Лазавік: Нам хацелася б, каб апазіцыя больш актыўна ўключалася ў падрыхтоўку да выбараў
Прадстаўнікі дзейнай улады дастаткова актыўна працуюць над падрыхтоўкай да прэзідэнцкіх выбараў, чаго не скажаш аб апазіцыі.

Такое меркаванне выказаў БелаПАН сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік, каментуючы падрыхтоўку да выбарчай кампаніі.Паводле яго слоў, улада сёння надае асаблівую ўвагу рабоце з насельніцтвам. «Актывізаваліся органы прадстаўнічай улады ў плане прыёму грамадзян, вывучэння і задавальнення іх патрэб. Гэта сведчыць пра тое, што ўлада стараецца падысці да выбараў з мінімальным наборам усялякіх нявырашаных праблем», — адзначыў Лазавік.
Паводле слоў сакратара ЦВК, такія грамадскія арганізацыі, як «Белая Русь» і «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», «дастаткова актыўна займаюцца падрыхтоўкай да выбараў, працуюць са сваім актывам, праводзяць інструктыўныя нарады».
Пры гэтым Лазавіку вядома, што ў апазіцыі «вялікія рознагалоссі па кандыдатуры адзінага, па якой ніяк не могуць дамовіцца». «Гэта сведчыць пра раз'яднанасць апазіцыйных сіл. Нам хацелася б, каб і прадстаўнікі апазіцыі больш актыўна ўключыліся ў падрыхтоўку да прэзідэнцкіх выбараў», — заявіў сакратар ЦВК.
Цяпер, паводле яго слоў, ЦВК і яе апарат рыхтуюць усе неабходныя да выбараў дакументы: метадычныя рэкамендацыі для ўчастковых і тэрытарыяльных камісій, сцэнарыі трэнінгаў членаў выбарчых камісій, памяткі для кандыдатаў у прэзідэнты. Калі парламент прыме рашэнне аб прызначэнні даты выбараў, асноўная маса дакументаў будзе ўжо падрыхтаваная, паведаміў Лазавік.
Нагадаем, у якасці найбольш верагоднай даты правядзення прэзідэнцкіх выбараў называлася 15 лістапада.
Каментары