Другі прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, які бярэ ўдзел у перамовах у Данецку аб урэгуляванні сітуацыі на ўсходзе краіны, паведаміў, што бакі змаглі дамовіцца аб спыненні агню да раніцы 27 чэрвеня.
Пра гэта ён заявіў на брыфінгу пасля перамоваў, піша расійскі «Інтэрфакс». «Мы дамовіліся аб двухбаковым спыненні агню да 10 ранку 27 чэрвеня», — заявіў Кучма.
У сваю чаргу прысутныя на сустрэчы прадстаўнікі АБСЕ сказалі, што будуць праводзіць сумесныя работы па пошуку групы, якая прапала ў Данецкай вобласці.
«АБСЕ спрыяе мірнаму ўрэгуляванню канфлікту, аднак мы павінны быць упэўненыя ў тым, што наша місія будзе знаходзіцца ў бяспецы», — заявіла прадстаўнік місіі АБСЕ.
У панядзелак у Данецкай абласной дзяржаўнай адміністрацыі адбыліся шматбаковыя перамовы паміж прадстаўнікамі Украіны, «ДНР» і «ЛНР» і Расійскай Федэрацыі.
У перамовах прынялі ўдзел пасол РФ ва Украіне Міхаіл Зурабаў, прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ Хайдзі Тальявіні, другі прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, кіраўнік грамадскай арганізацыі «Украінскі выбар» Віктар Медвядчук [па некаторых звестках — кум Пуціна], прадстаўнік «ДНР» Аляксандр Барадай, лідар прарасійскага руху «Паўднёвы Усход» Алег Цароў і прадстаўнікі «ЛНР».
Барадай раней заявіў, што баевікі гатовыя спыніць агонь у адказ на аналагічныя дзеянні ўкраінскага боку.
Каментары