Каханне і сэкс1010

Гісторыя беларусаў, якія знайшлі адно аднаго ў Індыі, стаўшы акцёрамі Балівуда

Алесь з’ехаў у Індыю яшчэ мінулай восенню, стаміўшыся ад шалёнага сталічнага рытму. Кінуў працу, зрабіў візу на паўгода, узяў квіток у адзін бок і паляцеў. Праз тры месяцы, у студзені, тое ж зрабіла і Настасся.

Алесь і Настасся.

Да вандроўкі ён працаваў кур’ерам, яна — менеджаркай у рэстарацыі. У Індыі яны абодва перакваліфікаваліся ў акцёраў Балівуда, дзе «белыя людзі» дастаткова запатрабаваныя. А «белыя людзі» гэтым з задавальненнем карыстаюцца: дарогу аплачваюць, жытло даюць, кормяць і яшчэ грошы плацяць. Ды і нарэшце можна адчуць сапраўдную Індыю, а не заезджанае Гоа.

«НН»: Каго даводзілася граць?

Алесь: Быў генералам брытанскай арміі на вайне, хадзіў з вусамі, у капелюшы і кірзачах. Жылі на віле ў джунглях на поўдні Індыі ў штаце Керала. На здымкі, што доўжыліся шэсць дзён, нас вазілі ў горы. Хаця ў кадры я з’яўляюся літаральна на пару секунд, недзе ў самым канцы, ды і тое ў сонечных акулярах.

На здымках на Гоа мы былі запрошанымі гасцямі на індускім вяселлі: танчылі, спявалі, сядзелі за сталом. Такі рабочы працэс. Нармальна было, нас кармілі. Пару разоў на дзень — гарбата. Плацілі за гэта грошы. Было цікава, асабліва на пачатку, калі кожны раз — новае месца.

Настасся: Гэта магчымасць пабачыць Індыю. Табе даюць жытло, ежу, яшчэ і плацяць грошы.

Алесь: Набываюць табе квіток на спальны аўтобус, там няма сядзячых месцаў, гэта як наш плацкарт. І ты кладзешся, едзеш, глядзіш у вакно.

Так я ездзіў кастрычнік, лістапад, снежань… У студзені мне прапанавалі кантракт, трэба было ехаць у Мумбаі. Маўляў, здымкі ўвесь час. Я сабраўся і паехаў, але нешта не атрымалася. Напачатку працы не было, мы звязаліся з іншымі агентамі, папрацавалі крыху з імі. Гэта не спадабалася нашаму першаму агенту, так што мы там нядоўга пажылі і паехалі назад у Гоа.

«НН»: Плацілі добра на здымках?

Алесь: Калі здымкі былі ў Гоа, то бок не трэба было нікуды выязджаць, плацілі каля 1500 індыйскіх рупій за дзень. Гэта прыкладна 23 даляры. У Мумбаі — 45 даляраў за дзень. Ну і ставіліся нармалёва. Калі, напрыклад, не падабалася ежа, можна было папрасіць еўрапейскай.

Настасся: Гэта хутчэй спосаб паглядзець Індыю, а не зарабіць грошы. У мяне самыя доўгія здымкі цягнуліся пяць дзён, гэта было ў Мумбаі. Плацілі каля 50 даляраў за дзень. У фотасесіях для часопісаў здымалася, там больш плацяць, 70-80 даляраў за дзень.

«НН»: Чым кармілі?

Настасся: Там дзе-нідзе цэлы фудкорт быў. На некаторых здымках кармілі еўрапейскай ежай, дзесьці была толькі індыйская.

«НН»: Індыйская ежа — гэта што?

Настасся: У асноўным, вегетарыянская.

Некаторыя індусы ядуць курыцу, але не ўсе. І гэта амаль што адзінае мяса, якое яны ўжываюць. Звычайна ж гатуюць рыс.

Алесь: Бывае, ялавічыну ядуць, але вельмі рэдка.

«НН»: Выходзіць, яны там цэлымі днямі рыс ядуць?

Настасся: Так, але яго падаюць з рознымі падлівамі.

Алесь: І спецый шмат карысных дадаюць. Яшчэ гатуюць розныя бабовыя. Мы, дарэчы, пасля вяртання знайшлі побач з домам індыйскую краму, купілі там нутавыя шматкі і зрабілі нутавыя катлеты.

«НН»: Дык як вы ўсё ж сышліся?

Алесь: Наста прыехала якраз у мой дзень народзінаў. Я, дарэчы, увогуле пра яго забыў. Калі жывеш у Індыі, губляешся ў часе. Для цябе там існуе толькі дзень, а не нейкае чысло.

Настасся: Няма зваротнага квітка, вось і не трэба весці адлік.

Алесь: Мы з’ездзілі на начны рынак, там вялікі фудкорт, сцэна з жывой музыкай, перформансы з агнямі, танцпляцоўкі. Звычайна гэты рынак працуе па суботах, на яго з’язджаецца ўсё Гоа. На наступны дзень я паехаў на кантракт у Мумбай.

Праз пару тыдняў вяртаўся ў тамбуры індыйскага цягніка, ехаў 12 гадзін, глядзеў на прыроду. Мне хацелася праехаць менавіта ў тамбуры, як многія індусы, адчуць і ўвабраць гэты каларыт.

Калі я вярнуўся, Наста якраз з’язджала на поўдзень, у Пімпры. А пасля яе падарожжа пасябравалі, сталі жыць разам.

Настасся: На поўдзень мы паехалі, бо захацелі пабачыць іншую Індыю. Адправіліся на байках, ехалі двое сутак, заязджалі ў розныя гарады. Індыя зусім не такая, як Гоа.

Што заўважаеш адразу, дык гэта мноства розных пахаў: ежы, духмяных рэчываў, араматычных алеяў, кветак — яны ўсе змешваюцца. І яшчэ — колераў. У Індыі не сустрэнеш жанчыну ў карычневым ці шэрым сары. Індускі носяць ружовыя, малінавыя, блакітныя, зялёныя, чырвоныя — вельмі-вельмі яркія, як і ўпрыгожванні.

Алесь: Індыя розная. Дзесьці больш багатая, дзесьці менш. Дзесьці больш чыстая, дзесьці брудная. У розных рэгіёнах свае прыродныя багацці, свая мова. Часцяком індусы размаўляюць паміж сабой па-англійску, бо не могуць зразумець адно аднаго. Ёсць агульныя мовы як хіндзі ці маратхі, на іх размаўляе большасць. Але ўсё адно, калі трапляеш кудысьці ўглыб, усе гавораць па-свойму.

Ёсць вельмі заможныя людзі, ёсць вельмі бедныя, што знаходзяцца на мяжы выжывання. Голыя на памыйцы — гэта іх жыццё.

Настасся: Кантраст добра бачны ў Мумбаі. Калі заехаць у Калабу, гістарычны раён, можна ўбачыць і пабудовы XIX стагоддзя, і шыкоўныя новабудоўлі. Сіці-цэнтр проста, як у Маскве ці нават лепш. А потым выязджаеш адтуль і бачыш страшэнныя трушчобы.

У нас у такім месцы неяк аўтобус спыняўся, страшна было выйсці. Пайшлі ў прыбіральню з хлопцамі, бо самі не рашыліся. Аблепліваюць дзеці, дарослыя, жабракі. Пацукі велізарныя бегаюць — вельмі жудасна.

Алесь: Часам можна адчуць рэзкія непрыемныя пахі. Ад іх можна страціць прытомнасць, званітаваць. Гэта ні з чым не параўнаць, ніяк не апісаць.

«НН»: Што больш за ўсё зачапіла ў самой Індыі?

Настасся: Ды проста там усё.

Алесь: Што там проста?

Настасся: Ды ўсё проста. Не трэба мішуры, не трэба апранацца дорага, заможна.

Алесь: Проста ты пры гэтым адчуваеш сябе камфортна, бо насустрач ідуць такія ж людзі.

Заможны чалавек можа выглядаць як хіпі, у якога ў кішэнях пуста. Мне падаецца, Індыя выроўнівае вось гэты дысбаланс паняццяў, прынцыпаў. Там модна тое, што табе падабаецца. Гэта могуць быць шлёпанцы і шорты, тое, у чым табе камфортна.

«НН»: Замежнікаў там шмат?

Алесь: Шмат расіян, яны едуць у асноўным на поўнач Гоа. На поўдні больш еўрапейцаў: англічане, французы, ірландцы, шатландцы. Поўдзень Гоа лічыцца больш ціхім, спакойным.

«НН»: Па чым беларускім сумавалі?

Алесь: Па мове. У супермаркеце на Шры-Ланцы, дзе мы правялі апошні месяц перад вяртаннем у Беларусь, былі адны рускія. Думаем, што за фігня? Мы за столькі кіламетраў ад Расіі, на востраве, а тут адны рускія. Вырашылі размаўляць па-беларуску. Хадзілі, узгадвалі мову, нам было цікава і весела.

Больш ні па чым не сумаваў, хоць і паўгода прайшло.

Былі хлопцы, якія казалі: «Вось, каўбасы б зараз, гарэлкі…» А я не ведаю, навошта каўбаса і гарэлка, калі такія захады, акіян. Калі такая прырода і танная садавіна.

Настасся: Велізарная двухкілаграмовая папая там каштуе ўсяго паўдаляра. Гэта тое, па чым мы сумуем.

Алесь:

Калі мы вярнуліся ў Беларусь, я зразумеў, што не ем садавіну. Бананы ўвогуле ні пра што.

Настасся: Да ад’езду ўвесь час іх набывала, і было нармалёва. Пакуль там не пакаштавала. Гэта дзве розныя рэчы.

Алесь: Нічога не купіць, акрамя яблык! А на яблыкі ў мяне алергія.

Настасся: У Індыі, дарэчы, яблыкі — ледзьве не самая дарагая садавіна.

«НН»: Пасля Індыі жыццё ўжо не будзе такім, як раней?

Настасся: Звычайна людзі альбо застаюцца ў Індыі, альбо мяняюцца. Людзі бачаць, што можа быць па-іншаму, можа быць лепш. Не абавязкова прападаць на працы, бясконца зарабляць грошы.

Да Індыі я вельмі шмат працавала, пэўны час — на дзвюх працах. Мне хацелася зарабіць на ўсё. У пэўны момант усё надакучыла, і я з’ехала. Цяпер жыву нашмат больш спакойна.

Алесь: Мяняюцца прыярытэты, расстаўляеш іх па-іншаму. У мяне змянілася разуменне таго, што важна.

Настасся: Важна заставацца чалавекам у любой сітуацыі, берагчы здароўе, не растрачваць жыццё марна. У свеце вельмі шмат цудоўных месцаў, якія варта ўбачыць. Не трэба зацыклівацца на Мінску, працы, пабудове дома, набыцці аўтамабіля.

Алесь: Але кожнаму сваё. Хто як хоча, той так і робіць.

Настасся: Кажуць, Індыя дае табе тое, што табе патрэбна. Яна альбо прымае цябе, альбо адпраўляе назад.

Каментары10

Цяпер чытаюць

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год32

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год

Усе навіны →
Усе навіны

У Расіі 10 гадоў рабілі сваю віягру і так не змаглі стварыць6

Беларускіх прапагандыстаў будуць вучыць барацьбе з фэйкамі за грошы ЕС4

Як Іран адключыў інтэрнэт? І як тады іранцы змаглі перадаць інфармацыю?

Як звычайная ветлівасць выратавала жыццё мінчуку5

У Мінску з'явілася піца з пельменямі4

«Байсол» адкрыў тэрміновы збор на дапамогу ўкраінцам, вызваленым з беларускіх турмаў у лістападзе8

«Вынес апраўдальны прысуд — можаш перастаць быць суддзёй». Адвакат патлумачыў, чаму ў Беларусі так дрэнна з правасуддзем4

Аун Сан Су Чжы ўжо два гады не бачылася са сваімі адвакатамі. Невядома, ці жывая яна

Былая каманда Ціханоўскага перазапусціла сваё шоу на новым канале22

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год32

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць