінаватым у забойстве з асаблівай жорсткасцю і падпале, яе — у крадзяжы з дома (ноўтбук, ювелірныя ўпрыгожанні). Муж правядзе за кратамі 20 гадоў і мусіць выплаціць 164 мільёны рублёў маральнай і матэрыяльнай шкоды, жонка — 4 гады і 30 мільёнаў адпаведна.
У тую ноч, як высветлілася, смерць для маладога бацькі стала фактычна выпадковай. У хлопца былі шансы пазбегнуць няшчасця, а ён нібы наўмысна цягнуўся да забойцы.
Усё пачалося з таго, што з Аляксандра патрабавалі дзве тысячы даляраў. Нібыта той пакрыўдзіў дзяўчыну, і яна збіралася напісаць заяву ў міліцыю. І Павел выступіў перамоўшчыкам паміж бакамі. Сустрэліся, пагаварылі. На наступны дзень Саша запрасіў яго да сябе, ужо з жонкай. Выпівалі. Пара сышла ў бар непадалёку. Гаспадар далучыўся да іх. Пасля зноў вярнуліся ў дом. Але новае застолле не заладзілася. Мужчыны пасварыліся і пабіліся. Вынік — не менш за 27 нажавых раненняў на целе Аляксандра. Каб схаваць сляды злачынства, мужчына падпаліў дом.
А што яго жонка? Сышла пасля забойства. Ужо пасля следчыя выявяць, што з дома зніклі ноўтбук, ювелірныя ўпрыгожанні… І знайшлі іх у Насты.
«Я не хацеў, каб так здарылася. Збег абставінаў. Я не ішоў з мэтай забіваць ці рабаваць альбо яшчэ нешта, — казаў Павел у апошнім слове. І прасіў прабачэння: — У першую чаргу ў родных і блізкіх Сашы. Мне шкада, што так выйшла. Калі некалі зможаце мне дараваць, даруйце. Па магчымасці, я ўладкуюся на працу ў турме і буду выплачваць кампенсацыю, каб хаця б неяк загладзіць сваю віну. Таксама хачу папрасіць прабачэння ў сваіх бацькоў за пакуты, якія пераносяць разам са мной. Я не хацеў гэтага забойства — проста так выйшла».
Прабачэння прасіла і Наста. «Я сваю віну прызнаю цалкам. Віну сваю асэнсавала, шчыра каюся. Хацела б папрасіць прабачэння за нанесеную шкоду ў пацярпелых, сваіх бацькоў — ведаю, што ім цяпер найцяжэй. Мамачка, даруй. Прашу не караць мяне строга…»
Пракурор прасіў больш жорсткага пакарання для абаіх і ставіў пытанне пра прымусовае лячэнне ад нарказалежнасці.
У асобным грамадзянскім працэсе яшчэ будзе разглядацца пазоў жонкі забітага Аляксандра пра кампенсацыю за спалены дом. Шкоду ацанілі ў 230 мільёнаў рублёў.
Каментары