Меркаванні2020

«10 гадоў таму я ўладкаваўся на фірму, што займаецца продажам бытавой тэхнікі. У лахатрон»

Піша Андрэй Горват.

Гадоў дзесяць таму ўладкаваўся я на фірму, якая займалася продажам бытавой тэхнікі. Карацей, у лахатрон. Тое, што ў газетнай аб’яве называла сябе гандлёвым прадстаўніком, папраўдзе, хадзіла па кватэрах і пад выглядам уяўных рэкламных акцый збывала дробную бытавую тэхніку і кухонныя прылады: прасы, электрачайнікі, нажы. Што гэта лахатрон, я дацяміў запозна, калі ўжо прызвычаіўся да лёгкіх грошай. За месяц мяне натрэніравалі так, што я мог прадаць што хочаш і каму хочаш. Маімі калегамі былі студэнты-завочнікі, маладыя настаўнікі і медыкі — наймілейшыя прайдзісветы — добрыя і прастадушныя. Мы падымаліся на апошні паверх і надзявалі на сябе нябачны скафандр, які не ўпускаў ні страх, ні сумленне.

– Добры дзень. Вы гаспадыня?

Недаверлівыя позіркі за дваццаць хвілінаў напаўняліся цеплынёй. А нашыя кішэні — грашыма.

Там, у кватэрах, маё сэрца ніколі не ёкала. Бабця з царкоўнага хору, палкоўнік, інвалід у вазку, сямейная пара лесбіянак, цётка, яшчэ адна цётка, яшчэ сто цётак — я ўсіх не злічу.

Сэрца ёкала, калі мы збіраліся ля машыны, запіхвалі ў багажнік рэшткі і моўчкі вярталіся ў кантору. То была не проста стома, а душэўнае знясіленне праз гвалт, які мы самі й учынялі. Так цягнулася некалькі месяцаў, пакуль у нашым офісе не пачаліся ператрусы, падчас якіх мы хаваліся ў кабінеце дырэктара. Кіраўніцтва стала збіраць свае манаткі, каб збегчы ў Самару — адкуль і звалілася нам на галовы. Было прапанавана далучыцца да ўсеагульнай міграцыі. І мы далучыліся.

– Самара — гэта маленькі Лас-Вегас, — сказалі нам.

І мы паверылі.

Мы лічылі вялікую Расію сваім выйгрышам і шанцам. Думалі калі-небудзь вярнуцца ў Мінск мільянерамі, нібы ў родную вёску з хаткамі пад дзіравымі стрэхамі. Выявілася, што Самары не толькі да Лас-Вегаса было далёка, ёй было далёка да Шабаноў.

Хочаш перасячы дарогу — спадзявайся толькі на свайго анёла. Расія запусціла ў космас ракету з Гагарыным, а самарцы па вечарох запускалі з вокнаў пакеты са смеццем.

Ужо першы працоўны дзень выявіў, што ўсе нашыя ўменні, набытыя ў Мінску, можна лёгка перакрэсліць. Лахатрон на расійскі манер аказаўся зусім іншы. У Мінску прадаўцу дапамагае інтэлігентнасць. У Самары яна была перашкодай. Каб збыць тавар, трэба было стаць галодным ашалелым зверам. У бабулі, якая адчыняе дзверы, у вачох няма недаверлівасці і каровінай прастадушнасці, а страх. І гэты страх можна перамагчы толькі сілай.

Нас навучылі простаму прыёму — найперш падсоўваць нагу ў дзвярны праём, а ўжо потым усміхацца: «Здраствуйця! Вам сёння пашчасціла». Калі гаспадар слабейшы за цябе, калі ён не здолее выпіхнуць тваю нагу, то ты адсунеш яго і патрапіш унутр.

Клапаціцца пра тое, што нехта выкліча міліцыю, не было ніякай патрэбы. Міліцыя рэгулярна атрымоўвала ад нашай фірмы свой працэнт з продажу. Таму нахабства дазвалялася. Адзінае, чаго трэба было баяцца, — дужых гаспадароў. Таму мы хадзілі ўдвох і ўтрох.

У мінскіх кватэрах дыялог з «кліентам» быў даўгі — каля дваццаці хвілінаў. «А хто ў вашай сям’і вострыць нажы?..» Заваяваць давер у беларуса лёгка — трэба толькі пацікавіцца ягоным жыццём, пачуццямі. І праз дваццаць хвілінаў беларус накорміць абедам, аддасць свае грошы, яшчэ і падзякуе наўздагон. Заваяваць давер самарскага расіяніна — немагчыма.

Таму дыялогу ў нас не было, быў сквапны, спешны, агрэсіўны маналог на тры-пяць хвілінаў, які завяршаўся словамі: «Як гэта няма грошай!? А калі я пашукаю?» Так дзейнічалі нашы самарскія калегі. А мы так і не навучыліся. Хадзілі са сваімі торбамі, сарамліва ўсміхаліся, безнадзейна ўсміхаліся. Усміхаліся, усміхаліся, усміхаліся. Па-беларуску. Нас выганялі, выкідалі з пад’ездаў, як пакеты са смеццем, білі нагамі.

Але аднойчы на маю сарамлівую шчырую ўсмешку адказалі сарамлівай шчырай усмешкай. Мы былі ўтрох: я, мой найлепшы сябар Лёха і Вася. Быў ужо амаль вечар, стома расцякалася па ўсім целе. Мы хацелі есці. Мы хацелі грошай. Мы хацелі набыць квіткі да Мінска — роднай вёскі з хаткамі пад дзіравымі стрэхамі.

Дзверы адчыніла жанчына. Я сказаў ёй: «Здраствуйця», — і ўсміхнуўся. Яна сказала мне: «Здраствуйця», — і ўсміхнулася.

Я ўклаў усю сваю пяшчоту ў няспешныя словы па амаль забытай мінскай сістэме.

Я не помню, ці прадалі мы што-небудзь. Гэта цяпер неістотна.

Калі я закончыў, гаспадыня прамовіла: «Дзякуй».

Па-беларуску.

Каментары20

Цяпер чытаюць

Спявак Дзмітрый Калдун паказаў сваю мінскую кватэру недалёка ад Драздоў ШМАТ ФОТА16

Спявак Дзмітрый Калдун паказаў сваю мінскую кватэру недалёка ад Драздоў ШМАТ ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску цэлую вуліцу накрыла «антрапагенным» снегам4

Улады Непала аб'явілі план ачысткі Эверэста ад смецця4

Бабарыка і Калеснікава прыехалі ў Германію. Іх сустрэў міністр замежных спраў32

Міністр сувязі паабяцаў за 5 гадоў павялічыць хуткасць мабільнага інтэрнэта ў 4 разы2

«Можна ўявіць, наколькі амаральнай асобай з'яўляецца стваральнік гэтага нялюдскага механізму»21

У Гдыні на тэрыторыі вайсковай часці затрымалі п'янага беларуса1

Ганне Лукашэнка далі прэмію «За духоўнае адраджэнне»13

Амерыканцы ўпершыню запрасілі на перамовы з украінцамі еўрапейцаў, катарца і турка4

У Чэрвеньскім раёне за 185 тысяч даляраў прадаюць сядзібу з 200‑гадовай гісторыяй2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Спявак Дзмітрый Калдун паказаў сваю мінскую кватэру недалёка ад Драздоў ШМАТ ФОТА16

Спявак Дзмітрый Калдун паказаў сваю мінскую кватэру недалёка ад Драздоў ШМАТ ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць