Меркаванні88

Віталь Цыганкоў: Мой бацькоўскі маніфест на 1 верасня

Сёлета мой сын скончыў «школу» — Коласаўскі ліцэй, праз пару месяцаў яму споўніцца 18. За гэтыя гады ў мяне склаліся пэўныя «бацькоўскія» перакананьні (магчыма, досыць парадаксальныя), якімі я і хацеў бы з вамі падзяліцца.

1. Ніколі не дапамагайце школьнікам рабіць урокі.

Вам жа не прыходзіць у галаву, каб нехта рабіў за вас вашую працу? Чаму тады вам прыходзіць у галаву рабіць урокі за сваё дзіця? Максымум — дапамажыце, дзе шукаць адказ на заданьне, падкажыце, якую тэму варта паўтарыць, перачытаць — але не рабіце за яго ўрокі. Калі ён так і ня здолее рашыць тую задачу — нічога страшнага, атрымае нізкую адзнаку. Гэта жыцьцё. Так бывае. Вызначайцеся: альбо ваша мэта — гадаваць самастойнага, ініцыятыўнага і адказнага чалавека (тады не рабіце за яго ўрокі), альбо — прадэманстраваць татальны кантроль над уласным дзіцём (тады мне няма чаго вам параіць).

2. Не рабіце культу з адзнак.

Вядома, лепшыя адзнакі фармуюць у дзяцей (але далёка не ўва ўсіх) жаданьне чагосьці дасягаць, быць лепшым, чагосьці дабівацца. Я, напрыклад, у школе да восьмай клясы быў выдатнікам, і не таму, што «зубрыў», а проста таму, што мне ўсё даволі лёгка давалася (магчыма, занадта лёгка, і гэта ў жыцьці таксама ня вельмі добра — бо зьніжае матывацыю). Але ніколі не лічыў гэтыя «пяцёркі» самамэтай — і ў выніку, дарэчы, скончыў школу без мэдаля.

Я б увогуле ставіўся да гэтай тэмы з элемэнтамі здаровага цынізму. Пакаленьнямі мы чуем вечную фразу настаўнікаў, што «вы ў школе вучыцеся не для адзнак, а для ведаў» — але ці сапраўды гэта так? У рэальным жыцьці нам спатрэбіцца толькі невялікая частка школьных ведаў — пра астатнія большасьць з нас забудзе адразу пасьля школы.

А каму з нас моцна дапамаглі нашы школьныя «пяцёркі» (цяпер «дзясяткі»)? Колькі вакол нас прыкладаў, калі нашы аднаклясьнікі-троечнікі сталі пасьпяховымі бізнэсоўцамі альбо чыноўнікамі (я ўжо не кажу пра такіх «двоечнікаў», як Эйнштэйн). Вядома, ня варта паказваць дзіцяці, што вас не цікавяць ягоныя адзнакі — але рабіць праблемы зь сярэдніх адзнак таксама ня варта. Бо вы ж любіце сваё дзіця не за адзнакі, праўда?

3. Колькі даваць кішэнных грошай школьнікам?

Мой адказ, магчыма, камусьці падасца парадаксальным: колькі папросіць, столькі і даць. Я глыбока перакананы, што для дзяцей грошы — гэта як цукеркі. Калі іх хаваць і абмяжоўваць — то ў дзіцяці будзе нездаровы інтарэс і жаданьне зьесьці як мага больш, калі дарваўся. Калі ж цукеркі ляжаць на стале ў неабмежаванай колькасьці, то яны маюць той жа самы «імідж», як і любая іншая звычайная ежа — бульба ці яблыкі. Тое ж самае з грашыма — прынамсі, мой асабісты досьвед прымушае мяне верыць у гэта. Колькі дзіця папросіць на дробныя выдаткі — столькі і трэба даць (натуральна, у нейкіх прымальных рамках). Тады вакол грошай ня будзе лішняга ажыятажу.

4. І апошняя прынцыповая рэч, у якой я глыбока перакананы. Ня трэба баяцца, што школа можа нейкім чынам «перавыхаваць», «зьмяніць» ваша дзіця — ці ў сэнсе паводзінаў, ці ў сэнсе каштоўнасьцяў. Бо тут усё залежыць толькі ад вас, бацькоў. Калі вы разам маеце блізкасьць, давер, разуменьне, калі вы праводзіце зь ім шмат часу, калі вы для яго аўтарытэт — ніякая школа, ніякі настаўнік, ніякае «асяродзьдзе» ня могуць падарваць гэты аўтарытэт. Ваша слова заўсёды будзе вышэйшым і больш важкім.

Для мяне найвышэйшай радасьцю і прыемнасьцю заўсёды было пагаварыць «за жыцьцё» са сваім сынам, у любым ягоным узросьце. Здаецца, ніводнага разу ў жыцьці я не адказаў на ягонае пытаньне словамі — «адчапіся», альбо «я зараз заняты». Заўсёды я выкладваў усё, што ведаў — за што сыночак і называе мяне «хадзячы Гугл». Вядома, мне прыемна.

Так што варта выбіраць, што для нас прыярытэт. Глыбокія і даверлівыя адносіны зь дзецьмі альбо адзнакі. Давер альбо кантроль. Любоў альбо сьлёзы.

Каментары8

Цяпер чытаюць

Стала вядома, дзе працуе фаварытка Лукашэнкі Уладлена Зайцава10

Стала вядома, дзе працуе фаварытка Лукашэнкі Уладлена Зайцава

Усе навіны →
Усе навіны

Дарадца Ціханоўскай перадаў лукашэнкаўскім дыпламатам прапанову пра круглы стол28

У адказ на балбатню Мядзведзева Трамп загадаў перамясціць ядзерныя падводныя лодкі10

МАРГ пайменна назвала ўсіх вінаватых у бульбяным дэфіцыце14

Трамп: Расія з пачатку года страціла 112 тысяч салдат, Украіна — 8 тысяч14

Ці праўда, што ўзмацніліся праверкі на беларускай мяжы? Што вядома

У Слуцкім раёне жанчына паскардзілася, што магілу загінулых удзельнікаў вайны ніхто не даглядае. Яе вінавацяць у паклёпе

У Літве знайшлі расіяніна, які ў чэрвені выскачыў з транзітнага цягніка Адлер — Калінінград

Прызналі «экстрэмісцкімі» фэйсбук-старонку і тэлеграм-канал Аляксандра Класкоўскага2

З тыктока знік відэаролік са зваротам бацькоў дашкольнікаў да Лукашэнкі. Як выглядае, нічога яны не дабіліся2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, дзе працуе фаварытка Лукашэнкі Уладлена Зайцава10

Стала вядома, дзе працуе фаварытка Лукашэнкі Уладлена Зайцава

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць