Гісторыя11

З’явіўся яшчэ адзін ютуб-канал пра беларускую гісторыю. Пачалі з «Палявання на цара»

Ігнат Грынявіцкі ўвайшоў у гісторыю як чалавек, які забіў расійскага імператара Аляксандра ІІ, але пры гэтым загінуў і сам. Гісторыя захавала жудасную дэталь: слоік з яго заспіртаванай галавой доўгі час стаяў у холе пецярбургскай паліцэйскай камендатуры. Кім быў гэты чалавек, наш зямляк, і чаму ён адважыўся на такі радыкальны крок?

Партрэт Ігната Грынявіцкага, апрацаваны штучным інтэлектам

Невысокага росту, шатэн з кучаравай галавой, ён меў асаблівасць — крыху не выгаворваў літару «л». За рахманы і стрыманы характар яшчэ ў гімназіі ён атрымаў мянушку Коцік. Сам ён называў сябе ліцвінам і стаў адным з заснавальнікаў беларускай фракцыі ў складзе расійскай рэвалюцыйнай арганізацыі «Народная воля», расказвае гісторык Васіль Герасімчык.

Вось поўнае відэа выпуску, ніжэй мы коратка яго перакажам.

Паходжанне і станаўленне Ігната Грынявіцкага

Ігнат нарадзіўся ў 1856 годзе ў сям’і збяднелага шляхціца. Яго бацька быў вымушаны арандаваць маёнтак Басін у Бабруйскім павеце Мінскай губерні — менавіта там і прайшло маленства будучага рэвалюцыянера.

Пасля заканчэння паўстання 1863—1864 гадоў сям’я вярнулася ў свой родавы маёнтак Вялікія Грынявічы на Бельшчыне, на самым захадзе этнічнай беларускай тэрыторыі. Сітуацыя была парадаксальнай: валодаючы ўласнай зямлёй, бацька Грынявіцкага доўгі час быў вымушаны працаваць арандатарам у іншых, каб пракарміць сям’ю.

Ігнат скончыў Беластоцкую гімназію як найлепшы вучань. Перад ім адкрываліся выдатныя перспектывы: ён паехаў у Пецярбург і паступіў на механічны факультэт Тэхналагічнага інстытута. Прафесія інжынера ў тыя часы была ключом да эліты Расійскай Імперыі, але Грынявіцкі абраў іншы шлях.

Чаму Ігнат Грынявіцкі радыкалізаваўся

У 1875 годзе, калі Ігнат пачаў вучобу, сярод сталічнай моладзі набірала моц «хаджэнне ў народ». Тысячы студэнтаў, расчараваных расійскай сістэмай, ехалі ў вёскі, каб працаваць з сялянамі і тлумачыць ім несправядлівасць тагачаснага ладу. Яны казалі пра тое, як цар падмануў народ падчас рэформы, прымусіўшы плаціць за зямлю ўтрая больш за яе кошт. Аднак сяляне, якія свята верылі ў «цара-бацюхну», не слухалі агітатараў і часта самі здавалі «бунтароў» паліцыі.

Правал «хаджэння ў народ» і згортванне дзяржаўных рэформаў прывялі да радыкалізацыі тых, хто хацеў больш справядлівасці і свабоды. У 1879 годзе арганізацыя «Зямля і воля» распалася, і з яе вылучылася «Народная воля», да якой далучыўся і Ігнат Грынявіцкі. Нарадавольцы верылі, што пераходу краіны да дэмакратыі можна дабіцца, узняўшы сялян на паўстанне, і верылі, што імпульсам да гэтага можа стаць забойства цара.

Некалькі спробаў былі беспаспяховымі. 5 лютага 1880 года рабочы Халтурын узарваў сталовую ў Зімнім палацы, але царская сям’я ўратавалася, бо спазнілася на абед. Праз два тыдні ўраджэнец Слуцка Іпаліт Младзецкі спрабаваў забіць Міхаіла Ларыс-Мелікава — чалавека, якога Аляксандр ІІ фактычна надзяліў дыктатарскімі паўнамоцтвамі з мэтаю задушэння рэвалюцыйных памкненняў моладзі Расійскай імперыі. Замах Младзецкага праваліўся, яго пакаралі смерцю.

У 1880 годзе Грынявіцкі разам з паплечнікамі пачаў выдаваць нелегальную «Рабочую газету». Адзін з яе нумароў быў прысвечаны памяці пакаранага Аляксандра Квяткоўскага, таксама ўраджэнца Беларусі і аднаго з ідэолагаў замаху на цара. Грынявіцкі тады пісаў:

«Няўжо мы будзем маўчаць перад сваімі катамі? Не, іначай кроў гэтых пакутнікаў за народнае шчасце ўпадзе на нашы галовы».

Аляксандр ІІ у апошнія гады жыцця.

Фатальны план

Падрыхтоўкай замаху на імператара займаліся Андрэй Жалябаў і Соф’я Пяроўская. План прадугледжваў некалькі варыянтаў. Першы — закласці дынаміт пад дарогу, па якой павінен быў праехаць цар. Другі — здзейсніць напад з дапамогай бомбаў, якія павінна была выкарыстаць група з чатырох чалавек. Існаваў і трэці сцэнар: у выпадку няўдалага выбуху Жалябаў меркаваў забіць імператара, скарыстаўшыся панікай і хаосам.

Калі Жалябава арыштавалі за некалькі дзён да акцыі, група Пяроўскай вырашыла не адступаць.

1 сакавіка 1881 года Аляксандр ІІ вяртаўся з манежа ў Зімовы палац. На маршруце яго чакалі тэрарысты. Першую бомбу кінуў Мікалай Рысакоў, але яна толькі пашкодзіла карэту і параніла казакоў суправаджэння. Імператар зрабіў фатальную памылку: замест таго, каб неадкладна з’ехаць з месца здарэння, ён выйшаў з карэты, каб паглядзець на тое, што адбылося.

На пытанне, ці ўсё з ім добра, цар адказаў: «Дзякуй Богу, я ацалеў». Рысакоў жа злосна кінуў: «Наўрад ці гэта дзякуй богу».

У гэты момант Ігнат Грынявіцкі наблізіўся да імператара на адлегласць паўтара метра. Раздаўся другі выбух, яшчэ мацнейшы за першы. Ігната Грынявіцкага разам з Аляксандрам ІІ кінула ў розныя бакі. Абодва атрымалі смяротныя раненні.

Цар памёр за некалькі гадзін. Грынявіцкі перажыў яго на сем гадзін. Перад смерцю ён ненадоўга прыйшоў у прытомнасць, але на пытанне следчага пра імя адказаў толькі: «Не ведаю». Гэта былі яго апошнія словы.

Цэлы месяц яго асоба заставалася таямніцай. Яго ведалі як Ельнікава, а таксама пад мянушкай Коцік. Пяцёра ўдзельнікаў замаху на цара Аляксандра ІІ былі асуджаныя на смерць і пакараныя.

Выбух другой бомбы. Малюнак Арнольда Балдынгера. Фота: Wikimadia Commons

Галаву Ігната Грынявіцкага адрэзалі і выставілі ў паліцэйскай камендатуры, каб кожны мог паглядзець на тое, што наканавана царазабойцам. Але большасць з тых, хто праходзіў побач, гледзячы на твар Ігната Грынявіцкага, бачылі толькі адно: нават валадара вялікай імперыі можна забіць — ён усяго толькі чалавек.

Ці быў сэнс у самаахвяраванні Ігната Грынявіцкага?

Ігнат Грынявіцкі памёр, але яго ўчынак натхніў на радыкальныя дзеянні іншых людзей. Напрыклад, у 1887 годзе, у той жа дзень 1 сакавіка, суполка маладых людзей пад кіраўніцтвам Аляксандра Ульянава (брата будучага вядомага нам рэвалюцыянера Уладзіміра Леніна) здзейсніла няўдалы замах на наступнага цара, Аляксандра ІІІ. І за гэта таксама ўдзельнікі суполкі былі асуджаныя на смерць.

Але ці атрымалася ў Ігната Грынявіцкага тое, у што ён верыў і на што разлічваў? Як адзначае Васіль Герасімчык, не атрымалася.

Расійская Імперыя не развалілася. Смерць Аляксандра ІІ, наадварот, прывяла да нарастання рэакцыі. Рэформы, якія рыхтаваў Ларыс-Мелікаў, былі згорнутыя. 

Месца забойства Аляксандра II Ігнатам Грынявіцкім, сучасны выгляд. Фота Міколы Нікалаева

Тым не менш, постаць Ігната Грынявіцкага застаецца знакавай з трох прычын.

Грынявіцкі паказаў, што нават «маленькі чалавек» здольны ўплываць на ход сусветнай гісторыі. Застаецца адкрытым пытанне: як развівалася б Расійская імперыя, калі б Аляксандр ІІ не загінуў? Магчыма, рэформы працягнуліся б, і імперыя ўвайшла б у ХХ стагоддзе ў іншым выглядзе. Не выключана таксама, што ў такім выпадку не адбылася б і бальшавіцкая рэвалюцыя.

Разам з тым гэты выпадак дэманструе і марнасць нават самых прывабных ідэй. Разлік на тое, што забойства лідара прывядзе да краху ўсёй сістэмы, не апраўдаўся: замест перамен наступіла ўзмацненне рэакцыі.

Учынак Ігната Грынявіцкага паўплываў і на наступныя пакаленні. Ён стаў прыкладам, які прымусіў многіх рэвалюцыянераў шукаць іншыя шляхі дзеяння. Менавіта такія пошукі прывялі, у прыватнасці, да з’яўлення бальшавіцкай стратэгіі. Пэўны ўплыў гэтая постаць мела і на беларускі нацыянальны рух, дзе Грынявіцкага часам ставяць у адзін шэраг з Кастусём Каліноўскім і Францішкам Багушэвічам як сімвалічныя фігуры, што натхнялі наступныя пакаленні на грамадскую і палітычную дзейнасць.

Каментары1

  • Гісторык
    25.03.2026
    І зноў паўпраўда, а значыцца мана. Гдзе факт аб тым, кім вызначаў сябе па нацыянальнасці Грынявіцкі? Можа досыць паўтараць Маскоўскую матадзічку ды нават баяцца узгадваць літвінаў? Няўжо так іх баіцеся? ))) самі сябе баіцеся? Нават больш чым маскалі баяцца бандэраўцаў.
    Такі вы народзец.
    "Я літвін, а не паляк"- Ігнат Грынявіцкі

Цяпер чытаюць

Коўл Лукашэнку: Табе трэба быць больш асцярожным, за сталом кепскіх пацаноў застаўся адзін ты27

Коўл Лукашэнку: Табе трэба быць больш асцярожным, за сталом кепскіх пацаноў застаўся адзін ты

Усе навіны →
Усе навіны

У Жлобіне згарэў МАЗ ВІДЭА1

Эдуард Пальчыс вярнуўся ў твітар2

Бяляцкі: Першы раз я быў на святкаванні Дня Волі ў 1983 ці 84‑м годзе, у лесе пад Менскам, дзе падпольна сабралася пару дзясяткаў моладзі1

У Магілёве будуць судзіць маладую маці — яна зрабіла з немаўляці інваліда4

Пад Мінскам хочуць пабудаваць царкву ў выглядзе велізарнага звона з цыбулінай10

У вадаёме мінскага парку знайшлі дзвюх чырванавухіх чарапах1

«Мы абавязкова будзем святкаваць гэты дзень дома». Ціханоўская павіншавала беларусаў з Днём Волі2

Іран выставіў ЗША максімалісцкія патрабаванні для вяртання да перамоў — WSJ9

«Калі б не «Вясна-1996, мы б былі Татарстанам». 30 гадоў таму беларусы ўжо пратэставалі супраць Лукашэнкі і Расіі — як гэта было24

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Коўл Лукашэнку: Табе трэба быць больш асцярожным, за сталом кепскіх пацаноў застаўся адзін ты27

Коўл Лукашэнку: Табе трэба быць больш асцярожным, за сталом кепскіх пацаноў застаўся адзін ты

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць