Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура падарыў жыхарцы краіны кватэру, пасля таго як яна запусціла яму ў галаву манга.

Марлені Аліва кінула садавіну ў кіраўніка дзяржавы, калі той у ходзе цырымоніі адкрыцця новай транспартнай сеткі кіраваў аўтобусам у штаце Ансаатэгі на паўночным усходзе краіны.
Праз некалькі дзён падчас тэлевізійнага звароту Мадура паказаў гледачам манга, на якім было напісана «Калі можаце, патэлефануйце мне», а таксама нумар тэлефона жанчыны.
Мадура сказаў, што яго памочнікі ўжо звязаліся з Аліва і паабяцаў, што 54-гадовай жанчыне будзе прадастаўлена кватэра ў рамках праграмы развіцця масавага жылля.
Мадура сказаў, што фрукт быў спелым, і паабяцаў пазней яго з'есці. Венесуэльскі лідар пажартаваў, што ў яго ёсць нешта агульнае з манга, бо maduro па-іспанску азначае «саспелы».
Нікалас Мадура, які прыйшоў да ўлады ў 2013 годзе пасля смерці былога лідара Венесуэлы Уга Чавеса, у мінулым працаваў кіроўцам аўтобуса.
Цяперашні лідар лацінаамерыканскай краіны нярэдка садзіцца за руль і адпраўляецца ў мінітурнэ па невялікіх гарадах, дзе размаўляе з насельніцтвам.
У падобных паездках прэзідэнт збірае петыцыі, просьбы, у асноўным напісаныя на паперы, і слухае звароты грамадзян. 52-гадовы Мадура, як і яго папярэднік Чавес, вядомы сваімі папулісцкімі жэстамі і не ў першы раз адорвае просьбітаў.
У мінулым венесуэльскія лідары з панскага пляча давалі бедным венесуэльцам кватэры, надбаўкі да пенсій або бытавыя прыборы.
Смелая венесуэлка пазней прызналася, што ў яе пад рукой не было паперы, каб напісаць просьбу традыцыйным спосабам, таму яна вырашыла выкарыстаць для гэтай мэты манга.
Каментары