Здарэнні

Опій у шкарпэтках: у Мінску судзяць іранца за кантрабанду наркотыкаў

Іранец атрымаў від на жыхарства ў Беларусі, а цяпер можа «прапісацца» ў беларускай турме.

Былы супрацоўнік пасольства Ірана ў Мінску папаўся на наркотыках. Яго судзяць за іх кантрабанду і незаконны абарот. У выпадку прызнання віны яму пагражае суровае пакаранне — да 13 гадоў калоніі.

Як склалася жыццё 39-гадовага Фархата Махамаднежада на радзіме, не ясна. А вось у Беларусі ён вырашыў, відаць, атабарыцца надоўга. Ажаніўся з беларускай, якая нарадзіла яму дачку. Атрымаў від на жыхарства. Праўда, сямейныя адносіны не заладзіліся. Цяпер жонка, з якой хоць і не жывуць разам каторы год, але так і не развяліся, дае паказанні на мужа. Людміла праходзіць на судзе сведкай.

«Пазнаёміліся ў 2008-м. Пачалі сустракацца. Распісаліся праз год. А ў 2010-м у нас нарадзілася дзяўчынка. Адносіны не склаліся, і праз год я сышла. Падала на аліменты. Ён раз на месяц прыязджаў і прывозіў грошы. Шлюб не скасавалі, але я хачу развесціся. Ён працаваў, як расказваў, у пасольстве Ірана — вечарам ахоўваў, а днём быў кіроўцам. Я яго практычна не бачыла. Прыходзіў пераапрануцца і зноў сыходзіў», — расказвае Людміла.

Затрымалі ж яго 8 сакавіка 2014. Ён акурат прыляцеў з Ірана. Аператыўнікі яго «вялі» нейкі час. Арыштавалі на кватэры, дзе здымаў пакой.

Гаспадыня Таццяна таксама праходзіць на судзе сведкай. Праўда, з часам сталі сужыцелямі.

«Я дапамагла яму распакаваць сумку. Там былі адзенне, салодкае, прыправа… Ці былі лекі нейкія? Вось гэта я не памятаю». Селі піць чай. І ў гэты момант у кватэру ўварваўся спецназ. «Праз акно — у нас першы паверх, праз дзверы — яны ў нас драўляныя. Зламалі. Фархат зрэагаваў апошнім на гэтыя гукі. Выйшаў — не бег, яго яны не спалохалі. Можна сказаць, затарможаны быў [яшчэ ў самалёце выпіў таблеткі з псіхатропамі]. Мяне дапытвалі. Адзін з аператыўнікаў спрабаваў мяне справакаваць: «Як цябе завуць? Калі і колькі ты сёння ўжыла?» А я нават не куру», — прыгадвае Таццяна.

Паводле пракурора Бароўскага, Махамаднежад прывёз у Беларусь забароненыя рэчывы з мэтай збыту: 144 грамы опія і 3114 таблетак трамадолу (трохі больш за 1 кг). Опій ён правёз у шкарпэтках, таблеткі — у сумцы.

«Не прызнаю віны, — заявіў Махамаднежад на судзе. — Таблетка — гэта не небяспечная рэч, а абязбольваючае». Пра опій, праўда, змаўчаў. Ён валодае расійскай, але не ўсё разумее: дапамагае перакладчык.

Супрацоўніца мытні аэрапорта, якая ў той дзень афармляла рэйс з Тэгерана, патлумачыла, што пры пэўных умовах наркотыкі і псіхатропы можна правозіць у Беларусь. На такія рэчывы павінны быць выпісаны адмысловыя рэцэпты. А колькасць прэпаратаў не павінна перавышаць 3-суткавую дозу наркатычных і 90-дзённую дозу псіхатропных рэчываў. Але абавязкова мусяць дэкларавацца пры ўвозе ў Беларусь. 8 сакавіка такую дэкларацыю не падавалі.

Адвакат іранца даводзіць, што чалавеку, які не валодае расійскай ці англійскай мовамі дасканала, немагчыма са стэндаў у аэрапорце даведацца пра рэчы, якія падлягаюць дэклараванню. Магчыма, у гэтым ёсць рацыя. Але калі ён у шкарпэтках хаваў опій, відаць, усведамляў сваё злачынства.

Суд працягваецца.

***

Што да чаго?

Опій — высушаны малочны сок, які атрымліваюць з недаспелых макавых галовак. Сок уяўляе з сябе сумесь раслінных алкалоідаў з высокім утрыманнем марфіну. Опій — сыравіна для вырабу наркатычных сродкаў.

Трамадол — сінтэтычны апіоідны анальгетык. Гэта моцны абязбольваючы сродак. Ён актывуе ў чалавека апіоідныя рэцэптары і выклікае эфект, падобны да наркатычнага: эйфарыя, маруднасць, санлівасць. Выклікае залежнасць. У Беларусі трамадол унесены ў пералік псіхатропных рэчываў.

Каментары

Цяпер чытаюць

Вынеслі прысуд Паліне Зыль — блогерцы, якая стала нулявым пацыентам справы Гаюна, бо ў яе знайшлі тую самую спасылку ад Матолькі10

Вынеслі прысуд Паліне Зыль — блогерцы, якая стала нулявым пацыентам справы Гаюна, бо ў яе знайшлі тую самую спасылку ад Матолькі

Усе навіны →
Усе навіны

Былыя зняволеныя журналісткі сустрэліся ў Варшаве1

«Я пажартаваў». Коўл пракаментаваў словы, што не ведаў, дзе Беларусь7

У Іране патлумачылі знікненне новага вярхоўнага лідара1

Беларускі хакеіст стаў найгоршым па карыснасці ў НХЛ2

Там, дзе стагоддзе таму гучала беларуская мова, сёння пануе польская. Што засталося ад беларускіх гаворак у Літве22

Доўгія пазногці больш не ў модзе. А якія цяпер у модзе?1

Мерц абвінаваціў Трампа ў «маштабнай эскалацыі» канфлікту з Іранам21

На таргі выставілі некалькі карцін Шагала. Адну з іх ужо прадалі за $3,6 мільёна

Улады патлумачылі, чаму ліквідавалі арганізацыю «КіндэрВіта», якая дапамагала дзецям, хворым на рак3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вынеслі прысуд Паліне Зыль — блогерцы, якая стала нулявым пацыентам справы Гаюна, бо ў яе знайшлі тую самую спасылку ад Матолькі10

Вынеслі прысуд Паліне Зыль — блогерцы, якая стала нулявым пацыентам справы Гаюна, бо ў яе знайшлі тую самую спасылку ад Матолькі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць