Эканоміка2626

Топ-30 беларускіх прадпрымальнікаў, якім не больш за 30 гадоў

Агенцтва стратэгічнага і эканамічнага развіцця склала рэйтынг перспектыўных і крэатыўных маладых прадпрымальнікаў Беларусі, якія развіваюць праекты ў розных індустрыях і ў розных краінах.

Пры размеркаванні месцаў у Топ-30 за аснову былі ўзятыя рэальныя дасягненні ўдзельнікаў, улічаныя перспектывы росту і капіталізацыі іх кампаніі (кампаній) у будучыні. Таксама ацэньваліся магчымасці маштабавання бізнэсаў на глабальных рынках.

У рэйтынг уключаны:

1. Бізнэсмены, не старэйшыя за 30 гадоў (уключна) па стане на 1 сакавіка 2015 года.

2. Толькі грамадзяне Беларусі.

3. Бізнэсмены, якія працуюць за межамі Беларусі альбо кампанія (кампаніі) якіх зарэгістраваныя за межамі нашай краіны.

4. Прадстаўнікі сферы культуры, якія маюць перспектывы і магчымасці атрымання высокіх ганарараў і манетызацыі вынікаў сваёй працы ў будучыні.

1 месца

Андрэй Шымановіч

Узрост: 27

Месца жыхарства: Лондан

Сфера дзейнасці: Венчурныя інвестыцыі

Пасля заканчэння Queen Mary University of London Андрэй далучыўся да каманды інвестыцыйнага буціка Bowline Capital Partners. Досвед, атрыманы ў інвестыцыйным банкінгу, адкрыў яму шлях да венчурнага капіталізму.

Сёння Андрэй — адзін з сузаснавальнікаў венчурнага фонду WeRocks з офісамі ў Лондане і Пала-Альта. У партфелі фонду ўжо 7 амбіцыйных стартапаў, арыентаваных на глабальны рынак. На цяперашні момант WeRocks заканчвае фарміраванне чарговага венчурнага фонду з аб'ёмам інвестыцый $250 млн.

Андрэй часта прыязджае на радзіму. Актыўна цікавіцца перспектыўнымі стартапам ў Беларусі, якія можна маштабіраваць. 

2 месца

Пётр Скаромны

Узрост: 30

Месца жыхарства: Мінск

Сфера дзейнасці: ІТ

Пётр — сузаснавальнік і дырэктар па стратэгічным развіцці распрацоўшчыка мабільных дадаткаў Аpalon. За час працы (з 2007) кампанія выпусціла больш за 50 ІТ-прадуктаў. Агульны аб'ём іх усталёвак склаў 200+ млн.

Яе дадаткі (Pimp Your Screen, Weather Live, Calculator Pro for iPad і інш.) неаднаразова атрымлівалі ўзнагароды на розных тэматычных рэсурсах. У мінулым годзе кампанія некалькі разоў ўваходзіла ў штомесячны Топ-10 распрацоўшчыкаў прадуктаў для App Store па версіі App Annie, атрымала статус топавага распрацоўшчыка ў Google Play.

Па выніках 2014 Apalon увайшоў у першую дзясятку распрацоўшчыкаў ПВТ па аб'ёме выручкі.

У мінулым годзе адбылася адна з найбольш знакавых здзелак M&A на беларускім рынку: Apalon набыла амерыканская інтэрнэт-кампанія InterActiveCorp (IAC). У яе партфель уключаны 150+ брэндаў і прадуктаў, якімі карыстаюцца больш чым у 100 краінах свету.

Сума ўгоды не раскрываецца.

3 месца

Антон Ярашук

Узрост: 29

Месца жыхарства: Мінск

Сфера дзейнасці: ІТ

Антон — заснавальнік кампаніі Vizor Interactive, якая з'яўляецца вядучым беларускім распрацоўшчыкам і выдаўцом шматкарыстальніцкіх гульняў для браўзэра, сацыяльных сетак і мабільных платформаў. Сярод найбольш папулярных гульняў кампаніі — «Зомбі ферма», «Кландайк: зніклая экспедыцыя», «Вернасць: рыцары і прынцэсы».

