Спорт88

Аліна Талай: «Было смешна, калі сказалі: Табе будзе вельмі цяжка знайсці мужа, бо ў цябе ўсё ёсць»

Адна з самых паспяховых нашых спартовак аналізуе праблемы ўзаемаадносінаў паміж сучаснымі мужчынамі і жанчынамі, апавядае, ці перамог фемінізм у Еўропе і як змянілася яе жыццё пасля медаля чэмпіянату свету.

Год таму, калі «Байцоўскі ген» сустракаўся з Алінай Талай, яна толькі марыла пра медаль чэмпіянату свету ў бегу з бар’ерамі. І вось у Пекіне п’едэстал нашай дзяўчыне скарыўся. Супер! Аліна даказала, што яе папулярнасць найперш звязаная з талентам, а не з прыгажосцю і беларускай мовай.

Каб кожны мог ацаніць маштабы гэтага дасягнення, патлумачым наступнае. Нават такімі папулярнымі відамі спорту, як лыжныя гонкі ці біятлон займаюцца ў дзясятках краін свету. А лёгкай атлетыкай — па ўсёй планеце Зямля. Таму здабыць бронзавы медаль на чэмпіянаце свету ў бегавой дысцыпліне — гэта без перабольшання трыумфальна. Што можа быць цяжэйшым!

— На папярэдніх чэмпіянатах свету і на Алімпіядзе я спынялася за крок ад фіналу, — згадвае Аліна. — А выхад у фінал азначае, што ты — у сусветнай эліце лёгкай атлетыкі. Было вельмі крыўдна і балюча. Я загадзя ведала, што на чэмпіянаце свету 2015 г. бой будзе жорсткі. Таму бронзавы медаль стаў для мяне прыемным шокам.

Ты прачнулася знакамітай на раніцу пасля п’едэсталу?

— Мае старонкі ў сацсетках проста распірала ад віншаванняў і паведамленняў, на якія я потым карпатліва адказвала. Як і любому чалавеку, мне прыемная такая ўвага, усведамленне, што маю працу высока ацанілі. Але я не адчуваю сябе знакамітасцю. Мяне па-ранейшаму рэдка пазнаюць на вуліцы і ніхто не патрабуе: «Распішыцеся ў мяне на правай грудзі!» Я не імкнуся да поспеху і ўсеагульнага прызнання. Гэта адымае шчырыя пачуцці паміж табою і людзьмі. Я часта чула ў свой адрас: «Яна ж такая! Яна з простымі смяротнымі не размаўляе…» Гэта, натуральна, смешна. Паспяховы выступ не змяніў мяне, змянілася стаўленне людзей да мяне. А мне б так не хацелася, каб людзі ўва мне бачылі толькі медалі і медыйную асобу…

Што табе снілася ўначы перад фіналам?

— У Пекіне доўга не магла заснуць праз розныя гадзінныя паясы і спрабавала сябе нечым пацешыць: слухала ўлюбёныя літаратурныя перадачы Дзмітрыя Быкава на «Рэху Масквы». Засынала позна. Што мне снілася, не памятаю. Па шчырасці, я не веру ў прымхі і імкнуся рэальна глядзець на рэчы. А спорт мне наогул рэдка сніцца. Можа, адзін ці два разы ў жыцці бачыла ў снах спаборніцтвы. Можа, таму, што ў вольны час шмат пра спорт не думаю.

«Было смешна, калі сказалі: «Табе будзе вельмі цяжка знайсці мужа, бо ў цябе ўсё ёсць»

Кожны лёгкаатлетычны від спорту траўманебяспечны. Як ты пераадольваеш боль?

— Мне падабаецца жыць і працаваць на мяжы сваіх магчымасцяў. Перамагчы свае слабасці і заганы — гэта ж крута! Аднойчы я падышла да люстэрка, пільна зірнула на сябе, і мне стала так цікава, што можа маё цела, дзе мяжа яго фізічных здольнасцей. Вось усё імкнуся зразумець гэтую мяжу.

То бок ты лічыш сябе моцнай дзяўчынай? Ці перашкаджае гэта ў асабістым жыцці?

— Было вельмі смешна, калі мне аднойчы сказалі: «Табе будзе вельмі цяжка знайсці мужа, бо ў цябе ўсё ёсць». Маўляў, муж патрэбны, каб забяспечыў кватэрай, машынай, грошы на модныя сукенкі даваў. Але гэта не так. Бяда сучасных дзяўчат у тым, што яны вельмі меркантыльна ставяцца да хлапцоў. Мне, напрыклад, патрэбен не гаманец з грашыма, а партнёр, блізкі па духу чалавек, з якім можна смела разам крочыць па жыцці, развівацца, як асоба. Няма больш агіднага, чым разам дэградаваць.

Чаму ў наш час паспяховым беларускам не так проста знайсці сваю другую палову?

— Многім мужчынам складана ладзіць з разумнымі жанчынамі, маўляў, я адзін павінен быць лідарам у сям’і. Вось ён нечага ў жыцці дасягнуў і лічыць гэта дастатковым. Але які ты нафіг лідар, калі не хочаш далей развівацца, працаваць над сабою? Канечне, з прыгожай дурніцай жыць прасцей, а потым мужчыны пачынаюць наракаць: «Мне так сумна, з маёй жонкай, няма пра што пагутарыць…»

А спартоўкам яшчэ цяжэй знайсці сабе пару. Многім мужчынам складана перажыць поспех сваёй жанчыны. Да таго ж гэтыя вечныя зборы, спаборніцтвы, калі ты надоўга з’язджаеш з дому! І вось ты кажаш свайму каханаму: «У мяне ёсць выдатны шанец палепшыць свае спартовыя вынікі, але для гэтага трэба надоўга з’ехаць за мяжу». У адказ большасць з нас чуе: «Не, ты што! Як так? Я тут, а ты там…» Мужчынам-спартоўцам у гэтым сэнсе прасцей: іх жанчыны едуць разам з імі.

«Чуткі, што ў Заходняй Еўропе перамог фемінізм, усяго толькі чуткі»

Адразу пасля нашага папярэдняга інтэрв’ю ты пераехала ў Вену. Ці моцна змянілася жыццё?

— Мне лёгка даўся пераезд у Аўстрыю, і пакуль не ўзнікала моцнай настальгіі, каб паўсюль бярозкі мроіліся. Мне вельмі камфортна ў Вене: шыкоўны горад са сваім адметным стылем.

Ці моцна аўстрыйцы адрозніваюцца ад беларусаў?

— Я пакуль не ўбачыла вялікай розніцы. Нават чуткі пра тое, што ў Заходняй Еўропе канчаткова перамог фемінізм, — усяго толькі чуткі. Аўстрыйскія мужчыны па-ранейшаму галантна ставяцца да жанчын: адчыняюць ім дзверы, дораць кветкі, частуюць у рэстаранах. Венцы вельмі стылёва апранаюцца і сочаць за сваім здароўем, стала выбягаюць на прабежкі і займаюцца ў фітнэс-клубах. А наведванне знакамітых венскіх баляў ці оперы — у іх цэлы рытуал: мужчыны — у смокінгах, жанчыны — у элегантных вячэрніх строях.

А як ты бавіш час у Вене?

— Па шчырасці, мне больш даспадобы розныя бары і клубы, дзе можна файна прабавіць час у нефармальнай абстаноўцы і пазнаёміцца з новымі людзьмі. Мая сяброўка-аўстрыйка пастаянна запрашае мяне на розныя музычныя імпрэзы і паці, якімі так славіцца Вена, але праз спаборніцтвы аніяк не магу іх наведаць. Вось і ў гэтым годзе планавала трапіць на буйныя музычныя опэн-эйры ў Аўстрыі і Венгрыі, але дзе там! Добра, што зборы праходзілі на Тэнерыфэ, дзе ўвесь час з задавальненнем насілася на матацыкле па ўзбярэжжы акіяна. Вакол — нікога, толькі ты і прырода. Казка! Ёсць такія моманты, калі здаецца, што нічога асаблівага не адбываецца, але яны пакідаюць глыбокі след у душы.

«Мой трэнер такі ж вар’ят, як і я»

Не раззлавала трэнера, што набыла сабе матацыкл?

— Не, Філіп Унфрыд (Philipp Unfried) — такі ж вар’ят, як і я. Калі ён пра ўсё даведаўся, сказаў: «Ваў, крута!» У яго і самога ёсць такі транспартны сродак. Эх, нагадалі вы мне пра мой матацыкл — майго «любімага мужчыну», які так сумуе па мне ў Аўстрыіі…

Прыязджаючы ў Беларусь, ты ўдзельнічаеш у кампаніях, каб збіраць грошы на добрыя справы. Апошнім разам — на будаўніцтва дзіцячага хоспісу. Табе складана сустракацца з цяжка хворымі дзецьмі?

— Можа, у мяне моцны характар, але я не плачу, калі прыходжу дадому пасля такіх сустрэч. Я проста думаю, чым яшчэ магу дапамагчы. Існуе вялікая розніца паміж жалем і спачуваннем. Жыль вымагае тваіх эмоцый і не прыносіць аніякай карысці. Спачуванне ж немагчымае без актыўных дзеянняў.

Як гэта разумець?

— Можа, я дрэнны чалавек, але ніколі не даю грошай вулічным жабракам. У большасці з іх ёсць рукі-ногі: чаму ты не працуеш і б’еш на жаль? У роднай Оршы жыве мой цёзка Аляксей Талай, які ў дзяцінстве страціў рукі і ногі. Вось дзе можна канчаткова страціць надзею! Але ён выстаяў, стварыў сям’ю і актыўна яшчэ дапамагае іншым. Наш аршанскі Нік Вуйчыч! Такімі людзьмі я заўсёды захапляюся. Вельмі важна жыць з пачуццём кахання і надзеі ў сэрцы, нават калі няма нікога побач. Проста з любоўю ставіцца да навакольнага свету і яго насельнікаў.

Каментары8

Цяпер чытаюць

Як выглядае стылёвы дом новай рэктаркі Акадэміі мастацтваў коштам паўмільёна даляраў6

Як выглядае стылёвы дом новай рэктаркі Акадэміі мастацтваў коштам паўмільёна даляраў

Усе навіны →
Усе навіны

Кітай запатрабаваў ад Ірана не перашкаджаць пастаўкам катарскага звадкаванага прыроднага газу4

Жыхар Маладзечна вёз у электрычцы баявую гранату, а потым паставіў яе на паліцу ў інтэрнаце

У Свіслачы знайшлі цела мужчыны. Ім аказаўся зніклы ў канцы снежня Павел Калашнікаў1

Ціхан Чарнякевіч: Рэальнасць стала такой абсурднай, што хочацца запісаць яе, пакуль не знікла1

Міхаіла Баразну знялі з пасады рэктара Акадэміі мастацтваў

«І я пацалую табе руку, калі будуць курчыцца Фукуяма, Леві і Кісінджэр». Як Азаронак фліртаваў з Дугінай21

Сяргей узяў грошы за кантракт і пайшоў здавацца ў палон пры першай магчымасці. Пакручасты лёс беларуса, які падпісаўся ваяваць за Расію21

Стаў вядомы прысуд адыёзнаму функцыянеру БРСМ з педафільскім мінулым, якога судзілі за здраду дзяржаве6

Вікторыя Кульша: Рэчыцкая калонія — гэта пекла2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як выглядае стылёвы дом новай рэктаркі Акадэміі мастацтваў коштам паўмільёна даляраў6

Як выглядае стылёвы дом новай рэктаркі Акадэміі мастацтваў коштам паўмільёна даляраў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць