Лукашэнка: Звольніўся з працы — высяляйся са службовага жылля
Пра гэта ён заявіў 13 лістапада на нарадзе аб прапановах па парадку прадастаўлення жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання асобным катэгорыям дзяржаўных служачых.
«Прашу ўлічваць, што такое жыллё з'яўляецца арэндным, і любыя спробы яго прыватызаваць або застацца там жыць пасля завяршэння выканання службовых абавязкаў недапушчальныя! Яшчэ раз падкрэсліваю: усё павінна быць сумленна і справядліва».
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў ліпені была праведзена спецыяльная нарада, на якой разглядаліся пытанні будаўніцтва і прадстаўлення арэнднага жылля розным катэгорыям грамадзян.
«Асобнай тэмай было выдзяленне спецыяльнага службовага жылля тым дзяржаўным служачым, якім яно прызначаецца. Тады вызначыліся, што,
па-першае, такое спецыяльнае жыллё прадастаўляецца кіраўнікам высокага ўзроўню і прадстаўнікам сілавых структур, менавіта тым, каму па характары работы і для забеспячэння патрабаванняў бяспекі сапраўды патрэбна такое жыллё. Прычым толькі на перыяд выканання імі службовых абавязкаў. Умовы адназначныя: працуеш на адпаведнай пасадзе — атрымліваеш жыллё, вызваляеш пасаду — вызваляеш жыллё. Гэта было маё патрабаванне»,
— сказаў Лукашэнка.
«Па-другое, мы дамовіліся, што за ўсё трэба плаціць. Гэта жыллё ўваходзіць у катэгорыю арэнднага, таму той, хто яго займае, плаціць і за арэнду, і за камунальныя паслугі. Як і ўсе нашы грамадзяне».
Акрамя таго, на нарадзе было дадзена даручэнне нанава сфарміраваць пералік пасад дзяржслужачых, якім прызначаецца спецыяльнае жыллё. «Задача ў тым, каб ні ў якім выпадку яго не пашыраць», — падкрэсліў Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы цікавіўся сітуацыяй з даўгабудамі, асобнымі пытаннямі работы жыллёва-камунальнай галіны, а таксама нагадаў аб выканальніцкай дысцыпліне.
Каментары