Гульня «Зомбі ферма» выйшла ў свет у снежні 2010 і праз 3 месяцы пасля рэлізу ўвайшла ў Топ-5 гульнявых дадаткаў сацыяльнай сеткі «Укантакце». Цяпер у «Зомбі ферму» граюць мільёны людзей ва ўсім свеце.

4 месца

Павел Гільман

Узрост: 27

Месца жыхарства: Лондан

Сфера дзейнасці: Біятэхналогіі, нерухомасць, шоу-бізнэс

Павел — шматпрофільны бізнэсмен з лонданскай прапіскай. Ён паспяхова кіруе групай кампаній на брытанскім рынку нерухомасці. Яго рыэлтарскай агенцтва Ready-flats Ltd асабліва папулярнае сярод рускамоўнага насельніцтва Лондана. Стратэгія развіцця бізнесу — адкрыццё прадстаўніцтваў ва ўсіх буйных гарадах свету (першым стаў Рым). Таксама група кампаній займаецца рэканструкцыяй і будаўніцтвам жылых шматпавярховых і прыватных дамоў на тэрыторыі Вялікабрытаніі.

Павел актыўна інвестуе ў біятэхналогіі. Адзін з яго актываў — Kaddish Ltd, міжнародная навукова-тэхналагічная кампанія, якая спецыялізуецца на агракансалтынгу і ўзбагачэнні харчовых прадуктаў і кармоў для сельскагаспадарчых жывёл. У 2013 годзе была зас наснаваная кампанія Stoller Ukraine ў Кіеве, якая аказвае паслугі па індывідуальнай распрацоўцы тэхналогій павелічэння ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур ва Украіне.

Акрамя таго, Павел з'яўляецца заснавальнікам медыя-прадакшн кампаніі Hilberg Limited, а таксама членам апякунскай рады і журы Лігі КВЗ і конкурсу прыгажосці Міс СССР у Вялікабрытаніі.

5 месца

Мікіта Мікада

Узрост: 28

Месца жыхарства: Сан-Францыска

Сфера дзейнасці: ІT

Мікіта — сузаснавальнік стартапа PandaDoc і кампаніі Quote Roller. У 2013 годзе яго стартап PandaDoc прыцягнуў $655 тыс. Ад Kima Ventures, Altair Capital, Fabrice Grinda і шэрагу іншых інвестараў. У цяперашні час PandaDoc знаходзіцца ў фазе імклівага росту.

«Мы выбіралі не краіну — мы выбіралі менавіта Сіліконавую даліну. Гэта Мека ўсіх ІТ-кампаній. Асабіста мне тут хутчэй вучыцца і знаходзіць тое, што ўжо зрабілі, а не вынаходзіць нанова. Жонка адразу пагадзілася», — казаў Мікіта пасля пераезду разам з камандай і жонкай у Сан-Францыска.

6 месца

Уладзімір Халязнікаў

Узрост: 30

Месца жыхарства: Масква

Сфера дзейнасці: ІT

У сакавіку мінулага года генеральным дырэктарам аднаго з міжнародных інтэрнэт-холдынгаў KupiVIP быў прызначаны Уладзімір Халязнікаў, які змяніў на гэтай пасадзе заснавальніка Оскара Хартмана. Уладзімір Халязнікаў з'яўляецца адным з сузаснавальнікаў кампаніі. З 2012 года ён займаў пасаду аперацыйнага дырэктара.

KupiVIP цяпер складаецца з шопінг-клуба KupiVIP.ru, анлайн-буціка KupiLUXE.ru, інтэрнэт-крамы ShopTime.ru, падраздзялення электроннай камерцыі KupiVIP E-Commerce Services, мадэльнага агенцтва NEW ONE Model Management і партала аб модзе Fashion Stylist. Прадстаўніцтвы кампаніі адкрыты ў Лос-Анджэлесе, Берліне, Мілане і Парыжы.

7 месца

Кірыл Чыкеюк

Узрост: 28

Месца жыхарства: Лондан

Сфера дзейнасці: Інавацыйная рэклама

Кірыл і яго партнёр Арцём Ставенка ў 2012 годзе заснавалі ў Вялікабрытаніі стартап Kino-mo, які аказвае паслугі па размяшчэнні інавацыйнай рэкламы на колах ровара. Першапачаткова праект быў заснаваны на тэхнічным рашэнні распрацоўшчыкаў з ЗША, але за год дапрацоўкі ён ператварыўся ў новы прадукт, аналагаў якому няма ў свеце.

Са сваім праектам хлопцы сталі пераможцамі вядомага тэлешоў «Dragons 'Den» на BBС, у рамках якога члены журы — буйныя інвестары і бізнес-анёлы, кантактуюць з маладымі вынаходнікамі. Затым прымаецца рашэнне, ці варта ўкладаць у праекты грошы. Але пасля заснавальнікі перспектыўнага стартапа адмовіліся ад £90 тыс. на карысць самастойнага развіцця.

Kino-mo стаў пераможцам многіх конкурсаў і прэмій у Вялікабрытаніі (Shell LiveWire Award, Bright Ideas Award, Cambridge University Entrepreneurs Award), а Кірыл нядаўна абараніў дысертацыю ў Оксфардскім універсітэце і стаў доктарам навук.

8 месца

Аляксей Курэц

Узрост: 29

Месца жыхарства: Мінск

Сфера дзейнасці: ІT

Аляксей Курэц — заснавальнік і дырэктар ТАА «ТурбаХэдс». Яшчэ да заснавання свайго галоўнага праекта assistant.by Аляксей запусціў цэлы шэраг стартапаў, арыентаваных на беларускі рынак: Obana.By, Yees.By, Udivi.By. У 2009 Obana.By стаў самым папулярнымі інтэрнэт-аўкцыёнам Беларусі.

Першапачаткова assistant.by быў таксама арыентаваны на беларускі рынак, але пасля інвестыцый расейскай кампаніі «1С» у 2012 была выпушчаная першая версія анлайн-бухгалтэрыі для расійскага рынка пад назвай EasyBooker, пазней пераназваная ў Асістэнт Про. Наступным імпульсам для развіцця assistant.by стала ўваходжанне ў склад заснавальнікаў венчурнага фонду Softline Venture Partners і аднаго з найбуйнейшых воблачных правайдараў у СНД кампаніі ActiveCloud.

Сёння ў камандзе assisent.by працуе 30 чалавек, а паслугамі сэрвісу карыстаюцца тысячы прадпрымальнікаў па ўсёй краіне.

9 месца

Аляксандр Журба

Узрост: 29

Месца жыхарства: Масква

Сфера дзейнасці: Венчурныя інвестыцыі

Аляксандр Журба нарадзіўся ў Полацку, дзе і зрабіў першыя крокі ў інтэрнэт-бізнэсе. У 2004—2006 ён развіваў інфармацыйна-аналітычны сайт, прысвечаны Полацку і Наваполацку. Пасля пераезду ў Маскву ў 2006 годзе Аляксандр папрацаваў у шэрагу вядомых кампаній: студыі Арцемія Лебедзева, крэатыўным агенцтве Lebrand, медыяхолдынгу РБК.

Пасля ў розныя перыяды Аляксандр з'яўляўся сузаснавальнікам інтэрнэт-холдынга «Ройбер», інвестыцыйнай кампаніі Modernus Capital Partners, бізнэс-акселератара TexDrive, венчурнага фонду Genezis Capital.

У цяперашні час Аляксандр развівае свой новы праект, звязаны з венчурным інвестыцыямі. Кампанія Sapfir Capital мае цікавую канцэпцыю: яна дапамагае стартапам ў пошуку інвестыцый і продажы бізнэсу, а зарабляе на камісіі, якая спаганяецца пасля афармлення здзелак.

10 месца

Улад Кухарчук

Узрост: 28

Месца жыхарства: Сан-Францыска

Сфера дзейнасці: Шоу-бізнэс

Улад Кухарчук — заснавальнік і лідар поп-рок гурту Kiwi Time, які базуецца ў Каліфорніі. Практычна ўся каманда родам з Бярозы Брэсцкай вобласці. Хлопцы рабілі першыя крокі ў музыцы ў Беларусі, а пасля пераезду адзін за адным у Сан-Францыска аб'ядналіся і ўтварылі ў 2011 годзе групу Kiwi Time.

У 2013 годзе расійскі бізнесмэн Юрый Петушкоў спецыяльна пад гурт стварыў музычны лэйбл Granted Access Inc. і актыўна інвесціруе сродкі ў прасоўванне гурту. Kiwi Time стаў уладальнікам шэрагу прэмій у музычнай індустрыі ЗША, у прыватнасці, Stoneski Battle of the Bands і ArtRockX band competition.

11 месца

Сяргей Дубаграеў

Узрост: 26

Месца жыхарства: Александрыя (штат Віргінія), ЗША

Сфера дзейнасці: ІT

Сяргей — заснавальнік стартапа Pinxter для моднікаў. Pinxter — сацыяльная сетка, дзе карыстальнікі могуць дзяліцца сваімі вобразамі і ацэньваць гардэроб сяброў, незнаёмых людзей або зорак. У дадатку можна не толькі параіцца, варта купляць сукенку і ці падыходзіць вам новая прычоска, але і натхняцца ідэямі для фарміравання ўласнага стылю. Кампанія таксама дае гатовыя рашэнні, злучаючы брэнды і спажыўцоў шляхам аналітыкі, адсочваючы трэнды і спажывецкія інтарэсы.

Аўдыторыя сацыяльнай сеткі налічвае больш за 300 тысяч карыстальнікаў, большую частку з якіх складаюць дзяўчаты ад 15 да 22 гадоў.

12 месца

Дзмітрый Мацкевіч

Узрост: 30

Месца жыхарства: Масква

Сфера дзейнасці: ІT

Дзмітрый, неаднаразовы пераможца рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы, у 2002 годзе паехаў вучыцца ў МФТІ. Фізікам ён не стаў, але стаў венчурным прадпрымальнікам. Папрацаваўшы аналітыкам у Accenture і кіраўніком аддзела CRM і спецыяльных праектаў у Wikimart, заснаваў два ўласныя стартапы — flocktory.com і 1minute.ru.

Flocktory.com — сістэма реферальнага маркетынгу, якая дазваляе ўладальнікам інтэрнэт-крам або рэсурсаў матываваць сваіх бягучых пакупнікоў рэкамендаваць яго сваім сябрам.

1minute.ru — праект, які дазваляе займацца дабрачыннасцю, не адыходзячы ад камп'ютара. Карыстальнікі могуць здзяйсняць розныя рэкламныя дзеянні, а сабраныя такім чынам сродкі размяркоўваць паміж дабрачыннымі фондамі. Стартап стаў удзельнікам і прызёрам наступных конкурсаў: БІТ, HSE {10K}, Кубак Технавацый, Imagine Cup.

13 месца

Алег Цягуноў

Узрост: 30

Месца жыхарства: Мінск

Сфера дзейнасці: ІТ

Алег — сузаснавальнік і кіраўнік ActiveCloud. У 2003 заснаваў кампанію Active Technologies, якая стала правайдарам паслуг хостынгу ў Беларусі. У 2007 годзе заснаваў кампанію Invelio, якая займаецца распрацоўкай заказнога праграмнага забеспячэння ў розных сферах: аўтаматызацыя хостынгу, e-commerce, білінгавай сістэмы, CRM, CMS, ПА для букмекерскіх кампаній і інш.

У 2010 разам са сваім праектам прыйшоў у Softline. Так паўстаў брэнд ActiveCloud, які прапануе воблачныя рашэнні, хостынг і ІТ-кансалтынг ў СНД і шэрагу замежных краін. У 2013 стаў суарганізатарам бізнэс-інкубатара TurboHeads, якія спецыялізуюцца на стварэнні SaaS-прадуктаў.

14 месца

Бахрам Ісмаілаў

Узрост: 22

Месца жыхарства: Мінск

Сфера дзейнасці: ІT

Бахрам пачаў сваю кар'еру ў ІТ у якасці праект-мэнэджара ў амерыканскім стартапе MediBook, які працуе з медыцынскімі ўстановамі Каліфорніі.

У 2014 годзе сумесна з партнёрамі пачаў працу над стартапам vnutri.by і заснаваў кампанію Global Indoor Technology Ltd. Кампанія займаецца развіццём сінэргіі мабільнага дадатка і софту, якія павінны вырашыць праблему навігацыі ўнутры гандлёвых цэнтраў для карыстальнікаў, збору маркетынгавай інфармацыі і вымярэння канверсіі для афлайн-крам.

На дадзены момант праект прыцягнуў інвестыцыі расійскіх інвестараў.

Бахрам з'яўляецца прызёрам Mentor Day — 2014.

Каманда маладых ІТ-распрацоўшчыкаў, якую ўзначальвае Бахрам, — галоўныя героі нашага спецпраект «Стартап на мільярд».

15 месца

Яўген Пальчэўскі

Узрост: 28

Месца жыхарства: Мінск

Сфера дзейнасці: ІT

Яўген у 2009 годзе ўжо паспеў прадаць сваю першую кампанію. У 2009—2011 кіраваў распрацоўкай праекта па вэб-аналітыцы з месячным наведваннем ў 30 млн карыстальнікаў. З 2011 займаецца развіццём прыватных аналітычных вэб-сэрвісаў, якія дасягнулі топ-1000 па наведваннях у свеце — аўдыторыя 7 млн наведвальнікаў у месяц. Зараз развівае і інвесціруе ў шэраг кампаній у сегменце B2B.

16 месца

Cаша Філіпенка

Узрост: 30

Месца жыхарства: Масква

Сфера дзейнасці: Літаратура, журналістыка

Аляксандр нарадзіўся ў Мінску, скончыў ліцэй мастацтваў ім. Ахрэмчыка, пазней пераехаў у Санкт-Пецярбург, дзе скончыў філалагічны факультэт СПБГУ. Працаваў на Першым канале тэлебачання, у тым ліку пісаў сцэнары да праграм «Пражэктарпэрысхілтан», YestardayLivе і інш. Затым перайшоў у рэдакцыю тэлеканала «Дождж».

У 2014 годзе за свой раман «Былы сын» стаў лаўрэатам першай прэміі ў намінацыі «Буйная проза» міжнароднай прэстыжнай літаратурнай «Рускай прэміі». Улічваючы добры старт у маладым узросце і памеры ганарараў папулярных расійскіх пісьменнікаў, у Філіпенкі вельмі перспектыўная будучыня.

17 месца

Андрэй Гусараў

Узрост: 29

Месца жыхарства: Мінск

Сфера дзейнасці: Digital-marketing

Андрэй — заснавальнік кампаніі «Гусараў Груп», аднаго з вядучых digital-агенцтваў у Беларусі. Гісторыя кампаніі пачалася ў 2007, калі інтэрнэт-рынак у нашай краіне толькі пачынаў актыўна развівацца.

За больш чым 7 гадоў паспяховай працы агенцтва вырасла з невялікай фірмы, якая спецыялізуецца на SEO-прасоўванні сайтаў, у паўнавартаснае digital-агенцтва.

Андрэй актыўна падтрымлівае маладых таленавітых прадпрымальнікаў і з'яўляецца адным з фундатараў конкурсу бізнэс-ідэй і праектаў Start2Go.

18 месца

Арцём Канцавы

Узрост: 30

Месца жыхарства: Мінск

Сфера дзейнасці: Медыя

Арцём — заснавальнік dev.by, папулярнага ў Беларусі медыя-праекта ў галіне ІT. Сёння dev.by аб'ядноўвае звыш 31 тысячы зарэгістраваных прафесіяналаў і каля 1 000 беларускіх ІТ-кампаній.

У планах партала — павелічэнне колькасці беларускага кантэнту, запуск новых аўтарскіх калонак і блогаў кампаній, а таксама выхад на больш маштабныя рынкі суседніх краін.

19 месца

Антон Дзмітрыеў

Узрост: 29

Месца жыхарства: Мінск

Сфера дзейнасці: Фінансы

Антон — генеральны дырэктар групы кампаній «Будінвестлізінг». Кампанія актыўна развіваецца, нарасціўшы аб'ём лізінгавага партфеля да больш чым $20 млн.

Антон мае дыплом у галіне фінансавай стратэгіі Said Business School, University of Oxford і ступень MBA The Open University Business School. Атрыманыя веды і назапашаны досвед перадае студэнтам Бізнес-школы ІПМ, дзе працуе выкладчыкам шэрагу праграм.

20 месца

Алесь Місуна

Узрост: 29

Месца жыхарства: Мінск

Сфера дзейнасці: Digital-marketing

Алесь — сузаснавальнік digital-агенцтва Qmedia. З моманту заснавання ў 2007 годзе агенцтва правяло 1 030+ рэкламных кампаній для заказчыкаў з Беларусі і краін СНД.

Сярод кліентаў агенцтва такія вядомыя беларускія і сусветныя брэнды, прадстаўленыя на беларускім рынку, як «Еўраопт», «Юнівест-М», «Віталюр», «Буслiк», «Евросеть», Honda, Scania, Citroёn і інш.

21 месца

Аляксей Янушкевіч

Узрост: 27

Месца жыхарства: Мінск

Сфера дзейнасці: Сеткавы фаст-фуд

Аляксей — сузаснавальнік і генеральны дырэктар сеткі рэстаранаў SushiHouse. Аляксей пачаў спрабаваць сябе ў рэстаранным бізнэсе ў Маскве, дзе ён правёў 4 гады. У Маскве была першая спроба адкрыцця рэстарана на 50 пасадачных месцаў, аднак з-за рознагалоссяў з партнёрамі было вырашана прадаць рэстаран.

Вярнуўшыся ў Мінск, Аляксей стаў развіваць фармат рэстаранаў азіяцкай кухні. Сёння ў сетцы SushiHouse два рэстараны і актыўна развіваецца дастаўка сушы.

Яго імкненне да высокай якасці выканання страў не засталося незаўважаным: па версіі рэстаранна-гастранамічнай прэміі Golden Chef у 2013 годзе Sushi House атрымаў званне «Найлепшая японская кухня».

22 месца

Сяргей Цыбулін

Узрост: 29

Месца жыхарства: Мінск

Сфера дзейнасці: Фінансы

Сяргей — намеснік дырэктара ТАА «Дзікрыс» і член рады дырэктараў РРБ-Банка. Адным з акцыянераў банка з'яўляецца яго бацька.

Сяргей практычна з універсітэта прыйшоў у банк і вельмі шмат зрабіў для развіцця напрамку рознічнага бізнэсу. У 2013 годзе ён атрымаў ступень MBA у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце.

23 месца

Павел Шышко

Узрост: 30

Месца жыхарства: Мінск

Сфера дзейнасці: Адукацыя

Павел — заснавальнік паспяховага адукацыйнага цэнтра «Шыпалекс», які прапануе бізнэс-курсы, майстар-класы, камп'ютарныя курсы і трэнінгі. Найбольш паспяховай праграмай стаў трэнінг «Бізнэс-старт», які збірае вельмі вялікія залы. За аснову трэнінгу ўзятая мадэль расійскай школы сваёй справы «Бізнэс-маладосць», якая паказвае грандыёзныя поспехі на рынку СНД і дэманструе добрыя фінансавыя паказчыкі (абарот «Бізнэс-маладосці» ў 2013 годзе склаў каля RUB 1 млрд).

Павел аўтар кнігі «Працуем з мытняй крок за крокам» і суаўтар кнігі «Бізнэс у Беларусі: сакрэты стварэння з нуля да выніку».

24 месца

Мікалай Кекіш

Узрост: 28

Месца жыхарства: Мінск

Сфера дзейнасці: ІT

Мікалай — заснавальнік CatalogLoader.com, які прадае праграмы для інтэрнэт-крам з іх далейшым укараненнем ў бізнэс-працэсы. Кампанія ўжо мае тысячы кліентаў з малога бізнэсу ў сферы электроннай камерцыі.

«Магу сказаць, што кожны квартал кампанія па абаротах вырастае на 30% у параўнанні з папярэднім. За два гады праз нас «прайшло» больш за 500 праектаў, мы аказалі больш за 2000 паслуг. Дарэчы, нашы кліенты — гэта не толькі інтэрнэт-крамы, хоць яны, безумоўна, складаюць аснову. Таксама гэта маркетынгавыя агенцтвы, якія працуюць з буйнымі пастаўшчыкамі або непасрэдна самі буйныя пастаўшчыкі», — так Мікалай распавядаў пра свае бізнэс-поспехі парталу Bel.biz.

25 месца

Дзяніс Кур'ян

Узрост: 30

Месца жыхарства: Мінск

Сфера дзейнасці: Прамоўшн

Дзяніс — вядомы тэлежурналіст, уладальнік прэміі «Тэлевяршыня» ў намінацыі «Найлепшы вядучы забаўляльных праграм», з восені 2012 — вядучы праграм «Наша раніца» і «Я люблю Беларусь».

Акрамя журналістыкі Дзяніс развівае шэраг напрамкаў у бізнэсе. Адно з іх — гэта прадакшн-студыя Promofilm, якая стварае прэзентацыйныя фільмы для беларускіх кампаній. Кліентамі прадакшн-студыі з'яўляюцца «Трайпл», «Санта Брэмар», «Савушкаў прадукт», Беларускі металургічны завод, тытунёвая фабрыка «Нёман», Беларуская чыгунка, БелВЭБ і іншыя вядомыя кампаніі.

Таксама Дзяніс інвесціруе ў вендзінгавы бізнэс.

26 месца

Аляксандр Міхалевіч

Узрост: 29

Месца жыхарства: Мінск

Сфера дзейнасці: ІT

Аляксандр — заснавальнік прафесійнай сацыяльнай сеткі Kollega.by. Ідэя стварэння сацыяльнай сеткі запазычаная ў вядомай ва ўсім свеце LinkedIn, якая мае звыш 225 мільёнаў карыстальнікаў. Аднак у Kollega.by шмат у чым іншая канцэпцыя, адаптаваная пад беларускі рынак. Асноўная мадэль манетызацыі бізнэсу — пашыраны функцыянал пошуку для працадаўцаў, прасоўванне вакансій і паслуг, інфармацыя аб наведвальніках старонак карыстальнікаў і вакансій.

Сёння на Kollega.by зарэгістравана больш за 36300 карыстальнікаў з больш за 13700 кампаній па ўсёй Беларусі.

27 месца

Аляксей Мурончык

Узрост: 28

Месца жыхарства: Мінск

Сфера дзейнасці: Будаўнічае праектаванне

Аляксей — сузаснавальнік і дырэктар праектнай майстэрні ТАА «Праект-М». Асноўныя напрамкі дзейнасці кампаніі — распрацоўка эскізных, архітэктурных праектаў і канструктыўных рашэнняў для будаўніцтва будынкаў, дызайн інтэр'еру і вонкавага выгляду будынкаў, ландшафтны дызайн. Кампанія — адзін з лідараў на рынку ў галіне малапавярховага домабудавання і актыўна скарае рынак праектаў будынкаў і збудаванняў.

У момант увядзення ў Беларусі атэстацыі ў сферы будаўніцтва і праектавання пад брэндам «Праект-М» адбылося зліццё некалькіх прыватных праектных арганізацый.

Аляксей, як магістр тэхнічных навук, развівае інавацыйныя тэхналогіі ў галіне праектнай інжынерыі.

28 месца

Улад Андросаў

Узрост: 27

Месца жыхарства: Мінск

Сфера дзейнасці: Медыцынскі турызм

Уладзіслаў — заснавальнік двух кампаній, якія працуюць у сферы медыцынскага турызму.

MedTravelBelarus — аператар медыцынскага турызму, які прапануе паслугі па арганізацыі лячэння ў беларускіх клініках. Штогод кампанія прымае каля 700 кліентаў з-за мяжы.

Таксама з 2010 года Улад развівае сегмент выязнога медыцынскага турызму для беларусаў, якія жадаюць атрымаць абследаванне, лячэнне або рэабілітацыю ў клініках за мяжой ці аздаравіцца на SPA курортах Еўропы.

Уладзіслаў з'яўляецца адным з заснавальнікаў Minsk kicker club і агентам маладога футбольнага талента — свайго роднага брата Аляксандра Андросава.

29 месца

Дзяніс Кандратовіч

Узрост: 27

Месца жыхарства: Мінск

Сфера дзейнасці: ІT

Дзяніс — прадпрымальнік, арыентаваны на сацыяльныя праекты. Ён з'яўляецца адным з заснавальнікаў дабрачыннага аўкцыёну сустрэч MaeSens.by і праекта StartIdea.by.

MaeSens.by прапануе зарэгістраваным карыстальнікам нестандартны фармат ўключэння ў дабрачыннасць, у аснове якога ляжаць механізмы аўкцыённага гандлю, сацыяльнай сеткі, віртуальнай службы знаёмстваў і краўдфандзінгу. У 2012 годзе стартап прыцягнуў пасяўныя інвестыцыі ад венчурнага інвестара Грэга Кіда, які атрымаў вядомасць дзякуючы інвестыцыям у Twitter і Squarе, і пачаў сваё развіццё на рынках Расіі і ЗША.

Дзяніс — сузаснавальнік і член журы конкурсу сацыяльных праектаў для Беларусі Social Weekend.

30 месца

Ксенія Курусь

Узрост: 22

Месца жыхарства: Мінск

Сфера дзейнасці: Сетка хостэлаў

Ксенія — сузаснавальнік хостэлаў Trinity, Riverside Hostel, Traveller і Art House. Праект, які мае цікавую канцэпцыю, у свой час падтрымаў бізнес-анёл Аляксандр Кныровіч. Ён стаў не толькі інвестарам, але і ментарам.

Унікальнасць хостэлаў Ксеніі у тым, што яны першыя ў Беларусі ўвайшлі ў Міжнародную федэрацыю моладзевых хостэлаў (IYHF), якая ўключае ў сябе амаль 80 хостэл-асацыяцый, якія налічваюць каля 4 500 хостэлаў, якія ўвасабляюць разнастайныя культуры і этнічныя формы.

Каментары26

Цяпер чытаюць

Усе гадаюць, чаму Месяц змяніў сваё месцазнаходжанне на небе. Спыталі ў астранома, што адбываецца1

Усе гадаюць, чаму Месяц змяніў сваё месцазнаходжанне на небе. Спыталі ў астранома, што адбываецца

Усе навіны →
Усе навіны

У СІЗА ў Гомелі быў здзейснены суіцыд

Прэзідэнт Літвы павіншаваў беларусаў з Днём Волі: «Ваша рашучасць і стойкасць натхняюць»5

Мацкевіч збірае палітыкаў на метадалагічную «гульню». Бабарыка едзе, Ціханоўская — пакуль не. Што адбываецца і колькі гэта каштуе?39

Віцебскі праўладны блогер прапануе выдаваць інтэрнэт па даведках3

Былая зорка «Белсата» Сяргей Падсасонны выходзіць замуж за польскага шляхціца69

У Вярхоўнай Радзе Украіны павіншавалі беларусаў з Днём Волі7

Падчас начной атакі ўкраінскіх дронаў у порце Выбарга быў пашкоджаны найноўшы расійскі ледакол1

У Гомелі 17‑гадовы навучэнец каледжа забіў аднагрупніка нажом1

Магчымы мокры снег. Сіноптыкі прагназуюць абвал тэмпературы на 12—15 градусаў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Усе гадаюць, чаму Месяц змяніў сваё месцазнаходжанне на небе. Спыталі ў астранома, што адбываецца1

Усе гадаюць, чаму Месяц змяніў сваё месцазнаходжанне на небе. Спыталі ў астранома, што адбываецца

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць