У Лос-Анджэлесе ў Dolby Theatre на Галівудскім бульвары ў нядзелю адбудзецца 88-я цырымонія ўручэння прэміі Амерыканскай кінаакадэміі «Оскар».

Прэмія будзе ўручацца ў 24 намінацыях. Галоўная намінацыя — «найлепшы фільм». У ёй заяўлены карціны «Шалёны Макс. Дарога лютасці» Джорджа Мілера, «Гульня на паніжэнне» Адама Макея, «Выжылы» Алехандра Гансалеса Іньярыту, «Шпіёнскі мост» Стывена Спілберга, «Бруклін» Джона Краўлі, «Пакой» Леанарда Абрахамсана, «У цэнтры ўвагі» Тома Макарці, «Марсіянін» Рыдлі Скота. У намінацыі «найлепшы рэжысёр» прысутнічаюць тыя ж Макей, Іньярыту, Мілер, Абрахамсан і Макарці.
У намінацыі «найлепшая мужчынская роля» заяўлены Леанарда Дзі Капрыа («Выжылы»), Эдзі Рэдмейн («Дзяўчына з Даніі»), Браян Крэнстан («Трамба»), Майкл Фасбендэр («Стыў Джобс») і Мэт Дэйман («Марсіянін»). У аналагічнай «жаночай» намінацыі — Кейт Бланшэт («Кэрал»), Бры Ларсан («Пакой»), Сірша Ронан («Бруклін»), Джэніфер Лоўрэнс («Джой»), Шарлота Рэмплінг («45 гадоў»).
Галоўнай інтрыгай маючай адбыцца цырымоніі эксперты лічаць барацьбу за «Оскара» ў намінацыі «найлепшая мужчынская роля». У гэтай намінацыі шосты раз заяўлены Дзі Капрыа — пяць разоў да гэтага ён прайграваў у барацьбе за статуэтку, што яго шматлікія прыхільнікі расцэньваюць як несправядлівасць.

Падтрымку Дзі Капрыа перад цырымоніяй ўручэння «Оскара» аказваюць па ўсім свеце — так, лонданскі кінатэатр «Адэон» да 28 лютага змяніў назву і цяпер называецца «Леадэон».
Каментары